Жан-Батыст Жуль Бэрнадот (па-француску: Jean-Baptiste Jules Bernadotte, пасьля Карл XIV Юган, па-швэдзку: Karl XIV Johan; 26 студзеня 1763, По, Гасконь, Францыя — 8 сакавіка 1844, Стакгольм) — маршал Імпэрыі (фр. Marechal d’Empire) (1804), удзельнік рэвалюцыйных і напалеонаўскіх войнаў, прынц Пантэ-Корва (з 1806), пасьля кароль Швэцыі і Нарвэгіі (з 1818), заснавальнік дынастыі Бэрнадотаў.

Карл XIV Юган
Жан-Батыст Жуль Бэрнадот
Кароль швэдаў, готаў і вэндаў
 17-ы Кароль швэдаў, готаў і вэндаў
5 лютага 1818 — 8 сакавіка 1844
Каранацыя 11 траўня 1818
Папярэднік Карл XIII
Наступнік Оскар I
 49-ы Кароль Нарвэгіі
5 лютага 1818 — 8 сакавіка 1844
Каранацыя 7 верасьня 1818
Папярэднік Карл II
Наступнік Оскар I
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Жан-Батыст Бэрнадот
Нарадзіўся 26 студзеня 1763(1763-01-26)[1][2][3][…],
Памёр 8 сакавіка 1844(1844-03-08)[1][4][3][…] (81 год),
Пахаваны
Жонка Дэзырэ Кляра
Бацька Анры Бэрнадот (1711—1780)
Маці Жана дэ Сэн-Вэнсэн (1728—1809)
Узнагароды Ордэн Сьвятога Гэорга 1-й ступені, Вялікі крыж Жалезнага крыжу
Подпіс

Вайсковая кар’ера да рэвалюцыі 1789 году

рэдагаваць

Жан-Батыст Бэрнадот нарадзіўся 26 студзеня 1763 году ў горадзе По ў Гасконі. Пятае й апошняе дзіця шаноўнага бэарнскага адвакату Анры Бэрнадота (1711—1780) — Жан Батыст па сконе бацькі не пажадаў працягваць сямейную дынастыю юрыстаў.

 
Жан Батыст Бэрнадот — Маршал Францыі

У жніўні 1780 году з-за цяжкага матэрыяльнага становішча ён залучыўся ў Бэарнскі пяхотны каралеўскі полк Яго Вялікасьці Людовіка XVI. Полк, у якім служыў Бэрнадот, прызначаўся для службы ў заморскіх тэрыторыях, на выспах, у марскіх портах, таму ён атрымаў назву «Марскі».

Паўтара гады Жан-Батыст Бэрнадот прабыў на Корсыцы, у Аячча — родным горадзе Напалеона Банапарта, а з 1784 году служыў у Грэноблі, сталіцы правінцыі Дафінэ. Бравы жаўнер, выдатны фэхтавальнік Жан-Батыст карыстаўся павагай усіх сваіх камандзіраў, але сэржантам ён стаў толькі ў траўні 1788 году. Пра большае не даводзілася і думаць — афіцэрскія чыны ў францускім каралеўскім войску, як і ва ўсіх эўрапейскіх каралеўскіх войсках, былі зарэзэрваваны толькі для дваранаў.

7 чэрвеня 1788 году сэржант Бэрнадот паказаў сябе дакладным слугою караля, калі загадаў адкрыць агонь па мяцежніках у Грэноблі.

Вайсковая кар’ера падчас Францускае рэвалюцыі

рэдагаваць

7 лютага 1790 году Жан-Батыст Бэрнадот атрымаў свой першы афіцэрскі чын малодшага лейтэнанту й быў прызначаны ад’ютантам у 36-й пяхотны полк, раскватараваны ў Брэтані. 36-й полк накіраваны быў у Страсбург, у распараджэньне камандуючага войска генэрала Кюстына. У складзе войска Жан-Батыст Бэрнадот ваяваў два гады. Прафэсійны досьвед, бліскучыя ваенныя здольнасьці, бездакорная асабістая адвага, адданасьць рэвалюцыі забясьпечылі яму хуткае пасоўваньне па службе. Улетку 1793 году ён ужо капітан, у жніўні таго ж году атрымаў палкоўнічыя эпалеты. У красавіку 1794 году Жан-Батыст Бэрнадот стаў брыгадным генэралам, у бітве ж пры Флерусе ўжо камандаваў дывізіяй. Затым ён удзельнічаў у кампаніях на Майне і ў Італіі, дзе ўславіўся як строгі генэрал, які ня церпіць марадзёрствы й недысцыплінаванасьці.

Падчас рэвалюцыі Жан-Батыст Бэрнадот дадаў сабе яшчэ адно імя — Жуль (у гонар Юлія Цэзара; такія «антычныя» пераназваньні былі ў той час у модзе).

Вайсковая кар’ера пры Напалеоне

рэдагаваць

У 1797 годзе вайсковы лёс зьвёў Жана-Батыста Бэрнадота з Банапартам. У абодвух вайскаводаў спачатку склаліся прыязныя адносіны, але паступова яны пагаршаліся з-за ўзаемнага неразуменьня й супэрніцтва. У студзені-жніўні 1798 году Жан-Батыст Бэрнадот пабываў амбасадарам Францыі ў Вене. Па вяртаньні ў Парыж 17 жніўня 1798 году ён ажаніўся на сваёй марсэльскай знаёмай, дачцэ гандляра шоўкам Дэзырэі Кляры (1777—1860), былой нявесьце Напалеона, старэйшая сястра якой, Жулі, выйшла замуж за брата Напалеона — Жазэфа Банапарта. У 1799 годзе ў Жана-Батыста й Дэзырэі нарадзіўся сын Оскар, які атрымаў імя ў знак новае моды — на ўсё скандынаўскае. Пасьля Оскару мела быць (як і ягонаму бацьку) стаць каралём Швэцыі, так што такое імя апынулася як нельга дарэчы.

Зіму 1798—1799 гадоў Жан-Батыст Бэрнадот правёў у дзейсным войску ў Нямеччыне.

Ён набыў рэпутацыю аднаго з самых выбітных генэралаў Францускае рэспублікі, і ў ліпені 1799 году быў прызначаны ваенным міністрам.

У перавароце 18-го брумэра Жан-Батыст Бэрнадот не падтрымаў Банапарта, але й нічога не зрабіў для абароны Дырэкторыі. У 1800—1802 гадах ён займаў пасаду дзяржаўнага дарадніка й камандаваў войскамі ў Заходняй Францыі.

З 24 студзеня 1800 году Жан-Батыст Бэрнадот — чалец Дзяржаўнай рады. У 1800—1801 гадах яму было даручана кіраўніцтва прыгнечаньнем руху манархістаў у Вандэе. Шырока выкарыстоўваючы войскі, ён жорстка здушыў паўстаньне.

У 1802 годзе ён быў западозраны ў сувязі з групаю армейскіх афіцэраў, якія распаўсюджвалі ў Рэне, сталіцы Брэтані, антынапалеонаўскія памфлеты (Рэнская змова), але падазрон застаўся недаказаным. Пазьней імя Жана-Батыста Бэрнадота неаднаразова згадвалася паліцыяю ў сувязі з рэспубліканскімі змовамі, але як «чалец сям’і» Банапартаў маршал заўсёды карыстаўся даверам Напалеона.

18 траўня 1804 году Напалеон абвясьціў сябе імпэратарам. Бэрнадот выказаў яму сваю лаяльнасьць і атрымаў званьне маршала Імпэрыі. Падчас цэрымоніі каранаваньня Напалеона маршал нёс ланцуг ордэна Ганаровага легіёну. У чэрвені 1804 году маршал Бэрнадот быў прызначаны намесьнікам у Гановэр, дзе правёў шэраг пераўтварэньняў, накіраваных на ўводзіны разумнае й справядлівае сыстэмы падаткаабкладаньня.

З пачаткам ваеннае кампаніі 1805 году Напалеон прызначыў Бэрнадота камандаваць Першым армейскім корпусам. Пакінуўшы Гановэр, корпус Жана-Батыста Бэрнадота зьдзейсьніў марш у Паўднёвую Нямеччыну, дзе ў кастрычніку 1805 году прыняў удзел ва Ўльмскай бітве, якая скончылася для войска Аўстрыі поўнаю катастрофаю.

Дзейнічаючы супраць аўстрыйскага атраду Кінмаера, маршал Бэрнадот захапіў Інгальштат, фарсыраваў Дунай і выйшаў да Мюнхэну, блякаваўшы з усходу войска генэрала Мака. Заняўшы Зальцбург, Першы корпус пасьля далучыўся да асноўных сілаў Напалеона.

2 (15) сьнежня 1805 году падчас Аўстэрліцкай бітвы корпус маршала Жана-Батыста Бэрнадота знаходзіўся на перадавой лініі ў цэнтры францускіх войскаў. Пасьля падпісаньня міру з Аўстрыяю корпус маршала Бэрнадота быў перадысьлякаваны ў Ансбах (Баварыя). У 1806 годзе Бэрнадот атрымаў ад імпэратара французаў тытул Князя Пантэкорва.

У 1806 падчас бітвы пры Ене й Аўэрштэтэ корпус маршала Жана-Батыста Бэрнадота знаходзіўся на стыку паміж корпусам Даву ў Аўэрштэце й галоўнымі сіламі войска ў Ене. Перасьледваючы адыходзячых прусакоў, маршал разьбіў іх пры Гале, гнаў войска Г.-Л. Блюхера да Любэка й прымусіў яго да капітуляцыі 7 лістапада 1806 году. Тады ж у палон да маршала патрапіла каля 1 тысячы швэдаў з атраду палкоўніка Г. Мэрнэра. Маршал прыняў іх вельмі ласкава й заваяваў іх сымпатыю. Пяройдучы на тэрыторыю Польшчы, 25 студзеня 1807 маршал Бэрнадот быў пабіты расейцамі ў бітве пры Марунгеме.

 
Статуя Бэрнадота ў Стакгольме
 
Жан Батыст Бэрнадот, як спадчынны прынц

Пасьля Тыльзыцкага міру, у ліпені 1807 году ён быў прызначаны камандуючым войскам і намесьнікам у Паўночнай Нямеччыне й Даніі. З 14 ліпеня 1807 году Жан-Батыст Бэрнадот выконваў абавязкі губэрнатара Ганзейскіх гарадоў. Быўшы дасьведчаным палітыкам, маршал Бэрнадот хутка набыў сымпатыі мясцовага насельніцтва, але ўжо тады ў яго пачалі складацца з Напалеонам нацягнутыя адносіны. чыньнікам астуджэньня стала незалежная палітыка маршала, што прычынілася адхіленьня яго ад камандаваньня буйнымі вайсковымі злучэньнямі.

17 траўня 1809 маршал Жан-Батыст Бэрнадот адбіў дэманстрацыю часткі войска эрцгерцага Карла ў Лінцэ. У бітве пры Ваграме (5—6 ліпеня 1809 году) Бэрнадот камандаваў 9-м корпусам. Раніцаю 6 ліпеня ён павінен быў узяць саму вёску Ваграм, але патрапіў пад крыжаваны агонь аўстрыйцаў і адступіў зь вялікімі стратамі. Пазьней Бэрнадот увесь час штурмаваў вёску Адэркляа, дзе аўстрыйцы зацята трымалі свае пазыцыі. Наогул у гэтай бітве Бэрнадот страціў траціну свайго корпусу.

Неўзабаве імпэратар Напалеон прызначыў маршала Бэрнадота камандуючым войскамі ў Галяндыі, дзе той адбіў дэсант ангельцаў на выспу Вальхерэн. Па вяртаньні ў Парыж над удачлівым вайскаводам сталі згушчацца хмары. Імпэратару нашэптвалі пра нелаяльнасьць маршала, пра яго якабінскія й рэспубліканскія перакананьні.

Швэдзкі пасад

рэдагаваць
 
Каранацыя Жана-Батыста Бэрнадота на прастол Нарвэгіі

Ягонае гуманнае абыходжаньне з палоннымі швэдамі, захопленымі ў Травэ, зрабіла імя Бэрнадота настолькі папулярным у Швэцыі, што дзяржаўная рада, сабраная швэдзкім каралём Карлам XIII для абраньня яму пераемніка, аднагалосна вырашыла прапанаваць карону Бэрнадоту, калі той прыме лютэранства. За рашэньнем таксама стаяла імкненьне рады дагадзіць Напалеону. Бэрнадот пагадзіўся, і ў 1810 годзе ён быў звольнены Напалеонам са службы.

21 жніўня 1810 году Рыксдаг абраў Бэрнадота Кронпрынцам Швэцыі, 20 кастрычніка Бэрнадот прыняў лютэранства, 31 кастрычніка Бэрнадот быў прадстаўлены збору дзяржаўных чыноў у Стакгольме, а 5 лістапада ўсыноўлены каралём. З гэтага часу Бэрнадот стаў рэгентам, а фактычна — кіраўніком Швэцыі, на пасад якое афіцыйна ўступіў толькі ў 1818 годзе пад імем Карла XIV Югана. Такім чынам, ён стаў заснавальнікам дынастыі Бэрнадотаў у Швэцыі. У 1812 годзе Бэрнадот парваў адносіны з Францыяю й заключыў саюз з Расеяй. У 1813—1814 гады на чале швэдзкіх войскаў ваяваў супраць сваіх суайчыньнікаў на баку шостай антынапалеонаўскай кааліцыі.

Памёр Жан-Батыст Бэрнадот 8 сакавіка 1844 году. Існуе легенда, што пры падрыхтоўцы да бальзамаваньня на яго руцэ выявілі татуяваньне на францускай мове: «Сьмерць каралям!»[6].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л Karl XIV Johan (шв.) — 1917.
  2. ^ а б в Sten C.O. Carlsson Charles XIV John // Encyclopædia Britannica (анг.)
  3. ^ а б в г д е Carl Xiv Johan Oppr. Jean-Baptiste Bernadotte // Norsk biografisk leksikon (бук.)Kunnskapsforlaget. — ISSN 2464-1502
  4. ^ а б в Hovförsamlingens kyrkoarkiv, Död- och begravningsböcker, SE/SSA/0007/F I/1 (1766-1853), bildid: C0054458_00283
  5. ^ а б в Olsson M. Riddarholmskyrkan - inventories and graves — 1937. — С. 459.
  6. ^ Тарле Е. В. Нашествие Наполеона на Россию. — Гл. 1.7.

Літаратура

рэдагаваць
  • Большой Энциклопедический Словарь. — М.: Советская Энциклопедия, 1994. — С. 130.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць