Партызанскі атрад атамана Чорта
Партызанскі атрад атамана Чорта — беларускі партызанскі атрад, які хаваўся ў Белавескай пушчы. Фармаваньне было часткаю Брацтва сялян-беларусаў і прызнавала ўрад БНР.
Партызанскі атрад атамана Чорта | |
Партызаны атамана Чорта | |
Гады існаваньня | красавік 1922 |
---|---|
Краіна | БНР |
Падпарадкаваньне | Брацтва сялян-беларусаў |
Уваходзіць у | Войска БНР |
Тып | партызаны |
Функцыя | змаганьне з польскай уладай |
Колькасьць | да 24 чалавек |
Дысьлякацыя | Белавеская пушча |
Вядомыя камандзіры | Іван Грыцук «Чорт» |
Перадумовы
рэдагавацьНа пачатку 1922 году Аддзяленьне дзяржаўнае паліцыі ў Беластоку выйшла на сьлед шырока разгалінаванай тэрарыстычнай арганізацыі, якая дзейнічала супраць Польшчы, падтрымлівалася матэрыяльна й маральна Ковенскай Летувой.
Раёны, якія мяжуюць з Ковенскай Літвой і Беларусьсю, былі падзеленыя на 4 суполкі. Гарадзеншчына была ўключана ў IV суполку, на чале якой стаяў паручнік Літоўскага войска Вячаслаў Разумовіч («Хмара»). Сядзібай Разумовіча і яго штабу было летувіскае мястэчка Мерач на польскім памежжы. Кур’ерам паміж ковенскімі войскамі і партызанамі была Вера Маслоўская.
Гісторыя
рэдагавацьУвесну 1922 году пачалася хваля арыштаў, з-за якой частка партызанаў зьбегла ў Белавескую пушчу. Да іх туды вярнуўся зь Летувы Герман Шыманюк, загадаўшы атаману Івану Грыцуку (Грыцюку) «Чорту» стварыць баявы атрад. У красавіку 1922 году Герман Шыманюк зноў уцёк у Летуву. Пасьля гэтага Чорт распачаў актыўную дзейнасьць.
7 красавіка 1922 году а 10-й гадзіне ягоныя людзі напалі на сям’ю гаёвага Яна Алькевіча ў Вітаве. 17 красавіка былі спаленыя склады дрэва віленскай дырэкцыі дзяржаўнай чыгункі на чыгуначнай лініі Чаромхі-Гайнаўкі. Тутэйшым працаўнікам партызаны паведамілі, што яны не дадуць віленскай дырэкцыі вывозіць дрэва зь лясоў і што яны паслалі ўльтыматум Пілсудзкаму; таксама яны сказалі, што даруюць ім жыцьцё пры ўмове, калі яны застануцца ў бараку й не перашкодзяць ім у падпале. Чортаўцы таксама пакінулі ліст расейскай мовай:
– Віленская дырэкцыя.
Адносна дасланага 31 сакавіка ўльтыматуму да Начальніка Пілсудзкага, тэрмін якога скончваецца 9 красавіка паводле старога стылю, у якім сказана, што пасьля яго атрыманьня павінен спыніцца вываз дрэва, які ігнаруецца і ўспрымаецца як жарт, вы зьбіраецеся працягваць пагрузку мэтраў 19 красавіка н. ст., чым яўна парушаецца ўльтыматум, таму я, камандзер тэрарыстаў Ян Чорт, паводле загаду атамана Германа Скамароха, палю гэтыя мэтры ў імя таго, каб яны не дасталіся нашым ворагам – палякам.
Кам. тэрарыстаў Я. Чорт.
Праўдападобна партызаны таксама спалілі чыгуначны мост на рацэ Нараўцы ў навакольлі Белавежы.
Напады 27—28 красавіка
рэдагавацьАтрад ладзіў напад на мястэчка Кляшчэлі. Пра гэты намер камэнданту пастарунка паліцыі Кляшчэляў паведаміў сам Грыцук адмысловым лістом, напісаным па-расейску, зь пячаткай Брацтва сялян-беларусаў:
– П. бандыты паліцыі ў Кляшчэлях! Паводле загаду атамана Скамароха, я, камандзер аддзелу тэрарыстаў Ян Чорт, папярэджваю, што вы, польская сволач, за вашыя дзеяньні будзеце павешаныя на тэлеграфным слупе. Не забывайце, што вы ўсе сярод нас і нашыя вочы ўсюды. Памятайце, што набліжаецца час парахунку. Камэндант аддзелу тэрарыстаў Я. Чорт. 8. 4. 1922 г. н. ст.
Напад бандытаў на пастарунак паліцыі ў Кляшчэлях быў зьдзейснены апоўначы з 27 на 28 красавіка. Падчас нападу ў пастарунку знаходзіліся кіраўнік Стэфан Пятроўскі й восем пастарунковых. Напад быў крывавы, былі забітыя два паліцыянты ды скрадзена шмат зброі. Потым партызаны напалі на рэстарацыю, забілі ягонага ўласьніка Ануфрыя Савіцкага й зрабавалі. Чортаўцы таксама напалі на каталіцкую плябанію.
Заняпад
рэдагавацьУ адказ аддзелы войскаў і паліцыі акружылі пушчу й знайшлі партызанскі лягер, але партызаны змаглі уцячы, накіраваўшыся ўразброд у Летуву. Але шэсьць чалавек было схоплена, зь іх чатыры партызаны: Андрэй Тамашук, Іван Захарчук, Іван Піцэлюк, Дзям’ян Мартынюк. Вайскова-палявы суд прысудзіў іх да сьмяротнага пакараньня. Расстрэл адбыўся 24 траўня 1922 году.
Пра расстрэл паведаміў часопіс «Беларускі партызан» з адрасам рэдакцыі «Белавеская пушча». Рэдактарам значыўся Герман «Скарамох», але сапраўднасьць ягонага ўдзелу ў выдаваньні газеты дасьледнікі ставяць пад сумнеў.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Алег Латышонак. Здымак партызанаў атамана „Чорта” (бел.) // Ніва. — 1 сьнежня 2013 г.. — № 48 (3003). — С. 12. — ISSN 0546-1960.
- Аляксей Трубкін. “Dziennik Białostocki” пра партызанаў БНР (бел.) // Беларускае Радыё Рацыя.
- Ю. В. Над сьвежай магілай (бел.) // Беларускі Сьцяг. — чэрвень-ліпень 1922. — № 2-3. — С. 35-36.
- Горадзенскія газэты аб паўстаньні (бел.) // Беларускі Сьцяг. — чэрвень-ліпень 1922. — № 2-3. — С. 35-36.