Гісторыя Масквы, сталіцы Расейскай Фэдэрацыі.

Пасьля заснаваньня

рэдагаваць
 
Сабор Сьв. Васіля

4 красавіка 1147 году Масква ўпершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе ў якасьці месца сустрэчы растова-суздальскага князя Юрыя Даўгарукага і ноўгарад-северскага князя Сьвятаслава. На той час Масква была паселішчам на паўднёва-заходняй мяжы Растова-Суздальскага княства на скрыжаваньні шляхоў з Разані і Чарнігава ў Растоў, Суздаль і Ўладзімер[1]. Ужо празь некалькі гадоў, у 1156 годзе князем Юрыем Даўгарукім (1090—1157) была пабудаваная першая драўляная фартэцыя (Крэмль). У 1238 годзе горад захоплены манґоламі і спалены. У 1263 годзе Масква робіцца цэнтрам аднайменнага княства — цэнтрам і пачаткам будучае расейскае дзяржавы. Сваёю ляяльнасьцю Залатой Ардзе маскоўскія князі заслужылі давер хана. У першай палове 14 стагодзьдзя, калі насельніцтва Масквы складала ўжо больш за 30 000 жыхароў, манґольскі хан прызначыў маскоўскага князя старэйшым сярод расейскіх князёў.

Зь цягам часу Масква ўсё болей і болей набірала моц, што ўрэшце дазволіла ёй пазбавіцца манґольскага панаваньня. Першым этапам была Кулікоўская бітва 8 верасьня 1380 г., пасьля якое Масква хоць і была спаленая ў 1382 г., але здолела ўмацавацца палітычна, ваенна і эканамічна. У 1480 манґольская геґемонія скончылася, і Масква сталася сталіцаю ўзьнікшае адзінае расейскае дзяржавы.

Вялікі кназь Іван III Вялікі (1440—1505), што кіраваў Масквой з 1462 г., ажаніўся ў 1472 г. з Сафіяю Палеалёґ, пляменьніцаю апошняга бізантыйскага імпэратара Канстантына XI Палеалёґа, і пераняў зь Бізантыі ідэю аўтакратычнае дзяржавы, сымболіку, дзьвюгаловага арла і прыдворны цырыманіял. З тых часоў Масква лічыцца «трэцім Рымам» і апірышчам праваслаўя.

Масква робіцца мэтраполіяй

рэдагаваць

У апошнія два дзесяцігодзьдзі 15 стагодзьдзя пачалася актыўная забудова Крамля, вакол якога сяліліся многія рамесьнікі і гандляры. Насельніцтва Масквы неўзабаве вырасла да 100 000 чалавек, у 1600 годзе Масква была абнесеная мурам і ровам. У 1591 горад у апошні раз перажыў набег татараў. Падчас смуты, з 1605 па 1612 гг. Масква знаходзілася пад кантролем польскае і беларускае шляхты.

Калі ўзьніклі першыя тэкстыльныя, папяровыя і цагляныя мануфактуры, піку дасягнулі сацыяльная напружанасьць у імпэрыі: у 1667 г. паднялося сялянскае паўстаньне ў рэґіёнах Волгі і Дону. Яго кіраўнік, Сьцяпан Разін, казьнены ў 1671 на Чырвонай плошчы. У 1687 г. зьяўляецца першая расейская вышэйшая школа — «Славянска-грэцкая акадэмія», у 1703 г. выходзіць першая расейская ґазэта — «Ведомости».

У 1712 годзе цар Пётар I Вялікі (1672—1725) пераносіць сталіцу ў Санкт-Пецярбург. Тым ня меней, Масква засталася эканамічным і духоўным цэнтрам Расеі. У 1755 г. навукоўцам Міхаілам Ламаносавам (1711—1765) у Маскве быў заснаваны першы расейскі ўнівэрсытэт.

У Айчыннай вайне 1812 г. Масква была захопленая «Вялікаю арміяй» Напалеона і на дзьве траціны спаленая адыходзячымі расейскімі войскамі. З-за голаду і марозаў францускае войска было неўзабаве вымушанае зысьці з гораду.

 
Гістарычная мапа Масквы (каля 1888)

У пачатку 1813 г. пачалася перабудова гораду, былі зьнішчаныя фартыфікацыйныя пабудовы, да сярэдзіны 19 стагодзьдзя былі разбудаваныя камунікацыі і дарогі да ўсіх важнейшых гарадоў Расеі. У 1890 г. на вуліцах Масквы зьявіліся першыя трамваі. Насельніцтва Масквы паводле першага перапісу насельніцтва 28 студзеня 1897 г. складала адзін мільён жыхароў, да 1914 г. гэтая лічба вырасла ўдвая.

У апошнія дзесяцігодзьдзі XIX стагодзьдзя ў Расеі расла сацыяльная напружанасьць. У Маскве канцэнтраваліся прадпрыемствы лёгкае прамысловасьці, на якіх працавалі тысячы бяспраўных рабочых, пераважна зь безьзямельных сялянаў, выціснутых зь вёскі пасьля адмены прыгоннага права ў 1861 г.

Першая палова XX стагодзьдзя

рэдагаваць

Рэвалюцыя 1905—1907 гадоў дайшла да Масквы ў сьнежні 1905 году. Эканамічны крызіс і хаос з забесьпячэньнем падчас Першае сусьветнае вайны абвастрылі сацыяльную напружанасьць. У 1917 годзе, падчас Лютаўскае рэвалюцыі цар Мікалай II быў зьвергнуты. У той самы год Уладзімер Ленін ачоліў у Санкт-Пецярбургу кастрычніцкі пераварот, які прывёў да грамадзянскае вайны 1917—1922 гадоў і захопу ўлады камуністамі-бальшавікамі.

12 сакавіка 1918 году Маскве быў вернуты статус сталіцы Расеі, савецкі ўрад пераехаў у Крэмль на Чырвонай плошчы. 22 сьнежня 1922 году ў Маскве быў утвораны Савецкі Зьвяз.

У 1926 годзе насельніцтва гораду зноў дасягнула два мільёны жыхароў. У 1935 годзе пачалася новая комплексная перабудова Масквы — пабудаваны радыяльныя праспэкты, мэтро, некалькі новых мастоў цераз раку Маскву і канал Масква-Волга.

Пасьля нападу нацысцкае Нямеччыны на СССР 22 чэрвеня 1941 году, 30 верасьня пачаўся паход немцаў на Маскву.

Савецкі контрудар пачаўся 5 сьнежня 1941 году, падчас яго нямецкія войскі былі адрынутыя на больш за 100 км ад сталіцы СССР. Гэта была першая і найбуйнейшая параза нямецкага Вэрмахту, праз шэсьць месяцаў пасьля пачатку Бліцкрыґу. Баі на Волзе зь ліпеня 1942 па люты 1943 году канчаткова азначала паразу немцаў у тагачасным Савецкім Зьвязе. 24 чэрвеня 1945 году на Чырвонай плошчы ў Маскве прайшоў парад перамогі.

Пасьля вайны горад быў адбудаваны, у 1968 г. насельніцтва Масквы дасягнула амаль сямі мільёнаў. У 1980 г. Масква была месцам правядзеньня XXII Алімпійскіх гульняў.

Пры канцы 1980-х гадоў эканамічная крыза разам з абвастрэньнем міжнацыянальных праблем і прагаю рэспублік ССР да незалежнасьці прывялі да краху савецкае імпэрыі. У жніўні 1991 г., калі прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў плянаваў заключэньне абноўленае зьвязнае дамовы, некалькі ґенэралаў, чальцоў ураду і галава КДБ ініцыявалі 19 жніўня спробу дзяржаўнага перавароту. У Маскву былі ўведзеныя войскі, рокаш быў падаўлены. Пасьля паразы путчу, праз чатыры месяцы Гарбачоў 25 сьнежня 1991 заявіў аб сваёй адстаўцы, што азнаменавала канец СССР.

У 1992 г. прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын падпісаў з галовамі расейскіх суб’ектаў фэдэрацыйную дамову, якая рэґулюе адносіны між фэдэрацыйным цэнтрам Расеі і яе суб’ектамі. У верасьні 1993 г. Ельцын распусьціў Зьезд народных дэпутатаў і Вярхоўны Савет Расеі. У кастрычніку таго самага году адбыўся яшчэ адна спроба перавароту з боку касэрватыўных сіл. Калі паўстанцы захапілі будынак парлямэнту, гарадзкі выканаўчы камітэт, і тэлевізійную вежу, Ельцын гвалтоўна падавіў рокаш (190 ахвяраў).

12 сьнежня 1993 г. была прынятая новая Канстытуцыя і адбыліся першыя свабодныя парлямэнцкія выбары. З 5 па 7 верасьня 1997 г. горад 450 мерапрыемствамі ўрачыста адзначыў сваё 850-годзьдзе. 31 сьнежня 1999 г. прэзыдэнт Ельцын нечакана пакінуў свой пост. З таго часу галавою расейскае дзяржавы быў Уладзімер Пуцін. У пачатку верасьня 2002 г. у Маскве было ўведзенае надзвычайнае становішча з-за буйных лясных і тарфяных пажараў вакол Масквы.

  1. ^ Даты, падзеі, людзі / гал.рэд. Павал Сухарукаў // Зьвязда : газэта. — 4 красавіка 2014. — № 62 (27672). — С. 8. — ISSN 1990-763x.