Ніна Абрамчык
Ні́на Абра́мчык (дзявочае Ляўковіч; літаратурны псэўданім Ніна Раса; 20 сакавіка 1916, в. Шані, цяпер Пружанскі раён — 27 студзеня 2003 [1]) — беларуская грамадзка-палітычная дзяячка, пісьменьніца. Жонка Міколы Абрамчыка.
Ніна Абрамчык | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Ніна Ляўковіч |
Псэўданімы | Ніна Раса |
Нарадзілася | 20 сакавіка 1916 в. Шані, цяпер Пружанскі раён |
Памерла | 27 студзеня 2004 Францыя |
Пахаваная | Пэр-Ляшэз |
Сужэнец | Мікола Абрамчык |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьніца |
Кірунак | паэзія |
Мова | беларуская мова, польская мова і француская мова |
БіяграфіяРэдагаваць
Скончыла Віленскую беларускую гімназію, вучылася ў Віленскім унівэрсытэце, сябра Беларускага студэнцкага саюзу. З восені 1939 году настаўнічала на Пружаншчыне. Ад 1941 году жыла ў Бэрліне, дзе пабралася шлюбам зь Міколам Абрамчыкам. Працавала ў газэце «Раніца» і Беларускім камітэце самапомачы.
Жыла ў прыгарадзе Парыжу Вілепэнт. Пахаваная ў Парыжы на могілках Пэр-Ляшэз каля са свайго мужа.[1].
Выдавецкая дзейнасьцьРэдагаваць
Беларускі камітэт самапомачы ў Бэрліне ў другой палове 1942 году пачаў спарадычна выпускаць кнігі і брашуры, што было заслугай Міколы Абрамчыка і ягонай жонкі. Улетку 1942 году Абрамчыкамі былі выдадзеныя «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Ад родных ніў» Ларысы Геніюш. Першая зь іх была перадрукам даваеннага віленскага выданьня, а другую падрыхтаваў да друку Вітаўт Тумаш, карыстаючыся тэкстамі, апублікаванымі ў «Раніцы» і атрыманымі ад аўтаркі з Прагі. Абедзьве кнігі былі адначасова надрукаваныя ў праскай друкарні «Палітыка» і ў верасьні 1942 году рэклямаваліся на старонках «Раніцы».
Ніна Абрамчык таксама апрацавала і выдала ў 1942—1943 гадах некалькі кнігаў.
- «Беларусь у песьнях», зборнік папулярных песень і патрыятычных вершаў.
- «Гісторыя Беларусі ў картах», апрацаваная паводле лекцыяў, якія ў 1941—1942 гады чытаў Мікола Абрамчык на курсах беларусаведы ў Бэрліне, выйшла накладам 3500 асобнікаў і распаўсюджвалася ў беларускіх школах Беласточчыны і Варшавы.
- «Калядныя песьні», зборнік 20 беларускіх калядак у апрацоўцы сьвятара Віктара Шутовіча.
- «Пад гоман вясёлы», зборнік 30 беларускіх папулярных песень, рамансаў і прыпевак.
КрыніцыРэдагаваць
- ^ а б Ушанаваньне памяць М. Абрамчыка Палітыка. Беларуска-Эўрапейскае задзіночаньне (21 жніўня 2008). Праверана 27 чэрвеня 2009 г.
ЛітаратураРэдагаваць
- Абрамчык Ніна // Лявон Юрэвіч. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск, БГА, 2002.
- Абрамчык Ніна // Юры Туронак. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Менск: Беларускі Гістарычны Агляд, 2002. — 144 с. — (Бібліятэка часопіса «Беларускі Гістарычны Агляд»). — 300 ас.
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
- Алег Гардзіенка (21 траўня 2009) БНС: Спроба стварэння беларускага ўраду Першая суполка, прысьвечаная ваеннай гісторыі Беларусі. Livejournal. Праверана 27 чэрвеня 2009 г.
- Юры Туронак. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем. Беларуская інтэрнэт—бібліятэка. Праверана 27 чэрвеня 2009 г.