Міхаі́л Во́сіпавіч Міке́шын (21 лютага [ст. ст. 1 лютага] 1835, вёска Максімаўка Рослаўскага павету Смаленскай губэрні, цяпер у Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласьці — 31 студзеня 1896, Санкт-Пецярбург) — расейскі скульптар, мастак, жывапісец, рысавальшчык, ілюстратар беларускага паходжаньня.

Міхаіл Мікешын
Партрэт Мікешына аўтарства Рэпіна, 1888
Дата нараджэньня 21 лютага 1835
Месца нараджэньня в. Максімаўка, Рослаўскі павет, Смаленская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 31 студзеня 1896 (60 гадоў)
Месца сьмерці Санкт-Пецярбург, Расейская імпэрыя
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак скульптар, мастак
Навуковая сфэра скульптура[1], карыкатура[d][1] і illustration[d][1]
Сябра ў Сэрбскае навуковае таварыства[d] і Сэрбская акадэмія навук і мастацтваў[d]
Узнагароды
ордэн сьвятога Ўладзімера IV ступені
Large gold medal of the Imperial Academy of Arts

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся 9 (21) лютага 1835 году ў вёсцы Максімаўка Смаленскай губэрні (цяпер у Клімавіцкім раёне). У 1843 годзе сям’я пераяжджае ў горад Рослаў.

Навучаўся ў Смаленску ў мясцовага іканапісца. У 1852 годзе паступіў у Акадэмію мастацтваў, дзе навучаўся па клясе батальнага жывапісу пад кіраўніцтвам Б. П. Вілевальдэ. У 1858 годзе з адзнакай скончыў Акадэмію, атрымаўшы вялікі залаты мэдаль за карціну «Ўезд Цілі ў Магдэбург». Рамантычная трактоўка патрыятычных тэмаў прынесла яму ўвагу царскай сям’і, і Мікешын быў запрошаны навучаць маляваньню Вялікіх князёўнаў.

Нягледзячы на ​​тое, што Мікешын быў перадусім баталістам, прадстаўлены ім праект помніка тысячагодзьдзя Расеі ў Ноўгарадзе перамог на конкурсе (1859) і быў прыняты да выкананьня.

Помнік да тысячагодзьдзя Расеі

рэдагаваць
 
Помнік Тысячагодзьдзю Расеі ў Ноўгарадзе (1862)

Вясной 1859 году (ужо пасьля заканчэньня Акадэміі) Мікешын са сваімі найбліжэйшымі сябрамі Віктарам Гартманам (архітэктарам) і земляком зь Беларусі (зь Віцебшчыны) Іванам Шрэдэрам вырашылі прыняць удзел у дзяржаўным конкурсе на лепшы праект помніка «Тысячагодзьдзе Расеі» для ўзьвядзеньня яго ў Ноўгарадзе. Конкурс быў абвешчаны ў сувязі з 1000-годзьдзем запрашэньня Рурыка на княжаньне. Усяго на конкурс былі прадстаўленыя 52 праекты. У выніку першую прэмію ў суме 4000 рублёў конкурсны Савет пры Акадэміі прысудзіў Мікешыну. Так раптоўна і на ўсё жыцьцё Міхаіл Восіпавіч стаў скульптарам, і на жывапіс яму давялося забыцца.

Праца над помнікам заняла чатыры гады. Для Расеі гэтая падзея была надзвычайнай: манумэнта, падобнага па сваіх маштабах і дзяржаўнай ідэалягічнай накіраванасьці, яшчэ не існавала ў манумэнтальнай плястыцы. Помнік уяўляе зь сябе гіганцкі 400-пудовы шар-дзяржаву на звонападобным пастамэнце. Навокал дзяржавы — шэсьць скульптурных групаў. Агульная вышыня помніка - 15,7 мэтра (вышыня п’едэстала — 6 мэтраў, фігур — 3,3 мэтра, крыжа — 3 мэтры), дыямэтар гранітнага пастамэнта — 9 мэтраў, а ўся акружына гарэльефа — больш за 26 мэтраў.

Трохузроўневыя скульптурныя выявы прысьвечаныя выдатным падзеям у гісторыі Расеі і людзям, якія вяршылі гэтыя падзеі, адпаведна з афіцыйнай гістарыяграфіяй таго часу: запрашэньне варагаў на Русь, Хрышчэньне Русі, барацьба з татара-манголамі, заснаваньне Расейскай імпэрыі ды інш. У ніжняй частцы манумэнта разьмешчаны фрыз, на якім гарэльефы з вобразамі звыш сотні гістарычных асобаў. Унутры кожнага з чатырох разьдзелаў фрыза пэрсанажы пададзены ў храналягічным парадку. Гэта — асьветнікі (ад Кірылы і Мяфодзія да Феафана Пракаповіча і Георгія Каніскага), дзяржаўныя людзі (ад Яраслава Мудрага і Ўладзімера Манамаха, Гедыміна, Альгерда, Канстанціна Астроскага і Вітаўта да Аляксандра І і Мікалая І), военачальнікі і героі (ад Кутузава да Нахімава і Платава), вялікія пісьменьнікі, музыкі і адзін мастак (Карл Брулоў). Па нейкіх прычынах са сьпіса былі выключаны паэт Аляксей Кальцоў, дыплямат і публіцыст Дзьмітры Кантэмір, адмірал Фёдар Ушакоў, архітэктары Андрэй Вараніхін, Андрыян Захараў, Васіль Бажэнаў і Мацьвей Казакоў. Адбыўся скандал з прычыны выключэньня са сьпісу Тараса Шаўчэнкі. Дарэчы, адсутнічае вобраз Івана IV. Гэта зразумела: яго апрычнікі ў 1570 годзе ўчынілі ў Ноўгарадзе вялікую разьню.

Мадэль усяго скульптурнага пояса зрабілі Мікешын і Шрэдэр, а 10 вялікіх статуяў вылепіў непасрэдна Шрэдэр. Цікавая заўвага выдатнага крытыка Ўладзімера Стасава: «Мікешын унёс самую лёгкую дозу ўласнай творчасьці, усё астатняе зроблена іншымі мастакамі. […] Як вядома, уся скульптурная частка створана Шрэдэрам, Чыжовым, Лавярэцкім, Залеманам…» Але гэта не зьмяншае заслугу Мікешына, як галоўнага творцы і «ідэоляга» гэтага найскладанейшага скульптурнага ансамбля.

Іншыя творы

рэдагаваць

Пасьля гэтага М. Мікешын атрымаў яшчэ мноства манумэнтальных замоў. Створаныя па яго праектах помнікі Кузьме Мініну ў Ніжнім Ноўгарадзе, адміралу Грэйгу ў Мікалаеве і Аляксандру II ў Растове-на-Доне сталі ілюстрацыяй афіцыйнай формулы «самадзяржаўе-праваслаўе-народнасьць». Праекты Мікешына перамагалі і ў міжнародных конкурсах (напрыклад, помнік Пэдра IV у Лісабоне).

Нешматлікія помнікі аўтарства Мікешына перажылі гады Савецкай улады. Сярод іх — помнік Кацярыне II у Санкт-Пецярбургу (1873) і помнік М. Ю. Лермантаву, Багдану Хмяльніцкаму ў Кіеве (1888), Ермакоў у Новачаркаску (1904) і ўжо згаданы помнік тысячагодзьдзя Расеі ў Ноўгарадзе.

У 1876—1878 гадах Мікешын рэдагаваў сатырычны часопіс «Пчала». Ён друкаваў там свае карыкатуры і публікаваў ілюстрацыі да твораў Гогаля і Шаўчэнкі.

Эспэранта

рэдагаваць

У 1892 годзе разам з Ф. Ф. фон-Каналошы-Лефлерам Мікешын стаў адным з галоўных заснавальнікаў першага афіцыйнага прызнанага Ўрадам (МУС) таварыства эспэрантыстаў «Espero» («Надзея») у Пецярбурзе. Валодаючы правамі ствараць свае аддзяленьні па ўсёй краіне і займацца выдавецкай дзейнасьцю, гэтае таварыства адыграла важную ролю ў распаўсюдзе эспэранта на тэрыторыі Расейскай імпэрыі.

Мікешын і Беларусь

рэдагаваць

Мікешын часта згадваў пра сваю радзіму. Так ён апісвае ў 1865 годзе наведваньне гораду Клімавічы, дзе пражывала яго сястра, якая пазіравала для напісаньня партрэтаў імпэратрыц і іх скульптурнага адлюстраваньня:

Здарылася мне быць на радзіме, у Беларусі, і трапіць у такі глухі гарадок, як Клімавічы, роўнага якому па беднасьці, суму, бруду ня знойдзеш ва ўсёй Расеі

У Клімавічах славуты скульптар быў запрошаны ў воінскую ўстанову на рэкруцкі набор. Мікешын ня мог вытрымаць сцэны набору сялянаў у армію і таму ціхенька выйшаў, узяў альбом, аловак і намаляваў гэтую сцэну з натуры.

Вядомыя ўспаміны і лісты Мікешына, дзе ён часта згадвае сваю радзіму — Беларусь:

Вастру сваю зброю — аловак — і зноў хачу славіць сваю «Эльвіру», сваю радзіму — Беларусь.

І яшчэ:

1812 год у нас, у Беларусі, назвалі спустошаным годам, і, сапраўды, для нашага роду Мікешыных гэты год сьцёр дабрабыт нашай сям’і.

Альбо:

Каля 15 гадоў таму (Гэта 1865 г. — Б. К.) мне давялося быць на радзіме, у Беларусі…

У сваёй багатай творчасьці Мікешын вяртаўся да беларускай тэматыкі. Нам ён пакінуў жывое сьведчаньне эпохі, жыцьцё, быт жыхароў Клімаўшчыны. Аб гэтым гавораць малюнкі, на якіх унізе надпіс «Клімавічы». Гэта:

  • «Беларуская дзяўчына» (1865),
  • «Жаніх і нявеста» (1865),
  • «Дзед і баба» (1866)
  • «Банкір і шляхціч» (1866) і іншыя.

Дарэчы, сюжэт першай значнай карціны М. Мікешына «Лейб-гусары ля вадапою» узяты таксама зь беларускага жыцьця: бравыя вусатыя кавалеры, што спыніліся ля калодзежа, каб напаіць коней, сустракаюцца са зграбнымі беларускімі дзяўчатамі-пастушкамі. Дзяўчыны апранутыя ў сукенкі, расшытыя беларускім арнамэнтам. Адлюстраваны беларускі калодзежны «журавель», гладка абчасаныя, выдзеўбаныя з дубу ночвы, і старая сялянская хата на тле.

Апошнія замалёўкі Мікешына аб Клімавічах адносяцца да 1892 году — гэта «Паштовая эстафэта».

Міхаіл Восіпавіч Мікешын памёр 31 студзеня 1896 г. у Санкт-Пецярбургу. Пахаваны на Мікольскіх могілках Аляксандра-Неўскай лаўры.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Міхаіл Мікешынсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  1. ^ а б в Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі