Моладзевы блёк

беларуская моладзевая арганізацыя

Мо́ладзевы блёк — беларускі грамадзкі рух[1], які ўзьнік як аб’яднаньне грамадзкіх актывістаў ды блогераў падчас парлямэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2019 годзе[2]. Далейшую дзейнасьць блёку характарызуюць як грамадзкі актывізм ды акцыянізм, а сам блёк называюць пляцоўкай для студэнцкага грамадзкага й палітычнага змаганьня[1].

Моладзевы Блёк
Дата заснаваньня 2019 год
Штаб-кватэра Менск
Ідэалёгія Лібэралізм
Інтэрнацыянал Міжнародная фэдэрацыя лібэральнай моладзі
Дэвіз Жыцьцё без свабоды — нішто
Афіцыйны сайт moladzbel.org

Узьнікненьне

рэдагаваць

Заснаваньне Моладзевага блёку адбылося на пачатку восені 2019 году, калі актывісты Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, ініцыятываў «Вучоба найважней», Legalize Belarus, а таксама блогеры аб’ядналіся, каб удзельнічаць у маючых адбыцца парлямэнцкіх выбарах. Актывістамі было вылучана 8 кандыдатаў у дэпутаты[2]. Сярод кандыдатаў былі:

  • Алана Гебрэмарыям, выпускніца БДМУ, сяброўка Рады Задзіночаньня беларускіх студэнтаў.
  • Аляксей Лазараў, інжынер-праграміст, актывіст ініцыятывы «Вучоба найважней».
  • Даніла Лаўрэцкі, прадпрымальнік, сябра Рады Задзіночаньня беларускіх студэнтаў.
  • Мікіта Краснакуцкі, актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады.
  • Міхась Варанцоў, актывіст ініцыятывы Legalize Belarus.
  • Станіслаў Шашок, праваабаронца, актывіст ініцыятывы Legalize Belarus.
  • Уладзіслаў Сыса, мясцовы актывіст г. Берасьця.
  • Яўген Караулаў, актывіст руху «Гавары праўду!»[3].

Сваю першую прэс-канфэрэнцыю й прэзэнтацыю законапраектаў блока актывісты правялі ў ба́ры[2].

Праграма

рэдагаваць

Актывісты Моладзевага блоку вырашылі сканцэнтравацца на канкрэтных праблемах моладзі, распрацаваўшы гатовыя законапраекты й пляны для іх вырашэньня[2]. Сярод іх:

  1. Права на бесьперапынную адукацыю, адмена закона аб адтэрміноўках.
  2. Дэкрыміналізацыя артыкула 328 КК Беларусі.
  3. Адмена прымусовага разьмеркаваньня студэнтаў.
  4. Празрыстасьць працы беларускага Парлямэнта.

Дзейнасьць падчас Выбараў 2019

рэдагаваць

Сваю парлямэнцкую кампанію актывісты пачалі з тэматычнага пікета пад інтэрнатамі ў Студэнцкай вёсцы на Пятроўшчыне, які адбыўся 4 кастрычніка[4]. Падчас пікета актывісты зьбіралі подпісы за сваё вылучэньне, ладзілі імправізаваныя танцы й выступленьня кандыдатаў. Так Алана Гебрэмарыям, кандыдатка па 98-й Грушаўскай акрузе, казала, што «Мы хочам казаць пра праблемы й спрабаваць дастукацца. Не праходзьце міма, толькі разам мы зробім Беларусь лепш!»[4].

2 лістапада актывісты правялі «Канапляныя Дзяды», прымеркаваныя да старажытнага беларускага народнага сьвята, якое праводзіцца ў гонар памерлых продкаў. Падчас акцыі некалькі дзесяткаў маладых людзей пад жалобную музыку несьлі пустыя рамкі з чорнымі стужкамі й плякаты з надпісамі: «Мы не памятаем», «Палілі дзяды — ня ведалі бяды», «Мы не смуткуем» і гэтак далей. Актывісты адзначалі, што акцыя іранічная й накіраваная на тое, каб прадэманстраваць абсурднасьць беларускай праваахоўнай сыстэмы[5].

«Навукай не зафіксавана ніводнага выпадку перадазіроўкі каноплямі, таму што практычна гэта немагчыма. Але закон Беларусі карае маладых людзей, якія ўжываюць гэтую расліну так, як быццам яны забілі чалавека. Хіба гэта нармальна?»

  Навукай не зафіксавана ніводнага выпадку перадазіроўкі каноплямі, таму што практычна гэта немагчыма. Але закон Беларусі карае маладых людзей, якія ўжываюць гэтую расліну так, як быццам яны забілі чалавека. Хіба гэта нармальна?  
 
Пікет 6 лістапада каля БДУ

6 лістапада прайшло шэраг пікетаў каля галоўнага будынку Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У канцы пікетаваньня да актывістаў падышоў міліцыянер і перапісаў прозьвішчы кандыдатаў у дэпутаты. Прычыну цікаўнасьці ён патлумачыў тым, што паступіў сыгнал, што нехта парушае парадак[6].

15 лістапада Моладзевы блёк правёў шэраг пікетаў каля Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту, Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту й Міністэрства адукацыі Беларусі. Кандыдаты выступалі супраць прымусаў студэнцтва да датэрміновага галасаваньня, а таксама за акадэмічныя правы й свабоды[7]. Каля будынка Міністэрства адукацыі актывісты зьвярталіся напрамую да міністра адукацыі Ігара Карпенкі: «абараняць правы студэнтаў, а не парушаць іх», а таксама вызывалі яго на дыван[8].

 
Рэйў-мітынг на Зыбіцкай, 16 лістапада

У апошні дзень агітацыі, 16 лістапада, Моладзевы блок зрабіў анонс і правёў рэйв-мітынг у гістарычным цэнтры Менску[9]. Мітынг праходзіў у фармаце манстрацыі, з выкарыстаньнем абсурдных і забаўляльных плякатаў і лозунгаў. Актывісты скандавалі «Ганьба парлямэнту», заклікалі прыходзіць на выбары ў асноўны дзень галасаваньня й галасаваць за кандыдатаў Моладзевага блёку. Мітынг сабраў каля 100 чалавек, што зрабіла яго найбольшым перадвыбарным імпрэзам парлямэнтскай кампаніі[10].

У дзень выбараў, 17 лістапада, незалежнымі назіральнікамі й назіральнікамі ад каманды Моладзевага блёку былі зафіксаваны шматлікія парушэньні. За патрабаваньне пераліку галасоў на 286 участку 99-й акругі нарад міліцыі затрымаў актывіста Моладзевага блоку Пятра Маркелава, якому пасьля прысудзілі 14 содняў арышту на Акрэсьціна. Наконт патрабаваньня пераліку галасоў выказалася старшыня цэнтральнай выбарачай камісыі Лідзія Ярмошына: «Гэтага й акруговая камісыя ня можа рабіць. Трэба зьвяртацца ў гарадзкую выбарчую камісыю й прыводзіць доказы»[11].

Паводле афіцыйных вынікаў ніводны кандыдат Моладзевага блёку не прайшоў у Палату прадстаўнікоў. Таксама ў Палату прадстаўнікоў не прайшоў ніводны кандыдат ад апазыцыі. Міжнародныя назіральнікі Парлямэнцкай асамблеі АБСЕ і БДЗІПЧ АБСЕ па выніках назіраньня прыйшлі да высновы, што выбары ў Палату прадстаўнікоў Беларусі не адпавядалі важным міжнародным дэмакратычным стандартам, у тым ліку спасылаючыся на выпадкі ціску на каманду Моладзевага блёку[12].

Дзейнасьць у 2019—2020 гадах

рэдагаваць
 
Інфармацыйныя ўлёткі Моладзевага блёку пра COVІD-19
 
Актывісты падчас «акцыі з труной» 8 мая

Нягледзячы на афіцыйныя вынікі выбараў, Моладзевы блок працягнуў сваю дзейнасьць.

Адразу пасьля выбараў Аляксей Лазараў, які пайшоў на выбары дзеля адмены новай рэдакцыі закона аб адтрэміноўках у войска, быў прызваны на тэрміновую службу на 6 месяцаў. Адтуль ён пачаў весьці свой twіtter праз SMS, дзе распавядаў пра асаблівасьці ўмоў службы ў беларускім войску[13].

Моладзевы блок прыняў актыўны ўдзел у сьнежаньскіх пратэстах супраць глыбокай інтэграцыі Беларусі з Расеяй. За актыўны ўдзел у акцыях былі пакараны некалькі актывістаў. Станіслаў Шашок быў пасаджаны на 15 содняў у Акрэсьціна, дзе ён сустрэў Новы Год[14]. Даніла Лаўрэцкі, Алана Гебрэмарыям і Міхась Варанцоў атрымалі па 30 базавых велічын (810 рублёў) штрафу. Падчас судовыў паседжаньняў былі зафіксаваны шматлікія парушэньні[15].

С пачатку распаўсюджваньня COVІD-19 у Беларусі Моладзевы блок пачаў займацца павышэньнем грамадзянскай самасьвядомасьці й крытыкаваць палітыку ўладаў датычна COVІD-19. Актывісты запусьцілі збор сродкаў на друк інфармацыйных улётак для распаўсюджваньня па публічных месцах, а таксама на пашыў марлявых масак для лекараў[16]. Таксама быў запушчаны сайт-рэквіем зь імёнамі тых, хто й як загінуў падчас пандэміі ў Беларусі[17].

19 сакавіка актывісты Моладзевага блоку разам з ЗБС і незалежнай ініцыятыўнай групай МДЛУ заклікалі беларускае студэнцтва да забастоўкі з патрабаваньнем ўвесьці аддаленае навучаньне. У той жа дзень студэнткі МДЛУ і актывісткі Моладзевага бл`ку Лізавета Пракопчык і Анастасія Сахарчук зладзілі акцыю ля будынку МДЛУ, падчас якой раздавалі маскі зь іранічным надпісам «Ха-ха я тут памру»[18][19]. За гэта з МДЛУ была адлічана Лізавета Пракопчык. Праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў яе адлічэньне палітычна матываваным. Рэктар МДЛУ Натальля Баранава сьцьвярджала, што адлічэньне не матывавана палітычна[20]. З 20 па 23 сакавіка ў шэрагу беларускіх ВНУ назіралася паніжанае наведваньне, але масава забастоўку не падтрымалі.

26 сакавіка Моладзевы блок зладзіў перфоманс з укладаньнем кветак да помніка карове ў Менску. Акцыя была прысьвечана гадавіне выказваньня Аляксандра Лукашэнка пра «абасраных кароў» падчас візыту ў адзін з аграхолдынгаў Шклоўскага раёна. Акцыяй актывісты хацелі зьвярнуць увагу на тое, што часамі стаўленьне ўладаў да кароваў лепшае за стаўленьне да людзей[21].

8 мая актывісты Моладзевага блоку правялі акцыю супраць правядзеньня 9 мая парада ва ўмовах распаўсюджваньня COVІD-19. Падчас акцыі актывісты танцавалі з труной на фоне генэральнай рэпэтыцыі параду, робячы адсылку да папулярнага мема з ганскімі магільшчыкамі. За акцыю былі затрыманы актывісты Міхась Варанцоў, Вераніка Яновіч, Лізавета Пракопчык і Даніла Лаўрэцкі[22]. Апошнія атрымалі 5 і 13 содняў арышту на Акрэсьціна адпаведна. Сябра актывістаў Уладзь Клаўкін, грамадзянін Расеі, быў дэпартаваны зь Беларусі[23].

Пратэсты 2020—2021 гадоў

рэдагаваць
 
Алана Гебрэмарыям, прадстаўніца Сьвятланы Ціханоўскай па справах моладзі й студэнцтва

Падчас Прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году Моладзевы блёк падтрымаў агульны пратэст, але адкрыта не падтрымліваў ніводнага з кандыдатаў. Актывісты Моладзевага блоку падтрымалі галадоўку каля будынку СІЗА № 1 у знак салідарнасьці з адным з затрыманых па «справе Ціханоўскага». У адзін з дней галадоўкі быў затрыманы актывіст Пятро Маркелаў, які пасьля атрымаў 10 содняў арышту[24].

Моладзевы блёк атрымаў 1 месца ў Каардынацыйнай радзе па арганізацыі працэссу пераадоленьня крызысу, якая была сфармавана адразу пасьля гарачай фазы пратэстаў 9-12 жніўня для прыняцьця захадаў па стабілізацыі сытуацыі ў краіне, забесьпячэньня трансфэру ўлады й абароны сувэрэнітэту й незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Актывістка Моладзевага блоку Алана Гебрэмарыям стала сябрам асноўнага складу Каардынацыйнай рады.

16 верасня падчас сустрэчы з «палітычным актывам» Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас дакладу пра палажэнне ў краіне даў сваю ацэнку дзейнасці Моладзевага блоку, назваўшы яго «другім этапам разбурэння краіны»[25]:

  Такім чынам, спецыяльна створаны «Моладзевы блок» на аснове вылучэння кандыдатаў у дэпутаты актыўна фармаваў настроі незадаволенасці ў розных сацыяльных групах. Для гэтых мэт выкарыстоўваліся, здавалася б, непалітычныя пытанні: закон аб адтэрміноўцы, размеркаванне студэнтаў, легалізацыя наркотыкаў, вядомая тэма артыкула 328 Крымінальнага кодэкса і гэтак далей.  

У кастрычніку Алана Гебрэмарыям прыняла запрашэньне Сьвятланы Ціханоўскай стаць яе прадстаўніцай па справах моладзі й студэнцтва. Прызначэньне адбылося 5 кастрычніка[26].

Зранку 12 лістапада ў шэрагу актывістаў Моладзевага блоку й ЗБС адбыліся ператрусы. Некаторых актывістаў, у тым ліку Алану Гебрэмарыям, затрымалі й адвезьлі ў СІЗА КДБ. Актывістам Даніле Лаўрэцкаму й Лізавеце Пракопчык удалося зьбегчы ад КДБ і ўцячы ва Ўкраіну, нелегальна перасекчы мяжу з Расеяй[27]. Ператрусы й затрыманьні адбываліся ў межах справы студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ. 18 лістапада Алана Гебрэмарыям разам зь іншымі фігурантамі справы была прызнана палітычнай зьняволенай[28]. 16 ліпеня 2021 году Алана Гебрэмарыям атрымала 2 гады й 6 месяцаў пазбаўленьня волі. Падчас судовага пасяджаньня больш за 50 чалавек прыйшлі падтрымаць фігурантаў справы, але большую частку людзей не пусьцілі, а каля будынка суда дзяжурыў АМАП[29].

Удзел у абароне Ўкраіны супраць уварваньня Расеі ў 2022 годзе

рэдагаваць

З пачатку уварваньня Расеі ва Ўкраіну актывісты Моладзевага блоку уключыліся ў працу па дапамозе ўкраінскім уцекачам, фіксацыі ваенных злачынстваў, а таксама непасрэдна абароне Ўкраіны. Так, Аляксандар Руткевіч, выпускнік БНТУ, супрацоўнік ІT і актывіст Моладзевага блоку, далучыўся да Батальёна імя Кастуся Каліноўскага з самага пачатку ўзброенага канфлікта[30]. Таксама да Батальёна далучыўся экс-кандыдат Аляксей Лазараў, які 13 сакавіка ажаніўся зь іншай актывісткай Веранікай Яновіч прама падчас праходжаньня ваеннай службы ў шэрагах УСУ[31]. Іншыя сябры Блоку заняліся дапамогай са зборам сродкаў і дастаўкай амуніцыі, неабходнай для беларускіх дабраахвотнікаў[32].

У верасьні 2022 году інтэрнэт-рэсурсы Моладзевага блока й беларускіх вайсковых груп ва Ўкраіне былі прызнаныя экстрэмістычным фармаваньнем у Беларусі[33].

  1. ^ а б https://novychas.by/hramadstva/moladzevy-blok-novy-vyklik-maladyh-dlja-ulady
  2. ^ а б в г https://www.svaboda.org/a/30224103.html
  3. ^ https://web.archive.org/web/20210120192816/http://moladz-bel.info/
  4. ^ а б https://dumka.me/moladzbel
  5. ^ https://euroradio.fm/ru/my-ne-pamyataem-v-minske-prohodyat-konoplyanye-dedy
  6. ^ https://www.svaboda.org/a/30256455.html
  7. ^ https://web.archive.org/web/20220426203225/https://www.racyja.com/palityka/kalya-minadukatsyi-pratestuyuts-suprats/
  8. ^ https://euroradio.fm/kalya-minadukacyi-pratestuyuc-suprac-zagonu-na-daterminovae-galasavanne
  9. ^ https://kyky.org/news/ya-my-obosrannaya-korova-studenty-ustroili-reyv-miting-na-zybitskoy(недаступная спасылка)
  10. ^ https://web.archive.org/web/20210122010110/https://news.tut.by/society/661563.html
  11. ^ https://www.svaboda.org/a/30276795.html
  12. ^ https://web.archive.org/web/20191119043049/https://news.tut.by/economics/661709.html
  13. ^ https://belsat.eu/ru/news/tushenka-gryaznaya-voda-i-russkij-duh-kak-vyglyadit-belorusskaya-armiya-iznutri
  14. ^ https://web.archive.org/web/20211031021218/https://www.racyja.com/hramadstva/zatrymany-aktyvist-legalize-belarus-stas-shashok/
  15. ^ https://spring96.org/ru/news/95675
  16. ^ https://web.archive.org/web/20201101010740/https://molamola.by/campaigns/2519?tab=about
  17. ^ https://euroradio.fm/ru/rekviem-v-belarusi-zapustilsya-proekt-pro-umershih-ot-covid-19
  18. ^ https://www.svaboda.org/a/30538635.html
  19. ^ https://web.archive.org/web/20210608210236/https://naviny.online/new/20200319/1584621914-ststudenty-mglu-obyavili-o-podgotovke-zabastovki-s-trebovaniem-vvesti-v-vuze
  20. ^ https://spring96.org/be/news/96594
  21. ^ https://kaktutzhit.by/news/korova-pamyat
  22. ^ https://euroradio.fm/u-minsku-zatrymali-aktyvistau-yakiya-zladzili-parad-z-trunoy
  23. ^ https://www.svaboda.org/a/30841747.html
  24. ^ https://www.svaboda.org/a/30755810.html
  25. ^ https://www.belta.by/president/view/sem-etapov-stsenarija-po-unichtozheniju-belarusi-lukashenko-rasskazal-ob-istinnyh-zamyslah-opponentov-406999-2020/
  26. ^ https://euroradio.fm/ru/tihanovskaya-naznachila-predstavitelnicu-po-delam-molodezhi-i-studentov
  27. ^ https://web.archive.org/web/20220426004048/http://mediazona.by/article/2020/12/29/gaudeamus
  28. ^ https://belhelcom.org/ru/news/zayavlenie-protesta-protiv-nastupleniya-na-zadzinochanne-belaruskih-studentau
  29. ^ https://spring96.org/be/news/104326
  30. ^ https://web.archive.org/web/20220403174614/https://mediazona.by/article/2022/03/27/battalion
  31. ^ https://charter97.org/be/news/2022/3/21/460060/
  32. ^ https://www.mixcloud.com/mediawnet/%D1%80%D0%B0%D0%B4%D1%8B%D1%91-%D1%9E%D0%BD%D1%8D%D1%82-%D1%81%D0%B2%D1%96%D1%82%D0%B0%D0%BD%D0%B0%D0%BA-%D1%81%D0%B2%D0%B0%D0%B1%D0%BE%D0%B4%D1%8B-%C5%9Bwit-wolno%C5%9Bci-4042022/
  33. ^ https://reform.by/330704-mvd-priznalo-jekstremistskimi-formirovanijami-resursy-polka-kalinovskogo-telegram-kanaly-dvizh-i-basta