Лічбавая несьмяротнасьць

гіпатэтычная канцэпцыя захоўваньня чалавечае асобы

Лі́чбавая ці віртуа́льная несьмяро́тнасьць[1] (бесьсьмяро́тнасьць[2], няўміру́шчасьць[3]; па-ангельску: digital immortality, virtual immortality[4]) — гіпатэтычная канцэпцыя захоўваньня (альбо перадачы) чалавечае асобы ў лічбавым субстраце, г. зн. захоўваньня чалавечага розуму ў кампутар, робата альбо кібэрпрастору[5] (загрузка розуму). Вынік можа выглядаць як аватар, які паводзіць сябе, рэагуе й думае як чалавек на аснове лічбавага архіва гэтага чалавека[6][7][8][9]. Пасьля сьмерці чалавека гэты аватар можа заставацца статычным альбо працягваць вучыцца й самастойна ўдасканальвацца (магчыма, ператварыўшыся ў пачатковы ШІ).

На аснове інфармацыі, атрыманай аб чалавеку пры жыцьці, копія асобы павінна мець магчымасьць паводзіць сябе, рэагаваць і думаць тым жа чынам, што й чалавек[10].

Значная частка трансгуманістаў і сінгулярыстаў ускладае вялікія надзеі на веру ў тое, што яны ў канчатковым выніку могуць стаць несьмяротнымі[11], стварыўшы адну альбо некалькі небіялягічных функцыянальных копіяў свайго мозгу, пакідаючы тым самым сваю «біялягічную абалонку». Затым гэтыя копіі могуць «жыць вечна» ў вэрсіі лічбавых «нябёсаў» альбо раю[12][13].

Нацыянальны навуковы фонд ЗША выдзеліў грант у паўмільёна даляраў унівэрсытэтам Цэнтральнай Флорыды ў Арланда й Ілінойсу ў Чыкага на вывучэньне таго, як дасьледчыкі могуць выкарыстоўваць штучны інтэлект, архіваваньне й кампутарныя выявы для стварэньня пераканаўчых лічбавых вэрсіяў рэальных людзей, магчымы першы крок да віртуальнай неўміручасьці[14].

Інстытут лічбавай неўміручасьці дасьледуе тры чыньнікі, неабходныя для лічбавай неўміручасьці. Па-першае, на любым узроўні рэалізацыі аватары патрабуюць гарантаванага доступу да Інтэрнэту. Далей, аватары павінны быць такімі, якімі іх вызначаюць карыстальнікі, і такімі яны павінны заставацца. Нарэшце, будучыя прадстаўленьні павінны быць абаронены, перш чым жывых карыстальнікаў больш ня будзе[15].

Мэта «Ініцыятывы 2045» Дзьмітрыя Іцкова — «стварэньне тэхналёгіяў, якія дазваляюць перанесьці асобу чалавека на небіялягічны носьбіт і падоўжыць існаваньне, у тым ліку да несьмяротнасьці»[16].

Дасягненьне лічбавай несьмяротнасьці — гэта двухэтапны працэс:

  1. архіваваньне й алічбоўка людзей[17];
  2. ажыўленьне аватара.

Сьцьвярджаецца, што лічбавая несьмяротнасьць выходзіць за рамкі тэхнічных працэсаў аблічбоўкі людзей і ахоплівае сацыяльныя аспэкты. Напрыклад, Джошуа Хуртада[18] прадставіў чатырохэтапную структуру, у якой лічбавае ўвекавечаньне людзей можа захаваць сацыяльную сувязь паміж жывымі й мёртвымі. Гэтыя этапы:

  1. збор зьвестак;
  2. кадыфікацыя зьвестак;
  3. актывацыя зьвестак;
  4. увасабленьне зьвестак.

Кожны з гэтых крокаў зьвязаны з пэўнай формай захаваньня сацыяльнае сувязі, альбо праз размову, увасобленую эмацыянальнасьць (выказваньне эмоцыяў праз сваю форму ўвасабленьня), альбо манумэнталізм (стварэньне помніка, у гэтым выпадку ў лічбавай форме, у памяць аб памерлых).

Архіваваньне й алічбоўка людзей

рэдагаваць

Паводле словаў Гордана Бэла й Джыма Грэя з Microsoft Research, захаваньне кожнай размовы, якую калі-небудзь чуў чалавек, ужо рэальна: для гэтага патрабуецца менш за тэрабайт памяці (для адпаведнае якасьці)[19][20]. Тэхналёгіі распазнаваньня маўленьня або тэксту — адна з найвялікшых праблем канцэпцыі.

Другой магчымасьцю было б архіваваць і аналізаваць выкарыстаньне сацыяльнага Інтэрнэту для адлюстраваньня асобы людзей. Аналізуючы выкарыстаньне сацыяльнага Інтэрнэту на працягу 50 гадоў, можна было б змадэляваць культуру грамадзтва, спосаб мысьленьня грамадзтва й інтарэсы грамадзтва.

Ротблат прадугледжвае стварэньне «файлаў розуму» — калекцыяў зьвестак з розных крыніц, у тым ліку фатаграфіяў, якія мы загружаем у Facebook, абмеркаваньняў і меркаваньняў, якімі мы дзелімся на форумах або ў блогах, і іншых узаемадзеяньняў у сацыяльных сетках, якія адлюстроўваюць наш жыцьцёвы вопыт і наш унікальны «я»[7][21].

Рычард Грандморын[22] абагульніў канцэпцыю лічбавай неўміручасьці наступным раўнаньнем: «сэмантычны аналіз + выкарыстаньне сацыяльнага інтэрнэту + штучны інтэлект = несьмяротнасьць».

Некаторыя лічаць, што фатаграфіі, відэа, гукавыя кліпы, паведамленьні ў сацыяльных сетках і іншыя зьвесткі пра сябе ўжо можна лічыць такім архівам[23][7][24][21].

Сюзана Ашэ сьцьвярджае[25]:

Такім чынам, у якасьці, спадзяюся, мінімалістычнага вызначэньня, лічбавую неўміручасьць можна прыкладна разглядаць як асобна арыентаванае сховішча, якое зьмяшчае копію ўсяго, што чалавек бачыць, чуе, кажа ці стварае на працягу свайго жыцьця, уключаючы фатаграфіі, відэа, аўдыёзапісы, фільмы, тэлевізійныя шоў, музычныя альбомы/кампакт-дыскі, ґазэты, дакумэнты, дзёньнікі й журналы, інтэрвію, сустрэчы, любоўныя лісты, нататкі, паперы, творы мастацтва й гэтак далей, і гэтак далей; і калі ня ўсё, то прынамсі столькі, колькі чалавек мае й патрабуе часу й клопатаў, каб уключыць. Асоба чалавека, профілі эмоцыяў, думкі, перакананьні й вонкавы выгляд таксама фіксуюцца й інтэгруюцца ў штучна інтэлектуальнага, інтэрактыўнага, размоўнага аґента/аватара. Гэты аватар адказвае (й, магчыма, «прыраўноўваецца») сабранаму матэрыялу ў сховішчы, каб аґент мог стварыць ілюзію наяўнасьці фактычных успамінаў, думак і перакананьняў самога чалавека.

— Susanne Asche, Kulturelles Gedächtnis im 21. Jahrhundert: Tagungsband des internationalen Symposiums, Digital Immortality & Runaway Technology.

Працэс каліброўкі

рэдагаваць

У працэсе каліброўкі біялягічныя людзі жывуць у той жа час, што й іхны артэфакт у крэмніі. Крамянёвы артэфакт адкалібраваны так, каб быць як мага бліжэй да адпаведнага чалавека. Падчас гэтага працэсу пастаянныя абнаўленьня, сынхранізацыя і ўзаемадзеяньне паміж двума розумамі будуць падтрымліваць двайныя розумы як адзін[7][21].

Ідэя лічбавай неўміручасьці й злучаная зь ёй канцэпцыя загрузкі прытомнасьці ўтрымоўвае мноства парадоксаў. Так, калі магчыма стварыць дакладную копію сьвядомасьці, то можна стварыць і некалькі такіх копіяў (як віртуальных, так і матэрыяльных), а таксама, як варыянт, захаваць жывы арыгінал паралельна створанаму[26]. З матэрыялістычнага пункту гледжаньня, сьвядомасьць неаддзельная ад цела, а інтэрпрэтацыі падобныя да такой, як «адна й тая ж асоба існуе ў некалькіх месцах прасторы адначасова», адпрэчваюцца як абсурдныя, і ўсе копіі прызнаюцца раўназначнымі на момант стварэньня, разьвіваючыся далей кожная па сваім шляху, прыкладна, як двайняты[26]. Згодна з тым жа пунктам гледжаньня перанос сьвядомасьці немагчымы, нават калі арыгінал зьнішчаецца падчас счытваньня, бо ў такім выпадку гіне матэрыяльны носьбіт сьвядомасьці — мозг, гэта значыць тэарэтычна магчыма толькі капіяваньне (у любой колькасьці)[26]. Часам падобная аргумэнтацыя дапаўняецца ідэалістычнымі сьцьвярджэньнямі, што адна й тая ж асоба ня можа быць субʼектам больш за адзін жыцьцёвы досьвед адначасова, таму й ня можа існаваць у двух месцах адначасова. Такім чынам, нельга стварыць нават адной копіі прытомнасьці (копіі з захаваньнем арыгінала).

Некаторыя філёзафы лічаць, што канцэпцыя выгрузкі й загрузкі прытомнасьці заснавана на няслушным вучэньні аб незалежнасьці асобы ад цела. Згодна з пунктам гледжаньня выяўленай, напрыклад, Корлісам Ламонтам, асоба ўяўляе сабой жыцьцё, функцыю або дзейнасьць цела. Гэта — дзеючае цела, цела, якое жыве; дакладней, гэта — цела, якое дзейнічае й якое жыве вызначаным чынам, цесна зьвязаным з галаўным мозгам і з астатняй цэнтральнай нэрвовай сыстэмай. На ягоную думку, асоба можа быць абстрагаваная ад чалавечага цела не ў большай ступені, чым дыханьне або страваваньне. Гэта значыць асоба, такім чынам, зьяўляецца якасьцю цела, а не незалежна існуючай рэччу. Ламонт лічыць, што асоба зьяўляецца такой жа неадʼемнай якасьцю мозгу, як чырвоны колер зьяўляецца неадʼемнай якасьцю чырвонай ружы.

Калі разглядаць гіпотэзу аб квантавай прыродзе сьвядомасьці, то важным аргумэнтам супраць магчымасьці загрузкі сьвядомасьці зьяўляецца Тэарэма аб забароне кланаваньня квантавай тэорыі, якая кажа аб немагчымасьці стварэньня ідэальнай копіі адвольнага невядомага стану. Зь іншага боку, калі квантавыя працэсы ня вельмі істотныя для чалавечае сьвядомасьці, то дастаткова дакладнасьці капіяваньня квантавай інфармацыі стану мозгу, дапушчальна гэтай тэарэмай.

Таксама гіпотэза аб магчымасьці «загрузкі сьвядомасьці» й лічбавай неўміручасьці крытыкуецца з боку дуалістычных тэорыяў сьвядомасьці, якія пастулююць існаваньне нематэрыяльнай духоўнай субстанцыі — душы, якую, як лічаць дуалісты, нельга змадэляваць альбо перанесьці на іншы носьбіт.

  1. ^ Тэрміналёгія грамадазнаўства., Менск: Інбелкульт, 1926 — Slounik.org, 2003—2023
  2. ^ Кандрат Крапіва Беларуска-расейскі слоўнік. (Больш за 110.000 словаў). — 4-е выд., перапрац. і дап. — Менск: Пад рэд. А.Лукашанца; НАН Беларусі, Ін-т мовы й літаратуры імя Якуба Коласа й Янкі Купалы, 2012. — (Беларуская Энцыкляпэдыя). — ISBN 978-985-11-0613-0
  3. ^ Расейска-беларускі слоўнік. Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1928. — Укладальнікі: Сьцяпан Некрашэвіч, Мікола Байкоў. — Slounik.org, 2003—2023
  4. ^ Ross Farnell. «Science Fiction Studies» Attempting Immortality: AI, A-Life, and the Posthuman in Greg Egan’s «Permutation City». — Vol. 27. — P. 69–91. (анг.)
  5. ^ Graziano, Michael S. A. Rethinking consciousness : a scientific theory of subjective experience. — 1. — New York, NY: 2019. — ISBN 978-0-393-65261-1
  6. ^ Parkin, Simon (2015) Back-up brains: The era of digital immortality. BBC. (анг.)
  7. ^ а б в г Rothblatt, Martine Virtually Human: The Promiseand the Perilof Digital Immortality. — ISBN 978-1491532911 (анг.)
  8. ^ Sofka, Carla Dying, Death, and Grief in an Online Universe: For Counselors and Educators. — 2012. — ISBN 978-0826107329 (анг.)
  9. ^  DeGroot, Doug Intelligent Virtual Agents: 4th International Workshop, IVA 2003, Kloster Irsee, Germany, September 15-17, 2003, Proceedings (Lecture Notes in… / Lecture Notes in Artificial Intelligence). — ISBN 978-3540200031 (анг.)
  10. ^ Simon Parkin (2015-01-23) Back-up brains: The era of digital immortality. BBC. Праверана 2016-10-03 г. (анг.)
  11. ^ Cohan Peter (2013) Google’s Engineering Director: 32 Years To Digital Immortality. Forbes.
  12. ^ Tanya Lewis (2013) The Singularity Is Near: Mind Uploading by 2045? (анг.)
  13. ^ Jonathan Strickland (2011) How Digital Immortality Works (анг.)
  14. ^ US Government funds virtual reality researchBioethics.com, 2007 (анг.)
  15. ^ What is Digital Immortality?. Digital-immortality.org. Архіўная копія ад 2013-06-05 г. (анг.)
  16. ^ Eördögh Fruzsina (7 May 2013) Russian Billionaire Dmitry Itskov Plans on Becoming Immortal by 2045 Архіўная копія ад 24 траўня 2015 г. (анг.)
  17. ^ Ghost In The Machine: Living Forever As A Digital Avatar (анг.)
  18. ^ Hurtado Joshua Hurtado Towards a postmortal society of virtualised ancestors? The Virtual Deceased Person and the preservation of the social bond. — Vol. 28. — P. 90–105. — ISSN 1357-6275. — DOI:10.1080/13576275.2021.1878349 (анг.)
  19. ^ Digital Immortality, by Gordon Bell and Jim Gray, Microsoft Research
  20. ^ Bainbridge William Sims Personality Capture and Emulation. — ISBN 978-1-4471-5604-8
  21. ^ а б в Would You Clone Your Mind to Live Forever? Virtually Human. The Escapist (23 September 2014).
  22. ^ soon immortal (@soon_immortal) op Twitter. Twitter.com.
  23. ^ Computertechnik und Sterbekultur. — 2014. — ISBN 978-3-643-11071-8
  24. ^ What happens to us on the internet when we die?. The Week (16 May 2015).
  25. ^ Asche Susanne Kulturelles Gedächtnis im 21. Jahrhundert: Tagungsband des internationalen Symposiums. — KIT Scientific Publishing. (ням.)
  26. ^ а б в Станіслаў Лем Сума тэхналёгіі. — 1964 — Wydawnictwo Literackie (пол.)