Вуліца Бакшта
Ву́ліца Ба́кшта[1] (лет. Bokšto gatvė) — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільні, у Старым Месьце. Зьвязвае вуліцы Замкавую і Субач.
Бакшта лац. Bakšta | |
вуліца | |
Агульная інфармацыя | |
---|---|
Гістарычны раён | Старое Места |
Былыя назвы | Другая Савіч |
Даўжыня | 700 м |
Паштовыя індэксы | LT-01126, LT-01301 |
На мапе | |
Вуліца Бакшта ў Вікісховішчы |
Архітэктурныя дамінанты вуліцы — Пятніцкая царква, палац Хадкевічаў, шпіталь Савіч з капліцай і барбакан з гарадзкім мурам, помнікі архітэктуры XIV—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася брама Субач, зруйнаваная расейскімі ўладамі.
Назва
рэдагавацьНазва вуліцы мае повязь з гарой Бакштай. Існуе меркаваньне, што на ёй ўзвышалася вежа (бакшта), ад якой утварылася назва мясцовасьці і вуліцы.
Славянскае паходжаньне слова бакшта 'вежа' прызнавалася летувісамі яшчэ ў 1931 годзе[2].
Гісторыя
рэдагавацьЗ даўніх часоў вуліца мела назву Савіч або Другая Савіч. У міжваенны пэрыяд вуліца атрымала назву Бакшта.
Назва Савіч тлумачыцца тым, што вялікай камяніцай на гэтай вуліцы валодаў нейкі Сава. Назва замацавалася дзякуючы шпіталю Савіч, заснаванаму ў 1744 годзе біскупам смаленскім Багуславам Корвін-Гасеўскім.
Агульныя зьвесткі
рэдагавацьДаўжыня вуліцы каля 700 м. Мае брукаваную праезную частку. Рух транспарту ад вуліцы Субач да Спаскай аднабаковы ў бок цэнтру места. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад скрыжаваньня з Замкавай вуліцай. З правага заходняга боку вуліцы дамы зь няцотнымі нумарамі, зь левага ўсходняга боку — цотная нумарацыя.
Зь левага боку адыходзіць вуліцы Савіч і Сьвятога Казімера, з правага — Латочак, Спаская і Оны Шымайце.
Будынкі
рэдагавацьНяцотны бок
рэдагаваць- № 5 — 2-павярховы дом, які займае адміністрацыя Летувіскага мастацкага музэю.
- № 7 — 3-павярховы дом
- № 15 — будынак колішняга манастыра, дзе ў другой палове XIX стагодзьдзя месьцілася духоўная сэмінарыя Маскоўскага патрыярхату
- № 17 — 3-павярховы дом з рэстаранам
- № 19 (таксама вуліца Сьвятога Казімера, 9) — 2-павярховы дом з барам і боўлінгам
- № 21 — 2-павярховы дом Сулістроўскіх. У 1921—1922 гадох тут жыў Браніслаў Тарашкевіч[3].
Цотны бок
рэдагаваць- № 2 — гатэль Нішкоўскага. Будынак з другой паловы XVІІІ стагодзьдзя належаў сям’і прафэсара хірургіі Віленскага ўнівэрсытэту Яна Нішкоўскага. У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя гатэлем валодаў Аляксандар Шульц, але ён захаваў ранейшую назву. У гатэлі Нішкоўскага, які лічыўся адным з найлепшых у месьце, незадоўга да пачатку нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (сакавік 1863 году) спыняўся адзін зь яго лідэраў капітан Генэральнага штабу Расейскай імпэрыі Зыгмунт Серакоўскі, які прыехаў у Вільню зь Пецярбургу. Тут адбылося таемнае паседжаньне вайсковай рады паўстаньня[4].
- № 4 — кутні 3-павярховы дом, у якім з 1990-х гадоў месьціцца Расейскі культурны цэнтар і ягоная галерэя
- № 6 — шпіталь Савіч. У XVI стагодзьдзі на тут стаяла гатычная камяніца. У XVIII стагодзьдзі яна перайшла да роду Савічаў, якія перадалі яго сёстрам міласэрнасьці. У 1831—1832 гадох у будынку дзеяла клініка Віленскага ўнівэрсытэту.
- № 8 — 4-павярховы дом Падбіпенты. У гэтым доме прайшлі раньнія гады Юзэфа Пілсудзкага.
- № 10 — «буда Ромэрава». Збудаваная ў XVI стагодзьдзі камяніца, з XVIII стагодзьдзя належала роду Ромэраў. У XVIII стагодзьдзі тут месьцілася масонская ложа «Руплівы Літвін». У XIX стагодзьдзі ў доме жыў мастак Альфрэд Ромэр, тут дзеяла мастацкая майстэрня («Акадэмія Ромэраў»)[4], у якой працавалі мастакі Канут Русецкі і ягоны сын Баляслаў, Ян Зянковіч, Эдвард Мацей Ромэр. У гэтым доме жыў стваральнік Віленскага альбома Ян Казімер Вільчынскі і выступаў з канцэртамі Станіслаў Манюшка.
- № 20 — барбакан з рэштай гарадзкога мура. Барбакан збудавалі паводле праекту архітэктара Фрыдэрыка Гетканта каля 1640 году. У наш час у будынку месьціцца філія Нацыянальнага музэю Летувы.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Наша Ніва. № 1, 1994. С. 7.
- ^ Skardžius P. Die slavischen Lehnworter im Altlitauischen. — Kaunas, 1931. P. 37.
- ^ Лашкевіч К. «Страчаная сталіца». Пяць беларускіх адраджэнцаў, сляды якіх лёгка знайсці ў Вільні, TUT.BY, 24 лютага 2011 г.
- ^ а б Кастусь Лашкевіч, 10 адрасоў паўстанцаў Каліноўскага, якія варта наведаць у Вільні, Радыё Свабода, 21 лістапада 2019 г.
Літаратура
рэдагаваць- Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. — Вільня: Рунь, 1998.— 160 с.: іл. ISBN 9986-9228-2-8.