Пагоня (аддзел)

украінскае добраахвотніцкае вайсковае фармаваньне
(Перанакіравана з «Пагоня (атрад)»)

«Паго́ня» — вайсковы аддзел, сфармаваны зь беларускіх добраахвотнікаў, якія ўдзельнічаюць ва ўзброеным канфлікце на Данбасе. Ваююць на баку Ўкраіны супраць агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі поруч зь іншымі добраахвотніцкімі батальёнамі, а таксама рэгулярнай арміяй Украіны.

Атрад «Пагоня»
Гады існаваньня ліпень 2014 — верасень 2016
Краіны Украіна
Падпарадкаваньне Украіна
Войны Антытэрарыстычная апэрацыя ва Ўкраіне

Сфармаваны ў ліпені 2014 року. Трэніравальны лягер месьціцца на Валыні. Атрад абвясьціў аб спыненьні ваеннай дзейнасьці ў верасьні 2016 году.

Гісторыя

рэдагаваць

Пасьля завяршэньня «Рэвалюцыі годнасьці» вялікая колькасьць беларусаў, якія бралі ўдзел у падзеях на Майдане Незалежнасьці, пачалі папаўняць шэрагі добраахвотных батальёнаў. У прыватнасьці, увайшлі ў шэрагі батальёнаў «Данбас» і «Азоў». 3 чэрвеня камандзір батальёну «Данбас» Сямён Сямёнчанка ў інтэрвію журналістам паведаміў, што ў ягоным падразьдзяленьні ваююць 15 беларусаў[1]. Сярод іх на ягоныя словы былі й тыя, хто прыбыў зь Беларусі й тыя, хто да гэтага пражываў ва Ўкраіне.

Беларускія журналісты на працягу лета 2014 року паведамлялі пра беларусаў, якія ваююць у шэрагах «Добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу», сфармаванага Правым сэктарам у «Падольскай сечы», якая была сфармавана ў Хмяльніцкай вобласьці й у батальёнах «Азоў» ды «Данбас»[2]. Праўдзівых зьвестак адносна рэальнай колькасьці ваяроў няма, бо большасьць удзельнікаў фармаваньняў называюцца пад рознымі мянушкамі, захоўваючы ананімнасьць.

Цяпер лічыцца, што пачатковая колькасьць аддзелу «Пагоня» была 5 чалавек. Адным з арганізатараў аддзелу стаў украінскі палітык з Валынскай вобласьці Ігар Гузь. Ён паведаміў журналістам, што фармаваньне аддзелу як баявой адзінкі пачалося ў ліпені ў спэцыяльна абсталяваным лягеры на Валыні. Сфармаваны аддзел самастойна ў баявых дзеяньнях удзелу не прымаў. Яго ваяры былі аб’яднаны ў групы па 3-7 чалавек і злучаны зь іншымі добраахвотнымі батальёнамі, якія ваююць супраць прарасейскіх тэрарыстаў на Данбасе. Такая схема была прынятая дзеля кансьпірацыі ад беларускага КДБ[3].

Спыненьне ваеннай дзейнасьці

рэдагаваць
 
Нашыўка Атрада Пагоні ў байца батальёна імя Кастуся Каліноўскага (2022)

У верасьні 2016 Атрад «Пагоня» абвясьціў аб спыненьні ўдзелу ў баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны. Сябры стварылі арганізацыю «Грамадзкі сэктар атрада Пагоня», якая ў першую чаргу займаецца рознабаковай дапамогай беларускім добраахвотнікам[4][5].

У сакавіку 2022 году падчас расейскага ўварваньня ва Ўкраіну «Грамадзкі сэктар атрада „Пагоня“» заклікаў падтрымліваць батальён імя Кастуся Каліноўскага[6].

Кіраўніцтва й структура

рэдагаваць

Зьвестак адносна кіраўніцтва зь беларускага боку няма. Кіраўніком і стваральнікам аддзелу «Пагоня» з украінскага боку лічыцца палітык з Валынскай вобласьці Ігар Гузь. Паводле яго дадзеных у структуру аддзелу была пакладзена тактыка УПА. Невялікія самадастатковыя падразьдзяленьні колькасьцю 3-5-7 чалавек. Удзельнікі аддзелаў могуць ня ведаць адзін аднаго, а сувязь паміж імі ажыцьцяўляюць у выпадку неабходнасьці камандзіры[3].

Колькасьць

рэдагаваць

Паводле зьвестак тэлеканалу «Белсат» да ўдзелу ў падразьдзяленьні пагадзіліся больш за сотню чалавек, але зь іх для «Пагоні» было адабрана некалькі дзясяткаў правераных добраахвотнікаў. Яны й сфармавалі касьцяк падразьдзяленьня. Інфармацыі адносна агульнай колькасьці добраахвотнікаў у падразьдзяленьні ня маецца

Удзел у баях

рэдагаваць

Паводле зьвестак камандзіраў беларускія добраахвотнікі бралі ўдзел у баях з пачатку ліпеня 2014 року. Вядома пра іх удзел у баях пад Ілавайскам. Беларускія ваяры з батальёна «Данбас» з пазыўнымі «Брэст», «Вусач» і «Бугор» зыходзячы з акружэньня пад Ілавайскам зьнішчылі два расейскія танкі Т-72 і два БМД[7]. Таксама беларускія добраахвотнікі і ў 2017 годзе прымаюць ўдзел у абароне данецкага аэрапорта[8].

У пачатку жніўня 2014 у некаторых беларускіх СМІ зьявілася інфармацыя аб гібелі 12 байцоў аддзелу «Пагоня». Але потым яе абвергла прадстаўніца добраахвотніцкага фармаваньня Тацьцяна Елавая. Яна адзначыла, што байцы пра якіх ёй было вядома, якія былі на перадавой, жывыя, здаровыя й знаходзяцца ў бясьпецы. Зрэшты, яна ня выключыла, што маглі загінуць беларусы, якія дзейнічаюць у складзе іншых добраахвотніцкіх батальёнаў[9].

26 чэрвеня 2022 года ў баях пад Лісічанскам загінуў камандзір батальёна «Волат» полка Каліноўскага Іван «Брэст».[10] У 2015 годзе ён далучыўся да атраду «Пагоня».[11]

Перасьлед у Беларусі

рэдагаваць

З боку праваахоўных органаў Беларусі ня раз гучалі заявы, што людзей, удзел якіх у вайне на ўсходзе Ўкраіны будзе даказаны, чакае пакараньне па артыкуле «Найміцтва», санкцыя па якому можа сягаць ад 3 да 7 рокаў турмы[12]. У пачатку кастрычніка 2014 старшыня КДБ Беларусі Валеры Вакульчык нагадаў грамадзянам аб адказнасьці за незаконныя з пазыцыі заканадаўства рэспублікі дзеяньні. Акрамя таго неаднаразова праваахоўнікі зьвярталіся да беларусаў з заклікам не паддавацца на прапановы ўдзельнічаць у вайне на Данбасе[13]. Пагрозы ў адрас беларусаў удзельнікаў вайны на ўсходзе Ўкраіны гучалі й ад прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У афіцыйнай групе аддзелу «Пагоня» ў сетцы Facebook паведамлялася аб тым, што электронная пошта й старонкі ў сацыяльных сетках удзельнікаў падразьдзяленьня неаднаразова ўзломваліся. Паводле словаў Ігара Гузя, некаторыя байцы вымушаныя з-за магчымага перасьледу сябе ці родных, заставацца ва Ўкраіне, або выехаць у краіны Эўразьвязу.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Камандзір батальёна «Данбас»: У нашым батальёне сёння 15 беларусаў
  2. ^ https://web.archive.org/web/20141220124617/http://1863x.com/bel-karateli/
  3. ^ а б http://www.svaboda.org/content/article/26593735.html Ігар Гузь: Беларускіх добраахвотнікаў у Данбасе вылічыла КДБ
  4. ^ Атрад «Пагоня» прыпыняе вайсковую дзейнасць
  5. ^ Атрад «Пагоня» мяняе фармат сваёй дзейнасці
  6. ^ Атрад «Пагоня» не мае дачынення да стварэння «палка Пагоня»
  7. ^ http://nn.by/?c=ar&i=134460 Баец з пазыўным «Брэст», выходзячы з акружэньня, падбіў бранятэхніку
  8. ^ http://nn.by/?c=ar&i=142500 Беларускія «кібаргі» змагаюцца пад Данецкім аэрапортам ФОТЫ, ВІДЭА
  9. ^ http://www.belsat.eu/be/articles/dabravolcy-atradu-pagonya-zhyvyya/(недаступная спасылка) Дабравольцы аддзелу «Пагоня» жывыя
  10. ^ «Я паставіў на кон усё». Апошняе інтэрв’ю з Іванам «Брэстам», які загінуў каля Лісічанска
  11. ^ За Украіну загінуў беларускі добраахвотнік Брэст
  12. ^ https://web.archive.org/web/20210507185541/http://news.tut.by/society/406164.html
  13. ^ http://censor.net.ua/news/305288/kgb_belarusi_grozit_tyurmoyi_voyuyuschim_v_ukraine_sograjdanam

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць