Полацкая вышэйшая піярская вучэльня

По́лацкая вышэ́йшая пія́рская вучэ́льня — навучальная ўстанова ордэна піяраў у Полацку ў 1822—1830 гадах, створана на базе пераведзенай сюды Віцебскай піярскай вучэльні паводле імпэратарскага ўказу ад 28 жніўня 1822 году.

Месьцілася ў будынках скасаванай Полацкай езуіцкай акадэміі. Згодна са статутам падзялялася на прыходзкую вучэльню, 4-клясную павятовую вучэльню і 3-гадовыя «курсы вышэйшых навук». Ад езуітаў вучэльні перайшлі бібліятэка (больш за 24 тысячы тамоў), фізычны і мінэралягічны кабінэты, музэй, друкарня.

Выкладаньне вялося на польскай мове. У 1823 годзе былі рэктар, прэфект і 13 выкладчыкаў (большасьць зь іх скончыла Віленскі ўнівэрсытэт). Каб стварыць асьветніцкі цэнтар, падобны да ўнівэрсытэцкага, была значна пашырана навучальная праграма і ўведзены лекцыі замест звычайных урокаў.

У павятовай вучэльні выкладаліся: закон Божы, польская, лацінская, француская, нямецкая мовы, геаграфія, арытмэтыка, асновы геамэтрыі, прыродазнаўства, фізыка, маляваньне. «Курсы вышэйшых навук» падзяляліся на літаратурныя і матэматычныя аддзяленьні, дзе выкладаліся матэматыка, дасьледчая фізыка, цывільнае права, лацінская, грэцкая, польская мовы, гісторыя, маляваньне, музыка, фехтаваньне, танцы.

Пры вучэльні дзейнічаў інтэрнат (канвікт) на 40 юнакоў. Вучэльня мела трывалыя сувязі зь Віленскім унівэрсытэтам, у канцы 1822 годзе лекцыі па гісторыі тут чытаў прафэсар гэтага ўнівэрсытэту І. Лялевель. У вучэльні дзейнічала філія таварыства філяматаў (раскрытая паліцыяй у сьнежні 1823 году).

Папячыцель Віленскай навучальнай акругі князь А. Чартарыйскі меркаваў надаць вучэльні афіцыйны статус ліцэя, але ў 1824 годзе ўсходняя Беларусь адышла да Пецярбургскай навучальнай акругі. У 1825—1826 гадах па ініцыятыве візытара прафэсара В. Сянкоўскага праведзена рэформа вучэльні: лекцыйная форма выкладаньня забаронена, у пачатковых клясах выкладаньне праводзілася на расейскай мове, узмацніўся нагляд паліцыі за выхаванцамі і выкладчыкамі.

Пасьля стварэньня ў 1829 годзе Беларускай навучальнай акругі ўлады пачалі працэс скасаваньня вучэльні. Летам 1830 году вучэльня была зачыненая, а піяры пераведзены ў Вільню.

Літаратура

рэдагаваць