Кіеўская мітраполія Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату
Каардынаты: 50°26′0″ пн. ш. 30°33′38″ у. д. / 50.43333° пн. ш. 30.56056° у. д.
Кіеўская мітраполія — мітраполія Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, заснаваная ў 988 годзе Канстатынопальскім патрыярхатам (Бізантыйская імпэрыя; цяпер Турэччына).
Кіеўская мітраполія | |
укр. Київська митрополія | |
Абрэвіятура | КМ |
---|---|
Дата ўтварэньня | 988 |
Штаб-кватэра | Кіева-Пячэрская лаўра |
Месцазнаходжаньне | Кіеў (Украіна) |
Кіеўскі мітрапаліт | Ануфры (Беразоўскі) |
Кіраўнік адмін.апарату | Віктар (Кацаба) |
Загаднік Канцылярыі | Ігар Базарынскі |
Матчына кампанія | Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату |
Колькасьць супрацоўнікаў | 381 сьвятар (2017 г.) |
Сайт | mitropolia.kiev.ua |
Склад
рэдагавацьНа 2017 год Кіеўская мітраполія налічвала 168 храмаў і 2 капліцы ў 15 дабрачыньнях Кіева: Абалонскае (12 храмаў), Галасееўскае (14 храмаў і 1 капліца), 1-е Дарніцкае (14 храмаў), 2-е Дарніцкае (12), Дзясьнянскае (10 храмаў і 1 капліца), Дняпроўскае (10 храмаў), Кладавішчанскае (11), 1-е Лякарневае (8), 2-е Лякарневае (8), Падольскае (12), Пячорскае (14), Саломенскае (12), Сьвятошынскае (13), 1-е Шаўчэнкаўскае (9) і 2-е Шаўчэнкаўскае (9)[1]. Таксама працавала 14 манастыроў, зь іх 10 мужчынскіх: Арханёла-Міхайлаўскі Зьвярынецкі, Дабравешчанскі, Дзесяцінны, Кіева-Пячэрская лаўра, Кітаеўская пустынь, Пакроўскі, Траецкія Ёнінскі і Кірылаўскі, Раства Багародзіцы, Увядзенскі[2]. У япархіі служыў 381 сьвятар: 186 пратаярэееў, 134 ярэі, 41 дыякан, 11 протадыяканаў і 9 архімандрытаў[3]. Таксама ў япархіі дзейнічалі Літургічная і Юбілейная камісіі і 13 аддзелаў: архітэктуры, будаўніцтва і помнікаў царкоўнай архітэктуры; аховы здароўя і пастырскай апекі мэдычных установаў; дабрачыннасьці і грамадзкага служэньня; духоўна-фізычнага выхаваньня моладзі; інфармацыйна-асьветніцкі; місіянэрскі; у справах моладзі; рэлігійнай асьветы і катэхізацыі; у справах сям’і; пастырскай апекі турэмнай сыстэмы; узаемінаў з Узброенымі сіламі і іншымі вайсковымі фармаваньнямі Ўкраіны; юрыдычны[4]. Вікарыямі Кіеўскай мітраполіі выступалі 3 мітрапаліты, 6 архіяпіскапаў і 8 япіскапаў[5].
Мінуўшчына
рэдагавацьУ 988 годзе Канстантынопальскі патрыярхат (Бізантыйская імпэрыя; цяпер Турэччына) утварыў Кіеўскую мітраполію ў выніку хрышчэньня Кіеўскай Русі вялікім князем Уладзімерам Сьвятаславічам. У 1299 годзе кіеўскі мітрапаліт Максім перасяліўся ва Ўладзімер-на-Клязьме (цяпер Расея). У 1325 годзе яго наступнік Пятро Ратэнскі пераехаў у Маскву[6] (Вялікае Княства Маскоўскае). Пагатоў паводле 82-га правіла Картагенскага сабору 419 году (Заходняя Рымская імпэрыя; цяпер Туніс), «хай ня будзе дазволена ніякаму япіскапу пакідаць галоўнае места сваёй катэдры і адыходзіць да якойсьці царквы, што ў складзе яго япархіі»[7]. Тым часам у 1317 годзе ў Наваградку (Вялікае Княства Літоўскае; цяпер Беларусь) Канстантынопальскі патрыярхат заснаваў Літоўскую мітраполію. 15 сьнежня 1448 году Сабор япіскапаў Вялікага Княства Маскоўскага абраў маскоўскім мітрапалітам Ёну Аднавушава, якога канстантынопальскі патрыярх адмовіўся зацьвердзіць. У 1458 годзе Канстантынопальскі патрыярхат (Асманская імпэрыя) аднавіў Кіеўскую мітраполію (Вялікае Княства Літоўскае; цяпер Украіна) ў сувязі з утварэньнем адасобленай Маскоўскай мітраполіі (Вялікае Княства Маскоўскае)[6]. Маскоўскі сабор 1459 году ўтварыў «Маскоўскую царкву»[8], што Канстантынопальская праваслаўная царква (Асманская імпэрыя) палічыла за некананічны раскол (схізму). У 1589 годзе Канстантынопальскі патрыярхат прызнаў самастойнасьць (аўтакефалію) Маскоўскай царквы ў межах Маскоўскага царства.
Пасьля Берасьцейскай уніі 1596 году Кіеўскую мітраполію пад націскам на вышэйшае духавенства перападпарадкавалі рымскаму папу ў выглядзе Рускай уніяцкай царквы. У выніку адбыўся раскол праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай. У 1620 годзе ерусалімскі патрыярх Тэафан ІІІ на даручэньне канстантынопальскага патрыярха Цімафея II аднавіў Кіеўскую праваслаўную мітраполію і высьвяціў на мітрапаліта Ёва Барэцкага. У ліпені 1685 году кіеўскім мітрапалітам абралі Гедэона Сьвятаполк-Чацьвярцінскага (Гетманшчына), якога 8 лістапада высьвяціў маскоўскі патрыярх Ёакім за прысягу Маскоўскаму патрыярхату[6]. Пагатоў паводле 8-е правіла Эфэскага сабору 431 году (Бізантыйская імпэрыя; цяпер Турэччына) патрабуе, «каб ніхто з богаласкавых япіскапаў не распаўсюджваў сваю ўладу на чужую япархію, якая раней і спачатку не была пад яго рукой, або яго папярэднікаў»[9]. Таксама паводле 2-га правіла 1-га Канстантынопальскага сабору 381 году (Рымская імпэрыя), «Абласныя япіскапы хай не распаўсюджваюць сваёй улады на цэрквы за межамі сваёй вобласьці»[10].
У 1686 годзе маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч прапанаваў Асманскай імпэрыі дамову аб міры з умовай згоды новага канстантынопальскага патрыярха Дыянісія на перадачу Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату[11]. У траўні 1686 году патрыярх Дыянісі выдаў грамату аб перадачы Кіеўскай мітраполіі маскоўскаму патрыярху, за што атрымаў ад маскоўскага пасла Мікіты Аляксеева 400 залатых манэтаў і 120 сабаліных шкурак[12]. У 1687 годзе Канстантынопальскі сабор пазбавіў Дыянісія патрыяршага пасаду за хабарніцтва (грэцк. сыманію), празь якое той адмовіўся ад Кіеўскай мітраполіі на карысьць маскоўскага патрыярха[13]. З 1721 году Кіеўскую мітраполію падпарадкавалі Сьвяцейшаму ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі, якое было ведамствам ураду.
21 кастрычніка 1921 году Ўсеўкраінскі царкоўны сабор абраў кіеўскім мітрапалітам Васіля (Ліпкоўскага). У межах Украінскай ССР мітрапаліт узначаліў Украінскую аўтакефальную праваслаўную царкву, якая спыніла існаваньне ў 1937 годзе ў выніку перасьледу з боку бальшавікоў. У 1941 годзе Кіеўская мітраполія аднавіла дзейнасьць у складзе Ўкраінскага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы. У 1990 годзе ўвайшла ў склад Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату[6].
Мітрапаліты
рэдагаваць- Міхаіл (988—992)
- Лявонці (992—1008)
- Тэафілакт (1008—1018)
- Ян I (1019—1035)
- Феапемпт (1035—1049)
- Кірыл I (1049—1051)
- Іларыён (1051—1055)
- Яфрэм І (1055—1061)
- Георгі (1062—1073)
- Ян II (1076—1089)
- Ян III (1089—1091)
- Яфрэм ІІ (1091—1097)
- Мікалай (1097—1101)
- Нікіфар I (1104—1121)
- Мікіта (1122—1126)
- Міхаіл II (1130—1145)
- Клімент Смаляціч (1147—1156)
- Кастанцін I (1156—1159)
- Фёдар (1161—1163)
- Ян IV (1164—1166)
- Кастанцін II (1167—1169)
- Міхаіл ІІІ (1171—1179)
- Нікіфар II (1182—1198)
- Мацьвей (1200—1220)
- Кірыл II (1225—1236)
- Восіп (1237—1240)
- Пятро Акеравіч (1242—1246)
- Кірыл III (1247—1281)
- Максім (1285—1305)
- Пятро Ратэнскі (1308—1326)
- Феагност (1328—1353)
- Аляксей (Бяконт) (1354—1378)
- Міхаіл (Міцяй) (1378—1380)
- Пімен (1382—1384)
- Дыянісі (1384—1385)
- Кіпрыян (1385—1406)
- Фоці (1409—1431)
- Герасім (1433—1435)
- Ісідор (1437—1441)
- Ёна Аднавушаў (1442—1458)
- Рыгор II Баўгарын (1458—1473)
- Місаіл Пструч (1474—1480)
- Сьпірыдон (1480—1481)
- Сімяон (1481—1488)
- Ёна Глезна (1492—1494)
- Макар І (1495—1497)
- Восіп Баўгарын (1498—1501)
- Ёна ІІ (1503—1507)
- Язэп Солтан (1508—1521)
- Восіп ІІІ Русін (1522—1533)
- Макар ІІ Масквіцянін (1534—1555)
- Сыльвэстар (Бялькевіч) (1556—1567)
- Ёна ІІІ (Пратасевіч) (1568—1577)
- Ільля (Куча) (1577—1579)
- Анісідор (Дзевачка) (1579—1589)
- Міхал Рагоза (1589—1599), з 1596 году ўніяцкі
- Іпаці Пацей (1599—1613), уніяцкі
- Язэп Руцкі (з 1613-га), уніяцкі
- Ёў (Барэцкі) (1620—1631)
- Ісая Капінскі (1631—1633)
- Пятро Магіла (1633—1646)
- Сыльвэстар Косаў (1647—1657)
- Дыянісі (Балабан) (1658—1663)
- Восіп (Нелюбовіч-Тукальскі) (1663—1676)
- Антоні Віньніцкі (1676—1679)
- Лазар (Барановіч) (1679—1685)
- Гедэон (Чацьвярцінскі) (1685—1690)
- Варлаам (Ясінскі) (1690—1707)
- Ёасаф (Кракоўскі) (1708—1718)
- Варлаам (Ванатовіч) (1722—1730), архіяпіскап
- Рафаіл (Збароўскі) (1731—1747)
- Цімафей (Шчарбацкі) (1748—1757)
- Арсень (Магілянскі) (1757—1770)
- Гаўрыла (Крамянецкі) (1770—1783)
- Самуіл (Мсьціслаўскі) (1783—1796)
- Ерафей (Маліцкі) (1796—1799)
- Гаўрыла (Банулеску-Бадоні) (1799–1803)
- Серапіён (Аляксандраўскі) (1803—1822)
- Яўген (Балхавіцінаў) (1822—1837)
- Філарэт (Амфітэатраў) (1837—1857)
- Ісідор (Нікольскі) (1858—1860), архіяпіскап
- Арсень (Масквін) (1860—1876), архіяпіскап
- Філафей (Усьпенскі) (1876—1882)
- Платон (Гарадзецкі) (1882—1891)
- Янікі (Руднеў) (1891—1900)
- Феагност (Лебедзеў) (1900—1903)
- Флавіян (Гарадзецкі) (1903—1915)
- Уладзімер (Богаяўленскі) (1915—1918)
- Антоні (Храпавіцкі) (1918—1919)
- Назар (Бліноў) (1919—1921), архіяпіскап
- Васіль (Ліпкоўскі) (1921—1927)
- Мікола (Барэцкі) (1927—1930)
- Іван (Паўлоўскі) (1930—1936)
- Канстанцін Дзьякаў (1937)
- Аляксандар (Пятроўскі) (1937—1938)
- Мікалай (Ярушэвіч (1941—1944)
- Ян (Сакалоў) (1944—1964)
- Ёасаф (Лялюхін) (1964—1966)
- Філарэт (Дзенісенка) (1966—1992)
- Уладзімер (Сабадан) (1992—2014)[14]
- Ануфры (Беразоўскі) (з 2014-га)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Храмы (укр.) // Кіеўская мітраполія Ўкраінскай праваслаўнай царквы (МП), 2017 г. Праверана 3 сьнежня 2017 г.
- ^ Манастыры (укр.) // Кіеўская мітраполія Ўкраінскай праваслаўнай царквы (МП), 2017 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
- ^ Япархія ў абліччах (укр.) // Кіеўская мітраполія Ўкраінскай праваслаўнай царквы (МП), 2017 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
- ^ Епархіяльныя аддзелы (укр.) // Кіеўская мітраполія Ўкраінскай праваслаўнай царквы (МП), 2017 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
- ^ Вікарыі (укр.) // Кіеўская мітраполія Ўкраінскай праваслаўнай царквы (МП), 2017 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
- ^ а б в г Гісторыя Кіеўскай мітраполіі (укр.) // Сьвята-Ільлінская царква Кіеўскай мітраполіі УПЦ (МП), 2008 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
- ^ Правілы Картагенскага сабору (рас.) // Бібліятэка Якава Кротава, 2017 г. Праверана 11 верасьня 2017 г.
- ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни (рэпрынт: Буэнос-Айрес, 1966) — Минск: Белорусский экзархат Русской православной церкви, 1990. С. 116.
- ^ Правілы Эфэскага сабору 431 г. (рас.) // Бібліятэка Якава Кротава, 2017 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
- ^ Правілы 2-га Сусьветнага сабору 381 году ў Канстантынопалі (рас.) // Праваслаўная энцыкляпэдыя «Сядміца», 2017 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
- ^ Аляксандар Крамар. Патрыярхат-рэйдэр (укр.) = Патріархат-рейдер // Украінскі тыдзень : часопіс. — 11 лютага 2011. — № 6 (171). — ISSN 1996-1561.
- ^ Павал Саладзько. Гісторыя і сучаснасьць украінскага праваслаўя (укр.) // Анлайн-выданьне «Гістарычная праўда» (Кіеў), 25 ліпеня 2013 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
- ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни (рэпрынт: Буэнос-Айрес, 1966). — Минск: Белорусский экзархат Русской православной церкви, 1990. С. 209.
- ^ Сьпіс Кіеўскіх мітрапалітаў (укр.) // Сьвята-Ільлінская царква Кіеўскай мітраполіі УПЦ (МП), 2008 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Кіева-Пячэрская лаўра (укр.)