Гран-пры Мэксыкі
Гран-пры́ Мэ́ксыкі (па-гішпанску: Gran Premio de México), таксама Гран-пры Мэхіка (гішп. Gran Premio de la Ciudad de México) — аўтагоначнае спаборніцтва ў Мэхіка (Мэксыка), якое ладзіцца з 1962 року. З 1963 увайшла ў каляндар чэмпіянату сьвету Формулы-1.
Аўтадром братоў Радрыгесаў | |
Гісторыя | |
---|---|
Праведзеныя гонкі | 24 |
Першая гонка | 1962 |
Лідэр (гоначнік) | Макс Вэрстапэн (5) |
Лідэр (канструктар) | Рэд Бул Рэйсінг (5) |
Траса | |
Працягласьць кола | 4,304 км |
Працягласьць гонкі | 305,354 км |
Колькасьць колаў | 71 |
Сэзон 2023 году | |
Поўл-пазыцыя |
|
Подыюм |
|
Найхутчэйшае кола |
|
Вонкавыя спасылкі | |
Мінуўшчына
рэдагавацьПершая гонка на трасе Магдалены Мішукі адбылася 4 лістапада 1962 року па-за чэмпіянатам, яе выйгралі пілёты Лотасу Трэвар Тэйлар і Джым Кларк. Захад азмрочыла сьмерць маладой мэксыканскай зоркі Рыкарда Радрыгеса дэ ля Вэгі падчас трэніроўкі.
Праз год, ужо ў чэмпіянатнай гонцы, зноўку перамог Джым Кларк, зраўняўшыся тым самым з Хуанам Мануэлем Фанхіё паводле колькасьці перамог за адзін сэзон.
У 1970 року на Гран-пры прыйшоў двухсоттысячны натоўп, які жадаў пабачыць Пэдра Радрыгеса. Арганізатары ня здолелі даць рады такой колькасьці і былі вымушаныя затрымаць пачатак гонкі на гадзіну. Падчас заезду гледачы кідалі на трасу бутэлькі, а ў адным моманце на дарогу выбег сабака, якога зьбіў Джэкі Ст’юарт. Складанасьць кіраваньня гледачамі, а таксама сьмерць Пэдра Радрыгеса прывялі да скасаваньня мэксыканскага этапу з 1971 року.
У 1980—1981 на трасе Магдалены Мішукі, перайменаванай ужо ў гонар братоў Радрыгесаў, адбыліся гонкі амэрыканскай сэрыі ІндыКара. Празь некалькі гадоў трасу вырашылі перабудаваць, каб і лягчэй было кантраляваць гледачоў. У 1986 року Гран-пры Мэксыкі вярнулася ў Формулу-1. У 1988 час правядзеньня перанесьлі з сярэдзіны кастрычніка на канец траўня, каб спалучыць з іншымі паўночнаамэрыканскімі Гран-пры. У 1990 перанесьлі гонку на канец чэрвеня.
Перад сэзонам 1992 року МФА запатрабавала абнавіць трасу, якая заставалася няроўнай і выбоістай. У тым годзе яе паставілі ў календары на сакавік. Арганізатары ўвялі дадатковыя захады бясьпекі, зрабіўшы павольнейшымі павароты; аднак гоначнікі ўсё адно турбаваліся бясьпекай, бачачы няроўнасьці на дарозе. На трэніроўцы Найджэл Мэнсэл ледзь не разьбіў машыну ў павароце Пэральтада, а Айртан Сэна ў хуткім Эсэсе наляцеў на сэрыю купінаў, ад чаго аўтамабіль страціў кіраваньне і ўдарыўся ў бэтонны мур. Бразылец здолеў узяць удзел у гонцы, але пасьля такіх інцыдэнтаў, праблемаў з брудным паветрам у Мэхіка і хуткім ростам насельніцтва Гран-пры Мэксыкі закрылі.
З 2002 року на значна пераробленай трасе шэсьць гадоў запар ладзіліся спаборніцтвы амэрыканскай сэрыі Champ Car. З 2015 у Мэксыку вярнулася і Формула-1. У 2019 року мэр Мэхіка Кляўдыя Шэйнбаўм плянавала адмовіцца ад далейшага правядзеньня гонкі, аднак пазьней усё ж было вырашана ладзіць яе пад назвай Гран-пры Мэхіка, каб паказаць удзел самакіраваньня места ў ягоным фінансаваньні. Тым ня меней, налета Гран-пры было скасаванае з прычыны пандэміі каранавірусу, і першая гонка з назовам Гран-пры Мэхіка адбылася ў 2021 року.
Пераможцы
рэдагаваць- Ружовае тло азначае, што гонка не ўваходзіць у каляндар Чэмпіянату сьвету Формулы-1.
- З 2021 року захад адбываецца пад назвай «Гран-пры Мэхіка».
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Formula 1 confirms it's not possible to race in Brazil, USA, Mexico and Canada in 2020 Архіўная копія ад 24 July 2020 г.
- ^ Mexican GP. ChicaneF1. Праверана 14 September 2021 г. Архіўная копія ад 14 September 2021 г.
- ^ I Gran Premio di Mexico 1962. Formula2.net. Праверана 14 September 2021 г. Архіўная копія ад 25 February 2005 г.