Качабамба

места ў Балівіі

Качаба́мба (па-гішпанску: Cochabamba, па-аймарску: Quchapampa, на кечуа: Quchapampa) — места і грамада ў цэнтральнай Балівіі, сталіца аднайменнага дэпартамэнту і чацьвертае паводле памеру месца краіны. Плошча — 157 км², насельніцтва — 632 тыс. чал. (2012). Назва паходзіць ад кечуанскіх словаў куча (возера) і пампа (адкрытая раўніна).

Качабамба
гішп. Cochabamba
Выгляд Качабамбы ад статуі Крыста-дэ-ля-Канкордыя
Выгляд Качабамбы ад статуі Крыста-дэ-ля-Канкордыя
Герб Качабамбы Сьцяг Качабамбы
Дата заснаваньня: 15 жніўня 1571
Мясцовая назва: Qhuchapampa
Краіна: Балівія
Дэпартамэнт: Качабамба
Правінцыя: Сэркада
Грамада: Качабамба
Кіраўнік: Манфрэд Рэес Вілья[d]
Плошча: 170 км²
Вышыня: 2558 м н. у. м.
Насельніцтва:
Часавы пас: UTC-4
Тэлефонны код: 591 4
Геаграфічныя каардынаты: 17°23′36.7508″ пд. ш. 66°9′25.2500″ з. д. / 17.393541889° пд. ш. 66.157013889° з. д. / -17.393541889; -66.157013889Каардынаты: 17°23′36.7508″ пд. ш. 66°9′25.2500″ з. д. / 17.393541889° пд. ш. 66.157013889° з. д. / -17.393541889; -66.157013889
Качабамба на мапе Балівіі
Качабамба
Качабамба
Качабамба
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
Афіцыйная бачына

Геаграфія

рэдагаваць

Знаходзіцца за 220 км на паўднёвы ўсход ад места Ля-Пасу, ва Ўсходніх Кардыльерах, у ўрадлівай і густанаселенай даліне Качабамба. Даліна аточаная горамі, што дасягаюць 5000 м у вышыню.

Мінуўшчына

рэдагаваць

Паселішчы на месцы сучаснай Качабамбы існавалі шмат тысячагодзьдзяў дзякуючы ўрадлівым глебам і спрыяльнаму клімату. Назва «кучапампа» зьявілася за часам цывілізацыі інкаў. У XV стагодзьдзі гэтыя землі заваяваў Тупак Юпанкі, а ягоны сын Ўайна Капак разьвіваў тут земляробства дзеля патрэбаў дзяржавы. Асноўнай расьлінай быў маіс, які ня мог расьці ў высакагорным і халодным цэнтры Імпэрыі інкаў. У ваколіцах захаваліся руіны інскіх пабудоваў і больш раньніх паселішчаў.

У 1542 року сюды ступіў першы гішпанскі пасяленец Гарсі Руіс дэ Арэльяна, які ў 1552 выкупіў большую частку зямлі ў правадыроў тутэйшых плямёнаў. 15 жніўня 1571 року віцэ-кароль Франсыска дэ Таледа заснаваў места пад назвай Вілья дэ Арапэса, каб забясьпечваць ежай і драўнінай шахцёрскія мястэчкі суседняга рэгіёну Альтыпляна. Доўгі час Арапэса была асноўным зернесховішчам краіны. Дзякуючы здабычы срэбра квітнела і Вілья дэ Арапэса, але з заняпадам горнай справы ў XVIII стагодзьдзі разьвіцьцё спынілася.

З 1776 року места ў складзе правінцыі Санта-Крус-дэ-ля-Сьера перайшло да навастворанага гішпанскага віцэ-каралеўства Рыё-дэ-ля-Плята. У 1783 року адміністрацыйны цэнтар правінцыі перанесены з Санта-Крус-дэ-ля-Сьеры ў Арапэсу. У 1786 року кароль Гішпаніі Карляс III перайменаваў места ў «ляяльную і геройскую» Вілью дэ Качабамбу ў адзначэньне ейнага ўдзелу ў здушэньні паўстаньняў тубыльцаў Арура ў 1781 року. 27 траўня 1812 року ўжо ў Качабамбе выбухнула жаночае паўстаньне супраць гішпанскіх войскаў. Цяпер у Балівіі штогод у гэты дзень адзначаюць Дзень маці.

Пасьля здабыцьця незалежнасьці Балівіі ў 1825 року Качабамба стала сталіцаю аднайменнага дэпартамэнту.

З канца XIX стагодзьдзя сельгаспадарчая дзейнасьць у Качабамбе пачала адраджацца.

У 1999—2000 роках у Качабамбе адбыліся пратэсты супраць прыватызацыі вадаправоднай кампаніі SEMAPA і падвышэньня цэнаў на водазабесьпячэньне (гэтак званая «Водная вайна(d)»).

Дзякуючы круглагадовай цёплай тэмпэратуры Качабамба атрымала мянушку «места вечнай вясны». Клімат можна ахарактарызаваць як паўзасушлівы на мяжы з высакагорным субтрапічным. З траўня да кастрычніка цягнецца засушлівы сэзон, які зьмяняецца ападкавым.

  Кліматычныя зьвесткі для Качабамбы  
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 35,0 30,0 30,6 30,0 28,9 30,0 28,3 30,6 30,6 32,8 31,7 32,8 35,0
Сярэдні максымум t, °C 23,9 23,3 24,4 25,0 24,4 23,3 23,3 23,9 25,6 26,1 25,6 25,0 24,5
Сярэдняя t, °C 18,1 17,5 17,5 16,4 14,2 12,2 12,5 13,9 16,7 18,1 18,3 18,3 16,1
Сярэдні мінімум t, °C 12,2 11,7 10,6 7,8 3,9 1,1 1,7 3,9 7,8 10,0 11,1 11,7 7,8
Абсалютны мінімум t, °C 7,2 3,3 2,2 −1,1 −4,4 −6,7 −5 −5,6 −3,3 0,0 5,0 5,6 −6,7
Норма ападкаў, мм 75,5 137,4 39,9 9,9 6,56 2,0 7,6 7,2 2,4 26,8 29,1 81,8 462,2
Крыніца: Sistema de Clasificación Bioclimática Mundial[2]

Палітыка

рэдагаваць

Качабамба — адміністрацыйны цэнтар дэпартамэнту. Мэр места абіраецца агульнымі выбарамі на пяцігадовы тэрмін. Заканадаўчая галіна складаецца з 11 раднікаў.

Эканоміка

рэдагаваць

Лагодны клімат Качабамбы спрыяе вырошчваньню збожжавых, бульбы і кавы, а ў трапічных нізінах — цукровага трысьнягу, какава-бабоў, табакі і садавіны.

Добра разьвітая і прамысловасьць: у Качабамбе дзейнічаюць прадпрыемствы аўтамабілебудаўнічай, хімічнай і будаўнічай галінаў. Апошнім часам павялічваецца дзеля сфэры паслугаў і інфармацыйных тэхналёгіяў; дзякуючы апошняму Качабамба атрымала мянушку «Крамянёвай даліны Балівіі».

У Качабамбе разьмешчаная штаб-кватэра авіякампаніі Boliviana de Aviación.

Транспарт

рэдагаваць

Мэтрапольная тэрыторыя Качабамбы (Вінта, Тыкіпая, Кільякольё, Качабамба і Сакаба) мае разгалінаваную транспартную сыстэму.

Дзейнічаюць амаль 70 аўтобусных і больш за маршруткавых лініяў. Міжнародны аэрапорт імя Хорхэ Вільстэрмана зьдзяйсьняе пералёты ўнутры краіны і па-за межы.

У 2022 року пачала дзейнічаць лёгкарэйкавая(d) чыгунка(d), што злучыла Качабамбу з прадмесьцямі[3].

Адукацыя

рэдагаваць
 
Касьцёл сьвятога Ляўрэнція

У месьце дзейнічае Унівэрсытэт Сан Сымона, адзін з найбуйнейшых і найвядомейшых дзяржаўных унівэрсытэтаў Балівіі. Сярод найбуйнейшых прыватных вну — Прыватны балівійскі ўнівэрсытэт, Унівэрсытэт дэль Вале і Каталіцкі балівійскі ўнівэрсытэт «Сан Паблё».

Культура

рэдагаваць

Качабамба — гастранамічная сталіца Балівіі[4]. Стравы традыцыйнай кухні: сальтэньяс, чуньё, тукуманас, піке мача, сыльпанча, антыкуча, сопа дэ мані, чычарон, чарке, фрыкасэ, рэльенас дэ папа ды іншыя[5].

Цэнтрам рэлігійнага і культурнага жыцьця Качабамбы ёсьць чатырохдзённае сьвята ў гонар сьвятой дзевы Ўркупіны, патранэсы места, якое ладзіцца ў сярэдзіне жніўня. 15 жніўня жыхары рушаць хрэсным ходам за 14 км да Кільякольё, дзе ў мясцовым касьцёле ляжаць мошчы дзевы Ўркупіны.

У люьым або сакавіку праходзіць мескі карнавал.

З 2011 року ў месьце ладзіцца мастацкі біенале.

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Большасьць жыхароў Качабамбы размаўляюць па-гішпанску альбо на кечуа і не разумеюць ангельскай мовы, нягледзячы на намаганьні апошніх часоў па вывучэньні ангельскай у прыватных школах і ўнівэрсытэтах.

Цэнтар места з камэрцыйнымі будынкамі выглядае сучасна і мае неабходныя для пражываньня выгоды. На цэнтральным пляцы 14 верасьня знаходзіцца старажытная катэдра. Захаваліся будынкі каляніяльнага стылю. Начное жыцьцё засяроджанае на бульвары Эль Прада, на поўнач ад плошчы Калюмба. На поўдзень ад цэнтру знаходзіцца найбуйнейшы ў Паўднёвай Амэрыцы адкрыты рынак Ля Канча[6].

Бліжэй да аэрапорту пачынаюцца бяднейшыя раёны зь неасфальтаванымі дарогамі і глінянымі хатамі.

З 1994 року сымбалем Качабамбы ёсьць статуя Хрыста згоды на гары Сан-Пэдра. Статуя на 2 мэтры вышэйшая за падобную статую ў Рыю-дэ-Жанэйру.

У паўднёва-заходняй частцы места раскінуўся мескі парк, у якім стаіць помнік жанчынам і дзіцем, якія ўдзельнічалі ў вызваленчым паўстаньні 1812 року.

Дзейнічае археалягічны музэй.

Вядомыя асобы

рэдагаваць

Месты-пабрацімы

рэдагаваць
Панарамны від на Сэранія-дэ-Сан-Пэдра і Паўднёвую зону Качабамбы з Сэра-Сан-Пэдра

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць