Музэй-дача Васіля Быкава
Музэ́й-да́ча Васіля́ Бы́кава — філія Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры, адчынены 19 чэрвеня 2014 року да 90-годзьдзя пісьменьніка. Мэмарыяльны музэй створаны на лецішчы В. Быкава ў Ждановічах-6 (Менская вобласьць, Менскі раён, Ждановічы, вул. Вінаградная, д. 62), якое было бязвыплатна перададзена ўдавой Ірынай Міхайлаўнай Быкавай дзяржаве (стварэньню музэю паспрыяў былы міністар культуры Павал Латушка).
Музэй-дача Васіля Быкава | |
Філія | Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры |
---|---|
Месцазнаходжаньне | Ждановічы, Беларусь |
Адрас | вул. Вінаградная, д. 62 |
Тэматыка калекцыі | Мэмарыяльны музэй |
Створаны | 19 чэрвеня 2014 г. |
Геаграфічныя каардынаты | 53°58′14″ пн. ш. 27°27′31″ у. д. / 53.97056° пн. ш. 27.45861° у. д.Каардынаты: 53°58′14″ пн. ш. 27°27′31″ у. д. / 53.97056° пн. ш. 27.45861° у. д. |
Музэй-дача Васіля Быкава |
Музэй-дача дае ўяўленьне пра дачны побыт творцы ў 1985—1998, пра тое, якім В. Быкаў быў у штодзённым жыцьці. Таксама ў музэі захоўваюцца карціны, створаныя ўласнаручна В. Быкавым; малюнкі; чарнавікі; ліст А. Твардоўскага да Быкава; кнігі з аўтографамі і карціны, падораныя Васілю й Ірыне Быкавым сябрамі.
Музэй працуе з 12:00 да 18:00 зь серады па нядзелю (травень-кастрычнік).
Экспазыцыя
рэдагавацьУ хаце, куды В. Быкаў са сваёй жонкай Ірынай Міхайлаўнай прыяжджалі ў вольны час з 1985 па 1998, разьмешчаная мэмарыяльная экспазыцыя: супрацоўнікі музэю імкнуліся пакінуць усё так, як было пры жыцьці Васіля Ўладзімеравіча. Мэбля, прадметы побыту, сувэніры. Карціны, падораныя Васілю Быкаву й Ірыне Міхайлаўне. Сярод іх, напрыклад, працы В. Славука, В. Дударэнкі, Н. Паплаўскай. Усе гэтыя рэчы, як і сам дом у Ждановічах, удава пісьменьніка бязвыплатна аддала дзяржаве ў 2012 року з умовай, што тут будзе створаны музэй.
У гасьцявым пакоі, дзе стаяць крэслы і прайгравальнік, ляжаць кружэлкі зь вершамі Я. Купалы, Я. Коласа, А. Твардоўскага, а таксама з музыкай суседа па лецішчы — Ігара Лучанка.
Маленькая кухня ў традыцыйным савецкім стылі. З адметнага: гародніна, садавіна і ягады на сьцяне — усё справа рук пісьменьніка. Вядома, што мастацкія схільнасьці ў В. Быкава выявіліся яшчэ ў дзяцінстве, калі маляваў для школы насьценгазэты і браў урокі ў вясковага прафэсіянала Бобрыка. Пазьней жа паступіў у Віцебскую мастацкую вучэльню, дзе правучыўся год і быў вымушаны кінуць з прычыны скасаваньня стыпэндыі.
У гаражы пісьменьніка, дзе некалі стаяла белая «Волга», апрача інструмэнтаў, кніг для аўтааматараў, вэлясіпэду Ірыны Міхайлаўны, разьмешчаная экспазыцыя з дасьціпных малюнкаў, зьвязаных з «аўтамабільным» жыцьцём клясыка, а таксама мапа «Дарогі Васіля Быкава», дзе пазначаныя ўсе краіны, у якіх пабываў пісьменьнік, і павялічаныя копіі мапаў, створаных самім В. Быкавым.
У кабінэце Васіля Ўладзімеравіча захоўваюцца кнігі: многія з аўтографамі (іх дарылі пісьменьніку).
Пакой Ірыны Міхайлаўны Быкавай, як і кабінэт ейнага мужа, невялікі. На стале дыктафон тых часоў: Ірына Міхайлаўна — прафэсійны журналіст.
На мансардзе можна пабачыць карціны пісьменьніка: «Дачу», «Бацькоўскую хату» і «Лужыну». Таксама карціну «Восеньскі настрой», якую У. Караткевіч падарыў В. Быкаву на шасьцідзесяцігодзьдзе.
Галерэя
рэдагаваць-
Гасьцёўня
-
Стэнды з чарнавікамі на балюстрадзе
-
Куток, дзе пісьменьнік любіў слухаць радыё
-
Эцюд да фільма «Знак бяды»
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьМузэй-дача Васіля Быкава — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў