Маўрыцыё Пэдэцьці
Маўрыцыё Пэдэ́цьці (па-італьянску: Mauritio Pedetti) (нар. 13 кастрычніка 1719, Казаска-д'Інтэльві, Правінцыя Кома, Лямбардыя, Італія — † 14 сакавіка 1799, Айхштэт, Баварыя, Нямеччына) — італьянскі архітэктар позьняга барока[1].
Маўрыцыё Пэдэцьці | |
па-італьянску: Mauritio Pedetti | |
Род дзейнасьці | архітэктар позьняга барока |
---|---|
Дата нараджэньня | 13 кастрычніка 1719 |
Месца нараджэньня | Казаска-д’Інтэльві, Правінцыя Кома, Лямбардыя, Італія |
Дата сьмерці | 14 сакавіка 1799 |
Месца сьмерці | Айхштэт, Баварыя, Нямеччына |
Занятак | архітэктар |
Біяграфія
рэдагавацьБацькамі Маўрыцыё Пэдэцьці былі разьбяр па мармуры Франчэска Джуліян Пэдэцьці й Джаванна Катарына, народжаная Катарына Рэцьці. Дзедам Пэдэцьці па матчынай лініі быў архітэктар Лярэнца Рэцьці, будучы прафэсійным архітэктарам, навучыў хлопчыка маляваць. У 1722 годзе сям’я пераязджае ў Мангайм. Будаўнічаму мастацтву Пэдэцьці навучыўся ў Людвігсбургу, дзе ў 1731 годзе разам са сваім стрыечным братам Даната Джузэпэ Фрызоні ўдзельнічаў у будаўніцтве замка. У 1735 годзе ўдзельнічае ў праектаваньні рэзідэнцыі маркграфа ў Ансбахе. У 1738 годзе праэктуе царкву сьвятога Гумберта ў Мюнхэне[1].
У 1739-1741-х гадах Пэдэцьці падарожнічае па Італіі, удасканальваючы пры гэтым сваё майстэрства архітэктара. Пасьля замежнага падарожжа пачынае самастойную працу. Ён перабудоўвае рэзыдэнцыю архібіскупа ў Брусэлі, а пасьля яго нечаканай сьмерці ў 1743 г. адпраўляецца ў Парыж. У 1745 г. Пэдэцьці знаходзіцца пры двары дацкага караля Хрысьціяна IV у Капэнгагене, а ў 1746 г. пераяжджае ў Дрэздэн. Там ён, паводле ліста ад 3 чэрвеня 1746 г., прапанаваў свае паслугі князю Міхалу Казіміру Радзівілу, падпісаўшы зь ім кантракт. Пэдэцьці правядзе ў Вялікім Княстве Літоўскім у Нясьвіжы чатыры гады, дзе працаваў у 1746—1750 гадах. Тут ўдзельнічае ў будаўніцтве летняга палаца «Кансаляцыя» ў Альбе, а таксама ўдзельнічае ў рэстаўрацыі езуіцкага касьцёла Божага Цела і пабудаваў капліцу ў ягоным двары[2].
Маўрыцыё Пэдэцьці быў аўтарам архітэктурнай перабудовы інтэр'ера, праэктаў алтароў, перспэктыўнага разьмяшчэньня жывапісу на зводах касьцёлу. Праца яго ў Нясьвіскім езуіцкім касьцёле Боскага Цела можа быць пададзена як адно са зьвён гісторыі позьняга барока Вялікага Княства Літоўскага й Рэчы Паспалітай XVIII ст., якое разьвівалася на грунце італьянскіх узораў маляванай архітэктуры, часткова францускіх дэкаратыўных формаў, ператвораных нямецкім барокава-ракайльным мастацтвам. Яму атрымалася прапанаваць мастакам унікальны варыянт «маляванай архітэктуры» прасторы памяшканьняў у такіх ракурсах, што стваралісь эфэкты рухомай прасторы, якая пашыраецца й адчыняе бязьмежныя нябёсы. Кожная сцэна росьпісу прадумана атрымала сваё месца, дакладна падкрэсьліваючы й не хаваючы складанай архітэктурнай канструкцыі будынку касьцёла. | ||
Пасьля некалькіх гадоў, праведзеных у Вялікім Княстве Літоўскім, Пэдэцьці вяртаецца ў Нямеччыну, дзе пабудаваў шэраг будынкаў у Айхштэце й там працаваў да 1799 г.
Архівы
рэдагавацьЗахаваліся лісты Маўрыцыё Пэдэцьці, што захоўваюцца ў Архіве старажытных актаў у Варшаве. Яны датаваны 3 чэрвеня 1746 г. (з Дрэздэна), 17 красавіка 1747 г. і 12 сьнежня 1748 г. (зь Нясьвіжа), 14 верасьня 1751 г. (з Айхштэта)[4].
Бібліяграфія
рэдагаваць
|
|
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Petra Noll. Pedetti, Mauritio (ням.) Deutsche Biographie
- ^ Paszenda, Jerzy. Kościoł Bożego Ciała (pojezuicki) w Nieświeżu. (пол.) // Kwartalnik Architektury i urbanistyki : teoria i historia. — Warszawa: Nakład Politechniki Warszawskiej i Polskiej Akademii Nauk, 1976. — Т. XXI, zesz. 3. — С. 195—216. — ISSN 0023-5865.
- ^ Баженова, Ольга Дмитриевна. Радзивилловский Несвиж: росписи костела Божьего Тела. — Менск: Харвест, 2007. — С. 65, 193, 195, 202—208, 211—215, 218, 222—224, 305, 306, 327, 347, 348. — 414 с. — 1000 ас. — ISBN 978-985-13-9752-1
- ^ AGAD (Archiwum Glówny Akt Dawnych), AR (Archiwum Radziwiłłów). (пол.) Dz. V. Sygn. 5748. Listy J. Jablońskiego. 1722-1769
Літаратура
рэдагаваць
|
|