Край (арганізацыя)

колішняя беларуская патрыятычная моладзевая арганізацыя

«Край» — колішняя беларуская спартова-патрыятычная арганізацыя нацыяналістычнага кірунку. Мелі мянушку «краёўцы» ды спокліч «Бог, Беларусь, Воля!».

Край
Дэвіз «Бог, Беларусь, Воля!»
Дата ўтварэньня 1997 рок
Дата спыненьня існаваньня 2001 рок
Тып спартова-патрыятычная арганізацыя
Юрыдычны статус незарэгістраваная
Штаб-кватэра Менск
Месцазнаходжаньне Нацыянальны сьцяг Беларусі Беларусь
Афіцыйныя мовы беларуская
Вадзім Кабанчук
Анатоль Міхнавец

Падставы для ўступленьня ў арганізацыю

рэдагаваць

У склад арганізацыі мог увайсьці той, каму споўнілася 16 гадоў, хто годна прайшоў кандыдацкі тэрмін. Пасьля прыняцьця прысягі на вернасьць Беларусі ён мог стаць сябрам «Краю». Хлопцы ад 14 да 16 гадоў мелі магчымасьць увайсьці ў склад краёвага юнацтва.

Паводле выпуска «Нашае Нівы» за 8 лістапада 1999 году, «Край» меў 3 функцыі:

  • Выхаваўчая функцыя: увесь час праводзіліся вышкалы й летнікі. Хлопцы працавалі ў спортзалях, а таксама займаліся прапагандай здаровага ладу жыцьця.
  • Прапаганда ідэалёґіі беларускага нацыяналізму.
  • Нацыяабарончая дзейнасьць.

Ідэалёґія

рэдагаваць
  • Асаблівую ўвагу ўдзельнікі зьвярталі на вэтэранаў беларускага вызвольнага руху, аказвалі ім падтрымку.
  • Краёўцы кіраваліся прынцыпамі хрысьціянскай маралі ды мелі ідэалістычны сьветапогляд.
  • Пра абвінавачваньні ў нацыяналізьме ў 1999 годзе газэце «Ніва» краёўцы паведамілі:

А мы і ёсьць нацыяналісты. У нармальным сэнсе гэтага слова. Людзей іншых нацыянальнасьцяў, якія разам з намі змагаюцца за незалежнасьць Беларусі, лічым сваімі братамі. Да тых, хто падтрымлівае нашу барацьбу, ставімся талерантна. А тыя, хто выступае супраць беларускага нацыянальнага адраджэньня — нашы ворагі. «Край» адмаўляе імпэрыялізм і шавінізм, камунізм і фашызм, касмапалітызм і псэўданацыяналізм.

  • Пра вайсковасьць арганізацыі на акцыях кіраўнікі распавялі:

Хутчэй нешта накшталт краёвай абароны ці нацыянальнай гвардыі. Мы змагаемся за Беларусь, а не за пасады, за права беларусаў быць гаспадарамі сваёй долі й дзяржавы, а не за магчымасьць панаваць над уласным народам. Якая б ні была ўлада ў Беларусі, мы будзем яе падтрымліваць толькі датуль, пакуль яна дзейнічае ў інтарэсах нацыі, а не ў сваіх уласных.

  • Арганізацыя ахвотна падтрымлівала тых, хто, на іх думку, «стаіць на грунце беларускай нацыянальнай ідэі, для каго мэта — пабудова Беларускай Незалежнай Нацыянальнай Дзяржавы».

Гісторыя

рэдагаваць

Арганізацыя была заснаваная 20 кастрычніка 1998 року маладымі беларускімі патрыётамі, якія расчараваліся ў існуючых палітычных партыях і арганізацыях, якія, на іх думку, «здавалі адну пазыцыю за другой у барацьбе за незалежнасьць Беларусі». Расчараваліся і ў правых арганізацыях, якія таксама бязьдзейнічалі. Таму яны ўтварылі «Край».

Актыўную дзейнасьць «Край» распачаў зь вясны 1999 году. Кіраўніцтва арганізацыі даведалася, што 10 траўня 1999 году ў Горадні пройдзе сэсія парлямэнтарыяў «расейска-беларускага хаўрусу». Яны павінны былі падпісваць нейкую хаўрусную дамову. Тэрмінова была зарганізаваная акцыя: шэсьце з паходнямі па цэнтры Горадні 40 маладых патрыётаў, апранутых у камуфляж ды бярэты з пагоняй; гэта адбылося 25 красавіка. На іх былі кінутыя міліцыянты ды амапаўцы. У бойцы былі пацярпелыя з абодвух бакоў. Каля 14 хлопцаў трапілі за краты на некалькі дзён. Галоўная мэта арганізацыі была дасягнутая — сэсію ў Горадні скасавалі. Пра гэтыя падзеі шырока пісала прэса (напрыклад, «Навіны», № 45, 1999, артыкул «Гвардзейцы свабоды» са здымкам).

Пачынаючы з 1998 г. «Край» рэгулярна (нават зімой) праводзіў вышкалы сваіх сяброў. Празь іх прайшлі многія сотні маладых людзей. І далёка ня ўсе зь іх прайшлі адбор у арганізацыю.

«Край» ад самага пачатку выдаваў ўлёткі, брашуры, газэты. Некаторая літаратура толькі для ўнутранага карыстаньня, некаторая распаўсюджвалася досыць шырока. Выданьні «Краю» выходзілі і ў правінцыі. Асабліва моцныя пазыцыі арганізацыі былі на Палесьсі, Меншчыне, Віцебшчыне, Гарадзеншчыне. «Край» ад пачатку змагаўся з РНА. Свае «подзьвігі» арганізацыя не афішыявала ў апазыцыйных газэтах. Арганізацыя правяла некалькі гучных акцыяў. Напрыклад, усталяваньне крыжа слуцкім паўстанцам у Вызьне 27 лістапада 1999 року, калі на некалькі гадзінаў «Край» апанаваў гэтае мястэчка. Краёўцы ўдзельнічалі ў многіх акцыях апазыцыі ў Менску, арганізавана знаходзячыся на дэманстрацыях, каб у патрэбны момант абараніць безабаронных людзей ад міліцыі ці АМАП.

16 студзеня 1999 году ў Горадні адбылася сустрэча ўдзельнікаў беларускага нацыянальна-вызвольнага руху 1940-50 гадоў з прадстаўнікамі патрыятычных моладзевых арганізацыяў. Чынны ўдзел у падрыхтоўцы сустрэчы таксама прынялі дзецюкі са спартова-патрыятычнай арганізацыі «Край». Пачалася імпрэза гімнам «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які сьпяваў гарадзенскі хор «Бацькаўшчына». Пад словы гімну краёўцы ўнесьлі ў залу бел-чырвона-белы сьцяг. Вэтэраны беларускага вызвольнага руху са сьлязамі на вачах сьпявалі гімн разам з хорам.

З пачатку 2000 року арганізацыя выдавала газэту «Голас Краю». Пра яе пачалі пісаць зарэгістраваныя незалежныя газэты кшталту «Нашай Нівы». Сярод брашураў, выдадзеных «Краем», ёсьць і такія: «Абэцэда беларускага нацыяналізму», «Чаму беларус абавязаны быць нацыяналістам», «Нацыяналізм у сьвеце» ды іншыя.

Варта адзначыць, што ад самага пачатку кіраўніцтва арганізацыі зрабіла стаўку на кансьпірацыю. Усе сябры «Краю» мелі мянушкі. Называць свае імёны, месца працы ці жыхарства было строга забаронена. Была выбудаваная жорсткая вэртыкальная структура, у якой шараговы актывіст ведаў толькі свайго зьвязнога камандзера. Пасьля ад’езду ў эміграцыю Жарнасека й выбараў прэзыдэнта ў 2001 годзе частка кіраўнікоў арганізацыі сыйшла ў глыбокае падпольле, некаторыя эмігравалі (В. Кабанчук). Гэта было выклікана здрадай беларускае дэмакратычнае апазыцыі, якую тады падтрымалі «краёўцы». Справа ў тым, што сябры СПА «Край» ўзялі актыўны ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі 2001 року. Менавіта іхнімі намаганьнямі быў узяты штурмам Палац культуры прафсаюзаў на Кастрычніцкай плошчы 9 верасьня 2001 году, дзе быў разьмешчаны штаб дэмакратычнага руху. Аднак кандыдат ад аб’яднаных апазыцыйных сілаў Ганчарык і яго каманда не адважыліся тады аспрэчваць вынікі выбараў, абмежаваўшыся вусным пратэстам і назаўсёды адбіўшы ў актывістаў «Краю» жаданьне зьвязвацца з палітыкай і беларускай палітычнай апазыцыяй. Гэты момант прадстаўнікі арганізацыі апісалі ў кнізе «Нацыянальнае пакліканьне», якую апублікавалі неўзабаве.

Так самая моцная арганізацыя беларускіх нацыяналістаў перастала існаваць практычна ў адзін момант. Як вышэй адзначалася, глыбокая кансьпірацыя спрычынілася да таго, што пры зьнікненьні кіраўніцтва шараговыя актывісты расьцярушыліся па ўсёй Беларусі.

Апошні раз у прэсе прозьвішчы былых кіраўнікоў «Краю» Вадзіма Кабанчука і Анатоля Міхнаўца ўсплылі падчас прэзыдэнцкіх выбараў у 2010 годзе. Яны ўваходзілі ў дружыну Віталя Рымашэўскага й прыймалі ў яго кампаніі актыўны ўдзел. Але сябе пазыцыянавалі як прыватных асобаў і ніяк ня згадвалі пра сваю дзейнасьць у арганізацыі «Край».

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць