Вольга Дучымінская
Во́льга Дучымі́нская (па-ўкраінску: Ольга-Олександра Дучимінська), пры нараджэньні Рашатыловіч (Решетилович; 8 чэрвеня 1883, в. Мыкалаіў, цяпер у Пустамыціўскім раёне Львоўскай вобласьці, Украіна — 24 верасьня 1988, Івана-Франкоўск, Украіна) — украінская пісьменьніца, паэтка, журналістка, перакладніца, народная настаўніца, адна з актыўных арганізатарак жаночага руху Галічыны, фальклярыстка, супрацоўніца часопісу «Жіноча Доля», дысыдэнтка[1].
Вольга Дучымінская | |
Ольга Дучимінська | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Ольга-Олександра Василівна Решетилович |
Псэўданімы | Барвінок Олег, Лучинська Ольга, Ольга Д., Остапівна Ірма, Поважна, Поважна О., Рута, Рута О. |
Нарадзілася | 8 чэрвеня 1883 |
Памерла | 24 верасьня 1988 (105 гадоў) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэтка, пісьменьніца |
Гады творчасьці | 1905-1988 |
Кірунак | Паэзія, проза |
Мова | украінская мова |
Дэбют | 1905 |
Значныя творы | Зборнік вершаў «Китиця незабудьків», 1911, аповесьць «Еті», 1945 |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьПачатковую адукацыю Вольга атрымала дома. Працягвала вучобу ў пятай клясе жаночай спэцыяльнай школы ў Станіслававе (старая назва Івана-Франкоўска). Скончыць вучобу не ўдалося, бо ў 1897 годзе памёр бацька. У 1899 годзе Вольга паехала ў Пшэмысьль, дзе працягнула вучобу ў настаўніцкай сэмінарыі, якую скончыла ў 1902 годзе. У 1902 годзе Вольга Рэшэтыловіч стала настаўніцай і амаль 30 гадоў працавала на пэдагагічнай ніве ў розных населеных пунктах цяперашняй Львоўскай і Івана-Франкоўскай абласьцей[2].
У 1905 годзе Вольга выйшла замуж за Пятра Дучымінскага. У 1914 годзе муж пайшоў на фронт. Пазьней у складзе Ўкраінскай Галіцкай Арміі зьехаў і не вярнуўся. Жыў і памёр у Чэхаславаччыне[3].
В. Дучымінская працавала да 1930 г. і з-за хваробы горла выйшла на пэнсію. Пасьля выхаду на пэнсію яе запрасілі на працу ў адзьдзел крытыкі і рэцэнзіяў часопісу «Жіноча Доля», дзе яна працавала да 1939 году. Пасьля 1939 году Вольга Дучымінская была адной з арганізатарак Музэю этнаграфіі і мастацкіх рамёстваў у Львове. У 1939—1941 гг. — яна экскурсаводка, у 1944—1949 гг. — бібліятэкарка, малодшая супрацоўніца Этнаграфічнага музэю. Выязджала у навуковыя экспэдыцыі, збірала матэрыялы па духоўнай і матэрыяльнай культуры бойкаў і гуцулаў, дасьледавала этнаграфічную дзейнасьць І. Франка і Ф. Калесы[4].
23 лістапада 1949 г. па справе аб замаху на Яраслава Галана 66-гадовая Вольга Дучымінская была арыштаваная. Яна правяла два гады ў турме. 25-26 мая 1951 г. яе судзіў ваенны трыбунал. Прысуд — 25 гадоў лягераў па артыкулах 54-1а і 54-11 КК УССР. Пасля сьмерці Сталіна 19 чэрвеня 1956 года справа Вольгі Дучымінскай была перагледжаная. Тэрмін скарацілі да дзесяці гадоў. 19 сьнежня 1958 года напаўжывая Вольга Дучымінская была вызваленая. Ёй было 75 гадоў[5].
У суботу 24 верасня 1988 года Вольга Дучымінская памерла на 106-м годзе жыцьця. Пахаваная на могілках у Чукалаўцы, што пад Івана-Франкоўскам. Рэабілітаваная толькі пасьмяротна ў 1992 годзе[6].
Творчасьць
рэдагавацьЛітаратурную дзейнасьць пачала ў 16 гадоў. Менавіта тады зьявіліся ейныя першыя вершы і менавіта тады яна пазнаёмілася з Іванам Франкам, які дапамог маладой пісьменьніцы ўвайсьці ў вялікі сьвет літаратуры. Дэбют В. Дучымінскай як паэткі адбыўся ў 1905 годзе, калі ейны верш «Послідні звуки» быў надрукаваны ў львоўскай газэце «Діло» пад псэўданімам «Ірма Остапівна». У 1911 г. выйшаў першы (і адзіны пры жыцьці паэткі) зборнік зь пятнаццаці вершаў Ірмы Астапіўны «Китиця незабудьків»[7].
Вольга Дучымінская валодала шасьцю мовамі: украінскай, польскай, нямецкай, расейскай, чэскай і францускай (у такім парадку пісьменьніца сама пазначала валоданьне мовамі) і перакладала з чэскай, нямецкай і расейскай[8].
Народная настаўніца была не толькі паэткай, яна вядомая як фэміністка. Жаночы рух захапляў яе зь першага года пэдагагічнай дзейнасьці. У 1906 г. В. Дучымінская пазнаёмілася з Натальляй Кобрынскай. Навэлю «Сніг» прысьвяціла сваёй духоўнай маці Натальлі Кобрынскай. В. Дучымінская — аўтарка шэрагу літаратуразнаўчых артыкулаў пра Н. Кобрынскую: «Жіночий рух у Західній Україні», «Тернистим шляхом», «Борець за долю жінок», якія друкаваліся ў Варшаве ў 1967, 1968, 1970 гг.[9].
Друкавалася пад рознымі псэўданімамі і крыптонімамі(Барвінок Олег, Лучинська Ольга, Ольга Д., Остапівна Ірма, Поважна, Поважна О., Рута, Рута О., О. Д., О. Д-ка)[10].
У 1945 годзе выйшла ейная вядомая аповесьць «Еті» пра генацыд габрэяў, якая не спадабалася новай савецкай уладзе. В.Дучымінскую папрасілі напісаць твор пра тое, як ўкраінскія нацыяналісты падчас вайны вынішчалі жыдоў, рабавалі і забівалі іх народ. Яна адмовілася[11].
Творы
рэдагаваць• Зборнік вершаў «Китиця незабудьків», 1911.
• Наталія Кобринська як феміністка, 1934.
• Зборнік навэляў «Сумний Христос», 1992.
• Зборнік вершаў «Чую… молитву Землі», 1996.
• Зборнік вершаў «Вибрані поезії», 1996.
• Вибрані твори, 2014.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Післямова Романа Горака до збірки новел «Сумний Христос». — Львів, 1992.
- ^ Автор прозової збірки «Сумний Христос» Ольга Дучимінська, https://web.archive.org/web/20140426235630/http://prior.ho.ua/bol5.pdf
- ^ Дучимінська Ольга // Енциклопедія Українознавства. — Львів, 1993. — Т. 2. — С. 613.
- ^ Життя болю і мужності, Долинська центральна публічна бібліотека, http://dcrb.net/virtualni-vystavky/zhyttya-bolyu-i-muzhnosti/
- ^ Життя болю і мужності, Долинська центральна публічна бібліотека, http://dcrb.net/virtualni-vystavky/zhyttya-bolyu-i-muzhnosti/
- ^ Бойко Б. «Не було часу бути молодою» / Б. Бойко // Перевал. — 1999. — № 1. — С. 146—150.
- ^ Качкан В. Ольга Дучимінська / Володимир Качкан // Качкан В. Нариси історії української культури в персоналіях (ХІХ — ХХ ст.). — Коломия, 2005. — С. 325—335.
- ^ Ярич І. Дучимінська Ольга / Іван Ярич // Ярич І. 1000-ліття в обличчях. — Івано-Франківськ, 2003. — С. 100—103.
- ^ Луговий О. Ольга Дучимінська / О. Луговий // Луговий О. Визначне жіноцтво України. — К., 1994. — С. 245.
- ^ Дучимінська Ольга // Енциклопедія Українознавства. — Львів, 1993. — Т. 2. — С. 613.
- ^ Дучимінська О. Софія Русова / Ольга Дучимінська // Софія Русова: З маловідомого і невідомого. Ч. 2. — Івано-Франківськ, 2007. — С. 242—246.
Дзеля паляпшэньня артыкулу неабходна:
|