Ельня (балота)
Бало́тны масі́ў Е́льня — адзін з найбуйнейшых ў Беларусі комплексаў верхавых і пераходных балотаў са шматлікімі азёрамі, якія прыдаюць разнастайнасьць краявіду.
Для аховы балотаў створаны заказьнік Ельня. Па ўсім балоце месьцяцца невялікія астравы, пакрытыя дробналіставымі і яловымі лясамі. Большая частка балотнага масіву зарасла невысокай хвояй, але сустракаюцца і даволі значныя адкрытыя ўчасткі са шматлікімі дробнымі азёрамі і вокнамі чыстай вады. Расьліннасьць на балотнай частцы заказьніку характэрная для верхавых балотаў і прадстаўленая хваёва-хмызьнякова-сфагнавымі і хмызьнякова-сфагнавымі супольнасьцямі.
Балота Ельня разьмешчанае на водападзеле рачных басэйнаў. Цэнтральная яго частка ўзвышаецца над пэрыфэрыйнымі ўчасткамі на 7 мэтраў. Глыбіня тарфяной залежы ў сярэднім складае 3 м, а месцамі дасягае 8,3 мэтраў. З балотнага масіву выцякаюць тры ракі, а ў яго не ўпадае ніводнай. На тэрыторыі балота налічваецца больш за 100 азёраў, якія ўяўляюць сабой рэшткі існага некалі аднаго вялікага возера. Большасьць зь іх злучаная паміж сабою рэкамі і пратокамі. Аснову воднага сілкаваньня балота складаюць грунтовыя воды і ападкі.
У выніку мэліярацыі прылягаючых тэрыторыяў і часткі балота адбыліся істотныя зьмены гідралягічных умоваў комплексу. Пракладка шматлікіх каналаў і выраўноўваньне рэк прывялі да зьніжэньня ўзроўню грунтовых вод, што стала адной з асноўных прычын практычна штогадовых буйных пажараў на балоце.
У сувязі зь цяжкай даступнасьцю і спэцыфікай ляндшафтаў (каля 60% лесу расьце на балоце, а самі лясы характарызуюцца нізкай прадукцыйнасьцю) тэрыторыя выкарыстоўваецца чалавекам абмежавана. Лесаэксплюатацыйныя работы вядуцца ў асноўным па пэрыфэрыі балотнага масіву і на мінэральных выспах, сельскагаспадарчая дзейнасьць адсутнічае. Тэрыторыя выкарыстоўваецца як для прамысловых нарыхтовак, так і для аматарскага збору грыбоў і ягад. На азёрах мясцовае насельніцтва ловіць рыбу.
Фаўна і флёра
рэдагавацьНа тэрыторыі заказьніку сустракаецца 98 відаў птушак, 23 зь якіх занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Характэрная рыса балотнага масіву Ельня — наяўнасьць разрэджаных калёніяў кулікоў на балоце і шматлікіх калёніяў чайкавых на азёрах. Ельня — месца гнездаваньня птушак, тыповых для комплексаў верхавых балот: чорнавальлёвага гагача (Gavia arctica), пардвы (Lagopus lagopus), залацістай сеўкі (Pluvialis apricaria), сярэдняга кулёна (Numenius phaeopus), стучка (Lymnocryptes minimus) і куліка-селянца (Tringa nebularia). Рэдкія для Беларусі ўвогуле, яны сустракаюцца тут у значнай колькасьці. Акрамя іх на балоце гняздуюцца дзербнік (Falco columbarius) і Circaetus gallicus.
Балотны масіў Ельня мае вялікае значэньне як месца прыпынку мігруючых гусей, качак і жураўлёў на вясновых і восеньскіх пралётах. У гэты час на вадаёмах звычайныя і шматлікія гусі-гуменьніцы (Anser fabalis), белалобыя гусі (Anser albifrons), качкі-сьвіцьвы (Anas penelope), качкі-чыркі (Anas querquedula); сустракаюцца таксама шэрая гусь (Anser anser), гусь-піскулька (Anser erythropus), качка-шылахвостка (Anas acuta), савукі (Mergus).
З расьлінаў, якія растуць на тэрыторыі балота і на мінэральных выспах, 11 відаў уключаны ў Чырвоную кнігу. Сярод іх і рэдкія для Беларусі бяроза карлікавая (Betula nana) і марошка прысадзістая (Rubus chamaemorus). Фаўна наземных хрыбетных уключае 7 відаў земнаводных, 5 відаў паўзуноў, 31 від млекакормячых (большасьць зь іх пражывае на пэрыфэрыйных участках балота ці наведвае яго ў пошуках корму). Адзначаецца высокая колькасьць гадзюкі звычайнай (Vipera berus).
Неспрыяльныя фактары
рэдагавацьПаніжэньне ўзроўню грунтовых вод у выніку пракладаньня каналаў сярод балота, выраўноўваньня рэк і асушэньня пэрыфэрыйных участкаў балота. Парушэньне гідрарэжыму прыводзіць да пачашчэньня пажараў, зьмяненьня відавога саставу флёры, зарастаньня адкрытых участкаў балот хмызьнякамі і лесам.
Пажары і паніжэньне ўзроўню грунтовых вод аказваюць істотны ўплыў на стан папуляцый птушак, якія тут гняздуюцца і спыняюцца падчас міграцыяў. У першую чаргу ў выніку пажараў зьмяншаецца плошча тыповых балотных экасыстэм, а зьнішчэньне журавін значна зьмяншае кармавую базу для многіх відаў птушак.
У апошнія гады рыбаловы і паляўнічыя пачалі ўсё часьцей наведваць азёры. Гэта прыводзіць да разбурэньня гнёздаў многіх відаў птушак, у тым ліку і занесеных у Чырвоную кнігу. Балота пачынае губляць сваю значнасьць як месца канцэнтрацыі мігруючых гусей і жураўлёў. Адна з прычын такога становішча — зьніжэньне ўзроўню грунтовых вод, што зрабіла балота больш даступным для чалавека ўвесну.
Нерэглямэнтаваны збор журавін прыводзіць да сур’ёзнага пашкоджаньня наглебавага покрыва і зьяўляецца яшчэ адным фактарам парушэньня спакою жывёл.
Крыніцы
рэдагаваць- Скарбы прыроды Беларусі — Treasures of Belarusian Nature: Тэрыторыі, якія маюць міжнар. значэнне для захавання біял. разнастайнасці / аўт. тэксту і фота А. В. Казулін і інш. — 2-ое выд., перапрац., дап. — Мн.: Беларусь, 2005. — 215 с — Паводле эл. рэсурсу ptushki.org