Магілёў (хакейны клюб)

беларускі хакейны клюб

«Магілёў» — беларускі хакейны клюб з аднайменнага гораду, які выступае ў беларускай Экстралізе.

Магілёў
Заснаваны 2000
Адкуль Магілёў, Беларусь
Пляцоўка Магілёў
Зьмяшчальнасьць: 3048
Фарм-клюб Ільвы
Дырэктар Ігар Генісеў
Чэмпіянат Экстраліга
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Гісторыя

рэдагаваць

Заснаваньне

рэдагаваць

Хакейны клюб «Магілёў» быў створаны ў 2000 годзе па будаўніцтве лядовага палацу спорту ў горадзе. Першым трэнэрам каманды быў прызначаны колішні брамнік зборнай Беларусі Аляксандар Шумідуб. Асноўны склад першай дружыны склалі выхаванцы-юнакі менскага і гарадзенскага хакею, якія былі кандыдатамі ў моладзевую зборную краіны. Клюб узяў удзел у чэмпіянаце Беларусі 2000—2001 гадоў, падчас якога ў студзені 2001 году зьмяніў назву на «Хімвалакно». Гэта было зьвязанае з тым, што ААТ Магілёўхімвалакно ўвайшло ў лік устаноўцаў клюбу.

Моцны пачатак

рэдагаваць

Першы сэзон быў няўдалым, але наступны з новым трэнэрам Уладзімерам Сініцынам быў пасьпяховым. Клюб быў апошнім у сваёй падгрупе, але ў плэй-оф магілёўцы перакрочылі «Віцебск» і «Гомель», трапіўшы ў фінал. У фінальнай сэрыі перамогу здабыў «Керамін». Асноўны склад каманды, якая здабыла срэбра, складалася пераважна з расейскіх легіянэраў. У тым жа сэзоне «Хімвалакно» брало ўдзел у групе Б УЭХЛ, дзе найлепшым абаронцам быў празнаны гулец магілёўскага клюбу Яўген Летаў. Перад пачаткам сэзону 2002—2003 гадоў зноўку зьмяніўся трэнэр, то бок новым кіраўніком стаў Уладзімер Баяранцаў, які хутка быў заменены на Аляксандра Зачосава. У выніку «Хімвалакно» прабілася ў паўфіналу чэмпіянату, але саступіла «Кераміну», фінішаваўшы з бронзавымі мэдалямі. Пасьля сэзону магілёўцы зьмянілі шэраг трэнэраў, але толькі Аляксандар Ваўчкоў замацаваўся на пасадзе галоўнага трэнэра. Клюб скончыў новы сэзон у чвэрцьфінале, ня здолеўшы выгуляць менскае «Юнацтва». Ва УЭХЛ «Хімвалакно» быў трэцім. У 2003 годзе да каманды далучыўся дасьведчаны Аляксандар Гальчанюк, які стаў лідэрам каманда на наступныя гады. У прыватнасьці, дзякуючы ягонаму ўнёску «Хімвалакно» чарговым разам здабыло бронзавыя мэдалі. Важную ролю выконваў украінскі нападнік Алег Шафарэнка.

Пагаршэньне вынікаў

рэдагаваць
 
Адзін з найлепшых абаронцаў клюбу Яўген Летаў.

У сэзоне 2004—2005 гадоў «Хімвалакно» здабыла бронзавыя мэдалі. У 2006 годзе найлепшым бамбардзірам клюбу стаў Аляксандар Мацярухін, а сам клюб быў чацьвертым. У сэзоне 2006—2007 гадоў каманда спатыкнулася аб наваполацкі «Хімік»-СКА ў чвэрцьфінале. Па сэзоне Ваўчкоў сышоў з клюбу, гэтак жа як і шэраг стрыжневых гульцоў. Каманда пераважна гуртавалася вакол маладых гульцоў, трэнаваць якіх стаў Сяргей Вусанаў. Перад плэй-оф магілёўцы яшчэ страцілі Аляксандра Бараўкова. У выніку «Хімвалакно» саступіла ў чвэрцьфінале менскаму «Дынама». На новы сэзон каманда практычна захавала свой склад, яшчэ ўмацаваўшыся абаронцамі Паўлам Мікульчыкам і Яўгенам Летавым, які вярнуўся ў Магілёў. «Хімвалакно» замыкнула першую чацьвёрку ў рэгулярным сэзоне. У паўфінале магілёўцы перамаглі «Віцебск», а закінутая шайба Івана Сахарава сталася ня толькі вывела каманду ў паўфінале, але і была 100-й для гульца ў колерах дружыны. Тым ня менш, ва ўпартай барацьбе квіток у фінал здабыло «Юнацтва». У наступным розыгрышы «Хімвалакно» ў чвэрцьфінале сустрэлася з кіеўскім «Сокалам», саступіўшы паводле вынікаў пяці гульняў зь лікам 2:3.

У 2010 годзе каманда моцна зьмянілася. Галоўны спонсар адмовіўся ад падтрымкі каманды, праз што клюб быў перайменаваны ў «Магілёў», а вядучыя хакеісты сышлі з дружыны. У выніку калектыў фінішаваў на 10 радку, упершыню ня трапіўшы ў вырашальны раўнд. Не зважаючы на страту свайго бамбардзіра Арцём Бажко, які далучыўся да «Нёману», клюб на наступны год здолеў зачапіцца за 8 месца. Аднак, у чвэрцьфінале адразу саступіў «Мэталюргу». У міжсэзоньне «ільвы» зноў страцілі лідэраў, пераарыентаваўшыся на моладзь[1]. У выніку каманда чатыры сэзоны запар займала апошняе месца. За гэты час папрацавалі з камандай Юры Чух і Міхаіл Клімін. У сэзоне 2016—2017 гадоў «Магілёў», нарэшце, не замкнуў турнірнай табліцы, скончыўшы сэзон на 10 месцы. Такі ж вынік паўтарыўся праз год, калі каманду ачольваў Дзьмітры Ралькоў. Перад пачаткам сэзону 2018—2019 гадоў Экстраліга была рэфармаваная, і магілёўцы трапілі ў другі дывізіён. Не зважаючы на страту нападніка Івана Каташэнкі[2], «ільвы» з улікам паніжэньня канкурэнцыі выбіліся да ліку лідэраў турніру. Паводле вынікаў рэгулярнага сэзону аршанскі «Лякаматыў», які стаў пераможцам, і «Магілёў» далёка адарваліся ад сваіх канкурэнтаў. Абодва клюбы ўзялі ўдзел у пераходным турніры з прадстаўнікамі Экстралігі А — «Лідай» і жлобінскім «Мэталюргам». Аднак прадстаўнікі другога дывізіёну занялі апошнія месцы і не атрымалі права на ўдзел у элітным дывізіёне. Тым ня менш, перад пачаткам новага сэзону Фэдэрацыя хакею Беларусі пастанавіла перавесьці каманду моладзевай зборнай Беларусь U20 у дывізіён ніжэй. У адваротным кірунку рушыў «Магілёў», які атрымаў месца толькі праз наяўнасьць фарм-клюбу ў сваёй структуры, бо «Лякаматыў» такой каманды бракавала[3].

Да дружыны вярнуўся Каташэнка[4], а таксама шыхты клюбу ўзмацнілі Аляксандар Кудраўцаў[5], Віктар Андрушчанка[6] і Ягор Ягораў[7]. Зважаючы на ўзмацненьні, каманда праз высокую канкурэнцыю фінішавала сёмай, але ўпершыню за доўгі час прабілася ў турнір плэй-оф, дзе саступіла «Нёману». У наступным сэзоне «Магілёў» быў апошнім у Экстралізе А, а ў матчах плэй-ін саступіў наваполацкаму «Хіміку». У 2021 годзе Экстраліга вярнулася да звыклага фармату, а дружыну ачоліў Аляксандар Мацярухін. Вынікі клюбу зноў пагоршыліся.

Паводле стану на 5 лютага 2025 году

Брамнікі
30   Мацьвей Мацкевіч 30.07.2003 31   Дзьмітры Крапова 20.01.1999
Абаронцы
12   Андрэй Клепча 14.12.1997 13   Пётар Андрукоў 22.04.2005
16   Максім Прахарэнка 18.06.2002 19   Андрэй Гусеў 22.03.2002
22   Арцём Воўкаў 26.07.1999 34   Уладзіслаў Рагаўцоў 11.03.2003
73   Уладзіслаў Габрусь 05.06.1999 77   Павал Камко 02.05.2004
92   Раман Грабарэнка 24.08.1992 99   Дзяніс Малішэўскі 27.05.1995
Нападнікі
7   Арцём Лагуноў 07.04.1993 10   Аляксандар Папкоў 15.05.2000
14   Максім Папкоў 05.05.2002 15   Ягор Сямёнаў 12.02.2004
17   Іван Серада 05.12.2003 18   Яўген Іваноў 14.06.2002
21   Леанід Клімаў 04.10.1999 23   Расьціслаў Вільчынскі 01.06.2003
26   Арцём Шапіра 26.12.2000 28   Мацьвей Мацярухін 24.08.2006
37   Ільля Шапіра 01.06.2001 41   Данііл Гапонаў 17.07.2003
42   Арсень Матлахаў 29.10.2006 47   Максім Аскараў 24.01.1997
49   Арсень Малючэнка 31.12.2004 81   Руслан Наўрузаў 05.07.2000
88   Данііл Гапееў 26.08.2002 91   Канстанцін Калінін 02.05.1998

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць