Ко́пны суд — суд сельскай, часам гарадзкой грамады на Беларусі[2].

Копны суд у ВКЛ
У статуце ВКЛ 1588 году абвешчана: А на Руси и инде, где здавна копы бывали, там мают быти и тепер копы отравованы на старых коповищах тым обычаем, яко первей того бывало. А на тых теж местцах, где досель копы небывали, таковым же порядком и поступком копы збираны и отправованы быти мають, яко ся и на Руси заховывало и заховуеть[1]

Узьніклі ў старажытныя часы, і ў іх дзейнасьці доўгі час захоўваліся многія магічныя й паганскія абрады[3]. Зьбіраўся на вызначаным месцы — капаві́шчы (ці ко́пішчы), ад чаго й пайшла назва. Дзейнічаў на аснове звычаёвага права, аб’ядноўваў сьледчыя й судовыя функцыі. Разглядаў пераважна справы простых людзей, зрэдку фэадалаў (пра забойствы, грабяжы, крадзяжы, падпалы, патравы, зямельныя спрэчкі й інш.). Усе ўдзельнікі судаводзтва фармальна карысталіся роўнымі правамі[4].

Этымалёгія паходжаньня

рэдагаваць

Ка́па — старажытнае слова, якое ўтварылася ад дзеяслова капі́ць, капі́цца — зьбіраць, зьбірацца. Адсюль выходзіць, што капа ёсьць тое ж што збор, куча, натоўп.[5]

Вялі́кая ка́па, ва́льная ка́па - калі на капе зьбіралася шмат народу[5]
Сьвята́я капа — справядлівая капа[5]
Ру́ская капа — тая капа, што адбывалася ў Літоўскай вобласьці (Аршанскі павет)[5]
Капава́ць, капава́ньне — само дзеяньне капы (копнага суда)[5].

Скліканьне капы

рэдагаваць
Звычайная капа зьбіралася па ініцыятыве зацікаўленных асобаў у загадзьдзя вызначаны тэрмін, найчасьцей прымеркаваны да сьвятаў.[1]
Гвалтоўная (гарачая) капа зьбіралася звычайна на месцы злачынства ў выпадку забойства, падпалу, нападу, калі пацярпелы падымаў гвалт.[1]

Капа звычайна зьбіралася за вёскай, у лесе ці на мяжы з суседзкай грамадой.[1] Дзейнічаў копны суд на акрэсьленай тэрыторыі ў радыюсе прыкладна 2—3 мілі (15—20 км). Звычайная капа зьбіралася на пастаянным месцы, на капавішчы, дзе насыпалася ўзвышша, масьцілася зямля й рабіліся лавы. Гарачая капа, якая зьбіралася для пошуку злачынцы й яго затрыманьня адразу пасьля ўчыненьня злачынства, пастаяннага месца збору ня мела.[3]

У часы ВКЛ роля вызначэньня месца скліканьня ўскладалася на падкаморыяў:

  А естли бы укривжоный злодейством хотел шкоды своее доходити копою, тогды вси в той околицы вокол на милю со всих чотырех сторон мають казати подданым своим на копу сходиться, а то ся маеть розумети вперед не тые местца, где досимест копы не бывали, которые коповища кождый подкоморий в повете своем назначити и села тых, хто ся там становити будеть, описати маеть[1]  

Склад копнага суду

рэдагаваць

Найчасьцей на копны суд зьбіралася 10—20 судзьдзяў (колькасьць была пастаяннай[3]), якія й праводзілі капу (копны суд):

  • копныя мужы, копнікі[4],
  • не апошнюю ролю адыгрывалі кіраўнікі сялянскіх грамадаў — старцы'[1] (яны звычайна мелі добрую рэпутацыю, звычайна пажылыя людзі[4])
  • таксама на капе прысутнічаў прадстаўнік дзяржаўнай (княскай) ці панскай адміністрацыі — возны альбо віж — які наглядаў за захаваньнем копных звычаяў і копнага права[3]
  • зьбіраліся на капу і іншыя людзі, якія непасрэдна ня ўдзельнічаюць у разглядзе справаў, які маглі садзейнічаць копнаму правасудзьдзю й разам з тым пераймалі й засвойвалі копныя абрады, традыцыі й звычаі.[3]

Разгляд справаў

рэдагаваць

Копнае права не прытрымлівалася саслоўнага падзелу грамадзтва — таму ў некаторых актах копных судоў шляхціч, баярын і просты селянін выступалі як раўнапраўныя суб’екты. У копных судах разглядаліся пераважна справы простых людзей, але маглі разглядацца й справы, якія закраналі інтарэсы паноў, шляхты, асабліва тады, калі яны былі пазоўнікамі й зацікаўленыя ў хуткім выяўленьні й пакараньні злачынцы.[3] Падсуднасьць апраў копнаму суду не была дастаткова акрэсьлена.

У копным судзе разглядаліся наступныя справы:
  • аб забойстве,
  • аб калецтве й пабоях,
  • аб крадзяжах і грабяжах,
  • аб патравах,
  • па спрэчках аб межах сярод сялянаў[3],
  • аб псаваньні борцяў і забраньні мёду зь іх,
  • аб бойках,
  • аб рабаваньнях на дарогах,
  • аб маёмасных спрачках сярод сялянаў[1],
Копныя суды маглі разглядаць любыя справы аб злачынствах зьдзейсьненных на пасуднай ім тэрыторыі[1]

Дзейнасьць копнага суду

рэдагаваць

Судаводзтва мела звычайную й гвалтоўную формы.

Звычайная капа
  • Капа зьбіралася па ініцыятыве зацікаўленых асобаў у загадзя вызначаны тэрмін,
  • Удзельнікі копнага суду самі праводзілі расьсьледваньне, пры неабходнасьці адшуквалі злачынцу (гналі сьлед),
  • Сьледзтва на капе вялося звычайна на трох паседжаньнях — каб вызначыць вінаватасьць злачынцы,
  • Апошняе трэцяе паседжаньне капы называлася завітой капай (праводзіла сваё сьледзтва пад прысягай усіх копных мужоў, якія мусілі прысягнуць, што ім нічога не вядома аб злачынцы[3] й што яны не рабілі злачынства[4]), на якой завівалася (завяршалася) капа,
  • Сьледзтва абапіралася на матэрыяльныя доказы й паказаньні сьведкаў,
  • Калі капа не магла знайсьці доказаў злачынства й адсутнічалі сьведкі, падазронаму прапаноўвалі самому прызнацца ў зьдзяйсьненьні злачынства,
  • Калі падазроны не прызнаваўся, прымянялі катаваньне (проба, мука),
  • Першы допыт рабіўся з дубцом, калі пасьля гэтага абвінанвачаны не прызнаваўся, яго маглі катаваць вагнём,
  • у некаторых выпадках допыт вёў адмыслова запрошаны кат,
  • Прысуд капы залежыў ад вінаватасьці злачынцы, памераў учыненай ім шкоды[1],
  • Копны суд прыгаворваў:
    • да штрафу,
    • да пакрыцьця стратаў,
    • цялеснага пакараньня,
    • умоўнага асуджэньня,
    • выгнаньня[4],
    • сьмяротнага пакараньня (з дапамогай шыбеніцы),
    • сьмяротнага пакараньня праз чвартаваньне,
    • сьмяротнага пакараньня праз спаленьне.
  • Рашэньні копнага суду абавязкова заносіліся ў актавыя кнігі земскіх альбо гродзкіх судоў, лічыліся канчатковымі й, як правіла, выконваліся адразу.[1]
Гарачая капа
  • Ня мела пэўнага месца збору, бо зьбіралася на месцы злачынства,[1]
  • зьбіралася гарачая капа з бліжэйшых суседзяў і пачынала гнаць сьлед, прасьледваньні злачынцы[3],
  • калі ўдавалася злавіць злачынцу, то гэтая ж капа яго й судзіла,
  • згодна з копным правам злачынец мог быць пакараны адразу, нават сьмерцю.[3]

Пастановы копных судоў, як правіла, абскарджаньню не падлягалі й выконваліся адразу, але прысутныя возны альбо віж маглі затрымаць выкананьне.[3]

Дзейнасьць копных судоў у Беларусі спынілася ў канцы 18 стагодзьдзя[3] — пасьля далучэньня Беларусі да Расейскай імпэрыі й увядзеньня сыстэмы сельскага супольнага кіраваньня (сельскія таварыствы), якая не прадугледжвала права сялянаў на ажыцьцяўленьне судовых функцыяў. Копныя суды былі характэрнай зьявай у Беларусі й паўплывалі на фармаваньне своеасаблівых рысаў беларускага этнасу.[1]

Месцы скліканьня капаў

рэдагаваць

Капы праводзіліся ў наступных месцах[6]:

    • урочышча Станавішча (на мяжы вёсак Шчытнага й Ятвязі)
    • урочышча ў Брода
    • урочышча Гарнанка
    • урочышча на Градах (на мяжы маёнткаў Зьдзітавецкага Карэнева й Сіхновіч)
    • урочышча ў Пезьнецкага Фалева маста
    • урочышча Перакопа, што на Кобрынскім і Гарадзецкім гасьцінцы
    • на Бальцэўскай і Смаленскай мяжы
    • у маёнтку Быковічах
    • у Белавескай Пушчы, над рэчкай Нарэўка
    • ля Наваселецкай царквы
    • урочышча за Гарбаней у Будах
    • на мяжы двух маёнткаў — вёскі Каменя й Каменя ля вёскі Шляхецкая
    • у вёсцы Варатынічы на мяжы маёнтку Шляхецкі Камень, над ракою Валака ля пераправы
    • на мяжы зямель Віленскага падкамор'я Чыжа й Шухціцкіх і княскіх земляў вёскі Патрык
    • Сехнеўская мяжа з Машковічамі
    • урочышча Скокі на Кавярдзяцкай мяжы
    • урочышча Муравая
    • маёнтак Астрамеч, у полі, на мяжы вёскі Астрамеч
    • пад Алізаравым Ставам
    • урочышча за рэчкай Ушанка, на піўным месцы, на мяжы маёнткаў Грэбня й Віленскага біскупа
    • урочышча Дубок, на Прылепскай дарозе (з Менска ў Прылепы)
    • у маёнтку Гарэцкім (у бары)
    • на мяжы маёнткаў Зэбіна й Гатэя
    • на мяжы Лагойскай з Каладзежанамі
    • недалёка ад вёскі Драчкова ля возера, на мяжы Бакштанскай
    • ля вёскі Драчкова, над ракою Ожа
    • урочышча Праходы, каля маста, на мяжы Земерэцкай і Белічанскай земляў
    • на мяжы Рэваніцкай і Шыпянскай земляў
    • урочышча Акуліна, у бары на мяжы земляў Валчанскага й Заборскіх, недалёка ад дарогі, што вядзе ад вёскі Амлішава да вёскі Забор'я
    • насупраць вёскі Усяжы, на рацэ Усяжы
    • ля Чорнага Лесу на старой Барысаўскай дарозе
    • на зямлі Каладзейскай, на мяжы маёнткаў Селіцкага й Заазерскага
    • на дарозе з Лагойска да Каменя ля сяла Слагавоскае (урочышча Лужыцы)
    • на дарозе з Плешчаніцаў да Каменя
    • ля вёска Ільінскае, на рацэ Дрозд
    • на мяжы вёскі Пуцілаўка
    • у Андрыянаўцы, у Чэркаская зямлі
    • урочышча Ліпкі, на мяжы вёсак Стахава й Плотніцы
    • на рацэ Ясельда ля Лагішынскага маста
    • на мяжы вёсак Купяціч і Высокае, пад Крыжам
    • урочышча Алешка, на мяжы Ласасенскай і Сялецкай пушчаў
    • у Петралеўскім маёнтку на дарозе з Слоніма да Харашэвічаў і да Дзераўное
    • у маёнтку Агнешычы
    • урочышча ля Грушавай гары, ля Курганаў па-за дваром Цівінскага
    • у Хадакоўскай пушчы, ля царквы сьвятога Юр'я ў Міхновічах
    • урочышча Кладавішча на Касьцянеўскай дарозе
    • у вёсцы Крываны (яго княскай міласьці Жыжморскай)
    • у мястэчку Еўе
    • у Чырвонай вёсцы пана Прэтоцкага
    • у Бэкштанах (вёска Паморцкага пана Кішчынам)
    • пры мураваны кляштары ў Старых Троках
    • у вёсцы Сорак Татараў
    • мястэчка Руднікі (мястэчка княскай міласьці)
    • у вёсцы Палукна над рэчкай Лукна - за мастом насупраць хаты Пятруся Кудры
    • у мястэчку Валькенікі ў Лепунах
    • у мястэчку Ганусішкі
    • на Аліцкім гасьцінцу ў карчмы пана Станіслава Шчасновіча Стравінскага па-над Стравою
    • у мястэчку Самілішкі
    • пад Дзержыковымі ліпамі ў Бірулішках
    • у вёсцы Навасады (вёска пана войскага Троцкага, пана Бальцэра Раецкага)
    • на мяжы вёсак Прошчыца, Грэжына, Кулікова ва ўрочышчы Гарычыва ў бару
    • у мяжы вёскі Ганежыч
    • у вёсцы Балотчыцы

Вядомыя крыніцы копнага права

рэдагаваць

Дзеля больш дасканалага вывучэньня копнага права трэба праглядзець наступныя крыніцы (з парады складальнікаў 18 тома Актаў выдадзеных Віленскай Археографічнай камісіяй)с:

  • Гістарычнае дасьледваньне аб копе прафэсара Кіеўскага ўніверсітэта Іванішэва, пад назвай "О сельскихъ общинахъ Юго-Западной Руси", надрукаванай у "Русской Беседе" ад 1857 года
  • Нарыс графа Еўстафія Тышкевіча аб археалагічных рэчах пад назвай: "Badania archeologiczne nad zabytkami przedmiotow sztuki i t.d. w dawney Litwie i Rusi Litewskiey, z tablicami rycin na kamieniu rznietemi. Wilno. 1850"
  • Віленскі Археаграфічны Зборнік: т. 1. - ст. 129, 166, 220, 292; т. 3. - ст. 239; т. 6. - ст. 217
  • Акты Віленская Археаграфічнай Камісіі: т. 6. - ст. 34, 41, 92; т. 13. - акт№5; т. 17. - ст. 11, 19, 39, 49, 82, 83, 163, 257, 258, 282, 317, 330, 390, 379
  • Акты Віцебскага Цэнтральнага Архіва: т. 2. - ст. 338, 345, 350, 352
  • Зборнік артыкулаў, што тлумачаць польскую справу ў дачыненьні Заходняй Расеі, пад аўтарствам С. Шолкавіча, вып. 2, ст. 109-131

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л Валянцін Голубеў. Копны суд // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 132—133
  2. ^ Юхо І. А. Копны суд // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкал. Шамякін І. П. (гал. рэд) і інш. — Мінск.: БелСЭ, 1989. С. 268
  3. ^ а б в г д е ё ж з і к л Юхо І. А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. — Мн.: Беларусь, 1991. С. 121—122
  4. ^ а б в г д Юхо І. А. Копны суд // Народная культура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Пад агул. рэд. Цітова В. С.; Маст. Бокі І. І., Жук У. М. — Мінск. Беларуская Энцыклапедыя, 2002. С. 203—204
  5. ^ а б в г д Акты издаваемые Виленскою Археографическою Коммиссіею. Т. 18 // Акты о копныхъ судахъ. Вильна. Типографія А.Г. Сыркина, 1891. с. ХХІІІ-ХХV
  6. ^ Акты издаваемые Виленскою Археографическою Коммиссіею. Т. 18 // Акты о копныхъ судахъ. Вильна. Типографія А.Г. Сыркина, 1891. с. ХХV-ХХVIII

Літаратура

рэдагаваць