Мікола Маеўскі

беларускі мастак

Мікалай Аляксеевіч Маеўскі (1 сакавіка 1950, в. Дварцы, Камянецкага раёну Берасьцейскай вобласьці — 10 верасьня 2017[1]) — беларускі мастак і грамадзка-культурны дзяяч.

Мікола Маеўскі
Імя пры нараджэньні Мікалай Аляксеевіч Маеўскі
Дата нараджэньня 1 сакавіка 1950 (74 гады)
Месца нараджэньня в. Дварцы Камянецкага р-ну Берасьцейскай вобл.
Дата сьмерці 10 верасьня 2017
Месца сьмерці в. Дварцы Камянецкага р-ну Берасьцейскай вобл.
Месца пахаваньня
Адукацыя Ленінградзкая мастацкая вучэльня імя У. Сярова
Месца вучобы
Занятак марак, мастак
Сябра ў Беларускі саюз мастакоў
Плынь станковы жывапіс,
манумэнтальна-дэкаратыўнае мастацтва

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Мікалай Маеўскі нарадзіўся 1 сакавіка 1950 году ў пушчанскай вёсцы Дварцы на Берасьцейшчыне. Паводле словаў самога мастака род ягонага бацькі, Аляксея Кірылавіча Маеўскага, паходзіў недзе з-за Віслы, а ягоны прадзед пасяліўся ў Белавежы, ажаніўся там зь мясцовай сялянкай, а празь некаторы час назаўсёды перабраўся жыць у Дварцы. Ягоная маці, Надзея Ўладзімераўна, з роду Шахалевічаў, паходзіла з другой пушчанскай вёскі Ясень (у Пружанскім раёне), дзе яе бацька быў на пасадзе зубровага.

Да маляваньня яго падахвочваў бацька, які быў чалавекам, здольным да ўсякага рамяства, а яшчэ й пчаляр. А першыя ў жыцьці будучага мастака фарбы і пэндзаль набыла яму маці. Менавіта ў родным лясным Дварцы нарадзіліся першыя малюнкі Міколы Маеўскага.

Скончыў Дварцоўскую васьмігодку, затым — сярэднюю школу ў Камянцы. Тэрміновую вайсковую службу праходзіў ва Ўкраіне ў славутым гогалеўскімі мясьцінамі Міргарадзе.

Зь дзяцінства, акрамя маляваньня, Мікола Маеўскі вельмі захапляўся яшчэ й морам. І гэтая мара пра бяскрайнія акеаны і падарожжы па сьвеце прывяла маладога хлопца з пушчанскай вёскі пасьля заканчэньня школы да паступленьня ў Ленінградзкую мараходную школу. Давялося матросам папрацаваць на савецкіх гандлёвых суднах, пабачыць многія краіны Эўропы і Азыі, Афрыкі і Амэрыкі, пашчасьціла пабываць нават у Аўстраліі. І нават у тых марскіх паходах Мікола не разлучаўся з эцюднікам і фарбамі.

Пабачыўшы ўвесь сьвет, Мікола Маеўскі ўсё ж вырашыў сысьці на зямлю і рэалізавацца ў жыцьці як мастак. Паступіў у 1975 годзе ў Ленінградзкую мастацкую вучэльню імя Ўладзімера Сярова (сёньня — Санкт-Пецярбурская мастацкая вучэльня імя Мікалая Рэрыха), якую ён скончыў у 1979 годзе.

Пасьля заканчэньня мастацкай вучэльні ў Ленінградзе мастак вярнуўся на Радзіму ў Беларусь і пасяліўся ў Берасьці. Ён уладкаваўся на працу ў Мастацкі фонд. Ужо праз паўгоду пасьля першай мастацкай выставы яму ўдалося атрымаць асабістую майстэрню, што было рэдкасьцю ў тыя часы. Паводле словаў М. Маеўскага, гэта надало яму, як творцы, упэўненасьці ў сваіх сілах і мастацкіх здольнасьцях.

У 1987 годзе Мікола Маеўскі стаў сябрам Саюза мастакоў. На гэты час ён меў ужо ў сваім актыве 28 рэспубліканскіх і ўсесаюзных выставаў.

Грамадзкая дзейнасьць

рэдагаваць

У 1989—1991 гг. Мікола Маеўскі быў абраны старшынём праўленьня Берасьцейскай абласной арганізацыі Саюзу мастакоў.[2] Пры ім гэта была сапраўды дэмакратычная і скіраваная на прапаганду беларускай спадчыны і культуры арганізацыя. У тыя гады пачалося плённае супрацоўніцтва і сяброўства берасьцейскай мастакоўскай арганізацыі з мастакамі Нямеччыны, Польшчы. Берасьцейскія творцы пачалі езьдзіць на міжнародныя пленэры. Зьявіліся сябры Берасьцейскай абласной арганізацыі Саюзу мастакоў у іншых гарадах вобласьціх: у Баранавічах, Пінску, Століне.

Зь сяр. 1980-х, з пачаткам беларускага Адраджэньня, мастак Мікола Маеўскі шмат цікавіўся гісторыяй, этнаграфіяй, археалягічнымі помнікамі ў Белавескай пушчы і на Берасьцейшчыне. У канцы 1980-х — сяр. 1990-х Мікола Маеўскі быў вядомым грамадзкім актывістам у Берасьці. Стаў адным з заснавальнікаў берасьцейскай грамадзка-культурнай сябрыны «Край», дзе актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі і правядзеньні народных сьвятаў і адзначэньні гістарычных падзеяў.[3] На многія гэтыя мерапрыемствы мастак рыхтаваў мастацкае афармленьне, рабіў розныя рэквізыты, касьцюмы для народных абрадаў. Мікола Маеўскі выступіў адным з арганізатараў аднаго зь першых масавых адраджэнскіх мерапрыемстваў у Берасьці — мітынгу-рэквіюму на Дзяды ў 1989 годзе, забароненага ўладамі. Яго майстэрня на 13-м паверсе на набярэжнай Мухаўца і кватэра былі аднымі з асяродкаў незалежнай думкі і беларушчыны ў Берасьці.

Мікола Маеўскі быў адным з заснавальнікаў мясцовай арганізацыі БНФ «Адраджэньне» (быў сябрам Берасьцейскай рэгіянальнай і гарадзкой Радаў БНФ), браў удзел ва Ўстаноўчым зьезьдзе БНФ «Адраджэньне» ў Вільні, удзельнічаў у дзейнасьці «Мэмарыялу», яго вылучалі кандыдатам у дэпутаты ў мясцовыя органы ўлады. Разам зь сябрамі-мастакамі стварыў сярод берасьцейскіх мастакоў групу падтрымкі БНФ «Адраджэньне». Таксама ён быў сябрам згуртаваньня беларускіх мастакоў «Пагоня».

Пра сваё жыцьцёвае крэда мастак з пушчанскае вёскі Дварцы Мікола Маеўскі некалі выказаўся так: «Мая Беларусь пачынаецца адсюль, з Камянеччыны, дзе ёсьць два яркія сымбалі Радзімы: Белая Вежа — сымбаль яе мужнай гісторыі — і Белавеская пушча — сымбаль непераўзыдзенае красы яе прыроды». Менавіта ў сваім родным Дварцы пад Камянцом мастак знайшоў свой Ерусалім — месца, дзе напісаў вялікую колькасьць жывапісных палотнаў, месца, якое ўзгадваў і куды імкнуўся думкамі падчас сваіх падарожжаў па акеанах, месца, куды ён вярнуўся жыць у сталым узросьце падалей ад гарадзкому тлуму і дзе знайшоў свой апошні спачын.

З канца 1990-х мастак шмат жыў у вёсцы Дварцы, дзе даглядаў хворую маці. А з 2008 году з матэрыяльных і сямейных прычынаў мастак вымушаны быў пакінуць Берасьце і цалкам перабраўся жыць у родную вёску Дварцы, дзе жыў і працаваў да сваёй сьмерці 10 верасьня 2017 году.

Пахаваны 12 верасьня 2017 году на могілках суседняй вёскі Вялікі Лес, побач з магілай маці і сваякоў.

Творчасьць

рэдагаваць

Мікола Маеўскі працаваў у станковым жывапісе і акварэлі ў жанрах лірычнага (пэйзажу, натурморту і ў манумэнтальна-дэкаратыўным мастацтве.

З 1979 году ўдзельнічаў у шматлікіх мастацкіх выставах і пленэрах як у Беларусі, так і за межамі краіны. Восем першых значных мастацкіх прац Міколы Маеўскага памерам 1м х 1,2м набыў для ўпрыгожаньня сваіх памяшканьняў завод «Газаапарат». Працы выбіраў сам дырэктар прадпрыемства Міхаіл Іофэ. Пазьней вялікія мастацкія працы Міколы Маеўскага набылі таксама завод «Колератрон», Берасьцейскі піўзавод.

Мікола Маеўскі стварыў арыгінальныя мастацкія творы манумэнтальна-дэкаратыўнага характару для шэрагу прадпрыемстваў Берасьця, Луцка, Пінска, для Белаазёрскай ГРЭС. У вучэльні мэханічнага заводу ў Пінску ён стварыў пано “Песьняры Беларусі” ў тэхніцы энкаўстыкі, на Белаазёрскай ГРЭС зрабіў маркетры (від мазаікі зь фігурных, розных па колеру, фактуры, тэкстуры пласьцінак дрэва, якія наклейваюцца на аснову) «Поры года», пано на касьмічную тэму плошчай больш за 40 квадратных мэтраў.[4]

Плённымі ў мастацкім пляне сталі для Міколы Маеўскага вандроўкі па Ясельдзе і Прыпяці, як да Чарнобыльскай катастрофы, так і пасьля яе.Падчас адной зь іх на самаробным стругу пад ветразем ён прайшоў з мастаком Міхасём Кебецам ад Берасьця да Петрыкава. Гэтае дзесяцідзённае падарожжа прынесла ня толькі новыя знаёмствы і ўражаньні, але і натхніла на новыя творы. Вынікам гэтай рачной вандроўкі па Заходнім Палесьсі сталі такія карціны М. Маеўскага, як «Рачныя кветкі», «Мой прыяцель вецер», «Краіна Палесьсе-88», «Краіна блакітных азёр», сэрыя пэйзажаў: «Зіма. Белавеская пушча», «Вясна. Белавеская пушча», «Лета. Белавеская пушча», «Восень. Белавеская пушча», сэрыя натурмортаў «Поры года»: «Зіма. Хлеб», «Вясна. Раньнія кветкі», «Лета. Рачныя кветкі», «Восень. Збажына», сэрыя «Старажытныя гарады Беларусі»: «Камянец-Літоўскі», «Мірскі замак», «Лідзкі замак», «Давыд-Гарадок», «Пінск» і іншыя. Шэраг з гэтых яго твораў былі прысьвечаныя Чарнобыльскай трагедыі: «Рэквіем», «Палескія пустыні», «Піраміды фараонаў» і інш.

Багатым на творчыя здабыткі мастак лічыў для сябе і пленэр зь Міхасём Кебецам у Ружанах і Пружанах. Восем эцюдаў з ружанскага замку Сапегаў, напісаныя Міколам Маеўскім, сёньня захоўваюцца ў прыватных зборах па-за межамі краіны. Шэраг палотнаў створана ім і ў Пружанах — дом Рыгора Шырмы, старажытны палацык Швыйкоўскага, палац у Каштанаўцы, тамашні старадаўні парк, векавечныя дрэвы і інш.

Мікола Маеўскі быў удзельнікам самых розных выставаў — абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных, замежных, міжнародных. Ён браў удзел у Міжнародным пленэры да юбілею Напалеона Орды, у прыватных пленэрах у Беларусі і Польшчы. Меў дзьве пэрсанальныя выставы ў Нямеччыне (2000, 2001).

У сакавіку 2010 году ў Берасьці з нагоды 60-гадовага юбілею Міколы Маеўскага адбылася яго пэрсанальная выстава, ная якой былі выстаўленыя 50 яго палотнаў. Да адкрыцьця выставы быў падрыхтаваны адмысловы фотакаталёг мастака «Бліжэй да сонца» (2010) на беларускай і ангельскай мовах, у якім зьмешчаныя выявы многіх найлепшых твораў М. Маеўскага, а таксама біяграфічны нарыс, падрыхтаваны Ўладзімерам Барысюком.

Мікола Маеўскі — майстар натурмортаў і жывапісных пэйзажаў. Знаўцы творчасьці Міколы Маеўскага асабліва адзначаюць яго натурморт «Лета. Палявыя кветкі», на якім «сьціплыя, любоўна сабраныя мастаком палявыя кветкі і некранутыя, у час красаваньня жытнёвыя каласы дыхаюць сапраўднаю паэзіяй, выклікаюць непаўторнае шчымлівае пачуцьцё замілаваньня родным краем»[5] Гэты ягоны натурморт карыстаўся посьпехам на рэспубліканскай выставе памяці Максіма Багдановіча. Такую ж высокую ацэнку атрымаў натурморт «Восень. Хлеб», які разам зь іншай мастацкай працаю «Вясна. Раньнія кветкі» экспанаваўся ў Маскве на ўсесаюзнай выставе «Зямля і людзі» у 1984 г. «У дасканала выпісаных, поўных цеплыні сьцяблінах і каласах жыта, старым, спрацаваным сярпе, у шызавата-срэбраным нацыянальным каларыце адчуваецца эпічнасьць, гімн працавітасьці народа, роднай зямельцы і чалавеку на ёй».[5]

Мастак стварыў цікавыя сэрыі палотнаў, прысьвечаных старажытнай Беларусі. Многія мастацкия працы Міколы Маеўскага прысьвечаныя Белавескай пушчы — месцу, дзе яго карані, дзе прайшло яго дзяцінства, дзе ён жыў, працаваў і атрымліваў натхненьне ў апошні пэрыяд свайго жыцьця.

Творы Міколы Маеўскага захоўваюцца ў музэях і мастацкіх галерэях Менску, Берасьця і Магілёву, у прыватных калекцыях як у Беларусі, так і за яе межамі: у Нямеччыне, Францыі, Польшчы, ЗША, Швэцыі, Ізраілі, Японіі, Турцыі і інш. Карціны Міколы Маеўскага «Камянец-Літоўскі», «Белавеская пушча» знаходзяцца ў Беларускім музэі ў Кліўлендзе ў ЗША. Шмат сваіх працаў мастак падарыў сваім сябрам і вядомым асобам.

  1. ^ Памёр мастак Мікола Маеўскі, Наша Ніва, 12-09-2017
  2. ^ Мастакі Берасьцейшчыны (рас.)
  3. ^ Іна Хоміч. Колькі слоў пра Міколу Маеўскага // Радыё Рацыя, 13.09.2017
  4. ^ Лявон Валасюк. Непрыдуманыя партрэты. (Мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны). — Берасьце, ААТ «Брэсцкая друкарня», 2014. С. 40.
  5. ^ а б Уладзімір Барысюк. Дарога дадому, у Белавежу // Вечерний Брест, 26.02.2010.(недаступная спасылка)

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць