Амфара
А́мфара (па-старажытнагрэцку: ἀμφορεύς — «пасудзіна з дзьвюма ручкамі») — антычная пасудзіна яйцападобнай формы зь дзьвюма вэртыкальнымі ручкамі, нярэдка з вострым канічным дном. Была распаўсюджаная ў грэкаў і рымлян. Часьцей за ўсё амфары рабіліся з гліны, аднак сустракаюцца і амфары з бронзы. Выкарыстоўваліся, галоўным чынам, для захоўваньня аліўкавага алею або віна. Таксама выкарыстоўваліся ў якасьці ўрны для пахаваньня і пры галасаваньні. Размаляваныя амфары (панафінэйскія амфары) служылі прызам у спартовых спаборніцтвах.
Аб’ём амфары можа складаць ад 5 да 50 л. Вялікія высокія амфары выкарыстоўваліся для транспартаваньня вадкасьцей. У Рыме амфары аб’ёмам 26,03 літру (старажытнарымскі кубічны пед ці грэцкі «талант») ужываліся для вымярэньня вадкасьцей.
На тэрыторыі Беларусі амфары прывозіліся, верагодна, з грэцкіх калёніяў у Крыме. Дзякуючы вузкаму цыліндрычнаму горлу лёгка закаркоўваліся і гермэтычна заліваліся воскам.
Фрагмэнты амфары вылучаліся сярод мясцовай керамікі тоўстым (10—12 мм) моцна сьпечаным лёгкім чарапком крэмавага ці сьветла-ружовага колеру, тонкадыспэрсным на зломе, з прыкметамі вырабу на нажным коле. Зьнешняя паверхня аздаблялася дробным шматрадным лінейным рыфленьнем. На многіх фрагмэнтах захаваліся малюнкі, надпісы, асобныя літары (на амфарах з Полацку прадрапана літара «А»).
На ўсходнеславянскіх тэрыторыях, асабліва ў бязьлесных раёнах, амфары сталі прататыпамі тарных амфарападобных пасудзін-карчаг. Самыя раньнія амфары знойдзены пры раскопках гарадзішчаў зарубінецкай культуры раньняга жалезнага веку на поўдні Беларусі, шырокае распаўсюджаньне набылі ў сярэдневяковы час.
Клясыфікацыя
рэдагавацьРаспрацоўшчыкам тыпалёгіі клясыфікацыі амфар зьяўляецца нямецкі археоляг Генрых Дрэсэль.
Літаратура
рэдагаваць- Амфара // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. — Менск: БелЭн, 1993. — 702 с.: іл. ISBN 5-85700-077-7.
- Здановіч, Н. І. Амфара // Археалогія Беларусі: Энцыкл. У 2 т. Т. 1: А — К. — Мн.: БелЭн, 2009. — 684 с.: іл. ISBN 978-985-11-0354-2.