Нешчарда (возера)

возера ў Беларусі

Не́шчарда — возера ў Беларусі, у басэйне ракі Дрысы. Знаходзіцца ў Расонскім раёне Віцебскай вобласьці, за 15 км на ўсход ад мястэчка Расонаў. Плошча паверхні возера складае 27,4 км² (шостае паводле плошчы воднага люстэрка ў краіне). Даўжыня 11,9 км, найбольшая шырыня 4,6 км. Максымальная глыбіня дасягае 8,1 м, сярэдняя  складае 3,4 м. Аб’ём вады 84,7 млн м³. Плошча вадазбору 143 км², паводле іншых зьвестак 170 км²[1]. Даўжыня берагавой лініі 50,18 км (першае паводле працягласьці берагавой лініі ў краіне).

Возера
Нешчарда
Панарама Нешчарды
Панарама Нешчарды
Від на Нешчарду
Краіна Беларусь
Плошча 27,40 км²
Плошча вадазбору 143 км²
Максымальная глыбіня 8,1 м
Сярэдняя глыбіня 3,4 м
Празрыстасьць 0,7 м
Найбольшая даўжыня 11,9 км
Найбольшая шырыня 4,6 км
Даўжыня берагавой лініі 50,18 км
Вышыня над узроўнем мора 147,7 м
Аб’ём вады 0,08472 км³
Каардынаты 55°54′53″ пн. ш. 29°4′42″ у. д. / 55.91472° пн. ш. 29.07833° у. д. / 55.91472; 29.07833Каардынаты: 55°54′53″ пн. ш. 29°4′42″ у. д. / 55.91472° пн. ш. 29.07833° у. д. / 55.91472; 29.07833
Нешчарда на мапе Беларусі
Нешчарда
Нешчарда
Нешчарда
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

На паўночным беразе возера стаіць гістарычнае мястэчка Гарбачэва.

Назва Нешчарда мае балтыйскае паходжаньне. У ёй вылучаюць прыстаўку «Не-» (якая сустракаецца і ў іншых гідронімах у рэгіёне — Нявежа, Няклея, Нядружна ды іншыя, а таксама ў летувіскіх гідронімах Nevėža, Nestrėvis і да т. п.) і балтыйскі корань skard-, зьвязаны зь лет. skardis 'круты схіл, бераг', skardyti 'адсякаць, адразаць, аддзіраць'.

Апісаньне

рэдагаваць

Вадаём эўтрофны. У возера з розных бакоў упадае 7 ручаёў і рака Атлайская. Злучаецца пратокамі з азёрамі Доўгім, Круглым, Межнай. У паўднёва-заходняй частцы вадаёму бярэ пачатак рака Нешчарда (пратокамі злучаная з азёрамі Валуйскім, Расамачынскае, Сьвярынаўскае ды іншыя), правая прытока Дрысы, якая ўпадае ў Дзьвіну.

Нешчарда належыць да ліку параўнальна неглыбокіх, але вялікіх паводле плошчы азёраў. Катлавіна возера выцягнутая з поўначы на поўдзень і вылучаецца складанаю будоваю, пра што сьведчыць найпрацяглейшая сярод азёраў Беларусі берагавая лінія (50,18 км), а таксама безьліч затокаў і 3 выспы агульнаю плошчаю 0,23 км². Берагі амаль на ўсім працягу нізкія, забалочаныя і пакрытыя хмызьняком; на асобных дзялянках паўднёва-ўсходняй і ўсходняй часткі — сплавінныя. Толькі на поўначы і поўдні да возера набліжаюцца марэнныя пагоркі вышынёю да 10—15 м. На берагох возера месьцяцца вёскі Гарбачэва, Гальніца, Парэчча, Мурагі, Люцькава. Паблізу возера, празь вёску Гарбачэва, праходзіць аўтадарога Р132 (граніца Расеі — Гарбачэва — Расоны — Каханавічы).

Найбольшыя глыбіні возера знаходзяцца па цэнтры абодвух плёсаў, на які возера дзеліцца вузкім перашыйкам. Найбольшая глыбіня — 8,1 м — знаходзіцца ў паўночным плёсе, у паўднёвым глыбіні да 7 м. Прыбярэжная частка дна шырынёю да 200 м пакрытая пясковымі адкладамі, якія месцамі пашыраюцца да глыбіняў у 4—5 м. У цэнтральнай частцы дно возера скрытае сапрапэлем.

Флёра і фаўна

рэдагаваць

Агульная плошча зарастаньня возера невялікая — 22 %, што тлумачыцца нізкаю празрыстасьцю вады і вузкаю літаральлю. Асноўную частку ў зарастаньні граюць паўзатопленыя віды расьлінаў, такія як трысьнёг, асака, маньнік. Расьліннасьць з плаваючым лісьцем пашыраная ў закрытых і плыткаводных затоках паўночнага плёсу. Шырыня паласы прыбярэжнай расьліннасьці ад 10 да 250 м.

Іхтыяфаўна возера характэрная сямействамі карпавых ды акунёвых рыбаў. Тут водзяцца лешч, судак, шчупак, плотка, гусьцяра, вугор, сазан, язь, краснапёрка. У вадаём пэрыядычна запускаецца рыбны малёк. У возеры вядзецца прамысловы вылаў рыбы.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць
  • Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995.— 799 с. ISBN 985-11-0026-9.
  • Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1