Нямецкая Аўстрыя
Рэспу́бліка Няме́цкая А́ўстрыя (па-нямецку: Republik Deutschösterreich) — дзяржава, створаная па заканчэньні Першае сусьветнае вайны ў рэгіёнах зь пераважна нямецкамоўным насельніцтвам былой Аўстра-Вугорскай імпэрыі.
Рэспубліка Нямецкая Аўстрыя ням. Republik Deutsch-Österreich | |||||
| |||||
| |||||
Афіцыйная мова | нямецкая | ||||
Сталіца | Вена | ||||
Форма кіраваньня Прэзыдэнт
|
Рэспубліка Карл Зайц | ||||
Плошча • агульная |
118 311 км² | ||||
Валюта | Аўстрыйская крона | ||||
Незалежнасьць — абвешчаная — ратыфікацыя Сэн-Жэрмэнскае дамовы |
12 лістапада 1918 21 кастрычніка 1919 |
Нямецкая Аўстрыя абвясьціла пра свой сувэрэнітэт над усімі тэрыторыямі былой Габсбурскай манархіі, дзе большасьць ад насельніцтва складала немцы. Гэтая тэрыторыя склала агулам плошчу ў 118 311 км², яе насельніцтва налічвала 10,4 млн чал., у яе ўваходзілі, апрача ўсёй сучаснай Аўстрыі, сучасныя італьянскія Паўднёвы Тыроль і горад Тарвізіё, цяперашнія славенскія Паўднёвая Карынтыя ды Паўднёвая Штырыя, а таксама Судэты і нямецкія часткі Багеміі, якія ўваходзяць у склад сучаснае Чэхіі. Рэальны кантроль ураду распаўсюджваўся толькі на прыдунайскія і прыальпійскія рэгіёны, якія нацяпер складаюць большасьць тэрыторыі сучаснай Аўстрыі.
Гісторыя
рэдагавацьУ часы існаваньня Аўстра-Вугоршчыны тэрмін Нямецкая Аўстрыя быў неафіцыйным вызначэньнем тэрыторыяў, якія ў сваёй большасьці насялялі аўстрыйскія немцы. Па распадзе імпэрыі ў 1918 годзе нямецкая па паходжаньні частка дэпутатаў Райхсрату (парлямэнт Аўстрыі як адной зь дзьвюх фэдэрацыйных частак Аўстра-Вугоршчыны) паставілі спробу стварыць дзяржаву на гэтых тэрыторыях. Яны абвясьцілі аб стварэньні г.зв. Часовага нацыянальнага сходу незалежнай нямецкай аўстрыйскай дязржавы і абралі ў склад яго прэзыдыюму сяброў трох партыяў — Франца Дынггофэра (Нямецкі нацыянальны рух), Ёдака Фінка (Хрысьціянска-сацыялістычная партыя) і Карла Зайца (Сацыял-дэмакратычная працоўная партыя). У склад уласна сходу ўвайшлі прадстаўнікі ад Багеміі, Маравіі і Аўстрыйскай Сылезіі, якія адмовіліся далучыцца да новаўтворанае Чэхаславаччыны 28 кастрычніка 1918 году.
11 лістапада 1918 году ад свайго права на ўдзел у дзяржаўных справах адмовіўся апошні аўстра-вугорскі імпэратар Карл I Габсбург. На наступны дзень таго ж году нацыянальны сход афіцыйна абвясьціў Нямецкую Аўстрыю рэспублікай і часова прызначыў на пасуд канцлера Карла Рэнэра. Была складзеная Канстытуцыя, паводлея якой замацоўваўся рэспубліканскі лад кіраваньня і статус Нямецкай Аўстрыі як часткі Нямецкае Рэспублікі. Апошняе палажэньне было прынятае дэпутатамі з прычыны меркаваньня дэпутатаў пра Нямецкую Аўстрыю як пра нежыцьцяздольную дзяржаву і пра агульны палітычны курс зь Нямеччынай як адзіны актуальны шлях разьвіцьця. Так, пазьнейшыя плебісцыты ў правінцыях Тыроль і Зальцбург далі 98% і 99% выбарцаў за аб’яднаньне зь Нямеччынай. 22 лістапада нацыянальны сход афіцыйна высунуў прэтэнзіі на нямецкія тэрыторыі Цысьлейтаніі. Тым ня менш, супраць падобнай экспансіі выступілі хаўрусьнікі, а сама Нямецкая Аўстрыя ня мела дастатковых моцаў для супрацьстаяньня дязржавам, да якіх былі высунутыя яе тэрытарыяльныя патрабаваньні.
10 верасьня 1919 году Карлам Рэнэрам была падпісаная Сэн-Жэрмэнская дамова, 21 кастрычніка яна была ратыфікаваная нацыянальным сходам краіны. Падпісаньнем гэтае дамовы Нямецкая Аўстрыя пагадзілася на прыбраньне са сваёй назвы слова «Нямецкая», а таксама з тым, што незалежнасьць Аўстрыі можа зьмяніцца толькі са згоды Лігі Нацыяў, фактычна адмовіўшыся такім чынам ад спробы аб’яднаньня зь Нямеччынай[1]; гэтае аб’яднаньне было забароненае і для Нямеччыны. Па заканчэньні гэтых зьменаў і стабілізацыі межаў Аўстрыі ў сусьветнай гістарыяграфіі прынята адлічваць пэрыяд Першай Аўстрыйскай Рэспублікі.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаваньне
рэдагавацьТэрыторыі, на якія прэтэндаваў урад Нямецкай Аўстрыі, былі падзеленыя ім на 9 правінцыяў:
- Верхняя Аўстрыя (па-нямецку: Oberösterreich) — складала тэрыторыю сучаснай аўстрыйскай фэдэральнай зямлі Верхняя Аўстрыя і г.зв. Шумаўскі край: рэгіён на паўднёвым захадзе Чэхіі, які ўваходзіць у Паўднёвачэскі край Чэхіі.
- Ніжняя Аўстрыя (па-нямецку: Niederösterreich) — складала тэрыторыю сучаснай аўстрыйскай фэдэральнай зямлі Ніжняя Аўстрыя, гораду Вена і г.зв. Нямецкую паўднёвую Маравію, якая цяпер уваходзіць у склад чэскіх краёў Паўднёвая Маравія ды Высачына.
- Нямецкая Багемія (па-нямецку: Deutschböhmen) — складала тэрыторыю Судэтаў, якія ўваходзяць цяпер у склад Чэхіі.
- Судэты (па-нямецку: Sudetenland) — не адпавядала сучаснаму разуменьню тэрміну «Судэты» і складала поўнач сучаснае Чэхіі.
- Штырыя (па-нямецку: Steiermark) — знаходзілася на большай частцы гістарычнае Штырыі, уключаючы сучасную аўстрыйскую фэдэральную зямлю Штырыя і паўночны захад славенскага рэгіёну Ніжняя Штырыя.
- Зальцбург (па-нямецку: Salzburg) — тэрытоыря сучаснай аўстрыйскай фэдэральнай зямлі Зальцбург.
- Карынтыя (па-нямецку: Kärnten) — складалася з сучасных тэрыторыяў аўстрыйскай фэдэральнай зямлі Карынтыя, славенскага рэгіёну Карынтыя, грамады Езэрска ды італьянскіх камунаў Тарвізіё, Мальбаргета-Вальбруна і Пантэба.
- Нямецкі Тыроль (па-нямецку: Deutschtirol) — складала тэрыторыю сучаснай аўстрыйскай фэдэральнай зямлі Тырольды італьянскай праінцыі Бальцана.
- Форарльбэрг (па-нямецку: Vorarlberg) — адпавядала сучаснай аўстрыйскай фэдэральнай зямлі Форарльбэрг.
Некаторыя нямецкія супольнасьці Маравіі, у тым ліку нямецкія грамады Брно, Іглавы і Оламаўцу таксама спрабавалі ўстанавіць хаўрус зь Нямецкай Аўстрыяй, аднак гэтыя спробы апынуліся няўдалымі. Тэрыторыі па-за сучаснай Аўстрыяй часта мелі значную не-нямецкую меншасьць альбо ўвогуле не-нямецкую большасьць, потым гэтыя тэрыторыі неўзабаве былі ўзятыя войскамі краінаў, унутры якіх яны знаходзіліся. Зь іншага боку, немцы складалі большасьць у рэгіёне на захадзе Вугоршчыны, у выніку чаго чаго яны здолелі ўтварыць зямлю Бургенлянд і далучыцца да Аўстрыі. Тым ня менш, места Эдэнбург (сучасны Шопран) ,які месьціцца побач з Бургенляндам, застаўся ў складзе Вугоршчыны з прычыны вельмі спрэчных вынікаў рэфэрэндуму, што быў праведзены ў горадзе. Іншая частка Бургенлянду, Прэсбург (сучасная Браціслава), адышла ў склад Чэхаславаччыны.
Гімн
рэдагавацьНягледзячы на забарону выкарыстаньня тэрміну Нямецкая Аўстрыя, з 1920 па 1929 году неафіцыйны гімн дзяржавы, Deutschösterreich, du herrliches Land, зьмяшчаў згадку гэтае назвы (бел. Нямецкая Аўстрыя, цудоўная зямля). Словы гімну былі напісаныя Карлам Рэнэрам — чалавекам, які юрыдычна пацьвердзіў адмову Аўстрыі ад слова «Нямецкая».
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Treaty of Peace between the Allied and Associated Powers and Austria; Protocol, Declaration and Special Declaration [1920 ATS 3] (анг.) Australasian Legal Information Institute Праверана 6 студзеня 2014 г.