Старажытнасьць

рэдагаваць

Зь IX стагодзьдзя латышы засялілі тэрыторыю сёньняшняе Латвіі. Краіна падзялялася на некалькі дробных княстваў, і з-за іх слабасьці была аб’ектам інтарэсаў Полацку, Швэцыі, Польшчы і Сьвятое Рымскае імпэрыі.

Хрысьціянізацыя

рэдагаваць

Тэрыторыя сучаснае Латвіі ажно да XII стагодзьдзя была адной з апошніх паганскіх зямель Эўропы. Ганзейскі горад Любэк у 1158 годзе заснаваў сваю гандлёвую калёнію ў вусьці Дзьвіны, а ў 1185 годзе адбылася першая спроба хросту латышоў місіянэрамі з Брэмэну. У 1201 годзе біскуп Альбрэхт Буксгэўдэн заснаваў у Рызе Ордэн мечаносцаў (лац. Fratres militiae Christi de Livonia) для заваёвы ґвалтоўнае хрысьціянізацыі Прыбалтыкі.

Пасьля заняцьця значнае часткі Латвіі, бітвамі пры Трэйдэне 1211 і Фэліне (1217) завяршыўся захоп таксама і Эстоніі. Былымі княствамі пачалі кіраваць нямецкія паны. Створанае абразаваньне пачало называцца Лівоніяй. Да канцу 14 стагодзьдзя Лівонія заняла тэрыторыі сёньняшніх Латвіі й Эстоніі. Назва «Латвія» (па-латыску — Latvija, у лаціне — Lettia, Lettonia) зьяўляецца ў Сярэднявеччы толькі часам і амаль цалкам зьнікае ў 15 стагодзьдзі, выцесьненае назваю «Лівонія». Пачынаючы з 16 стагодзьдзя, пасьля падзеньня Лівонскага Ордэну, назва «Латвія» зноў пачынае зрэдчас ужывацца. У 19 стагодзьдзі назва зьяўляецца ў літаратуры падчас нацыянальнага адраджэньня латышоў, з 1918 году яна сталася афіцыйнаю назвай краіны.

Лівонскі Ордэн

рэдагаваць
 
Рыга

Параза Ордэну Мечаносцаў ў 1237 ў бітве з жамойцкімі плямёнамі прывяла да таго, што Лівонія перайшла да Тэўтонскага Ордэну, хаця некаторыя землі засталіся ў руках Рыскага Біскупа альбо гораду Рыгі. Пасьля падпарадкаваньня плямёнаў ліваў, куршаў і земгалаў Тэўтонскаму Ордэну, у Лівонію пацягнуліся нямецкія перасяленцы. Немцы утварылі пануючую ў Латвіі вярхушку, гарадзкое насельніцтва, інтэліґенцыю.

Ганзейскі хаўрус

рэдагаваць

У Сярэднявеччы лівонскія месты, як Рыга і іншыя, былі чальцамі Ганзейскага гандлёвага хаўрусу і мелі актыўныя эканамічныя стасункі з гарадамі на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора, ад Даніі да Вялікага Ноўґараду.

Рэфармацыя

рэдагаваць

У выніку Рэфармацыі крыжацкая дзяржава стала герцаґствам; Лівонія пры гэтым прыняла Лютэранства. Пасьля вайны супраць Вялікага Княства Літоўскага Лівонія, паводле дамовы, падпісанай у Вільні 28 лістапада 1561 г., дзялілася на некалькі частак: Эстонія адыходзіла да Швэцыі, некаторыя дробныя землі адыходзілі да Даніі і Польскае кароны; Курляндыя засталася на чале з апошнім маґістрам Лівонскага Ордэну Ґотгардам Кетлерам як герцаґства пад польскім пратэктаратам, а астатняя частка была далучаная да Рэчы Паспалітай. Пасьля нядоўгае незалежнасьці Рыга таксама адышла да Рэчы Паспалітай, таксама як і некаторыя былыя дацкія ўладаньні.

Швэцыя й Рэч Паспалітая

рэдагаваць

У 1629 годзе Швэцыя захапіла Лівонію, а Курляндыя засталася незалежным Герцаґствам пад рэчыпаспалітанскім пратэктаратам. Латґалія з цэнтрам у Дзьвінску засталася часткаю Рэчы Паспалітай.

Вялікая Паўночная вайна (1700—1721) прынясла Латвіі новую перамену ўладароў. Празь Ніштадзкі мір Лівонія і Эстонія сталіся часткаю Расейскае Імпэрыі, а пасьля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 да Расеі адышлі і Курляндыя з Латґаліяй. Землі Латвіі і Эстоніі ўтварылі Остзэйскія ґубэрні Расеі, якія атрымалі шэраг прывілеяў у параўнаньні з астатнімі ґубэрнямі: там панавалі нямецкія паны і пратэстанцтва; было мацней выражанае мескае самакіраваньне.

Рух за незалежнасьць

рэдагаваць

Уздым нацыянальнае сьвядомасьці прыгнятаных расейцамі латышоў прывёў да стварэньню незалежніцкіх рухаў. У 1917 г. землі Балтыі былі рэстрытурызаваныя: Лівонія сгубіла сваю эстонскую частку на карысьць Эстоніі, але атрымала ўзамен Курляндыю на поўдні. Пасьля нямецкай акупацыі напрыканцы Першае Сусьветнае Вайны Ўсенародная Рада Латвіі абвесьціла незалежнасьць краіны (18 лістапада 1918 г.). Хаця сярод бальшавікоў было багата латышоў, Чырвоная Армія ня здолела ўзяць пад кантроль падтрыманую Эстоніяй і астзэйскімі немцамі Латвію. Пасьля паразы путчу астзэйскіх немцаў уладу ўзяў латыскі ўрад, які па мірнай дамове, падпісанай у Рызе 11 жніўня 1920 г. была прызнаная і Савецкай Расеяй. У той жа самай дамове перадугледжвалася перадача Латвіі Латґаліі. У той час Латвія праводзіла талерантную да этнічных меншасьцяў палітыку і перажывала эканамічны ды культурны ўздым.

Пэрыяд 1934—1945 гадоў

рэдагаваць

У 1934 г. у Латвіі адбыўся дзяржаўны пераварот, пасьля якога краіна трапіла пад уладу дыктатара Карліса Ўлманіса. У час да пачатку Другое сусьветнае вайны Латвія была пад уціскам Нямеччыны й Савецкага Зьвязу. Згодна з дадатковым пратаколам Пакту Молатава-Рыбэнтропа, Латвія трапляла ў сфэру ўплыву Савецкага Зьвязу. 5 кастрычніка 1939 г. СССР прымушае Латвію дазволіць увод савецкіх войскаў на сваю тэрыторыю. 31 кастрычніка 1939 г. Нямеччына заключыла з Латвіяй дамову аб перасяленьні 48 600 латыскіх немцаў у Нямеччыну, якое завершылася 15 сьнежня 1939. 17 чэрвеня 1940 г. савецкія войскі ўвайшлі ў Латвію. 100 000 латышоў былі рэпрэсаваныя і дэпартаваныя ў Сыбір. Новы прасавецкі ўрад заявіў аб далучэньні Латвіі да СССР, што не было прызнана на міжнародным узроўні і інтэрпрэтавалася як анэксія ажно да скону Савецкага Зьвязу.

З 1941 па 1945 гг., падчас Другой сусьветнай вайны, нямецкі Вэрмахт акупаваў Латвію, якая сталася Ґенэральнаю акругай Латвіяй у складзе Райхскамісарыяту Остлянду. Пачаліся акцыі зьнішчэньня нямецкімі акупантамі габрэяў, пры падтрымцы дабравольнікаў з латышоў (у прыватнасьці, Латыскага Леґіёну СС), што прывяло да амаль поўнага зьнішчэньня габрэйскай грамады Латвіі. Рэшткі нямецкае мяншыні, якая традыцыйна была важным інтэлектуальным рэсурсам краіны, былі інтэрніяваныя ў Нямеччыну. Латыскія добраахвотнікі, пазьней таксама ґвалтоўна рэкрутаваныя, ваявалі на баку немцаў з Чырвонай арміяй. Увосень 1944 г. краіна была зноў занятая савецкім войскам. За гэтым пасьледвала новая хваля дэпартацыяў латышоў углыб СССР. Да 1952 г. было забіта і рэпрэсавана да 120.000 латышоў, перш за ўсё з вышэйшае і сярэдняе клясы. Дзясяткі тысячаў уцекачоў з Латвіі беглі на Захад, перш за ўсё ў Нямеччыну, Швэцыю, а адтуль — у ЗША й Аўстралію. У гэтых краінах стварыліся розныя эміґранцкія грамады.

Латвійская ССР

рэдагаваць

Па вайне была ўтвораная Латыская ССР. Латвія разьвівалася разам з астатнім СССР, была адбудаваная. Савецкі ўрад намагаўся зрабіць латышоў меншасьцю і іх ўласным краю і праводзіў палітыку засяленьня рэспублікі грамадзянамі зь іншых рэґіёнаў Зьвязу. У выніку, у 1989 толькі 52% жыхароў Латвіі былі латышамі (у 1935 доля латышоў была 77%).

Новая незалежнасьць

рэдагаваць

У 1990 годзе Латвія абвесьціла незалежнасьць ад Савецкага Зьвязу, якую ў 1991 г. прызнаў СССР. Спачатку ў краіне панавала палітычная й эканамічная нестабільнасьць. Асабліва шмат праблемаў выклікала аґрэсыўная палітыка ўладаў у дачыненьні да нацыянальных меншасьцяў. На працягу 1990-х гадоў краіна прайшла праз шэраг маштабовых дэмакратычных і рынкавых рэформаў.

20 верасьня 2003 г. на рэфэрэндуме 67% латвійцаў выказаліся за ўступ краіны ў Эўрапейскі Зьвяз з 1 траўня 2004 г. (супраць — 32%, устрымаліся — 0,7%, прагаласавала 72,5% маючых права). 29 сакавіка 2004 г. Латвія стала сябрам NATO.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць