Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар францішканаў (Сьвіслач)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар францішканаў
| |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар францішканаў
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Сьвіслач |
Канфэсія | каталіцтва |
Заснавальнік | Геранім Крышпін-Кіршэнштайн |
Дата скасаваньня | 1940 |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы[a] і кляштар францішканаў— помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Сьвіслачы. Знаходзіўся ў цэнтры места, на Рынку. Твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры і стылю барока.
Комплекс Сьвіслацкага францішканскага кляштару складаўся з драўлянага касьцёла, мураванага кляштарнага корпуса і агароджы з брамай. У 1860-я гады ўлады Расейскай імпэрыі зьнішчылі касьцёл.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы драўляны касьцёл у Сьвіслачы збудавалі паміж 1633 і 1654 (1666) гадамі. У 1705 годзе гарадзенская харунжая Алена Яна з Агінскіх заснавала пры касьцёле кляштар францішканаў. У 1754 годзе ўладальнікі мястэчка Тышкевічы збудавалі новы драўляны касьцёл. На 1779 год ужо існаваў мураваны кляштарны корпус, збудаваны замест ранейшага драўлянага.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьПа трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Сьвіслач апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. У 1817 годзе будынак кляштару накрылі дахоўкай. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, а па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў — зачынілі касьцёл і неўзабаве зьнішчылі яго будынак. Атрыманы будаўнічы матэрыял выкарысталі дзеля будаваньня царквы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у вёсцы Лашы[1].
Намаганьні ўладальніцы манётку графіні Красінскай у 1905 годзе збудаваць на выкупленым пляцы мураваны касьцёл ня далі плёну празь пярэчаньні гарадзенскага і берасьцейскага япіскапа Ўрадавага сыноду.
Найноўшы час
рэдагавацьКасьцельная агароджа захоўвалася яшчэ за часамі міжваеннай Польскай Рэспублікі.
Архітэктура
рэдагавацьКасьцёл — помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з рысамі стылю барока. Гэта быў прастакутны зруб з 3-граннай апсыдай, 2-схільны гонтавы дах над якой пераходзіў у вальмавы і завяршаўся сыгнатуркай. Над фасадам узвышалася 2-ярусная 4-гранная шатровая званіца. Асымэтрыю ў кампазыцыю будынка ўносіла бакавая прастакутная закрысьція. Вэртыкальна ашаляваныя фасады праразаліся прастакутнымі аконнымі праёмамі.
Унутраную прастору аздаблялі тры алтары, у галоўным зь якіх знаходзіўся абраз «Найсьвяцейшая Панна Марыя і Сьвяты Францішак». Бакавыя алтары прысьвячаліся Сьвятому Антонію Падуанскаму і Сьвятому Язэпу.
Кляштарны корпус — помнік архітэктуры барока. Гэта быў 2-павярховы будынак з цаглянымі падлогамі і скляпеньнямі. Унізе знаходзілася трапэзная, камора, склад і амбар.
Галерэя
рэдагаваць-
Праект муравана касьцёла. М. Шульц, 1802—1803 гг.
-
Н. Орда, 7 ліпеня 1868 г.
-
Паводле Н. Орды, 1875 г.
-
1879 г.
-
1915—1918 гг.
-
А. Шанбэрг, 1929 г.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Паводле іншых зьвестак, меў тытул Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 453.
Літаратура
рэдагаваць- Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.