Ніна Абрамчык

беларуская грамадзка-палітычная дзяячка, пісьменьніца
(Перанакіравана з «Ніна Ляўковіч»)

Ні́на Абра́мчык (дзявочае Ляўковіч; літаратурны псэўданім Ніна Раса; 20 сакавіка 1916, в. Шані, цяпер Пружанскі раён — 27 студзеня 2004[1]) — беларуская грамадзка-палітычная дзяячка, пісьменьніца, паэтка, фальклярыстка. Жонка Міколы Абрамчыка.

Ніна Абрамчык
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Ніна Ляўковіч
Псэўданімы Ніна Раса
Нарадзілася 20 сакавіка 1916(1916-03-20)
Памерла 27 студзеня 2004(2004-01-27) (87 гадоў)
Пахаваная
Сужэнец Мікола Абрамчык
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьніца
Кірунак паэзія
Мова беларуская мова, польская мова і француская мова

Біяграфія

рэдагаваць
 
Магіла Ніны Абрамчык на могілках Пэр-Ляшэз у Парыжы

Скончыла Віленскую беларускую гімназію, навучалася ў Віленскім унівэрсытэце, сяброўка Беларускага студэнцкага саюзу. З восені 1939 году настаўнічала на Пружаншчыне. Ад 1941 году жыла ў Бэрліне, дзе пабралася шлюбам зь Міколам Абрамчыкам. Працавала ў газэце «Раніца» і Беларускім камітэце самапомачы. Была старшынёй Аб’яднаньня беларускіх жанчын у Францыі[2]. Удзельнічала ў міжнародным кангрэсе «La Vie des Mères» («Мацярынскае жыцьцё»), арганізаваным увесну 1947 году Жаночым грамадзянскім і сацыяльным хаўрусам, дзе выступіла з заклікам да салідарнасьці жанчынаў «шчасьлівых народаў» зь беларускамі й беларусамі ў бядзе[3].

Жыла ў прыгарадзе Парыжу Вілепэнт. Пахаваная ў Парыжы на могілках Пэр-Ляшэз каля свайго мужа[1].

Выдавецкая дзейнасьць

рэдагаваць

Беларускі камітэт самапомачы ў Бэрліне ў другой палове 1942 году пачаў спарадычна выпускаць кнігі і брашуры, што было заслугай Міколы Абрамчыка і ягонай жонкі. Улетку 1942 году Абрамчыкамі былі выдадзеныя «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Ад родных ніў» Ларысы Геніюш. Першая зь іх была перадрукам даваеннага віленскага выданьня, а другую падрыхтаваў да друку Вітаўт Тумаш, карыстаючыся тэкстамі, апублікаванымі ў «Раніцы» і атрыманымі ад аўтаркі з Прагі. Абедзьве кнігі былі адначасова надрукаваныя ў праскай друкарні «Палітыка» і ў верасьні 1942 году рэклямаваліся на старонках «Раніцы». Па вайне яна паспрабавала выдаваць газету «Беларуска», зьявіўся адзін нумар, які дагэтуль ня быў адшуканы. Магчыма, што газэта так і засталася ў рукапісным ці друкапісным варыянце[4].

Ніна Абрамчык таксама апрацавала і выдала ў 1942—1943 гадах некалькі кніг:

  • «Беларусь у песьнях», зборнік папулярных песень і патрыятычных вершаў.
  • «Гісторыя Беларусі ў картах», апрацаваная паводле лекцыяў, якія ў 1941—1942 гады чытаў Мікола Абрамчык на курсах беларусаведы ў Бэрліне, выйшла накладам 3500 асобнікаў і распаўсюджвалася ў беларускіх школах Беласточчыны і Варшавы.
  • «Калядныя песьні», зборнік 20 беларускіх калядак у апрацоўцы сьвятара Віктара Шутовіча.
  • «Пад гоман вясёлы», зборнік 30 беларускіх папулярных песень, рамансаў і прыпевак.

Дасьледніцкая дзейнасьць, творчасьць

рэдагаваць

Ніна Абрамчык апрача выдавецкай дзейнасьці пісала вершы, апавяданьні. І дасюль малавядомай застаецца дасьледніцкая дзейнасьць дыяспарнай дзяячкі па-француску. Яна працавала ў Музэі чалавека ў Парыжы. У канцы 1990-х гадоў у францускіх навуковых часопісах («Eurasie», «Ethnozootechnie») зьяўляюцца артыкулы фальклярысткі і этналягіні Ніны Абрамчык (une ethnologue Nina Abramtchik)[4]. На ейныя дасьледаваньні жаночай традыцыйнай культуры спасылаюцца квэбэцкія дасьледніцы (Pauline Greenhill I Diane Tye, 1997 год)[5].

У часопісе «Eurasie» Ніна Абрамчык надрукавала грунтоўныя артыкулы, прысьвечаныя розным аспэктам традыцыйнай культуры беларусаў. У нумары за 1995 год супрацоўніца Музэя чалавека апублікавала дасьледаваньне «Le lin chez les Biélorussiens, un exemple de sacralité locale» (Лён у беларускай культуры, прыклад мясцовай сакральнасьці)[4]. У 1999 годзе Ніна Абрамчык апублікавала падобныя фальклёрныя апісаньні і аналіз, што датычыць месца і значэньня каня ў традыцыйнай культуры беларусаў: «Le cheval en Biélorussie. Contes et emblèmes» (Конь у беларускай культуры. Казкі і cымбалі). Артыкул зьявіўся ў калектыўным зборніку, што быў прысьвечаны вобразу і месцу каня ў эўрапейскай культуры[6]. У 2000 годзе дасьледніца напісала артыкул пра гісторыю і значэньні колераў у беларускай культуры «Couleurs de Biélorussie (Belarus)» (Колеры Беларусі)[4].

  1. ^ а б Ушанаваньне памяць М. Абрамчыка Палітыка. Беларуска-Эўрапейскае задзіночаньне (21 жніўня 2008). Праверана 27 чэрвеня 2009 г.
  2. ^ Ігар Лялькоў "Адвечная песьня": Аб адной няўдалай спробе аб'яднаньня паваеннай беларускай эміграцыі. Згуртаваньне беларускіх арганізацыяў Эўропы «Беларуская вунія». Праверана 27 чэрвеня 2009 г.
  3. ^ Уладзіслаў Гарбацкі «Маці-беларуска» Ніны Абрамчык // Новы час. — 2022. Архіўная копія.
  4. ^ а б в г Уладзіслаў Гарбацкі Невядомая спадчына: этналагіня Ніна Абрамчык // Новы час. — 2018. Архіўная копія.
  5. ^ Undisciplined Women: Tradition and Culture in Canada. Pauline Greenhill and Diane Tye, eds. Montreal and Kingston: McGill-Queen’s University Press, 1997.
  6. ^ Abramtchik (Nina) 1996,"Le cheval en Biélorussie. Contes et emblèmes", in Le cheval en Eurasie. Pratiques quotidiennes et déploiements mythologiques, Paris, L’Harmattan, p. 165—171.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць