Галіна Каржанеўская

беларуская пісьменьніца

Галíна Каржанéўская (27 жніўня 1950, в. Лясішча, Слуцкі раён, Менская вобласьць, БССР) — беларуская паэтка, пісьменьніца, настаўніца і грамадзкая дзяячка.

Галіна Каржанеўская
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 27 жніўня 1950(1950-08-27) (74 гады)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці Паэтка, пісьменьніца, настаўніца
Гады творчасьці З 1973
Жанр Верш, эсэ, п'еса
Мова Беларуская
Дэбют 1973
Значныя творы «На мове шчасця» (1973), «Невымоўнае» (1991), «Што варта радасці і слёз…» (2013)

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзілася 27 жніўня 1950 году ў в. Лясішча, Слуцкім раёне Менскай вобласьці ў сям’і служачых. Пераехала ў в. Янушкавічы Лагойскага раёну, калі бацьку накіравалі ў мясцовы саўгас дырэктарам.

У 1968 годзе скончыла Янушкавіцкую сярэднюю школу і паступіла на філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. З трэцяга курса перавялася на завочнае адзьдзяленьне ў сувязі з нараджэньнем дачкі і пачала настаўнічаць у Янушкавіцкай школе. Скончыла ўнівэрсытэт у 1973 годзе, выкладала беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе мястэчка Плешчаніцы Лагойскага раёну[1].

У 1980—1982 гадох — рэдактарка літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага тэлебачаньня, з 1984 году — карэспандэнтка адзьдзелу прозы і паэзіі, з 1986 году — загадніца адзьдзелу крытыкі газэты «Літаратура і мастацтва».

Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1976 году, сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў[2].

Творчасьць

рэдагаваць

Недзе з сёмай клясы пачала пісаць вершы. Настаўніца беларускай мовы В. М. Жардэцкая разгледзела ў дзяўчынкі парасткі літаратурных здольнась­цяў і паслала яе вершы ў раённую газэту «Ленінскі сцяг», дзе яны былі надрукаваныя. Першая публікацыя ў часопісы «Маладосьць» прыпала на 1967 год. Стала ўдзельніцай рэспубліканскага сэмінару маладых паэтаў у Каралішчавічах, на яе вершы зьвярнулі ўвагу крытыкі.

У кнігах паэзіі «На мове шчасьця» (1973), «Мой сад» (1976), «Званы гадоў» (1980), «Жыла-была…» (1983), «Вечны водгук» (1988), «Невымоўнае» (1991) паэтызуе высакароднасьць чалавечых пачуцьцяў і ўчынкаў, багацьце духоўнага сьвету гераіні-сучасьніцы. Яе вершы адметныя глыбокім лірызмам, эмацыянальнай стрыманасьцю і драматычнасьцю. Піша для дзяцей: п’есы «Іван Сьвітаньнік» (паст. 1981), «Шукайце кветку-папараць» (паст. 1985), «Зуб мудрасьці» (1984), «Мора, аддай пярсьцёнак» (1987), «А як жа Непаседа?», «Чарнабог» (усе паст. 1996), зборнікі вершаў «Сінічка на балконе» (1989), «Рэчы для малечы» (1996) і іншыя. Аўтар чытанак для 1—2-га клясаў «Акрайчык» (1995, з М. Яфімавай) і для 3—4-га клясаў «Сьцяжынка» (1997). Выступае як публіцыстка, крытыца, перакладніца[3].

Палітычная дзейнасьць

рэдагаваць

Актывістка аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». На мясцовых выбарах 2018 году балатавалася ў Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў па Матусевіцкай выбарчай акрузе № 33 ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Фрунзэнская раённая выбарчая камісія вынесла ёй 2 лютага папярэджаньне за разьмяшчэньне плякату без выходных дадзеных, хоць выраб друкарскім салонам плакату быў аплочаны за кошт сродкаў выбарчага фонду, а яго ўзор быў 28 студзеня перададзены ў камісію. Другое папярэджаньне камісія вынесла за распаўсюд газэты «Народная воля». 13 лютага Фрунзэнская раённая выбарчая камісія пазбавіла яе рэгістрацыі ў якасьці кандыдаткі ў дэпутаты[4].

Літаратура

рэдагаваць
  • Л. М. Гарэлік. Каржанеўская Галіна Анатолеўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8), ISBN 985-11-0035-8.

«На мове шчасця». Зборнік пазіі. 1973 г.

«Мой сад». Вершы і паэма. 1976 г.

«Званы гадоў». Зборнік пазіі. 1980 г.

«Іван Світаннік». П'еса для дзяцей. Пастаўлена ў 1981 г.

«Жыла-была». Зборнік пазіі. 1983 г.

«На што падобна аблачынка». Кніга вершаў для дзяцей. 1983 г.

«Зуб мудрасці». П'еса. Часопіс «Маладосць», 1984 г.

«Шукайце кветку-папараць». П'еса для дзяцей. Пастаўлена ў 1985 г.

«Мора, аддай пярсцёнак». П'еса. Часопіс «Полымя», 1987 г.

«Вечны водгук». Вершы і паэма. 1988 г.

«Сінічка на балконе». Кніга вершаў для дзяцей. 1989 г.

«Што варта радасці і слёз…». Біяграфія ў вершах і нарысах. 2013.

  1. ^ Л. М. Гарэлік. Каржанеўская Галіна Анатолеўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с.
  2. ^ Каржанеўская Галіна Анатольеўна
  3. ^ Л. М. Гарэлік. Каржанеўская Галіна Анатолеўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с.
  4. ^ Галіна Каржанеўская патрабуе ўзнавіць яе ў статусе кандыдата ў дэпутаты