Шылахвостка
Шылахвостка (па-лацінску: Anas acuta) — від птушак з сямейства качыных (Anatidae).
Апісаньне
рэдагавацьВелічыня шылахвосткі — ад 52 да 70 см, вага ад 700 да 1300 г[1]. Размах крылаў — 85 см. У шылахвосткі маецца востры хвост (ад яго паходзіць назва птушкі), які нагадвае шыла і дасягае у самцоў 10 см. Гукі, якія выдае шылахвостка, нагадваюць рохканьне. Вочы ў яе чорныя, дзюба афарбаваная ў шэры колер, таксама як і лапкі. Апярэньне ў самак мае бурыя ўзоры і ў цэлым менш характэрнае. У самцоў карычневая галава, апярэньне зь белымі ўзорамі, белыя шыя, грудзі і жывот.
Распаўсюджаньне
рэдагавацьШылахвостка распаўсюджаная амаль ва ўсім паўночным паўшар’і. Многія птушкі зімой адлятаюць на поўдзень у больш цёплыя мясьціны. Шылахвостка аддае перавагу жыць у плыткіх і багатых расьліннасьцю ціхіх вадаёмах.
Харчаваньне
рэдагавацьШылахвостка сілкуецца галоўным чынам воднымі расьлінамі. Таксама ў яе ежу ўваходзяць смаўжы, казуркі і іх лічынкі.
Размнажэньне
рэдагавацьПэрыяд спарваньня доўжыцца ад красавіка да ліпеня. Палавая сьпеласьць надыходзіць ва ўзросьце году. Высланае пухам гняздо будуе самка паблізу ад вады і, як правіла, схавана ў густой расьліннасьці. Самка адкладае ад шасьці да дванаццаці буйных яек сьветла-зялёнага колеру, якія яна наседжвае на працягу трох тыдняў, пакуль ня вылупяцца птушаняты. Праз сем тыдняў пасьля нараджэньня птушаняты пачынаюць лётаць.
Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца законам. |
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Вязовіч Ю. Шылахвостка Чырвоная кніга Беларусі Праверана 5 верасьня 2024 г.