Дыяна Абгар

армянская дыпляматка

Дыяна Аванэс Абгар (Абгаран) (у дзявоцтве Анаіт Агабек (Агабекян); 12 кастрычніка 1859 — 8 ліпеня 1937) — армянская пісьменьніца, публіцыст, дыплямат. Першы амбасадар Арменіі ў Японіі. Пасьля прызначэньня дыпляматычным прадстаўніком і Генэральным консулам Армэніі 21 ліпеня 1920 году, стала першай у сьвеце жанчынай-амбасадарам[1][2][3].

Дыяна Аванэс Абгар
па-армянску: Դիանա Աբգար
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Анаіт Агабек
Нарадзілася 12 кастрычніка 1859(1859-10-12)
Памерла 8 ліпеня 1937(1937-07-08) (77 гадоў)
Пахаваная
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці празаік
Гады творчасьці 18921937
Мова армянская мова, ангельская мова, пэрсыдзкая мова, гіндзі, японская мова і кітайская мова

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзілася ў заможнай сям’і ў горадзе Рангун (цяпер Янгон), сталіцы брытанскай калёніі Індыі — Бірмы (цяпер — М'янма)[4]. Пры нараджэньні яе назвалі імем Анаіт. Належала да роду Агабекян, продкі якіх эмігрыравалі ў Пэрсію з Джугі (Нахічэвані) напрыканцы 18-га стагодзьдзя, а адтуль ужо перабраліся ў Індыю. Яе бацька, Аванэс Агабек, яшчэ дзіцём, быў адным зь першых армян, якія перасяліліся ў Індыю са сваімі бацькамі, а маці, Авет, была з роду Тадэоса Аветума — выхадца з Шыразу. У сям’і Дыяна была самым малодшым — сёмым дзіцём. Пасьля пераезду сям’і ў Калькуту дзяўчынку аддалі вучыцца ў духоўную сэмінарыю, у якой яна атрымала ангельскую адукацыю і вывучыла санскрыт, а дома стала вывучаць армянскую[4].

18 чэрвеня 1889 году[4] у Ганконгу Дыяна Агабек выйшла замуж за купца Мікаэля Абгара (Абгарана), сям’я якога таксама эмігравала з Пэрсіі ў Індыю. Адзін зь яго продкаў — Аруцюн Абгар, заснаваў у 1819 годзе «Гандлёвую Кампанію Абгар», спачатку ў Бамбеі, потым у Калькуце. Кампанія займалася імпартам і экспартам рысу ў Сынгапур і Пэнджаб.

Пабраўшыся шлюбам маладая сям’я селіцца ў Японіі, у партовым горадзе Кобэ, на беразе Ціхага акіяна. Тамсама яны заснавалі кампанію, якая займалася ўвозам і вывазам тавараў, а таксама адкрылі «Вялікі Усходні гатэль». Знаходзячыся ў Японіі, Дыяна Абгар зацікавілася літаратурай, у 1882 годзе быў апублікаваны яе першы раман «Сьюзан», а празь некалькі год сьвет пабачыў раман «Аповеды з радзімы», з апісаньнем жыцьця японскага народа. Тут у іх нарадзіліся пяцёра дзяцей, зь якіх двое памерлі ў раньнім узросьце.

Пасьля раптоўнай сьмерці свайго мужа ў 1906 годзе Дыяна працягнула сваю дзейнасьць на літаратурнай ніве, адначасна да паўналецьця сына ўзяўшы на сябе кіраваньне справамі кампаніі. Празь некаторы час Дыяна Абгар зь дзецьмі пераяжджае ў самы ажыўлены партовы горад Японіі — Якагаму, што ў трыццаці кілямэтрах ад Токіё. Тут яны адчынілі вялікі гандлёвы дом, які вёў гандаль з Кітаем, ЗША і Эўропай. Напярэдадні Першай сусьветнай вайны і ў гады вайны Дыяна Абгар выступала зь лекцыямі пра армянскі народ, пісала артыкулы, супрацоўнічала з англамоўнай газэтай Якагамы «Джапан газет» і «Далёкі Усход». Яна адной зь першых пераканаўча паказала, што разаніна ў Адане была арганізавана і ажыцьцёўлена турэцкім канстытуцыйным урадам[5]. Каб падняць сусьветную грамадзкасьць, падкрэсьліваючы маральны абавязак Захаду выратаваць армянскую нацыю, Дыяна Абгар пісала пра невыносныя ўмовы армян у Асманскай імпэрыі.

Быўшы знаёмай з брытанскай каляніяльнай дзейнасьцю ў Індыі, Абгар дакладна адчувала нястачу эўрапейскай дапамогі пражываючым у Асманскай імпэрыі армянам. Яна хацела, каб ЗША выступілі апекуном Армэніі, чаго так і не адбылося. Дыяна паспрабавала на справе быць карыснай сваім суайчыньнікам і Армэніі, дзе яна ніколі не была. Дыяна Абгар усяляк дапамагала шматлікім армянскім уцекачам, якія праз Сыбір і Японію спрабавалі перабрацца ў ЗША. Так ва Уладзівастоку пасьля генацыду армян сабралася каля 500 армян, якія з дапамогай армянскай мэцэнаткі большай часткай пераправіліся праз акіян у Амэрыку.

У 1920 годзе шмат у чым дзякуючы высілкам Дыяны Абгар Японія стала першай краінай, якая афіцыйна прызнала незалежнасьць першай Армянскай рэспублікі.

Шмат у чым дзякуючы сваім умелым дзеяньням і велізарнаму аб’ёму праробленай працы 21 ліпеня 1920 году Дыяна Абгар была прызначана дыпляматычным прадстаўніком і Генэральным консулам Першай Рэспублікі Армэнія на Далёкім Усходзе. У лісьце, датаваным 22 ліпеня таго году, падпісаным міністрам замежных спраў Рэспублікі Амо Аганджанянам інфармацыя пра прызначэньне суправаджалася надпісам каб бараніць інтарэсы нядаўна-народжанай Радзімы, і зьмякчаць умовы нашых суайчыньнікаў…[4] Такім чынам, яна стала першай у сьвеце жанчынай, якая заняла дыпляматычную пасаду. Новы статус Дыяне Абгар даў больш магчымасьцей у высокім асяродзьдзі ўрадавых колаў Японіі, што істотна палегчыла яе працу ад імя армянскіх уцекачоў.

Спрабуючы дапамагчы сваёй гістарычнай радзіме і яе народу, яна вяла актыўную дзейнасьць, адначасна лістуючыся з некалькімі палітыкамі і праваабаронцамі. Сярод тых, з кім вялося сталае ліставаньне, значыліся амэрыканскі прэзыдэнт Томас Ўудра Ўілсан, сакратар Робэрт Лансінг, нам.сакратара Ўільям Філіпс, прэзыдэнт гуманітарнай арганізацыі Джэймс Л. Бартан, сябры міжнароднага кангрэсу сьвету Артур Сіманс і Давыд Джордан, а таксама з іншымі вядомымі людзьмі. Абгар была набожнай кабетай, чытала Біблію і сьпявала царкоўныя сьпевы. У 1920 годзе яна напісала кіраўніку армянскай Апостальскай Царквы ў Злучаных Штатах ліст, у якім паведамляла, як жыла на аддаленай зямлі на працягу 29 гадоў, і як вельмі прагнула ўступіць на парог царквы. Па яе словах яна не знайшла, іншую царкву з такім жа дынамічным духам, акрамя як армянскай царквы, і з такімі ж малітвамі, якія супакойвалі б душу і ўзьвялічвалі дух. Я ня ведаю, ці надыдзе дзень, калі я здоляю заслужана ўвайсьці, яшчэ раз, у маю царкву і буду браць удзел у Сьвятой Імшы, змагу пачуць, яшчэ раз, тыя малітвы, якія будуць скаланаць маю душу[6].

Дыяна Абгар сканала 8 ліпеня 1937 году ў Якагаме, пахавана тамсама на могілкі для замежнікаў, побач са сваім мужам. Цяпер магіла Абгар знаходзіцца пад патранажам Таварыства армяна-японскага сяброўства ў Токіё.

У 1938 годзе яе сыны эмігравалі ў ЗША, забраўшы з сабой усе лісты і рукапісы сваёй маці.

  1. ^ Dovile Budryte «Feminist conversations: women, trauma and empowerment in post-transitional societies» University Press of America, 2008. ISBN 0761843787, 9780761843788 стр 129(179)

    Some of these ideals were implemented by the First Republic of Armenia (1918—1920), which became one of the first nations to give women the right to vote. It also appointed Diana Abgar (Abgaryan), the first female ambassador in the world, to represent Armenia in Japan. These developments suggest that women’s progress is possible in traditional societies such as Armenia

  2. ^ EU-CIS Gender Watch. A Gender Analysis of the European Union Developmental Aid for Armenia

    .

    It is worth to mention that, the First Armenian Republic of 1918—1920 was one of the first nations to give women the right to vote and to be elected and in its Parliament eight percent of the members were women. It is worth to emphasize that, the first female -ambassador was Dr. Diana Abgar (Abgaryan) Ambassador of Armenia in Japan (While Alexandra Kollontai recognized to be the first female ambassador was appointed as Ambassador of Norway only in 1923).

  3. ^ Armenian action «Lucille Apcar Introduces New Book» December 2004• Vol. 26, No. 2 (88)
  4. ^ а б в г Armenian Cultural Foundation: «Diana A. Apcar (1859—1937): The First Armenian Woman Diplomat»
  5. ^ Джон Киракосян «Младотурки перед судом истории» гл.5

    Резня 1909 г. в Адане (Киликия) явилась первым ушатом холодной воды, вылитой на головы не в меру ретивых оптимистов. Для одних это стало отрезвлением, другие же продолжали придерживаться своего прежнего неустойчивого курса. Диана Абгар убедительно показала, что резня в Адане была организована и осуществлена конституционным правительством (395, с. 32)

  6. ^ Diana Apcar-Writer, Diplomat, Humanitarian

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць