Прабалта-славянская мова

Праба́лта-славя́нская мова — рэканструяваная прамова (мова-продак), якая ўзьнікла ў выніку распаду праіндаэўрапейскай мовы і пазьней распалася на дзьве мовы — прабалцкую ды праславянскую, якія, адпаведна, сталі продкамі балцкіх ды славянскіх моваў індаэўрапейскай моўнай сям’і.

Меркаваная тэрыторыя балта-славянскага дыялектнага кантынуўму з назвамі археалягічных культураў Бронзавага веку, якія меркавана могуць атаясамлівацца з продкамі балтаў і славянаў (белым), а таксама архаічныя славянскія гідронімы (чырвоныя кропкі).

Прабалта-славянская мова не засьведчаная пісьмовымі помнікамі, але аднаўляецца ў лінгвістыцы мэтадамі кампаратыўнае лінгвістыкі. Ёсьць шэраг ізаглёсаў, што зьяўляюцца агульнымі для балцкіх і славянскіх моваў у фаналёгіі, марфалёгіі й акцэнталёгіі, якія ёсьць агульнымі інавацыямі з часоў індаэўрапейскага адзінства і могуць пры гэтым быць адноўленыя ў храналягічным парадку.

Гіпотэза існаваньня прабалта-славянскай мовы па змоўчваньні падразумявае гіпотэзу балта-славянскай групы моваў у складзе індаэўрапейскай сям’і, згодна зь якой балцкія й славянскія мовы маюць агульныя рысы, якія абедзьве галіны атрымалі ў спадчыну ў выніку існаваньня агульнай мовы-продку.

Асноўныя рысы

рэдагаваць

Фанэтыка, фаналёгія

рэдагаваць

Ніжэй прыведзенае апісаньне гукавага ладу, які большасьць лінгвістаў рэканструюе для прабалта-славянскае мовы. Пры запісе гукаў выкарыстоўваецца прыняты ў адпаведных галінах лінгвістыкі фанэтычны запіс, а таксама запіс паводле IPA (у квадратных дужках або дробавых знаках).

  • Зычныя:

Прабалта-славянская мова страціла супрацьпастаўленьне звонкіх і прыдыхальных зычных, між тым, разьвіліся новыя постальвэалярныя зычныя. З ранейшых палятавэлярных выбухных зычных разьвіліся фанэмы *ś, *ź (гл. ізаглёса кентум-сатэм), а ў выніку г.зв. закону ruki з гуку *s разьвіўся *š. [z] у прабалцкай мове разглядаецца як аляфон гуку /s/ перад звонкімі зычнымі.

У цэлым лінгвісты рэканструююць наступны лад зычных гукаў для прабалта-славянскай мовы:

Лябіяльныя Пярэднеязычныя Палятальныя Вэлярныя
Насавыя m n
Выбухныя p b t d k g
Фрыкатывы s (z) ś, š ź
Дрыжачыя r
Лятэральныя l
Апраксыманты w j
  • Галосныя:

На думку лінгвістаў прабалта-славянская мова ў значнай ступені захавала лад галосных гукаў позьняй праіндаэўрапейскай мовы. Найбольш прыкметным з адрозьненьняў стала зьліцьцё ранейшых кароткіх /o/ ды /a/ у /a/. Ранейшыя складовыя санорныя ператварыліся ў асаблівыя дыфтонгі з устаўкай *i або *u перад санорным. Сярод іншага, існавала адрозьненьне між кароткімі й доўгімі галоснымі.

Кароткія
Пярэдняга
шэрагу
Задняга
шэрагу
Верхняга
ўздыму
i u
Сярэдняга
ўздыму
e
Ніжняга
ўздыму
a
Доўгія
Пярэдняга
шэрагу
Задняга
шэрагу
Верхняга
ўздыму
ī ū
Сярэдняга
ўздыму
ē ō
Ніжняга
ўздыму
ā
  • Дыфтонгі:

Прабалта-славянская мова ў большасьці захавала некранутымі праіндаэўрапейскія дыфтонгі, за выняткам тых, у якіх *o існаваў як першы элемэнт дыфтонгу (гл. вышэй). Сярод прабалта-славянскіх дыфтонгаў рэканструююць наступныя:

e- a-
-i ei ai
-u eu au

Існавала таксама пасьлядоўнасьць галосных, што ішлі пасьля *l, *r, *m або *n, якія ўтваралі з гэтымі зычнымі г.зв. плыўныя дыфтонгі. Гэтыя спалучэньні акцэнталягічна рэалізоўваліся як і іншыя дыфтонгі, а ня як пасьлядоўнасьці тыпу «галосны + зычны».

  • Прасодыя:

Прабалта-славянскі націск, а таксама акцэнталягічныя сыстэмы нашчадкаў прабалта-славянскае мовы дагэтуль зьяўляюцца прадметам актыўных дасьледаваньняў, у якіх да гэтага часу пануюць рознагалосьсі з прычыны з рознымі лёсамі разьвіцьця сыстэмаў націску ў розных выпадках. Ніжэй прыведзены агульны агляд пунктаў гледжаньня, па якіх існуе адносная згодна лінгвістаў, а таксама, пры неабходнасьці, іншыя меркаваньні. Для рэканструкцыі прабалта-славянскага націску ў сучасных лінгвістычных дасьледаваньнях выкарыстоўваюцца тыя балцкія й славянскія мовы, што захоўваюць танальныя адрозьненьні — летувіская, латыская, пруская (верагодна), славенская й сэрбскахарвацкая, пры гэтым некаторыя з дыялектаў сэрбскахарвацкае мовы (чакаўскі, пасаўскі) захоўваюць больш архаічныя танальныя адрозьненьні.

Як і ў праіндаэўрапейскай мове, у прабалта-славянскай мове ў большасьці словаў націск мог падаць на любы склад. Між іншым, націск праіндаэўрапейскіх словаў у вельмі шырокіх выпадках зьмяніў сваю пазыцыю ў прабалта-славянскіх словах.

У раньнія пэрыяды існаваньня прабалта-славянскае мовы ў некаторых складох (асабліва ў тых, якія ў праіндаэўрапейскія часы сканчваліся на зычны) разьвіліся пэўныя віды дадатковай артыкуляцыі. Гэтыя новыя варыянты, у прыватнасьці, уключалі ў сябе г.зв. акутны рэгістар, які падаў на любы доўгі склад і мог паўстаць як у націскным, так і ненаціскным складзе. Наступныя склады падоўжыліся і таксама атрымалі акутны рэгістар:

  • Склады з доўгімі галоснымі. Доўгія галосныя ў падобных складох маглі заставацца з часоў праіндаэўрапейскай мовы або ўзьнікнуць перад праіндаэўрапейскім лярынгальным зычным;
  • Склады з галоснымі дыфтонгамі (*ei, *ai, *eu і г. д.);
  • Склады з санорнымі дыфтонгамі (гл. вышэй);

Зыходзячы з гэтага, любы склад быў доўгім з акутным рэгістрам, доўгім бяз акутнага рэгістру або кароткім. Дакладны фанэтычны характар акутнага рэгістру невядомы, але паводле некаторых гіпотэзаў ягонае ўтварэньне магло быць зьвязаным з гляталізацыяй. У пазьнейшых этапах прабалта-славянскай мовы акутны рэгістар разьвіўся ў тонавае супрацьпастаўленьне: акутныя націскныя склады выпрацавалі падвышаючы тон, ненаціскныя акутныя склады атрымалі зьніжаючы тон. У ненаціскных складох акут урэшце зьнікнуў, хоць ён, верагодна, мог захоўвацца некаторы час пасьля распаду прабалта-славянскае мовы. Пасьля страты акуту ў ненаціскных складох у прабалта-славянскай мове засталося тры шляхі супрацьпастаўленьня націскных складоў і два — ненаціскных. Гэтая сыстэма была ўспадкаваная некаторымі балта-славянскімі мовамі.

  • Доўгі націскны склад з узыходным тонам;
  • Доўгі націскны склад са сыходным тонам;
  • Кароткі націскны склад (са сыходным тонам, што, аднак, не было адрознай прыкметай);
  • Доўгі ненаціскны склад;
  • Кароткі ненаціскны склад.

Граматыка

рэдагаваць

Назоўнікі, прыметнікі й займеньнікі прабалта-славянскае мовы ў большай частцы захавалі граматычныя асаблівасьці праіндаэўрапейскае мовы.

У склонавай сыстэме захаваліся сем з васьмі праіндаэўрапейскіх склонаў: назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны й клічны склоны. Аблятыў (пытаньні «ад каго?», «адкуль?», «ад чаго?», «чаму?») зьліўся з родным, пры гэтым некаторыя інфлектыўныя канчаткі роднага склону былі зь яго запазычаныя.

Адрозьніваліся тры лікі: адзіночны, парны й множны. Назоўнікі маглі адрозьнівацца паводле трох радоў: мужчынскага, жаночага й ніякага, пры гэтым шматлікія зь першапачатковых словаў ніякага роду набылі ў прабалта-славянскай мужчынскі род.

Гісторыя

рэдагаваць

Разьвіцьцё прабалта-славянскае мовы з праіндаэўрапейскай

рэдагаваць

Балта-славіст А. Гольцэр рэканструяваў адносную храналёгію 50 балта-славянскіх гукавых фаналягічных зьменаў, вывеўшы яе з часоў прабалта-славянскае мовы да сучасных даччыных моваў[1]. Толькі дванаццаць падобных зьменаў уласьцівыя і балцкім, і славянскім мовам разам, з прычыны чаго ў артыкуле прыведзеныя толькі гэтыя рысы.

  1. Правіла RUKI: пераход *s > *š перад *r, *u, *k або *i;
  2. Страта лярынгалаў між зычнымі ў неініцыяльных (непачатковых) складох;
  3. Закон Вінтэра: падаўжэньне кароткіх галосных у закрытых складох пасьля непрыдыхальных звонкіх выбухных;
  4. Зьліцьцё *o > *a (гл. вышэй);
  5. Страта прыдыханьня ў прыдыхальных звонкіх выбухных і, такім чынам, іх зьліцьцё са звычайнымі звонкімі выбухнымі;
  6. Страта лябіялізацыі (агубленьня) у лябіявэлярных зычных ды іх зьліцьцё са звычайнымі вэлярнымі;
  7. Сатэмізацыя: *ḱ, *ǵ > *ś, ź (зь некаторымі выключэньнямі, гл. ніжэй);
  8. Пераход *e > *a у пазыцыях перад спалучэньнямі тыпу *wV (дзе V — любы галосны);
  9. Устаўка *i (часам — *u) перад складовымі санорнымі і ўтварэньне праз гэта асаблівых плыўных дыфтонгаў (гл. вышэй);
  10. Страта *w у пачатку словаў перад *l або *r.
  • Галосныя:

Верагодна, што ў некаторых выпадках у прабалта-славянскай мове чаргаваліся ініцыяльныя (пачатковыя) *e- ды *a-. Гэтая зьмена, вядомая часам як закон Развадоўскага, засноўвалася на выпадках, калі балта-славянскае *e- этымалягічна адпавядала індаэўрапейскім ініцыяльным *(H)a-, *(H)o-, *h₂e-, *h₃e-. Славянскія мовы захавалі некаторыя рэлікты гэтага чаргаваньня. Напрыклад:

  • Прыдыхальныя выбухныя:

Закон Вінтэра захоўваўся ў часы фанэматычнага адрозьненьня паміж сэрыяй простых і прыдыхальных звонкіх выбухных. У выніку закону Вінтэра адрозьненьне між дзьвюма сэрыямі ўскосна захавалася ў прабалта-славянскай мове, паколькі балта-славянскія галосныя падаўжаліся перад звычайнымі звонкімі выбухнымі, але ня перад прыдыхальнымі выбухнымі ў закрытым складзе. На асное адноснае храналёгіі гукавых зьменаў было выяўлена, што закон Вінтэра ўзьнікнуў даволі позна, пасьля ўзьнікненьня некаторых іншых, менш прыкметных балта-славянскіх зьменаў (напрыклад, пасьля зьнікненьня лярынгалаў у перадгалоснай пазыцыі). Прыкладам:

PIE *eǵh₂om > пр.-балт.-слав. *eźHam (паводле закону Вінтэра) *ēźHam > пр.-слав. *jāzun (ст.-слав. azъ, слав. jaz).

Такім чынам, зьліцьцё праіндаэўрапейскіх сэрыяў прыдыхальных і звычайных вэлярных выбухных зычных стала адною з апошніх гукавых зьменаў у прабалта-славянскай мове.

  • Палятавэлярныя і сатэмізацыя:

У балта-славянскіх мовах існуе цэлы шэраг словаў, якія адлюстроўваюць кентумныя рэфлексы праіндаэўрапейскіх паляталізаваных заднеязычных. Некаторыя зь іх можна растлумачыць рэгулярнымі законамі, аднак пэўныя з гэтых словаў тлумачацца пазьнейшымі інавацыямі. Як мяркуюць іншыя дасьледчыкі, словы з падобнымі рэфлексамі маглі быць запазычанымі з індаэўрапейскіх кентумных моваў (напрыклад, пр.-балт.-слав. *kárwā — «карова» хутчэй за ўсё ёсьць запазычаньнем з пракельцкага *karawā, якое, у сваю чаргу, зьяўляецца пастаянным рэфлексам PIE *ḱerh₂weh₂).

Праіндаэўрапейскія палятавэлярныя таксама маглі дэпаляталізавацца ў балта-славянскіх мовах, для чаго было прапанавана некалькі правілаў[2]. Згодна з Р. Матасавічам, гэтая паляталізацыя адбылася перад санорнымі, якім сьледавалі галосныя задняга шэрагу. Гэта патлумачыла б такія кентумныя рэфлексы, як:

  • Лет. akmuõ, латыск. akmens, ст.-слав. kamy мае /k/ супраць сьвісьцячага ў адпаведніку іншай сатэмнай мовы, санскрыту áśmā < PIE *h₂eḱmōn (усе словы — «камень»);
  • Ст.-слав. svekry < PIE *sweḱruh₂ («сьвякроў»);
  • Пруск. balgnan < PIE *bʰolǵʰno- («сядло»).

Іншы пункт гледжаньня палягае ў гіпотэзе, што сатэмізацыя адбылася самастойна ў праславянскай і прабалцкай мовах, то бок пасьля распаду прабалта-славянскай мовы.

  • Лярынгалы:

Рэфлексы праіндаэўрапейскіх лярынгалаў */h₁/, */h₂/, */h₃/, што прадстаўлялі тры розныя фанэмы ў праіндаэўрапейскай мове, у прабалта-славянскай мове зьліліся ў адзіную — */H/, пры гэтым у часы існаваньня прабалта-славянскае мовы пачаўся доўгі пэрыяд зьнікненьня лярынгалаў. Ніводная з балцкіх і славянскіх моваў не захавала дадзеныя гукі, але адносная храналёгія гукавых зьмяненьняў адлюстроўвае, што падобныя гукі не былі страчаныя адначасова.

Прабалта-славянскія лярынгалы сталі асабліва трывалымі ў пазыцыі перад галоснымі: PIE *tn̥h₂u- («тонкі», лац. tenuis, санскр. tanú) перайшло ў прабалта-славянскай у *tunHu- і, урэшце, у праславянскай — у *tunu-ku/*tinu-ku (ст.-слав. tьnъkъ, рас. тонкий, польск. cienki). Гэтыя зьмены паказваюць, што страта лярынгалаў у прабалта-славянскай мове адбылася толькі пасьля ўзьнікненьня вакальнай пратэзы між складовымі санорнымі.

У пазыцыі між зычнымі ў другім складзе лярынгалы зьніклі, аднак у першым складзе яны далі рэфлекс у выглядзе галоснага */a/. Напрыклад:

  • PIE *(h₁)rh̥₃deh₂ «чапля, бусел» > (ст.-грэцк. erōdiós, лац. ardea) пр.-слав. *radā > *roda (сэрб.-харв. róda);
  • PIE *sh̥₂l- (ускосны склон кораню *seh₂ls «соль») > пруск. sal, пр.-слав. *sali (ст.-слав. solь, польск. sól, рас. соль).

Страта лярынгалаў у складовым становішчы (між зычнымі) адбылося, верагодна, у пачатку існаваньня прабалта-славянскае мовы. Напрыклад:

  • PIE *dʰugh₂tḗr «дачка» > пр.-балт.-слав. *duktēr > лет. duktė, пруск. duckti, пр.-слав *duktī або *duktej (ст.-слав. dъšti, рас. дочь, баўг. дъщеря).

Падобная зьява адсочвалася таксама ў германскіх і кельцкіх мовах, што меркавана можа сьведчыць на карысьць таго, што гэты перадох існаваў у якасьці цэлай дыялектнай ізаглёсы ў позьняй праіндаэўрапейскай мове.

  • Фрыкатывы:

Праіндаэўрапейскае */s/ было захавана ў прабалта-славянскай і праславянскай мовах у большасьці пазыцыяў. У некаторых пазыцыях, што траплялі пад дзеяньне правіла ruki (гл вышэй), гэты гук у прабалта-славянскай перайшоў у */š/, у праславянскай, верагодна, гэты гук быў страчаны ў фінальнай (канчатковай) пазыцыі. Ніводная з засьведчаных славянскіх моваў ня мае захаванага фінальнага *-s.

Перад звонкімі выбухнымі ў прабалта-славянскай мове */s/ рэалізоўвалася як */z/. Апошні гук стаў фаналягічна адрозным у славянскіх мовах пасьля пераходу прабалта-славянскага */ź/ (рэфлекс праіндаэўрапейскіх */ǵ/ ды */ǵʰ/) у праславянскі */z/.

У выніку правіла ruki ў праславянскай мове паўстаў гук */š/ перад галоснымі пярэдняга шэрагу (*/e/, */i/), */x/ — перад галоснымі задняга шэрагу, */s/ — перад зычнымі. Гэтая зьмена, хутчэй за ўсё, зьяўляецца вынікам наступных інавацыяў:

  • PIE */s/ > */š/ пасьля */r/, */u/, */k/, */i/;
  • */š/ > */s/ перад зычнымі, */š/ > */x/ перад галоснымі;
  • */x/ > */š/ перад галоснымі пярэдняга шэрагу (першая славянская паляталізацыя вэлярных).

Правіла ruki таксама адбылося ў пазыцыях, дзе лярынгал месьціўся пасьля */u/ або */i/: */s/ перайшоў у */š/ пасьля *uH ды *iH, аднак у цэлым гэтае пытаньне застаецца дыскусійным. У балцкіх мовах правіла ruki засьведчанае толькі ў летувіскай мове з прычыны зьліцьця */š/ ды */ś/ у латыскай і прускай мовах (астатнія балцкія мовы засьведчаныя толькі невялікімі ўрыўкамі, што не дазваляе сьведчыць пра лёс правіла ruki ў астатніх балцкіх мовах). У летувіскай мове */š/ і */ś/ зьліліся ў /š/ ,аднак яно засталося адрозным ад /s/, што, такім чынам, паказвае захаваньне правіла ruki ў мове. Між тым, у большасьці лінгвістычнае літаратуры па летувіскай мове сьцьвярджаецца пра толькі частковую рэалізацыю правіла ruki ў гэтай мове. Высоўваюцца гіпотэзы, што ў балцкіх */s/ зьліўся з */š/ толькі пасьля */r/, у той час */u/, */k/, */i/ існуе як */s/, так і */š/. Напрыклад:

  • Лет. aušrà; латыск. ausma < PIE *h₂ewsro- (параўн. з лац. aurōra, санскр. uṣás), але лет. ausìs; лат. auss < PIE *h₂ews- (параўн з лац. auris, ст.-слав. uxo).

Аналягічна з гэтым, лет. maĩšas і латыск. maiss («мяшок») поўнасьцю этмалягічна адпавядаюць ст.-слав. měxъ і санскр. meṣá, але ў teisùs («правільны») */s/ захавалася, тады як адбыўся пераход */x/ < */š/ паводле правіла ruki: ст.-слав. tixъ, бел. ціхі.

У балцкіх мовах не існуе поўнае рэалізацыі праіндаэўрапейскага падвойнага */s/ пасьля */r/, */u/, */k/, */i/, што, такім чынам, ускладняе пытаньне наконт характару правіла ruki адносна балта-славянскіх моваў. Найбольш верагдонай з гіпотэзаў зьяўляецца меркаваньне, што праіндаэўрапейскае */s/ ў балцкіх, як і ў славянскіх, паўсюдна перайшло ў */š/ пасьля */r/, */u/, */k/, */i/, але гэты пераход зьмяніўся дзякуючы наступным інавацыям (напрыклад, пераходу фінальнага *-š у *-s). У цэлым можна меркаваць, што правіла ruki ў балцкіх мовах адбыўся толькі ў спрадвечнай лексыцы, атрыманай з пэрыяду меркаванага балта-славянскага адзінства, то бок у тых словах, што маюць паралелі таксама й у славянскіх мовах (за выключэньнем выпадковых паралельных супадзеньняў).

У адрозьненьне ад моваў індаіранскае галіны, дзе адбыўся пераход */s/ > */š/ пасьля палятавэлярнага */ḱ/, імаверна, што ў балта-славянскіх палятавэлярныя перайшлі ў фрыкатывы й без уліку правіла ruki. Напрыклад:

  • Пр.-слав. *desnu «правы» (ст-слав. desnъ, рас. десный (састарэлае), сэрб.-харв. dèsnī, лет. dešinys) < PIE *deḱs-no- (лац. dexter, санскр. dákṣiṇas);
  • Пр.-слав. *asi «вось» (ст.-слав osь, рас. ось, сэрб.-харв. ȏs, лет. ašis) < PIE *h₂eḱsi- (лац. axis, санскр. ákṣas).

Фаналягічныя інтэрпрэтацыі лярынгалу */H/ таксама дыскусійныя. На аснове тыпалягічных зьвестак можна меркаваць, што балта-славянскі лярынгал быў рэалізаваны ў выглядзе глухога нартаннага фрыкатыву [h] або гартаннае змычкі — [ʔ][3].

  • Санорныя:

Сярод іншых рэгулярных гукавых зьменаў (гукавых законаў) зьяўляецца зьнікненьне пачатковага */w/ перад */r/ ды */l/ (закон Лідэна). Праіндаэўрапейскі */w/ быў захаваны ў прабалта-славянскай мове ў якасьці білябіяльнага (губна-губнога) паўгалоснага (плыўны), але ў летувіскай і большасьці славянскіх моваў ён у канчатоквым выніку зьмяніўся на лябіядэнтальны (губна-зубны) фрыкатыў /v/. Пазьнейшы пераход усходнеславянскага /v/ у /w/ у беларускай мове не разглядаецца датычна гэтага пераходу з прычыны значна пазьнейшага фармаваньня беларускае мовы і, адпаведна, гэтага пераходу.

Праіндаэўрапейскае */m/ у пачатку словаў перайшло ў */n/ у часы існаваньня прабалта-славянскае мовы (параўн. пруск. assaran «возера» < PIE *eǵʰerom). У славянскіх мовах гэты пераход зьяўляецца ўскосным з-за страты канчатковых зычных у пэрыяд існаваньня праславянскае мовы. Больш зразумелым гэты пераход становіцца пры ўжываньні паняцьця сандгі (зьмена гукаў у залежнасьці ад іх месца ва ўрыўку тэксту, слова або сказу): *kom emōj замест чаканага **ka memō перайшло ў пр.-слав. *kan jemъ (ст.-слав. kъ n’emu, бел. «да яго», літаральна «к яму»).

Праіндаэўрапейскія */i/, */u/, складовыя аляфоны праіндаэўрапейскіх плыўных */y/, */w/, захаваліся ў якасьці галосных у прабалта-славянскай мове, пры гэтым перад лярынгаламі яны рэалізаваліся як доўгія: *iH > */ī/, *uH > */ū/. Праіндаэўрапейскі */u/ ў балта-славянскай падоўжыўся перад */n/ у выпадках, калі */n/ знаходзілася ў пазыцыі перад выбухным. У славянскіх мовах *-n- пазьней выпала. Напрыклад:

  • PIE *Hunk («прывыкнуць, прызвычаіцца») > пр.-балт.-слав. *ūnk > лет. jùnkti, латыск. jûkt, ст.-слав. vyknǫti, верх-луж. wuknyć.

Паводле старых аўтараў, праіндаэўрапейскі */i/ не праяўляў падаўжэньня ў гэтых умовах[4].

У складовай пазыцыі праіндаэўрапейскія санорныя */l/, */r/, */m/, */n/ у балта-славянскай мове атрымалі дваістыя рэфлексы, адрозьніваючыся паводле таго ці іншага пратэтычнага галоснага: *iR або *uR (дзе R — умоўнае пазначэньне санорнага), рэфлексы тыпу *iR апынуліся часьцейшымі, прырода гэтае зьявы застаецца незразумелай для сучаснае лінгвістыкі. Адносна лёсу гэтых рэфлексаў існуе некалькі гіпотэзаў, найбольш прыкмтнай зь якіх зьяўляецца гіпотэза францускага лінгвіста А. Вэяна, згодна зь якім *uR рэфлексы ўзьніклі пасьля праіндаэўрапейскіх лябіявэлярных[5]. Польскі лінгвіст Е. Курыловіч меркаваў, што рэфлексы тыпу *uR паўсталі пасьля праіндаэўрапейскіх вэлярных. Паводле Р. Матасавіча прапанаваныя наступныя правілы:

  • PIE складовае R > пр.-балт.-слав. *əR
  • *ə > */i/ у канчатковым складзе
  • *ə > */u/ пасьля вэлярных і перад насавымі
  • *ə > */i/ у адваротным выпадку.
  • Абляўт:

Праіндаэўрапейскі абляўт зазнаў значныя зьмены ў прабалта-славянскай мове. У адрозьненьне ад праіндаэўрапейскай мовы, дзе падаўжэньне галосных мела пэўныя й замацаваныя функцыі ды ўжываньне, у прабалта-славянскай, праславянскай і балцкіх выкарыстаньне доўгіх галосных або іх зьмена значна пашырылася. Напрыклад:

  • Пр-слав. *slāwā «слава» (ст.-слав. slava), але пр.-слав. *slawa «слова» (ст-слав. slovo);
  • Пр.-слав. *twāri «істота» (ст.-слав. tvarь), але пр-слав. *twarītej «ствараць» (ст.-слав. tvoriti);
  • Лет. prõtas «розум» (< *prāt), але лет. pràsti «разумець»;
  • Лет. gė̃ris «дабро» (< *gēr-), але лет. gẽras «добры».

На аснове ўжо існых апафанічных супрацьпастаўленьняў між балта-славянскімі */ā/, */ē/, */ō/ і кароткімі */a/, */e/ ўзьніклі новыя супрацьпастаўленьні між */ī/, */ū/ й */i/, */u/. Падобны тып апафоніі ня быў уласьцівы праіндаэўрапейскай мове. Напрыклад:

  • лет. mū̃šis «бітва», але лет. mùšti «забіваць»;
  • лет. lỹkis «рэшта», але lìkti «пакідаць»;

Новы тып апафоніі стаў выкарыстоўвацца ў праславянскай мове для адрозьненьня розных часоў дзеясловаў:

  • Пр.-слав. *dirātej > ст.-слав. dьrati, але пр.-слав. *arz-dīrātej «разьдзіраць» > ст.-слав. razdirati;
  • Пр.-слав. *birātej «абіраць» > ст.-слав. bьrati, але пр.-слав. *bīrātej «абраць» > ст-слав. birati.

Далейшае разьвіцьцё

рэдагаваць

У праславянскай мове ў нязьменным выглядзе захавалася сыстэма прабалта-славянскіх кароткіх галосных, але, у адрозьненьне ад балцкіх, прабалта-славянскія */ō/ ды */ā/ зьліліся ў адзіны гук — */ā/ (гл. вышэй).

  1. ^ Holzer 2001, 2007
  2. ^ Гл., напрыклад, Kortlandt (1978:12-24).
  3. ^ Matasović (2008:96)
  4. ^ Matasović (2008:109)
  5. ^ Vaillant, André. I-IV // Grammaire comparée des langues slaves. — Lyon: IAC, 1950-1977.

Літаратура

рэдагаваць