Мячыславас Рэйніс
Мячыславас Рэйніс (па-летувіску: Mečislovas Reinys; 5 лютага 1884, вёска Мадагаскарас, цяпер Дайгайляйская воласьць, Езяроскі раён, Уцянскі павет, Летува — 8 лістапада 1953, Уладзімер, цяпер Расея) — рымска-каталіцкі біскуп, летувіскі дзяржаўны і рэлігійны дзеяч, навуковец-псыхоляг.
Мячыславас Рэйніс | |
па-летувіску: Mečislovas Reinys | |
Міністар замежных справаў Летувы | |
---|---|
1925 — 1926 | |
Прэзыдэнт: | Аляксандрас Стульгінскіс |
Прэм’ер-міністар: | Леонас Бістрас |
Папярэднік: | Вальдэмарас Чарнецкіс |
Наступнік: | Леонас Бістрас |
Тытулярны біскуп Тыдзі | |
1926 — 1940 | |
Наступнік: | Джозэф Брэндан Ўэлан |
Тытулярны арцыбіскуп Цыпсэлы | |
1940 — 1953 | |
Папярэднік: | Норман Томас Гілрой |
Наступнік: | Эўджэніё Джамбра |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
5 лютага 1884 вёска Мадагаскарас |
Памёр: |
8 лістапада 1953 (69 гадоў) Уладзімер-над-Клязьмай |
Партыя: | Летувіская хрысьціянска-дэмакратычная партыя |
Адукацыя: | Каталіцкая Імпэратарская Пецярбурская духоўная акадэмія |
Адукацыя
рэдагавацьУ 1900 скончыў з адзнакай гімназію ў Рызе, у 1905 — каталіцкую Віленскую духоўную сэмінарыю, каталіцкую Імпэратарскую Пецярбурскую духоўную акадэмію. Доктар тэалёгіі (1909), майстар філязофіі (1912; тэма дысэртацыі: «Маральныя прынцыпы Ўладзімера Салаўёва»). Таксама вывучаў фізыку, хімію, геалёгію, мінэралёгію, біялёгію, анатомію, фізыялёгію, палітычную эканомію. У 1912—1913 удасканальваўся ў Лювэнскім і Страсбурскім унівэрсытэце. Валодаў дзевяцьцю замежнымі мовамі.
Сьвятар
рэдагавацьВысьвечаны на сьвятара ў 1907. Падчас Першае сусьветнае вайны (з 1915) быў вайсковымм капэланам у шпіталі. Выкладаў у віленскай гімназіі. З 1916 прафэсар Віленскае духоўнае сэмінарыі. У 1919 першы раз арыштаваны бальшавіцкімі войскамі. У 1922 пасьля заняцьця Вільні польскімі войскамі выехаў у Летуву. З 1922 прафэсар Летувіскага ўнівэрсытэту ў Коўне (з 1930 Унівэрсытэт Вітаўта Вялікага), кіраваў катэдрай тэарэтычнае і экспэрымэнтальнае псыхалёгіі. Адзін з заснавальнікаў Летувіскае акадэміі навук і мастацтваў.
З 1923 — прэлат. У 1925—1926 міністар замежных справаў Летувы як прадстаўнік хрысьціянска-дэмакратычнае партыі. Падпісаў канкардат Летувы з Ватыканам, непасрэдным вынікам якога было заснаваньне Ковенскае мітраполіі.
Біскуп
рэдагавацьАд 5 красавіка 1926 — тытулярны біскуп Тыдытанскі, каад’ютар біскупа Вілкавіскага. Прыкладаў намаганьні, але няўдала, да адкрыцьця каталіцкага ўнівэрсытэту ў краіне. Аўтар артыкулаў па пытаньнях псыхалёгіі, этыкі, багаслоўя, пэдагогікі. У 1939 апублікаваў манаграфію «Праблемы расізму». Па словах прафэсара Оны Вавэрэне, у гэтай працы біскуп Рэйніс
глыбока дасьледаваў істу ідэалёгіі фашызму і камунізму, а таксама расізм, усе формы яго праяваў і ўсталяваў, што гэтыя ідэалёгіі зьяўляюцца раўнацэннымі таталітарнымі ідэалёгіямі. Усе яны нялюдзкія. У сваёй кнізе навуковец заклікаў дужацца з абедзьвюма ідэалёгіямі, паколькі абедзьве яны атручваюць сьвядомасьць людзей, у дадатак да гэтага, камуністычная ідэалёгія сваімі атэістычнымі ідэямі адымае ў чалавека яго душу і ўсё яго гуманістычныя духоўныя каштоўнасьці. Акрамя таго, камуністы фальсіфікуюць навуку, яны зьнішчылі дзяржаўнасьць, у статут кіраўнікоў дзяржавы высунулі камуністычную партыю, усе справы дзяржавы падпарадкоўваюць інтэрасам гэтай партыі, ігнаруюць Канстытуцыю, кажуць няпраўду, на ўзровень дзяржаўнасьці высунулі крывадушнасьць.
У ліпені 1940, пасьля пераносу ў Вільню сталіцы Летувіскае Рэспублікі, біскуп Рэйніс быў прызначаны памагатым арцыбіскупа Віленскага Ялбжыкоўскага ў сане тытулярнага арцыбіскупа Цыпселенскага. У чэрвені 1942, пасьля дэпартацыі арцыбіскупа, ён стаў кіраўніком дыяцэзіі на пасадзе апостальскага адміністратара Магілёва і Менска. 22 жніўня 1942 ён паведамляў у Рым аб арышце пяцідзесяці сьвятароў; шасьцёра былі прысуджаныя да сьмерці. Біскуп Рэйніс здолеў дамагчыся адкрыцьця зачыненай нямецкімі ўладамі Віленскай духоўнай сэмінарыі (у лютым 1945 яна была ізноў зачыненая, гэтым разам органамі савецкай улады).
12 чэрвеня 1947 быў арыштаваны «за сувязь з антысавецкім нацыяналістычным падпольлем», прысуджаны да доўгага тэрміну зьняволеньня, які адбываў ува Ўладзімерскай турме, дзе і сканаў. Адмовіўся ад супрацы з КДБ, нягледзячы на прапановы вызваліць з турмы й лягероў ягоных сваякоў. У касьцёле гораду Ўладзімера ёсьць памятная шыльда з імёнамі рэпрэсаваных сьвятароў, на якой значыцца і імя біскупа Рэйніса.
Памяць
рэдагавацьУ 1990-я пачаўся збор інфармацыі для наступнае кананізацыі арцыбіскупа Рэйніса разам з Тэафілюсам Матулёнісам і Вінцэнтам Барысевічам. У 1993 на Гары Крыжоў папа Ян Павал II узгадаў іх трох у сваёй прамове.
Папярэднік Вальдэмарас Чарнецкіс |
Міністар замежных справаў Летувы 1925—1926 |
Наступнік Леонас Бістрас |
Папярэднік — |
Тытулярны біскуп Тыдзі 1926—1940 |
Наступнік Джозэф Брэндан Ўэлан |
Папярэднік Норман Томас Гілрой |
Тытулярны арцыбіскуп Цыпсэлы 1940—1953 |
Наступнік Эўджэніё Джамбра |
Літаратура
рэдагаваць- Книга Памяти. Мартиролог Католической церкви в СССР. М., 2000. С. 141—142.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Аб кнізе «Праблемы расізму»(недаступная спасылка)