Замкавая царква (Менск)

колішні храм у Менску (Беларусь)
Славутасьць
Замкавая царква ў Менску
Краіна Сьцяг Беларусі Беларусь
Горад Менск
Канфэсія Праваслаўе
Тып будынка Бажніца
Дата заснаваньня XII стагодзьдзе
Дата пабудовы XII стагодзьдзе
Замкавая царква ў Менску на Вікісховішчы

Замкавая царква, або царква на дзядзінцы Менска — адна з найраньнейшых культавых пабудоў на тэрыторыі Беларусі. Рэшткі храма ў Менску разьмешчаны ў раёне плошчы 8 Сакавіка, за 22 м ад усходняй сьцяны Дома фізкультуры Добраахвотнага спартыўнага таварыства «Працоўныя рэзервы». У царквы няма аналягаў у старажытна-рускім манумэнтальным дойлідзтве, ёсьць рысы раманскай архітэктуры.

Рэшткі бажніцы знойдзены ў 1949 годзе падчас раскопак Васілём Тарасенкам ва ўсходняй частцы Менскага замчышча, на правым беразе Сьвіслачы. Пытаньне часу будаўніцтва застаецца дыскусійным. Паводле вэрсіі Эдуарда Загарульскага, храм пачалі будаваць паміж 1069 і 1073 гадамі. Паводле вэрсіі Леаніда Аляксеева і Георгія Штыхава — у пачатку XII ст. Будаўніцтва пачалі пасля моцнага пажару, які зьнішчыў забудову дзядзінца, магчыма, у тым ліку і ранейшую драўляную царкву. На думку Загарульскага і Аляксеева, бажніцу па невядомых прычынах не дабудавалі, бо раскопкі не выявілі сьлядоў разбурэньня і вызначана, што ў XII—XIII ст. на месцы храма фунцыянаваў нэкропаль, а на пачатку XIII ст. зьверху пакладзена драўляная маставая.

Загарульскі адзначыў будаўніча-тэхнічныя асаблівасьці храма — кладка з бутавага каменя і выкарыстаньне вапняковых пліт, дасьледнік падкрэсьліваў, што менскі храм не мае аналёгіяў сярод культавых манумэнтальных пабудоў Старажытнай Русі. Таксама Загарульскі выказаў думку, што дойліды былі знаёмы з архітэктурай заходнеславянскіх земляў і, магчыма, былі запрошаны ў Менск з Польшчы.

Памятны знак на месцы царквы

Цяпер рэшткі храма знаходзіцца на глыбіні 0,5—2,1 м ад дзённай паверхні. У 1967 годзе за 30 м ад сапраўдных рэштак на дзённай паверхні пабудаваны іх муляж.

Гісторыя

рэдагаваць

Гісторыя дасьледаваньняў

рэдагаваць

Рэшткі храма выяўлены ў 1949 годзе Васілём Тарасенкам. Наступныя раскопкі ў 1950 і 1951 гадах, па сутнасьці, былі прысьвечаны дасьледаваньню храма, але не даведзены да канца — не адкрыты й не прасочаны ў глыбіню падмуркі, не выяўлены падмуркавыя равы, не зроблены адмысловыя разрэзы, не прааналізавана стратыграфічная сувязь будынка з вакольнымі культурнымі напластаваньнямі. За ўсе гады складзены толькі адзін профіль, якія паказвае рэшткі храма — заходняя сьценка раскопу 1950 году. Асноўная ўвага ў профілі нададзена фіксацыі культурных напластаваньняў вышэй храма, а не стратыграфічнаму вывучэньню будынка, чым, мабыць, тлумачыцца адсутнасьць у рысункі многіх важных дэталяў. Так, не прасочана глыбіня, на якую ўпушчаны ў мацярык падмуркі сьцен і слупоў, незразумелым і сумніўным здаецца перададзены ў рысункі характар культурных напластаваньняў на поўнач ад храма, не адзначаны сьляды падмуркавых равоў альбо катлавана, не прасочаны могільныя ямы ад пахаваньняў ўнутры храма.

 
Муляж рэштак царквы

Апісаньне пабудовы, якое дае Тарасенка, стратыграфічна мала што тлумачыць. Тое, што падмурак быў упушчаны ў мацярык на глыбіню да 1,4 м, не пацьвярджаюць разрэзы й моцна адрозьніваецца ад замераў, зробленых Эдуардам Загарульскім у 1961 годзе на паўднёвай сьцяне. Тарасенка апублікаваў тры пляны храма, усе яны адрозьніваюцца адзін ад другога, маюць разыходжаньне ў памерах і ні адзін зь іх не фіксуе пабудовы цалкам з контурамі падмурку на ўсім працягу сьцен, што стала прычынай некаторых памылковых рэканструкцый пляна й несправядлівых абвінавачваньняў да дойлідаў і будаўнікоў.

 
Схема Менскага дзядзінца і месцы археалягічных раскопаў. Белым контурам пазначаны абрыс царквы.

Не вывучаны належным чынам і не ацэнены, помнік прастаяў на адкрытым паветры 10 гадоў і быў засыпаны. У пачатку 1970-х гадоў помнік вывучаў Загарульскі, у 1976 годзе паўторнае дасьледаваньне правёў Георгій Штыхаў, часткова ў 2009 годзе Аляксандар Мядзьведзеў.

Спробу вывучыць менскі храм, вызначыць ідэйна-мастацкія задачы, якія стаялі перад дойлідамі й замоўцамі, зрабіў Леанід Аляксееў (ён называе яго храмам Найсьвяцейшай Багародзіцы). Разглядаючы бажніцу ў параўнаньні зь іншымі помнікамі Русі й найперш з манумэнтальнымі будынкамі Полацкай зямлі, Аляксееў вылучыў арыгінальныя тэхнічныя й ідэйна-мастацкія рысы менскага храма.

Матэрыялы дасьледаваньняў захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН Беларусі й Дзяржаўным музэі Беларусі.

Датаваньне

рэдагаваць

Васіль Тарасенка адзначаў, што храм — адно з найраньнейшых збудаваньняў Менскага замчышча. Пад яго будаўнічымі рэшткамі ёсьць невялікі культурны пласт — 0,12 мэтры, датаваны Тарасенкам XІ ст. Свае высновы пра храналёгію храма дасьледчык зрабіў на падставе апрыёрнага ўяўленьня, што «найбольш імаверным будаўніком менскага храма зьяўляецца князь Глеб», які распачаў будаўніцтва «з мэтай падняць значэньне Менскага княства». Праз тое, што Глеб княжыў у Менску да 1119 году, храм атрымаў дату — пачатак XІІ ст.

Эдуард Загарульскі зьвяртае ўвагу, што з часу ўзьнікненьня Менска й да пачатку будаўніцтва храма сфармавалася ўсяго толькі каля 20 см культурных напластаваньняў, перакрытых на вялікай прасторы сьлядамі будаўніцтва, выкідамі з катлавана альбо падмуркавых равоў і рэшткамі будаўнічых матэрыялаў. Гарызонт, на якім пачалося будаўніцтва, у наступны час быў перакрыты амаль 5-мятровымі культурнымі напластаваньнямі. Толькі культурны пласт XІІ—XІІІ стст. меў таўшчыню ад 2 да 3,5 м. І зыходзячы зь неабвержных стратыграфічных даных, на думку Загарульскага, будаўніцтва менскага храма можна датаваць часам не пазьней за 1071—1085 гады.

Асноўныя аргумэнты дасьледчыкаў, якія адносяць час пабудовы храма да XІІ ст., зводзяцца да наступнага: 1) менскі храм мае невялікія памеры, якія харакцерны для культавых пабудоў XІІ ст.; 2) яго простая чатырохслупавая канструкцыя не характэрна для XІ ст.; 3) квадратная ў сячэньні форма слупоў, якую мае менскі храм, распаўсюджваецца ў старажытнарускіх помніках сярэдзіны й нават 2-й паловы XІІ ст.

Між тым, Загарульскі адзначае, што ня толькі менскі храм, але й шэраг іншых помнікаў другой паловы XІ ст. дэманструюць тэндэнцыю да спрашчэньня пляна й памяншэньня аб’ёмаў культавых будынкаў: храм у сядзібе Мастацкага інстытута ў Кіеве, саборы Зарубскага манастыра, чатыры малыя храмы ў Пераяслаўлі, Асьцёрская бажніца ў вёсцы Старагарадку. Хоць гэтыя пабудовы яшчэ ў большай ступені выяўляюць блізкасьць да культавых збудаваньняў XІІ ст., аднак дасьледчыкі гэтых помнікаў вызначаюць іх дату не на падставе гэтых фактаў, а па характары муру, тыповага для XІ ст.

Адзначаючы раманскія рысы менскага храма (муроўка з бутавага камяню на вапнавым растворы, квадратныя ў сячэньні слупы) і адсутнасьць уплыву полацкай архітэктурнай школы, Загарульскі выказвае меркаваньне, што будаўніцтва храма праводзілася тады, калі Менск не належыў полацкім князям. Гэта мог быць час, калі пасьля паражэньня полацкага князя Ўсяслава Брачыславіча ў 1069 годзе ў Менск, магчыма, быў пасаджаны Яраполк — сын кіеўскага князя Ізяслава Яраславіча. На карысьць гэтага сьведчыць тое, што пад 1073 годзе летапіс згадвае пра магчымую дамову Ізяслава з Усяславам, і тое, што сын Усяслава — Глеб быў жанаты з дачкой Яраполка — Анастасіяй. Мяркуецца, што гэты кампраміс мог быць замацаваны перадачай Менска ва ўладаньне Глебу. Такім чынам, Менск мог знаходзіцца ва ўладаньні Яраполка Ізяславіча у 1069—1073 гадах, калі ён быў вымушаны ўцякаць з бацькам і братам Сьвятаполкам у Польшчу. Вядома, што маці Яраполка — Гертруда, дачка польскага караля Мешкі ІІ, родная сястра караля Казіміра. Сувязь Ізяслава з польскім дваром была цесная, а дачыненьні прыязныя. Гэтым можа тлумачыць прычыну запрашэньня польскіх майстроў да будаўніцтва храма ў горадзе, які атрымаў Яраполк. Калі на самой справе было так, то пачатак будаўніцтва храма можа быць датавана паміж 1069 і 1073 годам, што, як заўважае Э. М. Загарульскі, не супярэчыць стратыграфічным даным.

Леанід Аляксееў паспрабаваў прапанаваць некалькі іншае стратыграфічнае месца менскага храма ў тоўшчы культурных напластаваньняў, прыпадняўшы гарызонт будаўніцтва прыблізна на 40 см: «Чатырохслупныя храмы зьяўляюцца на Русі зь сярэдзіны XІІ ст., відавочна, у сувязі з узьнікненьнем будаўніцтва гарадоў і неверагодна, каб маленькі Менск у сваёй архітэктуры абагнаў на 50-60 гадоў астатнія гарады Русі». Дасьледчык адзначае, што квадратныя ў пляне слупы, відавочна, зьяўляюцца на Русі не раней 2-й паловы XІІ ст. Аднак, ён усё ж прыходзіць да высновы, што будаўніцтва храма варта зьвязваць менавіта зь менскім князем Глебам і адносіць яго да першых двух дзесяцігодзьдзяў XІІ ст. Ён трымлаецца думкі, што ў XІ ст. не было яшчэ полацкіх дойлідаў і пагатоў іх традыцый: «Адзіны храм XІ ст. — Сафійскі — быў узьведзены бізантыйскімі дойлідамі», і заўважае, што князь Глеб быў цесна зьвязаны з Кіевам, у 1108 годзе адбудаваў ў Пячорскім манастыры трапэзную, яго ўдава аддала гэтаму манастыру па завяшчаньні «все й до повоя». На думку Аляксеева, цалкам імаверна, што Глеб Усяславіч быў зьвязаны з Кіевам і раней, у пачатку XІІ ст., калі кіеўскім дойлідзтвам захапляліся й іншыя Ўсяславічы, выпісваючы адтуль майстроў. Як падавалася Аляксееву, «ізгойны Глеб» выклікаў архітэктара з Захаду й паказаў яму на храм у сядзібе Мастацкага інстытута як на ўзор, чатырохслупная частка якога задавальняла яго па памерах. Плінфа не была звыклай для заходняга дойліда й ён выкарыстоўваў камень.

Зыходзячы з тыпу пабудовы, XІІ ст. датуе менскі храм і Георгій Штыхаў, не адмаўляючы, зрэшты, даты, прапанаванай Аляксеевым.

Лёс пабудовы

рэдагаваць

Эдуард Загарульскі адзначае, што раскопкамі не выяўлена сьлядоў разбурэньня храма. Невядома чаму, але будаўніцтва храма далей ніжніх частак сьцен не пайшло — няма ні слаёў развалу, ні рэштак іншых матэрыялаў будаўніцтва (акрамя «тварыла» для гашэньня вапны), а камяні вакол — без сьлядоў раствора. Магчыма, майстры не разьлічылі свае магчымасьці, адбіліся цяжкасьці зь незвычайным для гэтых месцаў будаўнічым матэрыялам, можа быць, перашкодзіла складаная палітычныя абставіны тых гадоў, адзначаныя бясконцымі міжусобіцамі.

Імаверна, царкву спадзяваліся з часам скончыць. Да сярэдзіны XІІ ст. узьведзеную частку не разьбіралі й не засыпалі. Затым у ёй быў некропаль. У 1-й палове XІІІ ст., відавочна, страціўшы надзею дабудаваць царкву, пачатак яе сьцен перакрылі вулічным насьцілам, які пазьней перамошчавалі чатыры разы.

Можна меркаваць, што старажытная царква была ў іншым месцы дзядзінца. Пісьмовыя крыніцы, пачынаючы з XVІ стагодзьдзя, згадваюць саборную царкву Менскага замка, называюць яе таксама праваслаўнай Замкавай царквой.

Нэкропаль

рэдагаваць

Паводле Аляксеева, хаваць у храме пачалі яшчэ да заканчэньня будаўніцтва, што ня можа зьдзіўляць, бо вядома, напрыклад, пахаваньне чарнігаўскага князя Мсьціслава Ўладзіміравіча ў недабудаваным ім Спаскім саборы, калі сьцены былі выведзены да вышыні «на коні стояшчэ рукою досяшчы».

Выяўлена 21 пахаваньне XІІІ ст. у дамавінах скрыневага тыпу зь вялікіх хваёвых дошак на шыпах без цьвікоў. Труны былі прамавугольнай формы, некаторыя вечкі й бакавыя сьценкі абгорнуты бяростай. Нябожчыкі пахаваны па славянскім звычаі галавой на захад са скрыжаванымі на грудзях рукамі, без рэчаў. Захаваліся рэшткі шарсьцянога адзеньня й скуранога мяккага абутку (чаравікі, вышытыя ніткамі). Каля аднаго дзіцячага пахаваньня знойдзены залаты бранзалет вагой 75,5 грам, відаць, пакладзены як ахвярапрынашэньне альбо схаваны як скарб.

Архітэктура

рэдагаваць

Паводле пляна — кампактны чатырохслуповы крыжова-купальны храм, амаль квадратны ў пляне, з трыма паўавальнымі апсыдамі. Па будаўніча-тэхнічных асаблівасьцях не мае дакладных аналогій сярод культавых манумэнтальных пабудоў Старажытнай Русі. Нават у незавершаным выглядзе ён дэманструе арыгінальную будаўнічую тэхніку, прадуманую арганізацыю будаўнічых прац. Дойлід імкнуўся стварыць невялікую, строгую культавую пабудову, якая адпавядала характару паселішча. Царква павінна была стаць упрыгожаньнем і асновай плянаваньня гэтага раёна. Не выключана, што менскі храм адзін з найраньнейшых узораў малой культавай пабудовы.

На паўночны ўсход ад царквы выяўленыя яма для прыгатаваньня вапны плошчай 25 м² і пляцоўка майстэрні, дзе абчэсвалі пліткі, калі вялося будаўніцтва.

Ад храма захаваліся падмуркі сьцен і слупоў і ніжнія часткі саміх сьцен. Падмурак быў апушчаны ў мацерыковы пясок на глыбіню каля 0,8 м. Шырыня яго пад паўднёвай і паўночнай сьценамі — 2,1 м. Выкладзены ён акуратна з бутавага камяню на вапнавым растворы роўнымі гарызантальнымі шэрагамі. Дзе-нідзе на сьценках падмурка як з вонкавага, так і з унутранага боку заўважны адбіткі дашчанай апалубкі. Супраць слупоў на, унутраных баках паўночнай і паўднёвай сьцен вызначаюцца прастакутныя лапаткі. На сьценах каля паўднёва-заходняга вугла ўнутры царквы захаваліся ўчасткі, абліцаваныя цэґлападобнымі вапнавымі блокамі.

Прапорцыі пляна храма простыя й строгія. Па вонкавых абмерах асноўны аб’ём храма без апсыд ўяўляе сабой правільны квадрат 12х12 м. Альтарная апсыда выступае за межы квадрата на 4,2 м, складаючы, такім чынам, 1/4 частку агульнай даўжыні. Шырыня апсыды 6,5 м. Па баках выступ яе згладжваюць дзьве бакавыя паўдугі ахвярніка й дыяканьніка. Па цэнтральнай восі ўнутры сабор меў даўжыню 12,8 м (звонку — 16,3 м, таўшчыня сьцен 1,5 м), шырыню 8,4 м. Адлегласьць ад заходняй сьцяны да рэшт дугі апсыды амаль такое ж — 8,5 м. Шырыня цэнтральнага навы 3,5 м, паўночнага й паўднёвага — 1,2 м. Адлегласьць ад слупоў да заходняй сьцяны й канцоў дугі апсыды аднолькавыя — 1,4 м. Такім чынам, адной з характэрных рысаў менскага храма з`яўляецца выключная геамэтрычная выразнасьць пляна.

Эдуард Загарульскі адзначае арыгінальныя рысы менскага храма, якія адрозьніваюць яго ад іншай старажытнарускай архітэктуры XІ—XІІІ стст.: будаўнікі менскай царквы абралі ў якасьці будаўнічага матэрыялу дэфіцытны для гэтага рэгіёна бутавы камень, цалкам адмовіўшыся ад добра засвоенай на Русі тэхнікі цаґлянага муру. Гэтак жа нязвыклым ў практыцы старажытнарускага дойлідзтва было й выкарыстаньне вапняковых пліт, яшчэ больш дэфіцытных, чым бутавы камень.

На думку ж Леаніда Аляксеева, арганізацыя ўнутранай прасторы выкрывала ня вельмі дасьведчанага майстра (або майстра, які будуе ў гэтай манеры ўпершыню) — цэнтральны падкупальны квадрат ссунуты на поўдзень, паўднёвы нава, як гэта бачна па абмерах, атрымаўся вузейшы за паўночны.

Асаблівасьці канструкцыі

рэдагаваць

Падмурак

рэдагаваць

Фундамэнт зроблены з дзьвюх сьценак, складзеных з бутавага каменю, прастора паміж якімі запоўнена неапрацаванымі камянямі на вапнавым растворы. Усе падмуркі ўрэзаныя ў пясчаны грунт (глыбіня месцамі больш за 1 м). Паўторным дасьледаваньнем Георгія Штыхава ў 1976 годзе выяўлены сьляды апалубкі з тонкіх дошак забітых вэртыкальна ўздоўж рова падмурка.

Памеры бакоў падкупальнага квадрата каля 3,3 м, падмуркі слупоў, якія яго ўтвараюць, у пляне Г-падобныя, складзены зь невялялікіх камянёў, паміж імі стужкавыя фундамэнты.

Праз слабую стратыграфічную вывучанасьць збудаваньня застаецца пакуль незразумелым, ці закладаўся падмурак у спэцыяльных равах, як гэта было прынята ў будаўнічай практыцы таго часу, ці пад усю пабудову папярэдне выкопвалі катлаван. На падставе тых профіляў, якія маюцца, дакладнага адказу па гэтае пытаньне даць нельга. У асноўным профілі, складзеным у 1950 годзе, у сярэдзіне пабудовы й на ўзроўні верхніх частак падмурка й слупоў паказаны мацярык. У профілі невялікай стратыграфічнай сьценкі, закладзенай у 1957 годзе на поўдзень ад храма, добра бачны перакапаныя пласт з вэртыкальнай сьценкай, якая знаходзіцца за 1,3 м ад падмурка, але сказаць упэўнена, што гэта сьляды катлавана, нельга, бо ў гэтым перакопе выяўленыя рэшткі драўлянай труны й яна магла ўтварыцца пры капаньні магілы. На карысьць вэрсыі будаўніцтва ў папярэдне выкапаным катлаване сьведчыць і тое, што на значнай плошчы за межамі храма меўся магутны пласт пяску, які перакрываў раньнія культурныя напластаваньні. Ён мог быць выкідам з катлавана. Дбайная паслойная кладка падмурка з выкарыстаньнем апалубкі таксама можа ўскосна сьведчыць, што будаўнічыя працы вяліся на паверхні, вызваленай ад грунта.

Каля падножжа дуг апсыдаў ёсьць па пары скразных адтулін пад масыўныя бэлькі, магчыма, альтарнай перагародкі. Для гэтага неабходна было спачатку выбраць грунт. Таму пачатковы пэрыяд будаўніцтва храма можна было б уявіць наступным чынам. Спачатку было выбрана месца ў цэнтры ўсходняй часткі крэпасьці, затым праведзена папярэдняя разьметка. Вырыты катлаван на глыбіню прыблізна 0,8-1,0 м, у катлаване праведзена дакладная разьметка пляна пабудовы, складзены й выведзены да ўзроўню старажытнай паверхні падмурак і цэнтральны квадрат. Затым ўнутранае прастора была засыпана мацерыквым пяском. Перад гэтым папярэдне былі выкладзены драўляныя бэлькі на дне дыяканьніка, ахвярніка й альтара(?).

Між тым, змацаваньне камянёў вапнавым растворам, зарэгістраванае толькі па кутах цэнтральнага подкупольнага квадрата, можа супярэчыць уяюленьню аб апісанай тэхналёгіі пачатковага цыклу будаўніцтва. Вуглы павінны былі стаць падмуркам слупоў. Прастора паміж імі ўяўляла, відавочна, простую забутоўка камянём, якую звычайна рабілі ў равах. Зрэшты, гэта магчыма зрабіць і з дапамогай апалубкі, а таксама ўжо пасьля запаўненьня грунтам катлавана.

Унутры храма на яго паўднёвай і часткова заходняй сьценках захавалася абліцоўка з добра апрацаваных плітак (памеры 5,4х14,5х19 см і 9,4х20х29,4 см), вырабленых з наздраватага даламіту й пакладзеных гарызантальна зь перавязкай швоў.

Матэрыялам сьцен быў таксама бутавы камень, такой самай заставалася й тэхніка кладкі. Аднак камень для сьцен падбіраўся больш старанна. Плоскі бок яго, звычайна, быў зьвернуты вонкі, складаючы плоскасьці сьцен. Таўшчыня сьцен апсыды адпавядала шырыні падмурка й заўважыць мяжу паміж падмуркам і сьцяной немагчыма. Паўночная, заходняя й паўднёвая сьцены былі вужэйшыя за падмурак. Найлепей вывучаць тэхніку кладкі сьцен на прыкладзе паўднёвай сьцяны царквы, дзе колькасьць апэрацый была большай, чым на іншых участках пабудовы.

З боку фасада сьцяна ўкладвалася роўна з падмуркам. Відаць, што тэхналёгія будаўнічых прац, чарговасьць працоўных апэрацый былі добра прадуманыя. Пасьля завершэньня кладкі падмурка быў выкладзены першы пласт камянёў сьцяны — свайго роду цокаль — шырынёй 1,8-1,85 м. Ён быў на 0,3 м вужэйшы за падмурак, у выніку чаго знутры стварыўся падмуркавы выступ. Выкладзены на выступе крайні рад складаўся з адмыслова падабраных больш буйных камянёў з падцясанай паверхняй, якія ўтвараюць ніжнюю частку плоскасьці сьцяны.

Наступныя слаі камянёў выкладваліся з одступам на 0,25 м ад краю ніжняга пласта з боку ўнутранай плоскасьці сьцяны, што адпавядала шырыні абліцовачных пліт, з тым каб абліцаваная пліткамі сьцяна знаходзілася ў адной плоскасьці зь ніжнім радам падцясаных камянёў. Кожны пласт камянёў заліваўся зьверху роўным пластом вапнавага раствора, які запаўняў ня толькі прастору паміж камянямі, але й утвараў плоскую паверхню кожнага выкладзенага рада.

Абліцоўку пліткамі пачалі рабіць пасьля вываду сьцяны на вышыню прыблізна 1 м. Як абліцовачны матэрыял ўжываўся цясаны вапняк — наздраваты даламіт, якому надавалася цэґлападобная форма. Памеры плітак нестандартныя. Больш ці менш былі вытрыманы шырыня (у сярэднім 20 см) і таўшчыня (каля 10 см), даўжыня ж была рознай — ад 15 да 45 см і больш. Часта даюцца асноўныя тыпалягічныя памеры плітак — 5,4х14,5х19 см і 9,4х20х29,4 см пасьпелі толькі частку паўднёвай і заходняй сьцен, месцамі да 5-6 радоў.

Унутры будынка паўночная й паўднёвая сьцены чляніліся вузкімі лапаткамі па дзьве з кожнага боку. Іх непрапарцыйна невялікія памеры ў параўнаньні з магутнымі сьценамі й слупамі дазваляюць бачыць у іх толькі толькі дэкаратыўны элемэнт. Выкананыя, як і сьцены, з вапняковых пліт, яны павінны былі падкрэсьліць ўрачыстую суровасьць інтэр’еру.

Пабудова на ўнутраных сьценах лапатак рабілася амаль адначасова з абліцоўкай ці пасьля яе. Захавалася ніжняя частка цалкам выкладзенай лапаткі на паўднёвай сьцяне насупраць паўднёва-заходняга слупа. Лапаткі былі вузкія й кароткія й складзены з двух абліцовачных плітак. Такім чынам, выступалі яны над плоскасьцю сьцяны на шырыню плітак, г.зн. на 20 см, шырыня лапаткі каля 70 см. Цікава, што ў тым месцы, дзе павінна была прайсьці лапатка, паміж пліткамі абліцоўкі пакідалі вэртыкальны жолаб, верагодна, для лепшага змацаваньня з пліткамі лапаткі. Унізе лапаткі былі схаваныя на падмуркавыя выступе.

Вонкавыя сьцены не мелі ні абліцоўкі, ні тынкоўкі, ні плоскіх лапатак, якія б дзялілі фасады па вэртыкалі. Ніякіх намёкаў на іх не было выяўлена падчас раскопак. Цалкам верагодна, што яны й не былі закладзены ў праекце. Мяркуецца, што менскі храм павінен быў мець плоскія фасады, адзіным упрыгожваньнем якіх былі б роўныя шэрагі самога каменнага мура. Арганічнае адзінства тэхнічных і дэкаратыўна-мастацкіх асаблівасьцяў было характэрнай рысай сярэднявечнай архітэктуры, як старажытнарускай, так і заходнеэўрапэйскай.

Слупы меркавалася узьвесьці пазьней. Ва ўсякім выпадку пры тым стане, у якім былі адкрыты рэшткі менскага храма, пабудова слупоў абмежавалася толькі кладкай пад іх падмурка. Памеры, форма пляна, а таксама своеасаблівасьць тэхнікі каменнага мура вызначалі канструкцыю й асаблівасьць крыжова-купальнага перакрыцьця, якое павінна было быць збудавана на чатырох апорных слупах. Гэта ў сваю чаргу заахвоціла дойліда адмовіцца ад звыклых для таго часу крыжападобных ў сячэньні слупоў, зрабіць іх больш масыўнымі, надаўшы ім у сячэньні форму квадрата, у якім для павелічэньня аб’ёму інтэр’еру быў выбраны адзін кут. Такімі іх ва ўсякім выпадку можна ўяўляць на падставе падмуркаў.

Царква мела тры апсыды, у гэтым сэнсе трымалася традыцыі храмаў XІ ст., займаючы прамежкавае месца паміж трохапсыднымі будынкамі XІ ст. і аднапасіднымі малымі храмамі XІІ ст. Для чатырохслупных храмаў, якія былі распаўсюджаны на Русі з XІІ ст., была характэрна адна апсыда. Ахвярнік і дыяканьнік часта ўладкоўваліся ў тоўшчы ўсходняй сьцяны, для чаго яна рабілася таўсьцей за іншыя. У менскім храме таўшчыня сьцен ўсіх трох апсыд аднолькавая, а ў параўнаньні зь іншымі трыма сьценамі была нават танчэй, бо не мела абліцоўкі.

У цэнтральнай апсыдзе зафіксаваны квадратны ў пляне вянок зь бярвён і абчасаная каменная пліта ад альтара. Упоперак малых бакавых апсыд былі пакладзеныя бярвёны, якія злучалі падмуркамі.

Аналёгіі ў архітэктуры

рэдагаваць

Эдуард Загарульскі адзначае такія арыгінальныя рысы менскага храма, якіх наогул ня ведае старажытнаруская архітэктура XІ—XІІІ стст. Гэта — бутавая кладка сьцен, унутраная абліцоўка цэґлападобнымі вапняковымі пліткамі й інш. Менскі храм і не капіюе ні адну зь вядомых культавых пабудоў Русі.

На думку Загарульскага, ёсьць падставы выказаць здагадку, што будаўнік менскага храма быў знаёмы з архітэктурай заходнеславянскіх земляў, у прыватнасьці з раманскай архітэктурай Польшчы. Добра вядома, што маскальскія майстры выкарыстоўвалі ня толькі старажытныя традыцыі й уласны вопыт каменнага будаўніцтва, але й нярэдка зьвярталіся да архітэктуры суседзяў. Нават у XІІ ст. былі выпадкі пераносу на маскальскую глебу бізантыйскіх архітэктурных формаў (Міраскі манастыр у Пскове й Клімэнтаўская царква ў Старой Ладазе).

Ужо з канца X ст. тыповым будаўнічым матэрыялам у Польшчы быў бутавы камень на вапнавым растворы. З гэтага ж часу ў польскіх храмавых пабудовах вядомыя квадратныя ў сячэньні слупы. Такія слупы з каменя былі ў Пазнаньскім саборы, адноўленым пасьля 1050 году. У раманскай школе Польшчы, да думку Загарульскага, можна бачыць найбольш імаверныя вытокі сваеасаблівасьці менскага храма.

На думку Аляксеева, хто б ні будаваў храм, у якой бы тэхніцы ні працаваў, ён ставіў праваслаўны храм і павінен быў кіравацца маскальскімі ўзорамі. Сярод усіх старажытнарускіх храмаў, па словах дасьледчыка, ёсьць адзіны храм, пабудаваны таксама ў канцы XІ ст., чатырохслупная частка якога (без нартэкса) ва ўсіх дэталях і нават абсалютных памерах цалкам супадае зь менскай царквой. Гэта кіеўскі храм, раскапаны Міхаілам Каргерам у сядзібе Мастацкага інстытута ў 1947 годзе. Чатырохслупная частка кіеўскага храма складае квадрат з бокам 12 м, а даўжыня гэтай часткі з апсыдай — таксама 16 м. Хоць гэта помнік зусім іншы — ён выкладзены з плінфы на цамянцы, з шасьцю слупамі, але, па словах Аляксеева, поўнае супадзеньне прапорцый і памераў яго чатырохслупнай часткі зь менскім храмам выпадковым быць ня можа.

Літаратура

рэдагаваць
  • Алексеев Л. В. Западные земли домонгольской Руси. Очерки истории, археологии, культуры. Книга 2.. — Москва: «Наука», 2006. (3)Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Патруся Броўкі, 1993. (5)
  • Загорульский Э. М. Возникновение Минска. — Минск: Издательство БГУ им. А. И. Ленина, 1982. (2)
  • Загорульский Э. М. Древний Минск. — Минск: Государственное издательство БССР, 1963. (1)
  • Мядзведзеў Л. В. Мінская замкавая царква // Археалогія Беларусі. Энцыклапедыя ў двух тамах.. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Патруся Броўкі, 2011. — Т. 2. — С. 79. (4)
  • Штыхаў Г. Ажываюць сівыя стагоддзі. — Мінск: Народная асвета, 1982. (6)
  • Штыхаў Г. В. Мінская замкавая царква // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с — ISBN 5-85700-078-5. — С. 319—320.
  • Штыхаў Г. В. 46. Рэшткі храма // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — С. 67. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць