Нэнсі Пэлосі
Нэнсі Патрыцыя Пэлосі (па-ангельску: Nancy Patricia Pelosi; нар. 26 сакавіка 1940, Балтымар, Мэрылэнд, ЗША) — амэрыканская палітычная дзяячка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША (з 1993 году) ад 8-й выбарчай акругі (Сан-Францыска) у Каліфорніі, лідэр фракцыі дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў (з 2003 году). З 2019 году займае пасаду сьпікера Палаты прадстаўнікоў ЗША, таксама займала яе з 2007 да 2011 году.
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзілася ў сям’і дэмакрата Томаса д’Алесандра, які быў кангрэсмэнам ЗША ад штата Мэрылэнд і мэрам Балтымару. Брат Нэнсі таксама быў мэрам Балтымару ў 1967—1971 гадах. Навучалася ў Вашынгтонскім унівэрсытэце Трыніці (выпуск 1962 году).
2 чэрвеня 1987 году выйграла выбары ў Кангрэс ЗША ад 8-й выбарчай акругі ў Сан-Францыска — у акрузе, якая галасуе за дэмакратаў з 1949 году. Пэлосі пераабіралася ў Кангрэс зь ня менш за 75 % галасоў.
У 2001 годзе Пэлосі абраная партыйным арганізатарам дэмакратычнай меншасьці Кангрэсу ЗША — гэта другі выбарны пост пасьля пасады лідэра меншасьці. У 2003 годзе сама заняла пасаду лідэра меншасьці.
Працавала ў пастаянным адмысловым камітэце Палаты прадстаўнікоў па справах разьведвальных службаў і ў Камітэце асыгнаваньняў. Пасьля тэрарыстычных актаў 11 верасьня 2001 году кіравала ў Кангрэсе разглядам працы спэцслужбаў і распрацоўвала законапраект аб стварэньні незалежнай камісіі па вывучэньні дзейнасьці фэдэральнага ўраду — «Камісіі 9/11».
Нэнсі Пэлосі была адным з самых жорсткіх крытыкаў адміністрацыі Джорджа Буша малодшага, а затым — губэрнатара штату Каліфорнія Арнольда Шварцэнэгера.
4 студзеня 2007 году Пэлосі абрана старшынёй (сьпікерам) Палаты прадстаўнікоў ЗША — яна стала першай жанчынай на гэтай пасадзе за ўсю гісторыю краіны. Пэлосі стала самай высокапастаўленай жанчынай у амэрыканскай гісторыі на момант уступленьня на пасаду, знаходзячыся на трэцяй ступені кіроўнай герархіі пасьля прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта ЗША. Дэмакраты тады зноў аднавілі большасьць у ніжняй палаце амэрыканскага парлямэнту пасьля дванаццацігадовага знаходжаньня ў апазыцыі.
На прамежкавых выбарах у Палату прадстаўнікоў дэмакраты страцілі большасьць, таму пасада сьпікера перайшла да рэспубліканцаў. З 3 студзеня 2011 году яна была лідэрам фракцыі меншасьці ў Палаце.
На прамежкавых выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2018 годзе дэмакраты вярнулі большасьць у гэтым органе ўлады, таму Пэлосі зноў заняла пасаду сьпікера Палаты прадстаўнікоў. Сярод іншай яе дзейнасьці на гэтай пасадзе яна дэ-факта ўзначальвала абодва працэсы імпічмэнту Дональда Трампа ў Палаце прадстаўнікоў у 2019 і 2021 гадах.
Абвастрэньне 2022 году
рэдагаваць30 ліпеня 2022 году зьявілася інфармацыя, што Пэлосі наведае Тайвань падчас свайго турнэ па Азіі. Гэта выклікала нездавальненьне Кітаю, які не прызнае незалежнасьць Тайваню. ЗША ў адказ накіравала туды авіяносец USS Ronald Reagan (CVN-76). Кітай распачаў каля востраву вайсковыя вучэнньні, Тайвань актывізаваў сваю СПА. У панядзелак прадстаўнік Кітаю ў ААН Чжан Цзюнь папярэдзіў, што візыт падарве адносіны паміж Пэкінам і Вашынгтонам. Міністэрства замежных справаў Кітаю таксама заявіла, што візыт Пэлосі «стане грубым умяшаньнем ва ўнутраныя справы Кітаю», дадаўшы: «Тыя, хто граюць з агнём, загінуць ад яго». Урад ЗША афіцыйна не пацьверджваў, што Нэнсі Пэлосі наведае Тайвань[9].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Nancy Pelosi // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ а б Nancy D"Alesandro Pelosi // FemBio database (ням.)
- ^ а б Nancy Pelosi // GeneaStar
- ^ а б https://www.workwithdata.com/person/nancy-pelosi-1940
- ^ а б Biographical Directory of the United States Congress (анг.) — GPO, 1903.
- ^ а б Profile: Nancy Pelosi
- ^ а б http://www.usatoday.com/story/onpolitics/2013/01/23/pelosi-superbowl-49ers-ravens/1859309/
- ^ Geni.com (мн.) — 2006.
- ^ Чаму ўсе абмяркоўваюць магчымы візыт сьпікера Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі на Тайвань, Радыё Свабода, 2.8.2022