Гадзяцкая унія

пагадненьне 1658 року між Рэччу Паспалітай і казакамі

Гадзяцкая унія (па-польску: Unia hadziacka) — дамова, заключаная 16 верасьня 1658 року ў Гадзячы паміж Рэччу Паспалітай абодвух народаў і Запароскім казацкім войскам, прадстаўленым гетманам Іванам Выгоўскім.

Гадзяцкая унія
Гадзяцкая дамова
Рэч Паспалітая трох народаў паводле Гадзяцкай уніі 1658
Рэч Паспалітая трох народаў паводле Гадзяцкай уніі 1658
Тып дамовы міжнародная
Падпісаная 16 верасьня 1658 (366 гадоў таму)
 ·  месца Гадзяч
Набыла моц ад моманту падпісаньня
 ·  умовы
  • права 5-ці праваслаўных мітрапалітаў браць удзел у паседжаньнях Сэнату.
  • вяртаньне прыватным уласьнікам валаданьняў, страчаных у часы Хмяльніччыны.
  • казацкі рэестар меў складацца з 30 тысячаў асобаў. Казакі звальняліся ад сплаты падаткаў.
  • Права выбару гетмана надавалася каралю з чатырох кандыдатаў, якія прадстаўлялі чыны Кіеўскага, Брацлаўскага і Чарнігаўскага ваяводзтваў.
  • Іван Вігоўскі атрымаў пасаду ваяводы кіеўскага.
Бакі Гетманшчына
Рэч Паспалітая
Дакумэнт прысягі Яна Казімера на тэкст Гадзяцкай уніі 10 чэрвеня 1659
Рэч Паспалітая трох народаў паводле Гадзяцкай уніі 1658

Прадугледжвала пераўтварэньне Рэчы Паспалітай абодвух народаў ва унію трох раўнапраўных суб’ектаў-дзяржаваў: Кароны польскай, Вялікага Княства Літоўскага і Рускага княства, утворанага з Кіеўскага, Брацлаўскага і Чарнігаўскага ваяводзтваў (паводле Люблінскай уніі 1569 адышлі да Кароны). Умовамі уніі было прадугледжана стварэньне асобных установаў улады для Русі (створаныя пасады маршалка рускага паводле аналёгіі з маршалкамі каронным і літоўскім, гетмана рускага, канцлера рускага і іншыя пасады, адпаведныя існуючым у двух астатніх удзельнікаў фэдэрацыі), дапушчэньне рускіх паслоў на Сойм, а праваслаўных біскупаў — у Сэнат. Дзяржава мела права трымаць уласнае войска, уласны скарб, уласныя міністэрствы і ўстановы на чале з гетманам уласнага выбару. Шляхта ўсіх трох дзяржаваў абірала караля. Берасьцейская унія ня мела дзеяньня на тэрыторыі Рускага княства, найвышэйшае праваслаўнае духавенства атрымала роўныя правы з лацінскім, напрыклад права засяданьня ў Сэнаце, у Кіеўскім ваяводзтве права абірацца ў Сэнат зарэзэрваванае для праваслаўных, у Брацлаўскім і Чарнігаўскім паперамен(pl) з каталікамі. Тысяча казакаў атрымалі шляхецкія правы адразу, штогод мелі атрымліваць шляхецтва яшчэ па сто казакаў, зацьверджаных гетманам. Пастановы уніі абумоўлівалі таксама прыняцьце ў штатнае казацтва 30 тысячаў казакаў (тэкст угоды даваў мажлівасьць павелічэньня колькасьці), а таксама вяртаньне польскай і рускай шляхты маёнткаў у Наддняпроўскай Украіне.

Гадзяцкая унія скасоўвала дзеяньне Пераяслаўскай угоды (заключанай паміж Багданам Хмяльніцкім і прадстаўніком цара маскоўскага Аляксея I Васілём Бутурліным, паводле якой Украіна аддалася пад уладу самадзяржаўя.

Гадзяцкая унія была зацьверджаная Соймам Рэчы Паспалітае і ратыфікаваная каралём Янам II Казімерам Вазам. У выніку уніі казацкае войска перайшло на бок Рэчы Паспалітае і 8 ліпеня 1659 року пад даводзтвам Івана Выгоўскага разьбіла маскоўскае войска ў бітве пад Канатопам.

Супрацьдзеяньне Масковіі (падбухторваньне бунту мясцовага сялянства, у якім загінуў канцлер рускі Юры Нямірыч і наўзамен гетманату Івана Выгоўскага быў створаны марыянэткавы ўрад Юрыя Хмяльніцкага) не дазволіла напоўніцу рэалізаваць Гадзяцкую унію. Па сьмерці Нямірыча ніводзін з бакоў не вяртаўся да пастулята Рускага княства як трэцяга дзяржаўнага ўтварэньня (гл. Слабадышчанскі трактат 1660).

Украіна ўвайшла ў пэрыяд г. зв. Руіны.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць
  • Ludwik Kubala. rozdział IV Ugoda hadziacka // Wojny duskie i pokój oliwski 1657—1660.
  • Janusz Kaczmarczyk. Rzeczpospolita Trojga Narodów: mit czy rzeczywistość: ugoda hadziacka — teoria i praktyka. — Kraków: Księgarnia Akademicka, 2007. — ISBN 978-83-7188-954-7
  • Piotr Kroll. Od ugody hadziackiej do Cudnowa. Kozaczyzna między Rzecząpospolitą a Moskwą w latach 1658—1660. — Warszawa: Wydawnictwa Uniwersytetu Warszawskiego, 2008. — ISBN 978-83-235-0496-2