Ніжнякамскнафтахім
Каардынаты: 55°35′51″ пн. ш. 51°56′33″ у. д. / 55.5975° пн. ш. 51.9425° у. д.
«Ніжнякамскнафтахі́м» («НКНХ») — найбольшае нафтахімічнае прадпрыемства Расеі, заснаванае ў ліпені 1967 году ў якасьці «Ніжнякамскага хімкамбінату» (цяпер Татарстан).
«Ніжнякамскнафтахім» | |
рас. Нижнекамскнефтехим | |
Тып | публічнае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Лістынг на біржы | МБ: NKNC |
Заснаваная | 31 ліпеня 1967 (57 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Савет міністраў СССР |
Уласьнікі | ТАА «Тэлеком-Мэнэджмэнт» (58%), «ТАІФ» (22%)[1] |
Краіна | Расея |
Разьмяшчэньне | Татарстан |
Адрас | Ніжнякамск, Сабалякоўская вул., д. 23[2] |
Ключавыя фігуры | Айрат Сафін[3], Руслан Шыгабутдзінаў[4] |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | альфа-алефін, вокіс этылену і прапілену, каўчук, нэанол, плястык |
Абарачэньне | ▼178,99 млрд рас.руб ($2,891 млрд; 2019 год)[5] |
Апэрацыйны прыбытак | ▼27,893 млрд рас.руб ($450,5 млн; 2019 год) |
Чысты прыбытак | ▼24,029 млрд рас.руб ($388,1 млн; 2019 год) |
Лік супрацоўнікаў | 15 000 (2019 год)[6] |
Матчына кампанія | АТ «Татара-амэрыканскія інвэстыцыі і фінансы» (Казань) |
Даччыныя кампаніі | Хакейны клюб «Нафтахімік», «Поліматыз» |
Аўдытар | «Прайсўотэрхаўс-Купэры» (Ангельшчына) |
На 2020 год прадпрыемства было найбольшым вытворцам сынтэтычнага каўчуку і плястыку ў Расеі, якія выпускала з монамэраў. Сярод плястыкаў пераважна вырабляла АБС, поліпрапілен, полістырол і поліэтылен. Таксама выпускала такія нафтахімічныя вырабы, як альфа-алефіны, вокіс прапілену, вокіс этылену і паверхнева-актыўныя рэчывы (ПАР)[7]. «Ніжнякамскнафтахім» улучаў вучэльню, навукова-тэхналягічны і праектна-канструктарскі асяродкі, а таксама 8 заводаў: 1) дывінілу і вуглевадароднай сыравіны, 2) бутылавага каўчуку, 3) сынтэтычнага каўчуку, 4) ізапрэну-монамэру, 5) этылену, 6) алігамэраў і гліколяў, 7) стыролу і поліэтэрнай смалы, 8) плястыку[8]. Прадпрыемства наймала каля 20 000 супрацоўнікаў, зь іх каля 5000 на 11 даччыных прадпрыемствах[6]. Найбольшымі зь іх былі ТАА «Кіраўніцтва этыленаправодаў НКНХ», «ТатСпэцНафтаХімРамБуд», «Рамонтна-мэханічны завод НКНХ», «Каталіз-Прам» і тэкстыльнае АТ «Поліматыз». Таксама прадпрыемству належалі гандлёвае ТАА «Ніжэкс Скандынавіі» ў Швэцыі (56%) і хакейны клюб «Нафтахімік». Мацярынскае АТ «Татара-амэрыканскія інвэстыцыі і фінансы» («ТАІФ», Казань) валодала прадпрыемствам праз даччынае ТАА «Тэлеком-Мэнэджмэнт» (Казань), якому належала 58% паёў ПАТ «Ніжнякамскнафтахім»[5].
Вырабы
рэдагавацьУ 2019 годзе «Ніжнякамскнафтахім» заняў 10-е месца ў сьвеце сярод вытворцаў сынтэтычнага каўчуку. У тым ліку на прадпрыемства прыпала 47,5% сусьветнай вытворчасьці ізапрэнавага каўчуку, 17,9% — бутылавага (3-е месца) і 5,6% — бутадыенавага. Палову вырабаў прадалі ў краіны Азіі і Эўропы. Сярод іншага прадпрыемства вырабляла:
- 4 віды плястыку — акрыланітрыл-бутадыен-стырол (АБС), поліпрапілен, полістырол і поліэтылен;
- 6 відаў гліколю — дыпрапіленгліколь, дыэтыленгліколь, полігліколі, прапіленгліколь, трыэтыленгліколь і этыленгліколь;
- 3 віды поліэтэраў — просты, лапрол і поліэтыленгліколь (ПЭГ);
- паверхнева-актыўныя рэчывы — нэанолы;
- 4 віды монамэраў — бутадыен, дыцыкляпэнтадыен, стырол і этылен;
- вокісы прапілену і этылену;
- мэтыл-трэт-бутылавы этэр (МТБЭ) і піролізную смалу;
- 5 відаў прадуктаў арганічнага сынтэзу — этылкарбітол, трымэры і тэтрамэры прапілену, монаалкіфэнолы і этылцылазольв;
- 3 віды газаў — вуглякіслы газ і тлен у вадкім і газапабодным станах, сьціснутае паветра;
- 3 віды вуглевадародных фракцыяў — C5, ацэтальдэгідную і прапанавую фракцыі;
- 6 відаў фракцыяў альфа-алефінаў — актэн-1, бутэн-1, гексен-1, дэцэн-1, С12 і С16;
- мэтанольны фармалін і аксаль[9].
Мінуўшчына
рэдагавацьУ 1956 годзе Савет міністраў СССР зацьвердзіў Пастанову «Аб рэзэрваваньні зямельнага ўчастку пад прамысловае і цывільнае будаўніцтва нафтахімкамбінату» на Ніжняй Каме. У 1960 годзе зацьвердзілі праект будаўніцтва камбінату. У 1963-м пачалі ўзвозіць галоўную газафракцыйную ўстаноўку (ГГФУ). У 1965 годзе пачалі будаваць 1-ы цэх ізапрэну-монамэру. 31 ліпеня 1967 году «Ніжнякамскі хімкамбінат» даў першыя вырабы на 1-м блёку ГГФУ магутнасьцю 750 000 тонаў за год. У 1970 годзе адчынілі комплекс ізапрэну-монамэру магутнасьцю 60 000 тонаў за год і цэх рэліну, пліткі і масьцікі. Адначасна пачалі вытворчасьць ізапрэнавага каўчуку магутнасьцю 60 000 т/год і трымэтылкарбітолу 1000 т/год, а таксама ізамэрызацыю пэнтану на 112 000 т/год. У 1971 годзе запусьцілі 2-і блёк ГГФУ магутнасьцю 750 000 т/год. У 1973-м пачалі вытворчасьць бутылкаўчуку магутнасьцю 35 000 тонаў і 2-стадыйнага дывінілу на 90 000 тонаў, а таксама адчынілі вытворчасьць ізабутылену на 44 000 т/год. Адначасна вытворчасьць ізапрэнавага каўчуку падвоілі да 120 000 тонаў за год. У 1976 годзе ўвялі ў дзеяньне этыленаправод Ніжнякамск—Казань працягласьцю 280 км, бо пачалі вытворчасьць этылену магутнасьцю 450 00 тонаў за год. Адначасна адчынілі вытворчасьць прапілену на 197 000 т/год, бэнзолу на 187 000 тонаў і бутадыену на 54 000 тонаў за год. Таксма вытворчасьць ізапрэну-монамэру падвоілі да 120 000 тонаў. У 1977 годзе «Ніжнякамскі нафтахімічны камбінат» перайменавалі ў вытворчае аб’яднаньне «Ніжнякамскнафтахім» (ВА «НКНХ»), а таксама ўвялі ў дзеяньне этыленаправод Ніжнякамск—Уфа—Стэрлітамак—Салават у бок Башкірскай АССР. Адначасна пачалі вытворчасьць этылбэнзолу і стыролу магутнасьцю 172 000 тонаў і 125 000 тонаў за год. У 1979 годзе ўвялі ў дзеяньне ўстаноўку першаснай перапрацоўкі нафты ЭЛОУ-АВТ-7 магутнасьцю 7 млн тонаў нафты за год. У 1980 годзе пачалі вытворчасьць вокісу этылену на 120 000 тонаў. У 1981 годзе 2-і блёк ГГФУ павысіў магутнасьць на 80% да 1,35 млн т/год. У 1982 годзе прынялі вытворчасьць вокісу стыролу і прапілену на 138 000 і 50 000 т/год. У 1983-м запусьцілі вытворчасьць простых поліэтэраў магутнасьцю 45 000 тонаў. У 1984 годзе вытворчасьць ізамэрызацыі пэнтану амаль патроілі да 300 000 тонаў. У 1985-м пусьцілі вытворчасьць трымэраў прапілену магутнасьцю 75 000 тонаў, а таксама літога абутку на заводзе «Эластык». У 1986 годзе адчынілі вытворчасьць алкіфэнолаў на 100 000 тонаў за год. У 1987-м прынялі вытворчасьць паверхнева-актыўных рэчываў (ПАР) магутнасьцю 250 000 тонаў. У 1990 годзе запусьцілі газаразьмеркавальную станцыю (ГРС-2) магутнасьцю 4 млн кубамэтраў за дзень, а таксама вытворчасьць альфа-алефінаў і трыэтылалюміну магутнасьцю 185 500 і 2000 тонаў[10].
18 жніўня 1993 году «Ніжнякамскнафтахім» пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства. У 1995 годзе пачалі вытворчасьць этылен-прапіленавага каўчуку на 30 000 тонаў за год і канцэнтраванага дыцыкляпэнтадыену на 5500 тонаў. У 1998 годзе запусьцілі цагельню на 25 млн цаглінаў за год. У 1999 годзе прынялі ўстаноўку неэтыляванага аўтабэнзіну і складнікаў вуглевадародных фракцыяў, а таксама адчынілі вытворчасьць сынтэтычнага каўчуку гатунку СКДК магутнасьцю 40 000 тонаў. У 2000 годзе пачалі вытворчасьць нафтапалімэрнай смалы магутнасьцю 2000 тонаў і тэрмапалімэрнага пакосту на 7000 т/год. У 2002-м на заводзе СКІ (ізапрэнавага каўчуку) стварылі вытворчасьць мэтыл-трэт-бутылавага этэру (МТБЭ) магутнасьцю 90 000 тонаў. Для ўласных патрэбаў на заводзе СК (сынтэтычнага каўчуку) асвоілі выпуск нафтавай рашчыны з гексену-1. У 2003 годзе «Ніжнякамскнафтахім» набыў дзялянку пад уласнымі заводамі і кантрольны пакет паёў ААТ «Сэвілен», якое выпускала поліэтылен у Казані. Таксама пусьцілі вытворчасьць полістыролу на 50 000 т/год і набылі 32% паёў ААТ «Хімічны завод імя Льва Карпава» ў Мендзялееўску. У 2004 годзе асвоілі выпуск полібутадыенавага каўчуку на нэадымавам каталізатары (СКД-Н) магутнасьцю 50 000 т/год і пачалі выпуск галабутыкаўчукаў. У 2006-м пусьцілі вытворчасьць поліпрапілену на 180 000 т/год. У 2007 годзе асвоілі выпуск полібутадыенавага каўчуку на літавым каталізатары (СКД-Л) на 50 000 т/год. У 2009-м пусьцілі вытворчасьць поліэтылену на 230 000 тонаў палімэра. У 2010 годзе стварылі прамысловы парк «Камскія Паляны», дзе запусьцілі вытворчасьць нітак і плёнкі. У 2011-м на заводзе дывінілу і вуглевадароднай сыравіны ажыцьцявілі пуск калёны папярэдняй рэктыфікацыі. У 2013 годзе адчынілі вытворчасьць АБС-плястыка. 13 лістапада 2014 году «Ніжнякамскнафтахім» пераўтварылі ў публічнае акцыянэрнае таварыства. У 2015 годзе на заводзе алігамэраў асвоілі выпуск трыізабутылалюміну (ТІБА). У 2017-м на заводзе ізапрэну-монамэру пусьцілі ўстаноўку фармальдэгіду магутнасьцю 100 000 тонаў. Таксама больш як падвоілі вытворчасьць бутылкаўчуку да 220 000 т/год. У 2018 годзе тамсама падвоілі вытворчасьць ізабутылену да 160 000 тонаў. На заводзе этылену пабудавалі 2 новыя печы піролізу віду Е-ВА-116 і Е-ВА-117[10].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Сьпіс зьвязаных асобаў (рас.) // ПАТ «Ніжнякамскнафтахім», 31 сакавіка 2020 г. Праверана 1 траўня 2020 г.
- ^ Кантактныя зьвесткі (рас.) // ПАТ «Ніжнякамскнафтахім», 2020 г. Праверана 1 траўня 2020 г.
- ^ Управа (рас.) // ПАТ «Ніжнякамскнафтахім», 2020 г. Праверана 1 траўня 2020 г.
- ^ Рада кіраўнікоў (рас.) // ПАТ «Ніжнякамскнафтахім», 2020 г. Праверана 1 траўня 2020 г.
- ^ а б Д.П. Дзеравякін, Айрат Сафін. Зводная фінансавая справаздачнасьць паводле МСФС і аўтытарскія высновы за 2019 год (рас.) // ПАТ «Ніжнякамскнафтахім», 26 сакавіка 2020 г. Праверана 1 траўня 2020 г.
- ^ а б Руслан Шыгабутдзінаў, Азат Бікмурзін. Гадавая справаздача за 2018 год (рас.) // ПАТ «Ніжнякамскнафтахім», 26 сакавіка 2020 г. Праверана 1 траўня 2020 г.
- ^ Агульныя зьвесткі (рас.) // ПАТ «Ніжнякамскнафтахім», 2020 г. Праверана 1 траўня 2020 г.
- ^ Будова (рас.) // ПАТ «Ніжнякамскнафтахім», 2020 г. Праверана 1 траўня 2020 г.
- ^ Вырабы (рас.) // ПАТ «Ніжнякамскнафтахім», 2020 г. Праверана 1 траўня 2020 г.
- ^ а б Гісторыя прадпрыемства (рас.) // ПАТ «Ніжнякамскнафтахім», 2020 г. Праверана 1 траўня 2020 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Навіны (рас.) // ПАТ «Ніжнякамскнафтахім», 2020 г. Праверана 1 траўня 2020 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |