Першамайск (Мікалаеўская вобласьць)

горад у Мікалаеўскай вобласьці Ўкраіны

Першама́йск (па-ўкраінску: Первомайськ) — места абласнога значэньня ў Мікалаеўскай вобласьці, на сутоках рэчкі Сінюхі і Паўднёвага Бугу. Адміністрацыйны цэнтар Першамайскага раёну.

Першамайск
укр. Первомайськ
Герб Першамайску Сьцяг Першамайску
Першыя згадкі: 1676
Горад з: 1773
Былыя назвы: Альвіёпаль, Багопаль, Голта
Краіна: Украіна
Вобласьць: Мікалаеўская
Раён: Першамайскі
Плошча: 25,14 км²
Вышыня: 75 м н. у. м.
Насельніцтва
колькасьць: 70 746 чал.
шчыльнасьць: 2814,08 чал./км²
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Тэлефонны код: +380-5161
Паштовыя індэксы: 55200—55219
КОАТУУ: 4810400000
Геаграфічныя каардынаты: 48°3′0″ пн. ш. 30°51′0″ у. д. / 48.05° пн. ш. 30.85° у. д. / 48.05; 30.85Каардынаты: 48°3′0″ пн. ш. 30°51′0″ у. д. / 48.05° пн. ш. 30.85° у. д. / 48.05; 30.85
Першамайск на мапе Ўкраіны
Першамайск
Першамайск
Першамайск
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
Афіцыйны сайт места

Знаходзіцца за 180 км ад Мікалаева. Чыгуначная станцыя на ліні Балта — Гайворан.

Гісторыя

рэдагаваць

Як сьведчаць розныя гістарычныя крыніцы, у 1420 року каля сучаснага места Першамайску вялікі князь літоўскі Вітаўт збудаваў мураваны аркавы мост і мытню, празь якую праходзіў гандлёвы шлях з Кіеўшчыны і Брацлаўшчыны на Дашаў (Ачакаў) і Качубей (Адэсу).[1]

Асаблівасьць далейшай гісторыі Першамайску крыецца ў тым, што места ўтварылася з трох паселішчаў, якія належылі да трох розных дзяржаваў — Запароскай Сечы (уваходзіла ў склад Царскай Расеі), Турэччыны ды Рэчы Паспалітай. Толькі ў канцы XVIII стагодзьдзя ўсе гэтыя землі зрабіліся тэрыторыяй Расейскай імпэрыі.

Мяжа паміж Запароскай Сеччу й Рэччу Паспалітай праходзіла па рацэ Сінюха. Увясну 1676 року на левым беразе Сінюхі запарозкія казакі абралі месца для ўмацаваньня, якому далі назову Орлік. У 1743 року расейскі ўрад прыняў рашэньне пра перабудову ўмацаваньня ў 6-бастыённую фартэцыю, якую ўмацавалі зброяй ды гарматамі. У 1770 року ўмацаваньне было перайменаванае ў Кацярынеўфорт, у 1772 року — слабаду Орлік залічылі да разраду местаў, у 1781 року паселішча атрымала назву Альвіёпаль.

У 1750 року на левым беразе ракі Паўднёвы Буг, дзе праходзіла мяжа паміж Турэччынай ды Сеччу, абшарнік Патоцкі збудаваў карантынную заставу Багопаль. У 1762 року казакі й беглыя ўкраінскія прыгонныя на правым беразе Паўднёвага Бугу заснавалі слабаду Голта (першая назва цяперашняй часткі Першамайску), якая належыла Турэччыне. Адпаведна паводле Яскай дамовы (1791) Голта была далучана да Расейскай імпэрыі.

Такім чынам былі ўтвораныя тры часткі места — Альвіёпаль, Багопаль ды Голта, якія ў якасьці асобных паселішчаў праіснавалі да 1919 року. Таго ж року на мітынгу 1 траўня было прынятае рашэньне пра аб’яднаньне ўсіх трох частак у адно места, у гонар дня салідарнасьці працоўных яго назвалі Першамайскам.

Геаграфія

рэдагаваць

Места Першамайск знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы Мікалаеўскай вобласьці, за 180 км ад Мікалаева, на сутоках рэчак Паўднёвы Буг і Сінюха, у рэгіёне, які разьмяшчаецца на мяжы стэпу ды лесастэпу.

Рэльеф места — гэта хвалістая раўніна, падзеленая далінамі ды ярамі на асобныя вадападзельныя плято. Мясцовасьць рэгіёну мае слабы ўхіл у паўднёва-ўсходнім кірунку. Сярэдняя вышыня над узроўнем мора 200 м.

Клімат рэгіёну ўмерана-кантынэнтальны. Па колькасьці ападкаў яго можна аднесьці да цёплай умерана-сухой зоны.

Рэгіён у параўнаньні зь іншымі раёнамі Мікалаеўскай вобласьці багаты воднымі рэсурсамі. Па яго тэрыторыі цячэ адна з найбольшых рэчак Украіны — Паўднёвы Буг. Левы прыток Паўднёвага Бугу — Сінюха, левы прыток Сінюхі — Чорны Ташлік і правы прыток Паўднёвага Бугу — рака Кадыма.

Унутраныя воды рэгіёну выкарыстоўваюцца для атрыманьня электраэнэргіі.

Насельніцтва

рэдагаваць
  • 1939 год — 33 тыс. чал.
  • 1959 год — 44 тыс. чал.
  • 1970 год — 59 тыс. чал.
  • 1974 год — 68,5 тыс. чал.[2]
  • 1991 год — 83,8 тыс. чал.[3]

Адукацыя

рэдагаваць
  • Першамайскі інстытут Адэскага нацыянальнага ўнівэрсытэту ім. І. І. Мечнікава
  • Першамайскі політэхнічны інстытут Нацыянальнвга ўнівэрсытэту карабелебудаваньня ім. Адмірала Макарава (першая вышэйшая навучальная ўстанова ў м. Першамайску)
  • Першамайскі факультэт Харкаўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту харчаваньня ды гандлю
  • Першамайская мэдычная вучэльня

Эканоміка

рэдагаваць

У месьце знаходзіцца завод «Фрэгат» — буйное прадпрыемства, якое пачала працаваць у 1969 року і займаецца сельскагаспадарчым машынабудаваньнем, вытворчасьцю абсталяваньня для нафтагазавага комплексу, а таксама выпускам ацынкаваных мэталаканструкцыяў.

«Першамайскдызэльмаш» (да 1993 року — машынабудаўнічы завод імя 25 Кастрычніка) зараз выпускае дызэлі, дызэль-генэратары, газавыя рухавікі й кагенэрацыйныя ўсталёўкі, газавыя пліткі ды іншыя спажывецкія тавары. Прадпрыемтва было заснаванае ў 1875 року.

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

У месьце знаходзіцца філія Цэнтральнага музэю Ўзброеных Сілаў Украіны — Музэй ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня.

  1. ^ Добровольський О. А. Литовська топоніміка на Миколаївщині (XV ст.) [1](недаступная спасылка) // Наукові праці. Науково-методичний журнал. Випуск: 1, Том: 4. ISSN 1609-7742
  2. ^ Первомайск // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  3. ^ Первомайск // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.