Віленскі цэнтральны архіў старажытных актаў

Віленскі цэнтральны архіў старажытных актаў (па-расейску: Центральный архив древних актовых книг Виленской, Гродненской, Ковенской и Минской губерний) ― установа для збору й захоўваньня дакумэнтаў кругабегу Вялікага Княства Літоўскага на тэрыторыі Віленскай, Гарадзенскай, Ковенскай і Менскай губэрняў.

Гісторыя Віленскага архіву

рэдагаваць

Архіў заснаваны ў Вільні ў 1852 року ўласным Імпэратарскім указам Мікалая I. Існаваў у пэрыяд з 1852 па 1915 гг. Падпарадкоўваўся Міністэрству народнай асьветы, узначальваў архіў Мікіта Іванавіч Гарбачэўскі, а з 1879 р. Іван Якаўлевіч Спрогіс. Сярод дакумэнтаў — судовыя акты Галоўнага літоўскага трыбуналу, магістратаў, мескіх і земскіх судоў, інвэнтары, рэвізіі. Частка дакумэнтаў апублікаваная ў Актах Віленскай археаграфічнай камисіі, Археаграфічным зборніку дакумэнтаў і інш. У 1872 р. выдадзены каталёг актавых кніг архіву. За тры наступныя дзесяцігодзьдзі пасьля заснаваньня ў яго былі зьвезеныя захаваныя дакумэнты розных інструкцыяў Вялікага Княства Літоўскага. Налічваў 17 767 актавых кніг (1863). У 1887 р. у архіў перададзеныя дакумэнты зь Люблінскай губэрні (4822 зьвязкі), у 1903—1906 — з закрытага (у гэты час) Віцебскага цэнтральнага архіву старажытных актаў.

Перад Першай сусвьетнай вайной архіў зьяўляўся адным з найбуйнейшых ва Ўсходняй Эўропе, практычна роўным па ўзроўні з Варшаўскім архівам старажытных актаў і кніг. Пад час Першае сусьветнае вайны архіў прыпыніў сваю дзейнасьць. За гады вайны большая частка фондаў архіву была эвакуяваная ў Расею. Становішча ўскладнілася палітычнымі вынікамі вайны, калі абвясьцілі незалежнасьць Польшча й Летува. Згодна зь мірнай дамовай з Савецкай Расеяй, частка дакумэнтаў была вернутая ў Вільню й Варшаву.

Пасьля пачатку Другой сусвьетнай вайны, згодна з Пактам Молатава-Рыбэнтропа, Летува (першасна адыходная Нямеччыне) апынулася ў складзе Савецкага Саюзу, і з прыходам Чырвонай арміі пачаўся вываз гістарычных дакумэнтаў у іншыя часткі СССР. Вываз дакумэнтаў прыпыніўся пачаткам нямецка-савецкага канфлікту. За час нацыскай акупацыі частка дакумэнтаў архіву (болей за 20 вагонаў) была вернутая. Пасьля сканчэньня Другое сусьветнае вайны вываз дакумэнтаў з фондаў архіву старажытных актаў працягнуўся. Захаваныя дакумэнты захоўваліся ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Летувіскай ССР. Рашэньнем Савету Міністраў Летувіскай ССР ад 24 жніўня 1956 году дакумэнты архіву (што засталіся ў Вільні) старажытных актаў і іншыя, якія ахопліваюць кругабег стварэньня ад старажытнасьці да 1914 року (фонды, зьвязаныя зь Вялікім Княствам Літоўскім, кругабегам знаходжаньня Летувы ў складзе Расейскай Імпэрыі й акупацыі Летувы Кайзэраўскай Нямеччынай) былі зьмешчаныя ў створаным Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Летувіскай ССР, цяпер — Летувіскі дзяржаўны гістарычны архіў. У цяперашні час дакумэнты былога архіву старажытных актаў захоўваюцца ў архівах Варшавы, Вільні, Менску й інш.

Асноўныя выданьні дакумэнтаў архіву

рэдагаваць
  • Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов. Т. 1-39. ― Вильна, 1865—1915.
  • Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. — Т. 1-14. ― Вильна, 1867—1904.
  • Акты Литовско-Русского государства. Вып. 1. — Т. 2. ― М., 1897—1899.
  • Опись документов Виленского центрального архива древних актовых книг. — Вып. VIII. Акты Упитского гродского суда за 1584—1615 гг. ― Вильна, 1912.

Літаратура

рэдагаваць
  • Турцевич А. О. Краткий исторический очерк Виленской комиссии для разбора и издания древних актов 1864—1906. ― Вильна, 1906.
  • Улащик Н. Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. ― М., 1973.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць