Зьбігнеў Бжазінскі
Зьбігнеў Казімеж Бжазінскі (па-польску: Zbigniew Kazimierz Brzeziński; 28 сакавіка 1928, Варшава — 26 траўня 2017, Фолз-Чэрч, Вірджынія, ЗША) — амэрыканскі палітоляг, сацыёляг і дзяржаўны дзяяч польскга паходжаньня. Дарадца па нацыянальнай бясьпецы 39-га прэзыдэнта ЗША Джымі Картэра (1977—1981).
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў Польшчы ў сям’і польскага дыплямата, усё сьвядомае жыцьцё правёў у Амэрыцы. Пісаў пераважна на ангельскай мове. Навучаньне пачаў у Канадзе, дзе вывучаў эканоміку і паліталёгію ўва ўнівэрсытэце Mc Gill. У 1950 годзе тамсама атрымаў дыплём з адзнакай («first class honors in economics and political science»). У 1953 годзе Бжазіньскі скончыў Гарвардзкі ўнівэрсытэт, атрымаў ступень доктара філязофіі і быў пакінуты пры вучэльні. У свае 25 гадоў Бжазіньскі стаецца адным з наймалодшых выкладнікаў Гарвардзкага ўнівэрсытэту. У 1958 годзе атрымлівае амэрыканскае грамадзянства.
Свае навуковыя зацікаўленьні ён рэалізуе сьпярша ў Цэнтры дасьледаваньняў Расеі (Russian Research Center), a пасьля, ужо ў якасьці выкладніка, у Цэнтры міжнародных стасункаў (Center for International Affairs). У 1960 годзе прызначаецца прафэсарам публічнага права і кіраваньня (public law and government) Калюмбійскага ўнівэрсытэту. Адначасна стаецца дырэктарам Навуковага інстытуту міжнародных зьменаў (Institute of International Change).
У пэрыяд з 1977 і да 1981 году займаў пасаду дарадніка прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы (дзякуючы якой у 1980—1981 гадох рабіў усё магчымае, каб пазьбегчы савецкай інтэрвэнцыі ў Польшчу). Прэзыдэнт Джымі Картэр напіша пасьля ў сваіх успамінах, што яго захаплялі праніклівыя аналізы дарадцы, глыбокія гістарычныя веды, шырокія гарызонты і канцэпцыі апошняга, якія зьдзіўлялі сваёй дальнабачнасьцю і арыгінальнасьцю.
Апрача гэтага, Бжазіньскі быў чальцом Рады нацыянальнай бясьпекі (камітэту Міністэрства абароны па комплескнай доўгатэрміновай стратэгіі) і чальцом Прэзыдэнцкай Рады па замежнай выведцы. У 1981 годзе за заслугі ў справе нармалізацыі амэрыканска-кітайскіх дачыненьняў і за ўнёсак у разьвіцьцё палітыкі па правах чалавека і па нацыянальнай бясьпецы ЗША ён уганараваны прэзыдэнцкім мэдалём свабоды.
Пасьля працаваў дарадцай у вашынгтонскім Цэнтры стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў (Center for Strategic and International Studies), а таксама выкладчыкам амэрыканскайвонкавай палітыкі ў Школе паглыбленых міжнародных дасьледаваньняў імя Пола Нітцэ пры ўнівэрсытэце Джонса Гопкінса. Амэрыканская паліталёгія ў адзін голас разам з Кісынджэрам і Шлезынгерам залічае Зьбігнева Бжазіньскага ў разрад найбольш буйных амэрыканскіх дзяржаўных дзеячаў.
Доктар honoris causa Кракаўскага Ягелонскага ўнівэрсытэту, Каталіцкага Люблінскага ўнівэрсытэту, а таксама Браціслаўскага ўнівэрсытэту. У 2000 годзе ён даў згоду на сваё прызначэньне старшынём камітэту «ЗША—Славаччына».
Пасьля анэксыі Крыму і падтрымкі Расеяй сэпаратыстаў на Данбасе, Бжазінскі заявіў:
У апошнія некалькі гадоў Расея перастала арыентавацца на дэмакратычныя каштоўнасьці, а ў грамадзтве ўзяў верх шавінізм, на якім грае прэзыдэнт Пуцін. Выкарыстоўваючы для сваіх мэтаў расейскі нацыяналізм, прэзыдэнт Пуцін адкрыў «скрыню Пандоры», паколькі ў Расеі жыве вялікая колькасьць насельніцтва, якое прадстаўляе нерасейскую меншасьць, і яно патэнцыйна таксама можа заявіць пра свае правы. Нацыяналізм, які сарваўся з ланцуга, можа быць разбуральным для Расеі | ||
—Зьбігнеў Бжазінскі, Радыё Свабода, 2014 |
Бібліяграфія
рэдагавацьКнігі
рэдагаваць- 1970 — Between Two Ages : America’s Role in the Technetronic Era. — Viking Press, 1970. — ISBN 978-0-313-23498-9
- 1983 — Power and Principle: Memoirs of the National Security Adviser, 1977—1981. — Farrar, Straus, Giroux, 1983. — ISBN 978-0-374-23663-2.
- 1997 — «The Grand Chessboard: American Primacy and Its Geostrategic Imperatives»
- 2007 — Second chance. — Basic books, 2007.
Пераклады па-беларуску
рэдагаваць- Бязладдзе. Геапалітычная пустка // ARCHE Пачатак, 1998, пер. Сяргей Петрыкевіч
- Агонія камунізму // Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне, 2000
- Жыцьцё з новай Эўропай // ARCHE Скарына, 2001-1, с.27-45, пер. Сяргей Сматрычэнка
- Глябальнае дамінаваньне ці сусьветнае лідэрства? Заключэньне // ARCHE Скарына, 2005-1, пер. Аляксей Ігнатовіч
Літаратура
рэдагаваць- Бжазінскі Зьбігнеў(недаступная спасылка), Arche.by