Дабрынёва

вёска ў Койданаўскім раёне Менскай вобласьці Беларусі

Дабрынёва[1] — вёска, цэнтар сельсавету Койданаўскага раёну Менскай вобласьці Беларусі. За 20 км ад Койданава, 33 км ад Менску, 18 км ад чыгуначнай станцыі Койданава.

Дабрынёва
трансьліт. Dabryniova
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Койданаўскі
Сельсавет: Дабрынёўскі
Насельніцтва: 187 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1716
Паштовы індэкс: 222733
СААТА: 6222820031
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 53°37′46″ пн. ш. 27°22′1″ у. д. / 53.62944° пн. ш. 27.36694° у. д. / 53.62944; 27.36694Каардынаты: 53°37′46″ пн. ш. 27°22′1″ у. д. / 53.62944° пн. ш. 27.36694° у. д. / 53.62944; 27.36694
Дабрынёва на мапе Беларусі ±
Дабрынёва
Дабрынёва
Дабрынёва
Дабрынёва
Дабрынёва
Дабрынёва
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Гісторыя

рэдагаваць

Вядома з XVI стагодзьдзя. У 1589 годзе ў складзе Станькаўскай воласьці, належала Радзівілам. Мела 30 валок зямлі, насельніцтва плаціла чынш. У 1661 г. маёнтак быў перададзены князем Багуславам Радзівілам ў застаўнае валоданьне Адаму Скарабагатаму, у наступныя гады яго трымалі Клакоцкі, Станіслаў Вяжэвіч і ягоная жонка Зофія з Івіцкіх, Койданаўскі падстароста Станіслаў Кршчановіч, лоўчы менскі Станіслаў Касьцюшкевіч, з 1713 г. скарбнік менскі Казімер Геранім дэ Раэс.

Маёнтак Дабрынёва менаваўся таксама Шыкутовічы, у ягоны склад уваходзілі таксама Клаўсова, Скворцы, Гарохавішча, Самадураўшчына, Талкачоўшчына. Згодна з дакумэнтамі аб перадачы маёнтка да чарговага трымальніка Шыкутовічы перадаваліся разам з падданымі сялянамі і баярамі, ці вольнымі прыхожымі людзьмі. Сярод апошніх былі і прадстаўнікі дробнай койданаўскай шляхты, аселыя ў Дабрынёве ў канцы XVII — першай палове XVIII стст. Так у маёнтку зьявіліся Доўнары, Камароўскія, Калечыцы, Гладкія, Касьпяровічы, Манькоўскія, Бірулі, Макавецкія, Юшкевічы, Шабалінскія, Тараны, Міхалоўскія, Карачуны, Перапечы, Чуеўскія, Бяганскія, Урублеўскія.

У 1751 г. адбыўся продаж Дабрынёва князю Гераніму Фларыяну Радзівілу. У гэтым годзе быў састаўлены інвэнтар маёнтку, у адпаведнасьці зь якім усе баярскія павіннасьці вольнай часткі мясцовага насельніцтва былі скасаваныя і жыхары пераведзены на цяглыя і чыншавыя валокі. Паводле расейскай рэвізіі 1795 г. жыхары Дабрынёва былі ўнесены ў сялянскія рэвіскія сказкі. Урублеўскія і Бяганскія былі запісаны вольнымі людзьмі, або зямянамі. У наступныя гады некаторыя прадстаўнікі мясцовых родаў імкнуліся даказаць сваё вольнае, або шляхецкае паходжаньне.

У другой палове XVIII — пачатку XIX стст. дабрынёўскае насельніцтва пэрыядычна рабіла наезды на суседнюю вёску Данілавічы, якая належала Завішам і сяляне якой нападалі на дабрынёўскія землі. У 1886 годзе 63 двары, 528 жыхароў, школа, капліца. У пачатку XX ст. у Станькаўскай воласьці Менскага павету, 157 двароў, 987 жыхароў. У 1899 г. карэнны жыхар Дабрынёва адстаўны фэльдфэбэль і ўдзельнік Расейска-Турэцкай вайны Канстанцін Фёдаравіч Карачун, які паходзіў зь сям’і Карачуноў, ці Каржанеўскіх, на пачатку XIX ст. шукаючых вольнасць ад прыгону і правы шляхецтва, быў абраны старастам гарохаўскага сельскага таварыства, у 1915 г. станькаўскі валасны старшына.

У рэвалюцыю 1905—1907 гг. у Расейскай імпэрыі адбыліся хваляваньні сялян вёскі, якія пачалі пасьвіць жывёлу на выганах графаў Чапскіх, а валасны старшыня і пісар, якія прыбылі, каб разабрацца з гэтай справай, былі выгнаныя зь вёскі. Адпаведныя падзеі адбываліся і раней, у 1885 г. У 1911 г. 66 сялян былі арыштаваныя за самавольны папас жывёлы на выганах графаў Чапскіх.

З 20 жніўня 1924 г. вёска, цэнтар сельсавету ў Койданаўскім раёне, з 31 ліпеня 1937 г. у Менскім, з 4 лютага 1939 г. у Койданаўскім раёнах.

Насельніцтва

рэдагаваць
  • 2010 год — 187 жыхароў
  • 1 студзеня 2004 году — 101 двор, 219 жыхароў
  • 1999 год — 249 жыхароў

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Помнікі: архітэктуры — капліца драўлянага дойлідзтва 1-й паловы XIX ст.; на брацкай магіле 70 савецкіх воінаў і 105 землякам, што загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, на магіле К. А. Бабка, дырэктара школы, закатаванага гітлераўцамі.

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 173

Літаратура

рэдагаваць
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 2004. — 704 с.: іл. ISBN 985-6302-64-1.