«Прасьнічка» (па-польску: Prząśniczka) — верш Яна Чачота, напісаны ў 1840-х гадох і апублікаваны ў альманаху «Rubon» у 1845 годзе ў паэтычным цыкле «Песенькі». Пакладзены на музыку Станіславам Манюшкам.

Прасьнічка
Жанр: верш
Аўтар: Ян Чачот
Мова арыгіналу: польская
Год напісаньня: 1819
Пераклад на беларускую: Генрых Татур
К. Цьвірка
Электронная вэрсія
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору

У 1897 годзе менскі археоляг Генрых Татур пераклаў гэтую песьню на беларускую мову пад назвай «Прадкі».

Апісаньне

рэдагаваць

Верш «Прасьнічка» тэматычна блізкі зь вядомаю песьняй князя Антонія Генрыха Радзівіла «За калаўроткам»[1]. У гэтай песьні дзяўчына прадзе нітку, а перажываньні хлопца поруч зьвязаныя з чаканьнем ўзаемнасьці. Тое, што ў песьні Антонія Генрыха толькі мелася на ўвазе і трымала героя ў напружанасьці, у «Прасьнічцы» Яна Чачота пераўтварылася ў сапраўднасьць.

На думку Ўладзімер Мархеля, сумненьні ў трываласьці шчасьця радзівілаўскага героя былі навярэджаныя працяглаю самотаю і безузаемным каханьнем Яна Чачота да Зосі Малеўскай, сястры філямата Францішка Малеўскага і дачкі рэктара Віленскага ўнівэрсытэту Сымона Малеўскага[1].

Маладзіца-прыгажуня прадзе ніткі на вячорах поруч зь іншымі дзяўчатамі, памяць якіх пра каханага такая ж доўгая, як іх пража. Да маладзіцы, нарачоны якой паехаў у «Кралевец віцінай», заляцаецца іншы хлопец, і праз тры дні яе нітка рвецца і заканчаецца вернасьць далёкаму любаму, яе шчокі заліваюцца сорамам.

Песьня сканчаецца лёгкім дакорам, скіраваным на легкадумную, хоць і сарамяжную дзяўчыну.

Неўзабаве пасьля публікацыі верша польскі кампазытар Станіслаў Манюшка напісаў на яго словы музыку і апублікаваў гэты твор у трэцім «Хатнім сьпеўніку». У XIX стагодзьдзі «Прасьнічка» была адной з найпапулярнейшых песень у Польшчы[2].

  1. ^ а б Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 2. Новая літаратура : другая палова XVIII—XIX стагоддзе. — Мінск: «Беларуская навука», 2007. С. 193—194
  2. ^ Чачот Я. Наваградскі замак: Творы / Уклад., пер. польскамоўн. твораў, прадм. і камент. К. Цвіркі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — С. 290. — 327 с. — ISBN 5-340-00171-7

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  • «Прасьнічка».(недаступная спасылка) Словы Яна Чачота. Пераклад Кастуся Цьвіркі. Вык Леся Лют (вакал), Дзяржаўны акадэмічны народны аркестар імя І. Жыновіча. Дырыгент Сяргей Сакалоў
  • «Прасьнічка»(недаступная спасылка) ў перакладзе Кастуся Цьвіркі
  • «Прасьнічка» ў выкананьні Люцыны Шчэпанскай, 1936 — YouTube