Глюкі
«Глю́кі» — колішні беларускі музычны рок-гурт з Магілёва. Граў у стылі, што самі музыкі звалі драбч-корам.
«Глюкі» | |
Гады | 1998—2009 |
---|---|
Краіна | |
Месца ўтварэньня | Магілёў, Беларусь |
Мова | беларуская |
Жанр | драбч-кор |
Выдавец | «БССР рэкардз», «Арзамас-16» |
Зьвязаныя праекты | Akute, «Сердце дурака» |
Удзельнікі | Аляксей Паронкін, Раман Жыгараў, Марына Грыбаноўская, Юры Дзьюд |
Былыя ўдзельнікі | Кірыла Падліпскі, Рыгор Грыбаноўскі |
Гісторыя
рэдагавацьДругая палова 1990-ых
рэдагавацьДакладная дата нараджэньня гурту невядомая. Першае згадваньне прыходзіцца на 1998 год. «Глюкамі» зваўся калектыў з трох чалавек, які выконваў на гітары й плястмасавых вёдрах, замяняючых рытм-сэкцыю, песьні ўласнага вершаскладаньня. Па меры росту музычнага майстэрства й набыцьці прыладаў, альтэрнатыўнае гучаньне неўзабаве зьмянілася на больш звыклы рок-н-рольны варыянт: дзьве гітары й бубны.[1] З гэтага часу трыё «Глюкі» (Аляксей «Лепа» Паронкін — сьпеў, гітара; Кірыла «Кэш» Падліпскі — гітара; Раман «Ромэо» Жыгараў — бубны) пачало зьвяртаць на сябе пільную ўвагу суседзяў Лепы, на кватэры якога праходзілі рэпэтыцыі.
У 1999 годзе «Глюкі» пачынаюць рэпэтаваць на заводзе «Трансмаш». У гэты ж час у гурце зьяўляецца бубнач Рыгор «Грыф» Грыбаноўскі, а Рамэо бярэ ў рукі бас-гітару й досыць хутка асвойвае гэтую прыладу. Гурт упершыню спрабуе моцы на канцэртах мастацкай самадзейнасьці заводу «Тэхнапрыбор», пасьля чаго губляе рэпэтыцыйны пункт. Рэпэтыцыі на кватэры Лепы аднаўляюцца, але прагрэс ідзе досыць марудна.
Першая палова 2000-ых
рэдагавацьУ 2001 годзе нацягнутыя адносіны паміж Кэшам і Грыфам прыводзяць да зыходу першага. У гэты ж час Лепам, Грыфам і Ромам напісана мноства песень, якія вызначылі творчасьць калектыву на некалькі гадоў наперад. Праз год у гурце зьяўляецца Марына «Сэкс-пэтарда» Бучкова, якая прынесла з сабою незвычайнае гучаньне клявішных, а таксама дырэктар — Віталь Шум. З сакавіка 2002 году, пры падтрымцы «Цэнтру жывога року», гурт дае сэрыю выступаў у Магілёве. Увесну 2004 году па апытаньнях наведвальнікаў канцэртаў гурт заняў першае месца ў рэйтынгу папулярнасьці сярод магілёўскіх слухачоў. Тады ж у адной з студыяў Магілёву «Глюкі» прыступілі да запісу дэбютнага альбому, які быў прэзэнтаваны публіцы 9 сьнежня 2005 году ў магілёўскім клюбе «Joker».
Другая палова 2000-ых
рэдагавацьУ наступнае паўгодзьдзе «Глюкі» выступілі на «Рок-каранацыі-2006», адзначыліся на верхнім радку гіт-параду «Тузін Гітоў» зь песьняй «Ападкі», далі сэрыю канцэртаў у Магілёве і Менску. Увесну 2006 году ў Магілёве ўтвораны фан-клюб гурту. У 2007 годзе песьня «AntiEMO (Parquet)» з будучага альбому «Idyatyzm» трапіла ў гіт-парад «Тузін Гітоў» і стала найлепшай песьняй па выніках году.[2]
На фэстывалі «Басовішча»-2008 гурт атрымаў трэцяе месца сярод канкурсантаў. Па прыезьдзе, 23 ліпеня аб сыходзе з гурта паведамілі бубнач Юры Дзьюд, сьпявак Аляксей Паронкін і клявішніца Марына Грыбаноўская. Раман Жыгараў і Станіслаў Мытнік абяцалі скончыць працу над альбомам Idyatyzm. Гурт «Глюкі» ў звычайным складзе спыніў сваё існаваньне. Намаганьнямі прыхільнікаў у 2009 годзе выдадзены другі альбом гурта на лэйбле БМА, які заняў другое месца ў сьпісе найлепшых альбомаў году на сайце experty.by і атрымаў перамогу ў намінацыі «Найлепшы беларускамоўны альбом» таго ж сайту[3], а таксама ўвайшоў у тройку найлепшых альбомаў году па вэрсіі інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў».[4]
Пасьля распаду «Глюкаў» Раман Жыгараў і Станіслаў Мытнік з бубначом Паўлам Емяльянавым з Nevma ўтварылі гурт Akute.
«Краіна»
рэдагавацьГалоўны гіт гурту — «Краіна» — быў напісаны каля 2000 году, але прэзэнтацыя песьні на сцэне адбылася толькі ў 2006 годзе. Першы студыйны варыянт песьні пазьней быў названы «Краіна 1.0». На сайт «Тузін Гітоў» песьня трапіла ўжо пасьля распаду гурту, у 2009 годзе, але ў апрацоўцы дзьвюх магілёўскіх гуртоў Mauzer і Green Che. Цяпер кампазыцыя значылася пад назвай «Краіна 2.0» і была зроблена ў стылі рэп з захаваньнем прыпеву першапачатковай вэрсіі.[5] Нечакана для цяпер ужо былых музыкаў гурту, «Краіна 2.0» адразу спадабалася наведвальнікам сайту і хутка пабіла рэкорд па колькасьці перамог у гіт-парадзе (папярэдні належыў «Зорачкам» «Ляпіса Трубяцкога»).[6] Урэшце ў фінальным «Мэгатуры» песьня стала галоўным гітом году.[7]
Дыскаграфія
рэдагавацьАльбомы
рэдагаваць- Humanoid?.. (2005, афіцыйнае выданьне ў 2007)
- Idyatyzm (2009)
Удзел у складанках
рэдагаваць- 1418 дней пути (2005) — «Давай закурим»
- Прэм’ер Тузін 2006 (2006) — «Ападкі»
- НезалежныЯ (2008) — «Праграма»
- Не заганяйся! vol.2 (2008) — «Сьпі, мой край»
- Прэм’ер Тузін 2008 (2009) — «AntiEMO (Parquet)»
- Budzma The Best Rock / Budzma The Best Rock/New (2009) — «Śpi, Moj Kraj»
Удзельнікі
рэдагаваць- Аляксей «Лепа» Паронкін: сьпеў, гітара
- Раман «Рамэо» Жыгараў: бас-гітара, дадатковы сьпеў
- Марына Грыбаноўская: клявішы
- Юры Дзьюд: бубны
Былыя ўдзельнікі
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Д.П. «ГЛЮКІ» // Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі / уклад. Дз. Падбярэзскі і інш. — Мінск: Зміцер Колас, 2008. — С. 78. — 368 с. — 2000 ас. — ISBN 978-985-6783-42-8