Лявон Мурашка
Лявон Мурашка (1924; в. Сіняўка, цяпер Клецкі раён, Менская вобласьць, Беларусь — 2009, Вільня) — беларускі і летувіскі опэрны сьпявак (бас), актыўны дзяяч беларускай дыяспары ў Летуве. Заслужаны артыст (1974) і дзяяч мастацтва Летувы (1984)[1].
Лявон Мурашка | |
Імя пры нараджэньні | Леанід Адамавіч Мурашка |
---|---|
Род дзейнасьці | Сьпевы |
Дата нараджэньня | 27 жніўня 1924 |
Месца нараджэньня | вёска Сіняўка, Нясьвіскі павет, Наваградзкае ваяводзтва, Заходняя Беларусь, Польская рэспубліка |
Дата сьмерці | 9 сакавіка 2009 |
Месца сьмерці | Вільня, Летува |
Месца пахаваньня | |
Грамадзянства | Летува |
Месца вучобы | |
Занятак | опэрны сьпявак |
Бацька | Адам Мурашка |
Узнагароды | Ляўрэат Маскоўскага конкурсу вакалістаў (1956) |
У 1936 г., у 12-гадовым узросьце, перасяліўся разам зь сям’ёй у Вільню. Паводле парады кіраўніка хору Рыгора Шырмы паступіў Віленскую беларускую гімназію. Аднак навучацца давялося ў расейскай гімназіі, якую скончыў у 1943 годзе. Найбольш вядомымі асобамі сярод настаўнікаў былі кампазытар Канстанцін Галкоўскі, ксёндз Адам Станкевіч, опэрныя сьпевакі Бэноні (зь Ля Скаля) і Павал Пракапеня[1].
У 1944—1946 гадах быў салістам Дзяржаўнага ансамблю песьні і танцаў БССР. З 1946 году — салістам Летувіскай філярмоніі. Адначасна паступіў у Летувіскую дзяржаўную кансэрваторыю, дзе навучаўся пад кіраўніцтвам опэрнага сьпевака Кіпрыяна Пятроўскага(ru) і прафэсара Канстанціна Галкоўскага. Скончыў кансэрваторыю ў 1950 годзе. У 1950—1988 гадах быў салістам Дзяржаўнага акадэмічнага тэатру опэры й балету Летувіскай ССР. Выканаў звыш 60 музычных партыяў (Герман з опэры «Яўген Анегін», Качубей з опэры «Мазэпа»). У 1956 годзе стаў ляўрэатам усесаюзнага конкурсу вакалістаў у Маскве. Меў пасьпяховыя канцэртныя выступленьні ў Вугоршыне, Гішпаніі, Італіі, Нямеччыне, Польшчы, Румыніі, Чэхаславаччыне і Югаславіі. Звыш 20 год выкладаў сольныя сьпевы ў Віленскай дзяржаўнай кансэрваторыі[1].
Апошнія 20 гадоў жыцьця быў рэгентам архіерэйскага хору праваслаўнага Сьвята‑Духавага манастыра ў Вільні.
Кіраваў Згуртаваньнем беларускіх грамадзкіх суполак Летувы, быў сябрам Вялікай Рады ЗБС «Бацькаўшчына». Актыўна супрацоўнічаў зь беларускай амбасадай у Вільні.
Пахаваны на віленскіх Эўфрасіньнеўскіх могілках.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Яраслаў Мальдзіс, Сьвятлана Карпучок. Мурашка Леанід (Лявон, Леанідас) Адамавіч // Зьвязда : газэта. — 3 жніўня 2011. — № 145 (27009). — С. 11. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Наша Ніва, Памёр Лявон Мурашка
- Лявон Трэці — Сяргей Дубавец // Беларускія Навіны, 11.03.2009