Альба (Нясьвіж)

паркавы комплекс у Нясьвіжы (Беларусь)

Альба — гістарычная мясцовасьць і паркавы комплекс у Нясьвіжы. Знаходзіцца на паўночнай ускраіне места.

Альба
катэгорыя III (помнік прыроды) паводле МСАП
Студзень 2018 году
Студзень 2018 году
РазьмяшчэньнеБеларусь
Найбліжэйшы горад Нясьвіж
Каардынаты53°12′13″ пн. ш. 26°38′31″ у. д. / 53.20361° пн. ш. 26.64194° у. д. / 53.20361; 26.64194Каардынаты: 53°12′13″ пн. ш. 26°38′31″ у. д. / 53.20361° пн. ш. 26.64194° у. д. / 53.20361; 26.64194
Плошча409 га
Заснаваны 1590
Уласьнік Нясьвіскі раённы выканаўчы камітэт

Гісторыя

рэдагаваць
 
Альтанка ў Альбе, 1784 г.

Асваеньне Альбы як загараднай рэзыдэнцыі Радзівілы пачалося ў канцы XVI стагодзьдзя. Згодна з «Альбомам Бэрнардоні», у XVI стагодзьдзі тут збудавалі дом Радзівіла, ваяводы троцкага. Гэта быў сьціплы драўляны, прастакутны ў пляне будынак, відаць, двухпавярховы або з мансардным дахам.

 
Плян альтанкі, 1784 г.
 
Палац у Альбе, 1882 г.

Маленькі летні палац будаваўся паводле праекту архітэктара Казімера Ждановіча. «Эрмітаж» Сіроткі збудавалі ў дзьве лініі, ён улучаў гардэробную, сталовую, кухню, капліцу з фаянсавымі алтарамі, статуямі сьвятых з слановай косткі. На адным франтоне была драўляная статуя Сьвятога Мікалая, на другім — Сьвятога Крыштофа. Інтэр’еры былі цёмных колераў, аздобленыя мармуровымі камінамі, над якімі былі эмблемы: крыж, чаша, чэрап і г. д. Да сярэдзіны XIX стагодзьдзя «Эрмітаж» быў практычна страчаны.

 
Плян альтанкі, 1784 г.
 
Альба. Т. Барэці, 1894 г.

Паводле інвэнтару 1636 году фальварак улучаў таксама жылы дом з пакоямі, якія абаграваліся кафлянымі зялёнымі печкамі і камінамі, флігель-кухню, бровар, пякарню, сырнік. Шматлікія гаспадарчыя будынкі ўтваралі вялікі гаспадарчы двор. Альба мела рысы рэнэсансных сядзібаў. Несумненна, стваралася пад уплывам ідэяў італьянскага Рэнэсансу.

Значныя страты сядзібе нанесьлі ваенныя падзеі сярэдзіны XVII стагодзьдзя. З 1758 году ў Альбе сфармаваўся вялікі паркавы ансамбль. У парку ўжо былі галяндзкая фэрма, новы аднапавярховы палац, фазанары, псарня, тры зьвярынцы, абнесеныя высокай драўлянай агароджай, вадаёмы. У сярэдзіне XVIII ст. тут збудавалі новы «Эрмітаж» (цагляны будынак на месцы старога драўлянага) і двухпавярховы мураваны палац. Ансамбль улучаў некалькі «італьянскіх» паркаў у стылі францускага клясыцызму.

Галяндзкая фэрма знаходзілася пры ўезьдзе ў Альбу, зьлева ад цэнтральнай ліпавай алеі. На фэрме стаяў двухпавярховы дом. На верхнім паверсе, зробленым з «прускага муру», разьмяшчаліся апартамэнты князя зь пяці пакояў і вялікай залы, сьцены якіх аздаблялі палатняныя шпалеры.

Недалёка ад фэрмы сярод ляснога масіву ўладкавалі своеасаблівы зьвярынец, кампазыцыйным цэнтрам якога была альтанка — купальная ратонда, ад якой радыяльна разыходзіліся восем алеяў. Замыкаліся яны філярамі (слупамі) з скульптурнымі выявамі зьвяроў. Кіраваў работамі архітэктар Ян Хіль.

Асноўным матывам кампазыцыі парку была сыстэма прамянёвых алеяў зь відамі на люстры вялікіх вадаёмаў. Алеі разыходзіліся як промні сонца.

У 1778 годзе прыдворны архітэктар Станіслава Караля Радзівіла Лявон Лутніцкі з удзелам італьянскіх дойлідаў К. Спампані і М. Пэдэці пачаў работы з рэканструкцыі Альбы, а ў 1784 годзе новая Альба ўжо прымала караля і вялікага князя Станіслава Панятоўскага. Утварылася водная сыстэма з васьмі каналаў і круглай выспы на месцы былога зьвярынца, ідылічная вёска з 180 хатак, накрытых саломай (правобразам служылі «вёскі» францускай каралевы Марыі Антуанеты ў Рамбуе і Вэрсалі), сфармаваліся паркі. Цэнтрам кампазыцыі стала драўляная трох’ярусная альтанка (архітэктар Л. Лутніцкі) на круглай высьпе, якая нагадвала сабор Сьвятой Соф'і ў Стамбуле, хоць будавалася ў эклектычных формах. Да гэтай пабудовы сыходзіліся ў выглядзе промняў і вуліцы вёскі.

У Альбе разьмяшчаліся таксама аранжарэі, пчальнік, чатыры двухпавярховыя млыны з бруса на галоўным канале, шпіталь з аптэкай. Быў значна пашыраны зьвярынец. У ставах разводзілася розная рыба, плавалі лебедзі.

 
Лесапарк Альба, студзень 2018 г.

У вайну 1812 году асноўныя пабудовы былі разбураныя. У 1846 годзе Альбу здалі іншаземным уладальнікам у шасьцігадовую арэнду. Ангельскі парк зьдзічэў. У 1860-я гады насаджэньні былі ў значнай ступені павысяканы. Новы пад’ём пачаўся па 1875 годзе, калі Антоні Радзівіл, муж Марыі Дароты дэ Кастэлян, стаў на чале Нясьвіскай ардынацыі. Марыя Дарота выступіла ініцыятарам адраджэньня Нясьвіскага замку, стварыла побач зь ім паркавы комплекс, сабрала ў замку значную бібліятэку. Работы працягваліся па Першай сусьветнай вайне. Упарадкавалі парк на тэрыторыі 80 га, зьвярынец, ставы, фазанары, гаспадарчыя пабудовы.

У наш час на тэрыторыі Альбы захавалася адна з найбольш арыгінальных у Беларусі водных сыстэмаў. Добра выяўляецца цэнтральная алея, фрагмэнты іншых алеяў, дарог. Часткова захаваліся новы і стары пэйзажныя паркі.

Літаратура

рэдагаваць
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Нясьвіжскага р-на. — Мн.: БелЭн, 2001. — 628, [1] с. ISBN 985-11-0206-7.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  611Г000467