Віленскі зборнік
Віленскі зборнік — рукапісны помнік старабеларускай пісьмовасьці пачатку XVI ст. Летапісны зборнік зьмяшчае летапіс Аўрамкі, а таксама Віленскі летапіс як яго заключную частку. Зборнік захоўваецца ў Рукапісным зборы Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Акадэміі навук Летувы ў Вільні, таму й атрымаў такі назоў. Рукапіс знойдзены А. В. Рачынскім у Полацку ў XIX ст. і быў падораны ім Віленскай Публічнай бібліятэцы[1].
Віленскі зборнік | |
Мова арыгіналу: | Старабеларуская мова |
---|---|
Год напісаньня: | пачатак XVI ст. |
Агулам у рукапісе 450 аркушаў, пачатак і канец згублены[1]. Паўуставам канца XV — пачатку XVI ст. напісаныя аркушы зь першага па 435, астатнія напісаныя амаль у два разы драбнейшым пісьмом[2]. Гэта частка датаваная канцом 1460-х — пачаткам 1470-х гадоў[1]. Першыя 313 аркушаў зборніка зьмяшчаюць кранограф з дадаткам кароткіх паведамленьняў пра хрышчэньне баўгараў. Да 335 аркуша ідзе агульнарускі летапіс, які азагалоўлены як «Пачатак Рустыі землі» й зьмяшчае зьвесткі ад 6453 да 6496 гадоў. На 335 і 336 аркушах зьмешчаны пералік рускіх князёў, які канчаецца апісаньнем валадарства Васіля Васілевіча й пералікам ягоных сыноў.
На аркушы 436, зь якога пачынаецца другая частка зборніка, і на ягоным абароце зьмешчаны надпіс нейкага Аўрамкі пра напісаньне «сей книги, глаголемой летописец» у 1495 годзе ў Смаленску, што мабыць няпэўна, хоць і супадае з дадзенымі філіграназнаўства[1]. Почырк другой часткі зборніка такі самы, што й почырк Аўрамкі. Віленскі летапіс пачынаецца ў ніжняй частцы 437 аркуша й працягваецца да канца рукапісу. Гэта частка зборніка не зьмяшчае ніякіх заўвагаў і іншых староньніх напісаў. Верхняя частка адваротнага аркуша 450 цяпер фактычна нечытэльная[2]. Асноўны зьмест Віленскага летапісу ахоплівае час уладарства вялікіх князёў Гедыміна, Альгерда і Вітаўта[2]. Паводле Барыса Клоса, Аўрамка ня мае дачыненьня да першае часткі зборніка, а зьяўляецца перапісьнікам толькі другой часткі[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д Клосс Б. М. Предисловие // Летописный сборник, именуемый летописью Авраамки. (ПСРЛ. Том XVI). — М., 2000.
- ^ а б в Улащик Н. Н. Предисловие // Полное собрание русских летописей. — Т. 35. — М., 1980. — С. 8.
Літаратура
рэдагаваць- Клосс Б. М. Предисловие // Летописный сборник, именуемый летописью Авраамки. (ПСРЛ. Том XVI). — М., 2000.
- Улащик Н. Н. Предисловие // Полное собрание русских летописей. — Т. 35. — М., 1980. — С. 8.