Сьвяты Рох
Сьвяты́ Рох, Рох з Манпэлье́ (па-лацінску: Rochus, па-француску: Roch, па-італьянску: Rocco); 1345—1350, Манпэлье, Францыя — 15—16 жніўня 1376, 1378 ці 1379, Манпэлье або Вагера, Італія; традыцыйна ўсталяваныя гады жыцьця — каля 1295 да 1327) — каталіцкі сьвяты, абаронца ад чумы. Дзень памяці адзначаецца 16 жніўня.
Рох | |
Roch | |
Рох | |
Сьвяты | |
---|---|
Нарадзіўся | 1295 |
Памёр | 16 жніўня 1327 |
Шануецца | Каталіцкая царква |
Кананізаваны | 1629 |
Галоўная сьвятыня | царква Сан-Рока, Вэнэцыя, Італія |
Дзень памяці | 16 жніўня |
Патрон | хворых на цяжкія захворваньні, пілігрымаў, хірургаў, свойскае скаціны, Манпэлье |
Атрыбуты | язва на назе, сабака з хлебам у роце, кій пілігрыма |
Падзьвіжніцтва | цудадзейныя ацаленьні |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьПаводле паданьня, сьвяты Рох нарадзіўся ў Манпэлье каля 1295 году ў сям’і мэра. Яшчэ пры нараджэньні ён быў адзначаны асаблівым знакам на грудзях у форме чырвонага крыжа. У 19-20-цігадовым узросьце юнак страціў абодвух бацькоў, пасьля чаго раздаў усю маёмасьць убогім і накіраваўся ў Рым у пілігрымку. Дасягнуўшы Італіі, Рох заўважыў, што ў краіне лютуе эпідэмія чумы, пасьля чаго пачаў вандраваць па краіне, даглядаючы хворых і ацаляючы іх малітвай і крыжам. Паведамлялася пра зьдзейсьненыя ім лекаваньні ў Аквапэндэнтэ, Чазене, Рыміні, Навары, Рыме, Мантуі, Мадэне і Парме. Вяртаючыся на радзіму, Рох сам заразіўся чумой у П’ячэнцы, быў выгнаны зь места і накіраваўся паміраць у закінутую лясную халупку. Паводле паданьня, сабака шляхціча па імю Готхард прынесла яму хлеб, каб Рох не памёр ад голаду. Неўзабаве сьвяты ацаліўся ад чумы, а Готхард стаў ягоным памочнікам.
Пасьля гэтага сьвяты Рох вярнуўся на радзіму, дзе адмовіўся раскрыць сваё імя і быў увязьнены як шпіён паводле загаду ўласнага дзядзькі. Пасьля пяцігадовага пазбаўленьня волі ён сканаў 16 жніўня 1327 году. Па сьмерці ён быў апазнаны па знаку крыжа на грудзёх.
Шанаваньне
рэдагавацьШырокае народнае шанаваньне сьвятога пачалося адразу ж пасьля ягонае сьмерці, хоць афіцыйна ён ня быў кананізаваны ўсутыч да XVII стагодзьдзя. У 1585 папа Грыгорыюс XIII зьмясьціў ягонае імя ў рымскім мартыралёгу. Канчаткова шанаваньне сьв. Роха было ўсталяванае папам Урбанам VIII у 1629 годзе. Сьвятому Роху маліліся, галоўным чынам, пра ацаленьне ад чумы. Культ, першапачаткова абмежаваны Манпэлье і паўночнай Італіяй, хутка распаўсюдзіўся ў Гішпаніі, Францыі, Нямеччыне і Нідэрляндах. У Вільні паўстала рэлігійная суполка рохітаў(pl).
У жыцьці сьвятога «Vita Sancti Rochi», напісаным у 1478 годзе мэрам Брэшыі Франчэскам Дзіедам, прыведзены эпізод, паводле якога ў 1416 годзе, падчас правядзеньня Канстанцкага сабору, месту пагражала эпідэмія чумы. Пасьля маленьняў да сьвятога Роха і малітоўных працэсіяў эпідэмія абмінула места.
У 1485 годзе вэнэцыянцы таемна вывезьлі мошчы сьв. Роха з Манпэлье ў Вэнэцыю, якая, як галоўнае гандлёвае места, празь якое ішоў гандаль з Усходам, моцна пакутаваў ад сьмяротных эпідэміяў, у зьвязку з чым сьвяты Рох быў абвешчаны адным са сьвятых апекуноў места. У 1508 годзе ў Вэнэцыі была пабудаваная царква Сан-Рока.
Сьвяты Рох уважаецца заступнікам хворых на чуму і халеру, пакутуючых на хваробы ног і скуры; пілігрымаў, хірургаў; а таксама сабак і свойскае скаціны[1]. Сьвяты Рох — апякун францускага Манпэлье (у ягоны гонар названы мескі сабор, вуліца, сквер і чыгуначны вакзал) і некалькіх італьянскіх местаў.
Каталіцкая царква адзначае памяць сьвятога 16 жніўня. У шматлікіх местах па ўсім сьвеце ў гэты дзень ладзяцца маляўнічыя працэсіі.
Іконаграфія
рэдагавацьНа клясычнай выяве сьвяты Рох зазвычай паказаны маладым пілігрымам у лахманах, які паказвае на чумную язву на сваёй левай назе. Часта разам зь ім адлюстроўваюць сабаку, які трымае ў роце хлеб ці ліжа ягоную рану. Яшчэ адным характэрным іконаграфічным атрыбутам зьяўляецца кій пілігрыма.