Геранім Друцкі-Любецкі
Геранім Друцкі-Любецкі (5 кастрычніка 1861, Пінск, Менская губэрня, Расейская імпэрыя — 31 сьнежня 1919, Варшава, Польшча) — гаспадарчы і палітычны дзяяч Расейскай імпэрыі і Беларусі, пісьменьнік, сябра Рады БНР.
Геранім Друцкі-Любецкі | |
Сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі | |
---|---|
1918 г. — не пазьней за 1919 г. | |
Прэм’ер-міністар: | Раман Скірмунт |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
5 кастрычніка 1861 |
Памёр: |
31 сьнежня 1919 (58 гадоў) |
Сужэнец: | Марыя з Грабоўскіх[d] |
Бацька: | Эдвін Друцкі-Любецкі |
Маці: | Ядвіга з Радзівілаў[d] |
Адукацыя: | |
[[commons:Category:Hieronim Drucki-Lubecki|]] ў Вікісховішчы |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся 5 кастрычніка 1861 году ў Пінску ў буйнай арыстакратычнай землеўласьніцкай сям’і. Належаў да княскага рода Друцкіх-Любецкіх, з боку маці быў нашчадкам Радзівілаў.
Скончыў нямецкамоўную гімназію ў Рызе, а ў 1885 годзе — юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту. З 27 сакавіка 1886 году па 27 жніўня 1887 году служыў у гвардыі грэнадэрскай брыгадзе.
У 1906 годзе быў абраны дэпутатам (ад Пінска) у I Дзяржаўную думу Расейскай імпэрыі. У 1909—1910 гадах быў чальцом Дзяржаўнага Савету Расейскай імпэрыі ад Менскай губэрні.
Падчас Першай сусьветнай вайны быў з 1914 году чальцом Польскага таварыства дапамогі ахвярам вайны. У сьнежні 1915 году быў старшынём арганізацыйнага камітэту «Польскія дні» ў Менску.
У красавіку 1917 году стаў сябрам Менскага павятовага польскага камітэта.
У статыстычных дакумэнтах 1917 г. неаднаразова пазначаў сваю нацыянальнасьць як «беларус»[1][2].
13-15 траўня 1917 г. прысутнічаў на пасяджэньні Беларускага нацыянальнага камітэта, куды быў кааптаваны па ініцыятыве Рамана Скірмунта разам з іншымі буйнымі маянткоўцамі (Эдвардам Вайніловічам, князям Станіславам Радзівілам і інш.). Блякаваў прапановы прадстаўнікоў БСГ аб радыкальных аграрных пераўтварэньнях у Беларусі, а таксама пацьвердзіў сваё імкненьне да аўтаноміі Беларусі ў складзе Расеі, злучэньня ўсіх беларускіх зямель, падзеленых фронтам Першай сусьветнай вайны, пад адной уладай і адмежаваўся ад польскай арыентацыі[3].
У канцы кастрычніка 1918 г. як дэлегаваны ад Саюза землеўласнікаў Мінскай губерні («Саюза маянткоўцаў Мінскай губерні») увайшоў у якасці члена ў склад Рады БНР[4].
У 1919 годзе выехаў у Польшчу. У Варшаве захварэў на гішпанскі грып і памёр. Пахаваны на Павонзкаўскіх могілках у Варшаве.
Успаміны і водгукі
рэдагавацьЯк засьведчыў у сваіх успамінах ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, стваралася ўражаньне, што «буйныя землеўласьнікі на Беларусі пачынаюць пазнаваць самі сябе і варочацца да таго народу, з каторага яны выйшлі», а ідэя палітычнай суб’ектнасці Беларусі ў форме аўтаноміі ў складзе Расеі атрымлівае ў маянткоўцаў шчырую падтрымку[5]
Таксама кс. Вінцэнт Гадлеўскі прыводзіў выказваньне князя Гераніма Друцкага-Любецкага, які ў сваёй прамове на сесіі адзначыў, што паходзіць з роду беларускіх князёў і заявіў, «што ён не вінаваты, што над яго калыскай пяялі не беларускія, а польскія песьні»[6].
Сям’я
рэдагаваць- Бацька — князь Эдвін Геранімавіч Друцкі-Любецкі (1828—1901), пінскі павятовы маршалак (1859—1872)
- Маці — князёўна Ядзьвіга Канстанцінаўна Радзівіл (1839—1863).
Ажаніўся ў 1889 г. з Марыяй (Марыяй Ганнай Эрнэстынай) Гётцандорф-Грабоўскай (1861—1946), ад якой меў дзяцей:
- 1) Марыя Ядзьвіга Юзэфа Францыска Хрысьціна Кацярына Альжбета Клемянтына Друцкая-Любецкая (1890—1945). Муж: Ільля Прахін. Шлюб у 1917 г.
- 2) Канстанцін Марыян Юзаф Друцкі-Любецкі (1893—1940). Жонкі: 1) Сафія Стэфанаўна Ваньковіч (1907—1981). 2) графіня Марыя-Антаніна Красінская (1899—1987). Шлюб у 1924 г.
- 3) Юзаф Марыян Ян Непамуцан Друцкі-Любецкі (1897—1943)
- 4) Крысьціна (Крысьціна Марыя Ядзьвіга Юзэфа) Друцкая-Любецкая (23.01.1900—06.05.1921)[7][8]. Загінула беспатомна.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Сяргей Абламейка У 1917 годзе нашчадак Рурыка і іншыя магнаты Меншчыны абвясьцілі сябе беларусамі — Радыё Свабода, 19 верасьня 2019 г.
- ^ Раюк, А. Р. Беларускі палітычны кансерватызм канца XIX — пачатку XX ст. — С. 183.
- ^ Ладысеў, У. Ф. На пераломе эпох… С. 13.
- ^ Смалянчук, А. Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А. Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.482.
- ^ Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта… С. 24.
- ^ Смалянчук, А. Раман Скірмунт (1868—1939) як лідэр беларускага руху (сакавік-май 1917 г.) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі: зборнік навуковых артыкулаў. — С. 299.
- ^ Ахвяра «рыжскай мяжы». Сапраўдная гісторыя трагедыі князёўны Крысціны Друцкай-Любецкай
- ^ Krystyna Maria Józefa Jadwiga Drucka-Lubecka (Drucka-Lubecka)