Мікалай Васілеўскі
Мікалай Пятровіч Васілеўскі (1904, в. Сіняўская Слабада Ашмянскага павету Віленскай губэрні[1], цяпер Карэліцкі раён Гарадзенскай вобласьці — 17 лютага 1938, Салаўкі) — беларускі мастак, графік, карыкатурыст і жывапісец першай паловы XX стагодзьдзя.
Мікола Васілеўскі | |
Імя пры нараджэньні | Мікалай Пятровіч Васілеўскі |
---|---|
Дата нараджэньня | 1904 |
Месца нараджэньня | в. Сіняўская Слабада Ашмянскага павету Віленскай губэрні, цяпер Карэліцкі раён Гарадзенскай вобласьці |
Дата сьмерці | 1937 |
Месца сьмерці | Салаўкі |
Месца вучобы | |
Занятак | графіка, жывапіс |
Месца працы | |
Сябра ў | Беларуская сялянска-работніцкая грамада |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся на Наваградчыне ў красавіку 1904 году ў в. Сіняўская Слабада (сёньня Карэліцкі раён Гарадзенскай вобл.) у сям’і служачых.[2] Доўгі час з бацькамі жыў у Санкт-Пецярбургу. Пасьля рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў Расеі сям’я вярнулася ў Беларусь. 29 ліпеня 1920 году Мікалай Васілеўскі, будучы яшчэ падлеткам, быў арыштаваны разам з бацькам у Менску і пастановай калегіі АДПУ прыгавораны як «член сям’і асуджанага» да высылкі.[3]
У 1920 — пач. 1930 гг. жыў у Заходняй Беларусі — на радзіме бацькоў у в. Сіняўская Слабада і ў Вільні. У 1920-ыя скончыў Віленскую беларускую гімназію, займаўся ў мастацкай студыі пры гімназіі ў Язэпа Драздовіча.
Быў сябрам КСМЗБ і Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ).[2] У 1926—1928 гг. як мастак супрацоўнічаў з папулярным у Заходняй Беларусі гумарыстычна-сатырычным часопісам «Маланка». Быў сакратаром літаратурна-мастацкай арганізацыі «Веснаход», у якой старшынствавала Натальля Арсеньнева. Васілеўскі добра ведаў старшыню Галоўнай Управы Таварыства беларускай школы Рыгора Шырму.[4]
Зямляк мастака Мікалая Васілеўскага пісьменьнік і беларускі літаратуразнаўца Уладзімер Калесьнік так узгадваў пра яго:
«Гэта быў інтэлігентны чалавек, акуляры прыдавалі нейкую выразную адухаўлёнасьць яго твару і ўсёй постаці. Хадзіў у сьветлым плашчы і насіў капялюш. Калі ён прыязджаў з Вільні ў Сіняўскую Слабаду, а бывала гэта чамусьці летам, дык да іх у хату, якая і без таго, як бабыльская (жылі толькі бацька-астматык ды малодшы брат, гадаваны ў вайну і рэвалюцыю, рахітык) была месцам пасядзелак і карцёжных гуляў, да іх у хату валам валіла моладзь, а тыя хлопцы і дзяўчаты, якія мелі патрэбу ў духоўным дасканаленьні, не адпускалі яго. /…/ З прыездам Васілеўскага маладыя актывізаваліся, і нават над Нёманам менш сьпявалі, а больш гутарылі. У вёсцы Васілеўскі маляваў і прывозіў таксама гатовыя карціны для продажу. Сяляне, багацейшыя, куплялі гэтыя карціны».[5]
Паводле Ўладзімера Калесьніка Мікола Васілеўскі прыязджаў зь Вільні ў Сіняўскую Слабаду ня толькі, каб наведаць бацьку, але і «каб падзарабіць на карцінах, якія маляваў па некалькі штук за дзень тэмперай на гатовых загрунтаваных кардонах. Прадаваў іх людзям з ходу, па залатоўцы ці па дзьве, гледзячы ад памеру».[4] Бацька Ў. Калесьніка набыў чатыры пэйзажы ў Міколы Васілеўскага, каб упрыгожыць імі сваю хату. Гэтыя пэйзажы — лясныя краявіды мастака-земляка — моцна ўзрушылі будучага пісьменьніка (які таксама ўсё жыцьцё маляваў), і ён пачаў сам маляваць, стараючыся хоць крыху быць падобным на Міколу Васілеўскага.[4]
3 1930 г. Мікола Васілеўскі перабраўся жыць у БССР — спадзяваўся, што там будуецца Беларускі дом. Спадзяваўся атрымаць вышэйшую мастацкую адукацыю ў БССР, рэалізаваць сябе ў больш спрыяльных умовах, чым у тагачаснай Заходняй Беларусі. У Менску ён працаваў мастаком-карыкатурыстам у газэтах «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Калгасьнік Беларусі».
Арышт і сьмерць
рэдагавацьУ савецкай Беларусі Мікола Васілеўскі на волі жыў нядоўга — усяго тры гады. Перад сваім арыштам працаваў мастаком у рэдакцыі газэты «Калгасьнік Беларусі», быў беспартыйны, меў няскончаную вышэйшую адукацыю і жыў у Менску па адрасе вул. Слонімская 5/2. Арыштаваны 11 верасьня 1933 году па сфабрыкаванай справе контрарэвалюцыйнай арганізацыі «Беларускі нацыянальны цэнтар», па якой праходзіў 161 прадстаўнік беларускай інтэлігенцыі. Прыгавораны пастановай калегіі АДПУ СССР 9 студзеня 1934 году па арт. 58-2, 4, 6, 9, 11 УК РСФСР[2] да 8 гадоў папраўча-працоўных лягераў.
Адбываў пакараньне ў Белбалтлаге, куды яго даставілі 13 лютага 1934 году. Пазьней трапіў на Салаўкі. Знаходзіўся ў Туломе на Кольскай паўвысьпе, дзе зьяўляўся загадчыкам мастацкай майстэрні, потым працаваў мастаком у Павянцы, які быў пачатковым цэнтрам будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага каналу. Урэшце быў пераведзены ў Салавецкую турму асобага прызначэньня — (СТОН, корп. 6). Асобай тройкай УНКВД Ленінградзкай вобласьці 14 лютага 1938 году быў прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня («контрарэвалюцыйная агітацыя сярод зьняволеных»). Расстраляны на Салаўках 17 лютага 1938 году.[2]
Рэабілітаваны 14 ліпеня 1989 году Пракуратурай Архангельскай вобл. Па справе № 10182-с (захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі з фатаздымкам) рэабілітаваны трыбуналам БВА 18 красавіка 1956 году, па справе № 34744-с (захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі) рэабілітаваны пракуратурай Беларусі 19 кастрычніка 1992 году.
Творчасьць
рэдагавацьУ сатырычных малюнках, карыкатурах выкрываў праявы сацыяльнага і нацыянальнага ўціску, палітыку санацыйнага рэжыму ў Заходняй Беларусі.
Як кніжны графік аформіў «Беларускі каляндар на 1929», кнігу С. Паўловіча «Пішы самадзейна» (1929), «Першыя зярняткі» (1936), «Zasieŭki» (1937), часопіс для дзяцей «Заранка», раманс К. Галкоўскага «Лугам, лугам зеляненькім». Малюнкі Міколы Васілеўскага, у якіх мастаком узнаўляўся працоўны быт беларуса, вобразныя рэаліі жыцьця беларускай школы, за якую змагалася інтэлігенцыя, мелі актуальны сэнс, узбагачалі відэарад навучальных кніжак Сяргея Паўловіча. Выкананыя ў простай рэалістычнай манеры, з душой, яны не пакідалі абыякавымі гледача, чытача тых кніжак.
Творчасьць Мікалая Васілеўскага адметная ўвагай да нацыянальных традыцыяў, імкненьнем перадаць мовай мастацтва ідэі нацыянальна-вызвольнага руху. У пэйзажных творах адлюстроўваў асаблівасьці краявідаў і народнай архітэктуры Наваградчыны.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Открытый список. Василевский Николай Петрович (1904)
- ^ а б в г Дело Василевский Н. П., Архивная коллекция НИЦ «Мемориал», г. Санкт-Петербург
- ^ Васілеўскі Мікалай Пятровіч // Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 3. Кн. 1. — Мн:, 2003(недаступная спасылка)
- ^ а б в Уладзімір Калеснік. Усё чалавечае. Літаратурныя партрэты, артыкулы, нарысы. — Мінск, Мастацкая літаратура, 1993. С. 3-4.
- ^ Арсень Ліс. Невядомае: Згадкі, навеяныя лістом