Клёага (канцэнтрацыйны лягер)

нацысцкі канцэнтрацыйны лягер на тэрыторыі Эстоніі

Клё́ага (па-эстонску: Klooga) — нацысцкі працоўны лягер на тэрыторыі акупаванай Эстоніі, адкрыты ў верасьні 1943 у павеце Хар’юмаа. Назву атрымаў паводле суседняе вёскі Клёага. Быў часткаю комплексу Вайвара, у склад якога ўваходзілі каля 20 лягероў.

Помнік на месцы расстрэлу вязьняў канцлягеру Клёага.
Нямецкія ваеннапалонныя захоўваюць памерлых з канцлягеру Клёага ў Эстоніі (1944)


Дзейнасьць

рэдагаваць

Акупаваная Эстонія была ўключаная ў склад райхскамісарыяту «Остлянд», які складаўся з прыбалтыйскіх дзяржаваў і заходняй Беларусі.

Канцлягер Вайвара паўстаў сьпярша як месца затрыманьня савецкіх ваеннапалонных. Аднак у жніўні-верасьні 1943 року сюды былі гвалтоўна пераселеныя жыды з гетаў Коўны, Вільні і Саласьпілсу, а таксама невялікія колькасьці з Эстоніі, Расеі й Румыніі. Дзеля іхняга ўтрыманьня і быў заснаваны працоўны лягер Клёага, які стаў адным з найвядомейшых на тэрыторыі Эстоніі. Ягоным загаднікам стаў унтэрштурмфюрэр СС Вільгельм Вэрле.

Лягер быў агароджаны калючым дротам. Аховай займаліся нямецкія аддзелы SS і жаўнеры 287-га эстонскага паліцыйнага батальёну. Мужчынскі і жаночы лягеры мелі вялікія двухпавярховыя будынкі для пражываньня. За час існаваньня лягеру празь яго прайшлі ад 1500 да 2500 вязьняў, якія працавалі на цэмэнтавым заводзе, цагельні, тартаку, торфапакладах, каменаломнях, майстэрнях. Зрэдку ў выходныя дні вязьні маглі выходзіць па-за межы лягеру дзеля атрыманьня харчаваньня ад жыхароў вакольных хутароў.

Эвакуацыя і вызваленьне

рэдагаваць

Пасьля таго, як Чырвоная армія ў верасьні 1944 року пачала наступ на Талін, SS занялася эвакуацыяй лягеру. Частка вязьняў морам была перапраўленая ў канцлягер Штутгаф ля Данцыгу і ў Фрайбург у Сылезіі.

 
Адваротны бок помніку.

Калі 19 верасьня савецкія войскі падышлі амаль да самога лягеру, нямецкае камандаваньне вырашыла расстраляць усіх астатніх вязьняў. Ліквідацыю праводзілі нямецкія ахоўнікі з СС і (меркавана) эстонскія паліцыянты 19—22 верасьня ў суседнім лесе[1]. Паводле савецкіх крыніцаў, былі забітыя каля 2000 чалавек, іхныя целы былі спаленыя.

22 верасьня 1944, калі ў лягер Клёага ўвайшлі савецкія войскі, там заставаліся толькі 85 чалавек з тых 2400, што былі пасьля эвакуацыі. Яны здолелі выжыць, схаваўшыся ў лягеры або ў вакольных лясох. Былі выяўленыя таксама горы трупаў, падрыхтаваных для спальваньня на драўляных кастрах.

Гаўптштурмфюрэр SS Ганс Аўмаер, які быў «лягеркамандантам» (бел. камандант лягероў) у Эстоніі, пазьней быў арыштаваны і асуджаны за злачынствы супраць чалавецтва да сьмяротнага пакараньня. Прысуд прыведзены ў выкананьне ў Кракаве (Польшча) 22 сьнежня 1947 року.

1 верасьня 1994 року на месцы канцлягеру ў Клёазе быў адкрыты мэмарыял, прысьвечаны забітым у вайне жыдам. Мэмарыяльны камень быў усталяваны з ініцыятывы Жыдоўскага культурнага таварыства з удзелам ураду Эстоніі[2].

У ліпені 2005 року прэзыдэнт Эстоніі Арнольд Руўтэль, амбасадар Ізраілю і ахвяры Галакосту ўзялі ўдзел у цырымоніі адкрыцьця помніку, на якім выбітыя наступныя словы: «У 1941—1944 роках нямецкія акупацыйныя ўлады заснавалі ў Эстоніі 20 працоўных і канцэнтрацыйных лягероў. Тысячы людзей з розных краін былі забітыя ў гэтых лягерох толькі за тое, што былі жыдамі. На гэтым месцы знаходзіўся канцэнтрацыйны лягер Клёага».

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Riho Västrik, Meelis Maripuu. Vaivara concentration camp // Estonia 1940–1945: Reports of the Estonian International Commission for the Investigation of Crimes Against Humanity / Toomas Hiio, Meelis Maripuu, & Indrek Paavle. — Tallinn: 2006. — С. 719–738.
  2. ^ Gurin-Loov, E. and Gramberg, G. Eesti Juudi Kogukond = The Jewish Community of Estonia = Еврейская община Эстонии. — Tallinn: Eesti Juudi Kogukond, 2001. — С. 14. — ISBN 9985-78-161-9

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

Каардынаты: 59°19′12.51″ пн. ш. 24°12′48.07″ у. д. / 59.3201417° пн. ш. 24.2133528° у. д. / 59.3201417; 24.2133528