Пружаншчына ў міжваеннай Польшчы

(Перанакіравана з «Пружаны ў міжваеннай Польшчы»)

Тэрыторыя Пружаншчыны была занятая польскімі войскамі ў лютым 1919 року[1]. З 27 ліпеня па 19 верасьня 1919 тут дзейнічала бальшавіцкая ўлада, потым тэрыторыя знаходзілася пад польскай адміністрацыяй Берасьцейскае акругі Цывільнага кіраўніцтва ўсходніх земляў, пасьля непрацяглы час зноў занятая бальшавікамі. Зь верасьня 1920 року тэрыторыя раёну ў складзе міжваеннай Польшчы. 18 сакавіка 1921 году паводле ўмоваў Рыскае дамовы Пружаншчына ўключаная ў склад незалежнай польскай дзяржавы. Пружана стала цэнтрам гміны ў аднайменным павеце Палескага ваяводзтва. У 1921 у складзе Пружанскага павету было яшчэ два месты: Шарашова і Бяроза-Картуская.

Пераможцы каманднага маршу на 6 км — навучэнцы рамесьніцкай школы, удзельнікі вайсковага гуртку

Мінуўшчына

рэдагаваць

Паводле ўмоваў Рыскай дамовы ў Польшчу з Савецкай Расеі вярнуліся 689 179 чалавек. У Пружанскім павеце колькасьць рэпатрыянтаў дасягнула 44,1%[2].

Згодна з прынятай палітыкай рэвіндыкацыі(pl) ў Палескім ваяводзтве да 1925 року быў скасаваны 51 праваслаўны прыход; у Пружанскім павеце забралі дзьве капліцы — у Вялікім Сяле і Бярозе-Картускай[3].

З 15 кастрычніка 1932 да лютага 1933 у Белавескай пушчы адбыўся пратэст лесарубаў і вазакоў, якія дамагаліся паляпшэньня ўмоваў працы і падвышэньня заробку.

 
Адкрыцьцё помніка Рамуальду Траўгуту. Пружана, 11 траўня 1930

Паводле стану на 30 верасьня 1921 з насельніцтвам 6332 чалавекі Пружана займала ў Палескім ваяводзтве 5-е месца пасьля Берасьця (29 553 чал.), Давыд-Гарадка, Лунінца і Кобрыня. У 1933 тут было 1249 хатаў. Нягледзячы на тое, што палякі складалі меншасьць насельніцтва, яны займалі амаль усе ключавыя пасты ў мясцовай адміністрацыі, паліцыі, навучальных установах. Галоўным мескім органам быў магістрат. Адначасна Пружана зьяўлялася сядзібай староства, якая разьмяшчалася ў былой сядзібе Веры Кляйнміхель.

Прамысловасьць

рэдагаваць

Праз адсутнасьць буйных прамысловых прадпрыемстваў Пружана зьяўлялася тыповым сельскагаспадарчым местам Заходняе Беларусі. Насельніцтва гадавала жывёлу, вырошчвала садавіну і гародніну. Адным з заняткаў месьцічаў было таксама пчалярства. Дробныя прадпрыемствы належалі жыдам. Сярод рамесьнікаў найбольш было кавалёў (21 кузьня) і сталяроў (15 майстэрняў і адна фабрычная вытворчасьць). Дзейнічалі таксама 2 майстэрні па рамонце калясак, 1 такарная, 3 рымарныя, 4 — па вытворчасьці бляхі, 1 смалакурня, некалькі алеярняў (выпрацоўка алею). Працавалі 2 камінары.

Транспарт

рэдагаваць

Асноўным сродкам перамяшчэньня ў той час зьяўляліся коні. Паводле зьвестак магістрату ў 1931 року зарэгістраваныя 243 кані, у 1932 — 7 пасажырскіх экіпажаў і 210 аднаконных вазоў, у 1933 — 6 скураных двуконных і 222 аднаконныя вупражы. Усе коні, вупражы і вазы рэгістраваліся ў магістраце, існавала сыстэма праверкі стану коней і вазоў. Вялікай папулярнасьцю ў якасьці транспартнага сродку карысталіся равары, якіх у 1927 року налічвалася 99 штук. Найбольш распаўсюджаныя былі равары маркі «Гёрыке» (20 шт.), «Рэнамо» (10), «Армонд» і «Ўондэрэр» (па 9). Ровар быў атрыбутам заможнасьці, яго выкарыстоўвалі ў асноўным людзі, якія мелі высокае становішча ў месьце: пружанскі бурмістар Леанард Выбраноўскі, Пружанскі соймік, служачыя, фэльчары, вэтэрынар, настаўнікі, дактары і інш. Найболей ровараў (33) мелі гандляры-жыды, якія здавалі іх у пракат. Каб мець права кіраваньня роварам, неабходна было атрымаць у старостве «карту раваровую», здаўшы іспыты на веданьне правілаў руху і дарожных знакаў, а таксама на кіраваньне транспартным сродкам. Адсутнасьць карты каралася штрафам да 500 злотых альбо арыштам на тэрмін да двух месяцаў.

У 1927 зарэгістраваныя таксама два прыватныя аўтамабілі. Адвакат Я. Хвастоўскі валодаў двухмесным легкавіком маркі «Самсон Тарпэда» з рухавіком магутнасьцю 5,5 конскіх сілаў, а таксама матацыклам маркі «Індыян». Аўтамабіль маркі «Форд» 1925 року выпуску належаў адвакату С. Файтэлевічу і мог зьмясьціць 14 пасажыраў. Празь некалькі рокаў колькасьць транспарту на вуліцах места значна вырасла. Па стане на 22 чэрвеня 1931 было 7 аўтамабіляў, аўтобус, 4 матацыклы і 224 ровары.

Адукацыя

рэдагаваць

У Пружане працавала настаўніцкая сэмінарыя і некалькі гімназіяў, сярод якіх вылучалася гуманітарная Дзяржаўная гімназія імя Адама Міцкевіча.

Культура

рэдагаваць

19 жніўня 1933 быў адкрыты Народны тэатар[4].

Сфэра паслуг

рэдагаваць

Дзеля абслугоўваньня жыхароў, якія недастаткова ведалі польскай мовай, дзейнічалі бюро просьбаў і прашэньняў, якія афармлялі заявы ў розныя ўстановы. У 1933 року такія паслугі аказвалі 10 жыхароў Пружаны і жыхар вёскі Шані М. Засім. Дзякуючы наяўнасьці фотамайстэрняў да нашага часу захавалася вялікая колькасьць здымкаў польскага пэрыяду. Да сярэдзіны 1930-х у Пружане было 7 гатэляў, якія знаходзіліся ў цэнтры, непадалёк ад Рынкавай плошчы. На вуліцы Дамброўскага стаялі гатэлі «Парыскі» (вул. Дамброўскага, 3), «Беластоцкі» (вул. Дамброўскага, 8), «Віленскі» (вул. Дамброўскага, 9), «Кракаўскі» (вул. Дамброўскага, 11), «Варшаўскі» (вул. Дамброўскага, 52). На вуліцы Кобрынскай, 4 стаяў гатэль «Цэнтральны»; на вуліцы Пацэвіча, 9 — яшчэ адзін «Варшаўскі».

У 1921 року Ружаны ўвайшлі ў склад Косаўскага павету Палескага ваяводзтва, тут разьмяшчалася сядзіба гміны.

З 5000 насельнікаў Ружанаў 4000 чалавек складалі жыды. Яны жылі ў цэнтры мястэчка ў камяніцах, займаліся ў асноўным гандлем, вырабам тавараў на продаж, пашывам адзежы, абутку, трымалі некалькі гарбарняў. Гандлёвыя рады былі ў цэнтры мястэчка, на месцы цяперашняга сквэру. Жыды працавалі таксама дактарамі ў больніцы, аптэкарамі, настаўнікамі, рабінамі. Дзейнічала каля дзесяці сынагогаў, жыдоўскія школкі. Некаторыя жыды вучыліся і ў агульных школах, разам зь беларусамі і палякамі. Беларусы ж жылі на «канцах» (ускраінах) і займаліся пераважна сельскай гаспадаркай: апрацоўкай зямлі, трымалі хатнюю скаціну[5].

  1. ^ Ірына Сядова. Нешта з памяцьцю ў нас стала? // Раённыя будні. — 16 лістапада 2013. — № 90 (9635). — С. 14.
  2. ^ М. П. Капліева, А. А. Капліеў. Эпідэмічная сітуацыя на тэрыторыі Беларусі падчас Польска-савецкай вайны (1919—1920) // Здравоохранение. — 2019. — № 7. — С. 77.
  3. ^ Ірына Сядова. Пілінкевічы // Раённыя будні. — 14 сьнежня 2013. — № 98 (9643). — С. 15.
  4. ^ Юбілейныя даты // Раённыя будні. — 31 ліпеня 2013. — № 59 (9604). — С. 5.
  5. ^ Уладзімер Ратней. Ружанскі Галакост // Наша Ніва. — 2001. — № 49.

Літаратура

рэдагаваць